— Дазвольце толькі, цётка, нам не ў хаце, а ў садзе заначаваць. Ноч цёплая, у пуні не змерзнем.
— Як паніч сабе хоча. Зараз прынясу чаго пасцяліць.
На двары было хораша, свежа. Прыемна дыхалася лясным паветрам, да якога далучаўся водар кветак, сярод якіх у траве гучна стракаталі конікі. Вецер асцярожна дакранаўся да лісточкаў бяроз, ашчадна гладзіў кветкі ільвінага зеву, якія жоўтым дываном густа раслі перад брамамі. Недзе выў сабака, чуўся стук дзятла, і сэрца прасілася ператварыцца ў апошні промень сонца, каб яшчэ раз перад захадам убачыць хараство наваколля, што тапілася ў чырвані. Маладыя шляхціцы пайшлі ў сад.
— У пуні яму захацелася! — прабурчаў Якаў. — Дурань! Яснавяльможны будзе спаць у пуні! Дзе твая годнасць? Мала таго, што едзем у такім адзенні, як апошнія халопы, дык і тут ты не па-людску робіш. За намі не сочаць, і я лічу, што не трэба больш прыкідвацца!
Ён сарваў з галіны яблык, укусіў і адразу выплюнуў:
— Фу, кіслоцце адно! Аж у роце расце.
Сябра ўсміхнуўся, падышоў да іншага дрэва і падняў ападак.
— Хіба такія цяпер рвуць? На, вось гэты пакаштуй.
Якаў з недаверам паглядзеў на пагрызены восамі ападак, але адкусіў і ажно чмякнуў:
— Салодкае!
— Канечне. Тыя плады, што птушкі і восы ядуць, заўсёды смачныя.
Пуня стаяла за хлявом, напалову запоўненая сенам. Хлопцы пераглянуліся і абодва з разбегу заскочылі туды. Яны закапаліся ў мяккае сена і так ляжалі доўга. Пахла полем і кветкамі, а яшчэ пылам і дурнап’янам. Якаў прыціх і ўтаропіўся ў зорнае неба.
— Глядзі, Феліцыян, зоркі, як раскіданае зерне. Вунь тую я б хацеў падарыць сабе.
— Нашто?
— Ат, была б замест ліхтара.
— Дурань. Калі б не маніў, то ўсё праўда была б.
Якаў перакульнуўся на другі бок і паглядзеў на неба, туды, дзе ззяла адзінокая зорка.
— А што там за самая яркая?
— Мілавіца. Так нашы халопы зорку Венеру называюць.
— Прыгожа, мне нават так больш падабаецца. Глядзі, які месяц ладны сёння!
Феліцыян усміхнуўся:
— Мне дзядзька жарт пра яго распавёў. Кажа, бачыў, як каля дзвярэй карчмы п’яненькі цыган ляжаў і на месяц лаяўся: "Дарма ў Бога хлеб ясі! Свеціш, але не грэеш!"
— Што-што, а ў карчму мне ўжо не трапіць, — уздыхнуў Якаў і пацёр бок, які не пакідаў балець.
— Ты там пабіўся з Рыгорам?
— Ну. Біўся, — рагатаў ён. — Я яму як даў... я толькі ўставаць, а ён мне яшчэ раз! Твой дзядзька расказаў?
— Ага. Гаварыў, абодва п’янымі былі, добра, што шаблі ў вас пазабіралі, дык на кулакі перайшлі.
— Што яшчэ? Пакпіў з нас? Я ж яго ведаю.
— Сказаў: "Бульба з булкай біліся, бульба булцы як дала — булка сплюшчылася!"
Якаў пакрыўдзіўся:
— Г эта пра мяне так?