Каля вогнішча ляжалі два вялікія сабакі. Жданец ніяк не мог прымасціцца бліжэй да цёплага полымя, бо пабойваўся іх. Васілька назіраў за ім і пасмейваўся ў рукаў.
Над іх галовамі ўзвышаўся доўгі шост з насаджаным на яго конскім чэрапам, які ўкапаў сам дзед Тарас, калі на гэтым полі пачалі пасвіць коней. Недалёка стаяў табун, а за ім таксама палілі вогнішча. Пастухі вартавалі з двух бакоў, бо мінулай ноччу Кумяган — нячысцік у абліччы чалавека і каня — адвёў ад табуна лепшую кабылу і замучыў. Малодшы конюх бажыўся, што бачыў цень з чалавечым тулавам, але конскай галавой і капытамі, які пагнаў кабылу да лазняку і пачаў душыць, а калі паспелі туды дабегчы, дык Кумяган уцёк, а кабыла здохла. Пан Незабытоўскі лютаваў, крычаў, што пастухі самі чагосьці далі коням, каб здохлі, але тыя жагналіся і спуджана глядзелі ў бок стайні. Той плюнуў і пайшоў адтуль, загадаўшы добра глядзець статак, бо ў наступны раз усіх пакараюць на стайні.
Дзед паглядзеў у той бок, дзе знаходзіўся табун. Не верыў ён аповеду Міхася. Яго сястру пан ажаніў не так даўно са сваім вазнічым. Не проста вяселле наладзіў, шапталіся, што хацеў схаваць цяжарнасць дваровай халопкі. Міхась жа мог атруціць коней, бо падавалася дзіўным, што здохлі самая лепшая ў табуне кабыла і рысак, панскі ўлюбёнец.
Стары павярнуўся да хлопцаў і сказаў:
— Васілька, схадзіце разам са Жданцом, паглядзіце жарэбчыка, а я дапяку рыбу.
Хлопцы падняліся і пайшлі да табуна. Васілька ішоў першы, за ім — Жданец, якому не хацелася адыходзіць далёка ад вогнішча.
— Васіль, а Кумяган жарэбчыка таксама задушыць, як тую кабылу? — спытаў ён.
— Не, адвядзе ў бок лесу, а там ваўкі з’ядуць.
— Дык чаго яго пастухі не заб’юць?
— Г эта пачвара да каня вельмі падобна, масць лёгка мяняе, ты нават не здагадаешся, што ў хлеў упусціў.
— А Канькач таксама коней душыць?
— Не, гэты добры, дапамагае. Дзед казаў, што ён зёлкі коням падмешвае ў корм, ад якіх яны дужэюць і растуць.
Жарэбчык спакойна ляжаў і нават не спужаўся, калі дзеці падышлі да яго.
— Ляжыць, пойдзем назад, — кіўнуў сябру Васілька.
— Ага, адтуль так рыбай пахне! Засмажылася, напэўна.
Дзед ужо выцягваў рыбу. Ён асцярожна выкалупаў яе з гарачага вуголля, развярнуў ліст дзядоўніку, у які абгарнуў, каб не насыпала попелу, і з асалодай удыхнуў водар.
Дзеці падселі да вогнішча і ўзялі па рыбіне.
— Смачная, — аблізнуўся Жданец. — Зараз бы Цішку ёй падражніць. Маці кажа, што пакуль годзіка не споўніцца, яму нельга есці, а то маўчаць, як рыба, усё жыццё будзе.
Дзед засмяяўся і паклаў яшчэ сухога галля.
— Старыя так гаварылі, а яны благога не параяць. Раней і людзі былі іншыя — моцныя, як дубы, і высокія, як сосны.
— Асілкі? — спытаў Васілька, і вочы ў яго заблішчэлі.
— Так.
— Мусіць, яны зёлкі чароўныя елі, то і былі дужымі?
Дзед засмяяўся:
— Не. Кажуць, даўней у людзей былі чортавы рэбры, бы абручы. З таго такая моц.
— А чаго цяпер іх няма?
— Зніклі. Згінулі праз сваю ганарлівасць. Захацелі аднойчы падужацца з Богам, і ён за гэта пакараў: ператварыў у малых кволых людзей.
— Вось дурныя! От, былі б мы, каб не яны, асілкамі! Я тады мог зайсці ў самае глыбокае возера і рыбу рукамі лавіць!
Стары не ўтрымаўся і плюнуў:
— Дурны ты, Васілька! Зусім з глузду з’ехаў са сваёй рыбай, толькі пра яе і думаеш.