Феліцыян зарагатаў і адказаў:
— А пра каго яшчэ? Рыгор на булку не вельмі падобны, а больш на гарбуз.
— Фу, не гавары пра яго! Каб яму лёгенька ікнулася, свінні той! Уцёк я тады; каб не, то даў бы ўсім дыхту!
Тут сябра не ўтрымаўся і схапіўся за бакі ад смеху.
— Калі б не ўцёк, то сёння б на тваіх хаўтурах поліўку еў!
Якаў не адказаў. Ён паглядзеў на Феліцыяна, які ўтаропіўся ў зорнае неба. Той заўважыў погляд і сказаў:
— Спі, заўтра ехаць рана.
— Сам чаго не спіш?
— Ды так.
Тут Феліцыян не ўтрымаўся і спытаў:
— Чуў, як твой бацька казаў, бы збіраецца на святога Роха на кірмаш?
— Ведаю.
Сябра аж падскочыў і са здзіўленнем паглядзеў на Якава.
— А каб цябе заняло! Чаму тады не сказаў?
— Нашто? Сам пакуль не ведаю, што за пава. Бацька не толькі прыгажуню шукае, але і пасаг каб добры быў. Я так сказаў: "Калі паненка прыгожая, то пасагу не шмат трэ, а калі няўдалая, ды яшчэ і рабая, то трэба накінуць грошыкаў на рабацінне". Я ж даўно з бацькам наконт панначкі адной гаворку вёў. Вельмі ж за сэрца схапіла яна, бо ў вёсцы, што на пасаг бацькі даюць, гавораць, не толькі пшаніца, але і цыбуля ў полі, дзе не пасадзі, добры ўраджай дае. Таму сэрца цягнецца да. ўрадлівай глебы!
Ён зноў улёгся і на гэты раз неспадзёўкі захроп, як кавальскі мех. Офенберг жа яшчэ ляжаў і глядзеў на небасхіл. Там прыгожа ззялі зоркі, і адна з іх, самая яркая, нібы падміргнула яму.
***
Хата Панасавай Галінкі знаходзілася на ўскрайку вёскі каля лесу. За агародамі да яе стужкай падступала рэчка, на супрацьлеглым беразе якой кожны вечар збіралася моладзь.
Полымя вогнішча, такое яркае і чароўнае, з гучным трэскам жэрла галіны сушняку. З розных бакоў паляну абступаў хмызняк і рачны чарот, таму было страшна нават паварушыцца ці адысці ад вогнішча ў чорную цемру. Таму хлопцы вызначылі паміж сабой чаргу, згодна з якой, калі заканчвалася галлё, па двое ішлі за ім. Аднак кожны стараўся расказаць нешта такое, каб напужаць дзяўчат, а тыя, верачы іх узятым з галавы байкам, аж вішчалі ад жаху. Пасля перавялі гаворку на аповеды пра скарбы, і палахліўкі крыху сцішыліся.
— Мой бацька гаварыў, што чуў, як сарока скарб знайшла, — уставіў сваё слаўцо Змітрок, зух і лапатун. — Пасвіў нейкі пастух каля лесу кароў, — працягваў ён, — аж бачыць — сарока корпаецца ў зямлі. Патрашчыць сабе на галінцы, потым зляціць на зямлю, возьме ў дзюбу штосьці і нясе ў гняздо. Чалавеку, вядома, цікава стала. Падышоў, а там убачыў манеты.
— У Мікулішках, гаварылі, свіння аднойчы скарб вырыла, — сказала Данута.
Змітрок пакруціў галавой.
— Маніш.
— Не, я таксама чула, — запярэчыла Галінка. — Свіння вырыла яму, а калі гаспадыня падышла закапаць, то знайшла бот з некалькімі дукатамі.
— Вось каму пашанцавала! — уздыхнуў нехта.
— Лепш было, калі б яшчэ адзін бот знайшла! І купляць не трэба, — засмяяўся Адась.
— Не маркоцься, — падміргнуў яму Змітрок. — Заўтра тваю з хлява выганім!
Усе засмяяліся. Тут Зуліся заўважыла двух незнаёмых хлопцаў, якіх сустрэла ўвечары каля лесу. Яна нахілілася да Г алінкі і спытала:
— Што тут тыя два панічы робяць?
— А ты і не ведаеш? У вашай жа хаце спыніліся! Улляна іх убачыла і сюды запрасіла.