— А ўзімку што есці будзем? Так я хоць карасёў насушу, ды і пост хутка — маці сама скажа, каб налавіў.
— Як сабе хочаш, толькі не забудзься мне лазы нарэзаць і лыка надраць, каб узімку кошыкі і лубянкі плесці.
Стары зірнуў на Жданца. Той, скурчыўшыся, драмаў каля сабакі. Дзед усміхнуўся і шапнуў унуку:
— Бач, цяпер і не баіцца. Вочы ў страха па яблыку. Прымгні і ты, а раніцай абодвух падыму — падсабляць будзеце.
Сам дзед Тарас не клаўся. Ён сядзеў і ўглядаўся ў цемру, дзе стаялі коні, прыслухоўваўся да кожнага шоргату чароту, стракатання конікаў і трэску сушняку ў вогнішчы.
Ціха шапталася лісце, люляла, і вочы самі пачалі зліпацца. Тады стары плюнуў і пачаў хадзіць вакол. Агледзеўся, нацягнуў на лоб саламяны капялюш і дзівіўся сабе, як гэта малым, якія ляжалі зусім блізка каля агню, не пячэ. Доўгім дубцом ён падсунуў галіны ў вогнішча. У самога яго гарэлі твар і рукі, але як толькі адыходзіў ад полымя, то налятала такая хмара камароў, што прыходзілася зноў вяртацца на сваё месца.
"Ат, каб вас кадук, крывасмокі, — падумаў ён. — Чуеце ўжо, што хутка перадохнеце, калі халады прыйдуць, то і чапляецеся. Зусім пашалелі!"
Нейкі цень прабег сярод коней і раптам знік, калі пастухі, што сцераглі з другога боку, падняліся агледзіць табун.
Хоць з узростам зрок у Тараса стаў горшым, але стары ўсё заўважыў, прыкмеціў, і нядобрая думка з’явілася ў галаве. Ён укінуў у вогнішча галавешку, якая выкацілася адтуль, і прамармытаў сабе: "Трэба будзе заўтра пагутарыць з Міхасём".
***
Калі ў пуню трапіў першы сонечны прамень, Феліцыян расплюшчыў вочы.
Побач варочаўся Якаў, які вярнуўся з гадзіну назад, стомлены паваліўся на мяккае сена ды захроп на ўсе засаўкі.
Як толькі Феліцыян пачаў варушыцца, сабака, які ляжаў у нагах гаспадара, так-сама прачнуўся, расплюшчыў спачатку адно вока, потым другое, навастрыў вушы і слухаў, што далей будзе рабіць чалавек. Феліцыян саскочыў на зямлю і выбраўся з пуні. Сонца сляпіла бляскам прамянёў, прымушала жмурыцца і хаваць вочы, якія яшчэ не прызвычаіліся да святла.
Навокал усё прачыналася. Нейкая казяўка на каменьчыку распраўляла крылы.
А вось жук, які сядзіць на камні, паспеў паснедаць і чысціць доўгія вусы, але праляцела ластаўка, і няма яго, толькі вусы і засталіся. Адзін з промняў упаў на лісцік трыпутніка. Кропля расы, што ляжала на ім, заззяла мільёнам рознакаляровых агеньчыкаў, а потым згасла, калі цень аблокаў раптам заслаў сонца. Феліцыян адвязаў каня і павёў па сцежцы праз гароды да ракі.
Над поймай узвышаўся вялізны дуб. Ні адзін лісцік ні шапацеў на ім. Ён раскінуў свае таўшчэзныя галіны па-над пагоркам, а верхавіну цягнуў у неба, і, здавалася, нават чапляўся за бялюткія бакі аблокаў. На зрэзаным трэшчынамі ствале выразна былі бачныя дзве маршчыны, якія напоўніла жывіца брудна-рудога колеру.
Феліцыян правёў па ім далонню, дакрануўся да трэцяй, што выходзіла з самой верхаліны.
Офенберг падышоў да самага берага. Вада ў рацэ была празрыстая, як шкло. Было нават бачна, як над жоўтым дном плаваюць чароды верхаводак. На грэбнях хваль бегалі павучкі, а каля берагу ім нешта шаптаў чарот. Магутны Божа, ты перанёс часцінку раю на зямлю!
Ён некалькі хвілін стаяў у захапленні перад дываном з квецені лугу, пакуль не пачуў крокі. Шляхціц азірнуўся і ўбачыў Зулісю.
— Падабаецца? — спытала яна.
Дзяўчына схілілася над кветкамі і асцярожна правяла рукой па блакітных пялёстках.
— Я кожны дзень сюды прыходжу, каб паглядзець на іх.
— Не рвеш?
— Не. А навошта? Яны ў збане пастаяць і высахнуць, а так усё лета вока цешыць будуць.
Яна накіравалася па сцежцы да дуба, дзе быў прывязаны Рукас, і хадзіў конь шляхціца. Дарогу ёй заступіў Парбус. Сабака ўважліва паглядзеў на незнаёмага яму чалавека, але не загырчаў. Феліцыяна гэта здзівіла.
— Прыгожы сабака. З такім не страшна і сярод ваўкоў.
Дзяўчына выцягнула руку, каб пагладзіць. Сабака натапырыўся, але дазволіў дакрануцца да чорнай шэрсткі.
— Ты яму спадабалася, бо нават не скаліцца.
— Не баюся, таму і ён не хвалюецца, што магу скрасці твайго каня. У мяне таксама быў такі.
— Што з ім здарылася?