— Я толькі ад дзеда прыехала, нават у хату не заходзіла. Ух, Улляна! Скажы калі ласка, якая хуткая!
— Яшчэ як! Вунь, Міхась з яе погляду не зводзіць, а яна страляе вочкамі таму чарняваму. Макам перад ім рассыпаецца, ды толькі патрэбна яму як леташні снег. А вось бялявы, здаецца, той на яе вока паклаў.
Зуліся прыгледзелася да панічаў. Сапраўды, Якаў упадабаў Улляну. Нават калі спрачаўся са Змітраком, то краем вока пазіраў на яе.
— Ды лухта ўсё, — запярэчыў ён. — Скарб знойдзе толькі бязвінны чалавек. Мне расказваў дзед пра старога Бялуна. Бывае, ідзе чалавек паўз жыта, а ён выходзіць адтуль. Сам маленькі, слабы і просіць уцерці нос. Чым нос вытраш — туды за дабрыню золата і насыпле.
— Гэта Дзедка, — перапыніла Зуліся. — Стары з чырвонымі вачамі і рудой барадой.
— Можа, і так, — паціснуў плачыма Якаў, — толькі не чуў я пра рудую бараду.
Ён зірнуў на Улляну, перахапіў яе погляд і, задаволены, пачаў распавядаць далей.
— Мне яшчэ расказвалі, як крот дапамог знайсці скарб. Аднойчы халоп хадзіў па сваім полі і бедаваў, што крот нарыў шмат. Раптам бачыць — нешта блішчыць. Падышоў бліжэй — залаты дукат. Яго крот наверх выкінуў.
— А я вось заўтра пайду па агародах шукаць скарбы, праўда, Улляна? Ды на твой абавязкова завітаю. Калі цябе спаткаю, лічы — знайшоў, — зноў уставіў свае тры грошы Змітрок.
— Прыходзь, калі ляйчына пад хвост трапіла. І свінню сваю вазьмі. Можа, пашанцуе, — засмяялася дзяўчына.
— Усе чулі? Яна сама мне спатканне прызначае! Заўтра не зможаш адмовіцца, — пачаў заляцацца хлопец, адным вокам цікуючы за Данутай.
— Ці не перад дажджом ты, Змітрок, разгуляўся? З брахні ў нас не мруць, ды брахунам веры не даюць! — сказала і павярнулася да яго спінай.
Гучны рогат заглушыў адказ хлопца. Ён збянтэжыўся і больш нічога не гаварыў, толькі зірнуў употай на Дануту, але тая адвярнулася і сціснула вусны.
Зуліся тым часам паглядзела на Феліцыяна. Той усміхнуўся, дзяўчына пачырванела і ціхенька адвярнулася. Крыху пачакаўшы, яна падышла да Дануты і нешта шапнула ёй.
— Адна пойдзеш? — здзівілася сяброўка. — Можа, правесці?
— Не трэба.
Калі Зуліся знікла, Феліцыян таксама звярнуўся да Якава:
— Я пайду.
— Куды? Пачакай, дождж за карак не лье, пазней разам пойдзем.
— Ды чаго мне тут сядзець?
— Ну-ну, сапраўды, — падпікнуў паніч. — Тая ж дзеўка толькі што адсюль збегла. Ідзі, можа, зловіш.
Сябра ўсміхнуўся і нічога не адказаў.
Зуліся ішла па мяккім дарожным пыле. Ночы пасля Іллі былі яшчэ не зусім халодныя. Але хутка павінна было пачацца жніво, а далей — вераснёвая імгла, калі ўжо босай не выйдзеш на двор. Не чуваць было і птушак, якія пасля Афінагена заціхлі да самай вясны. Дзе-нідзе жоўценькія лісточкі на дрэвах, водар спелых яблыкаў у паветры, пах вільгаці і жыта, калоссе якога ўжо нізка схіліла галаву да глебы — усё сведчыла пра набліжэнне восені.
З такімі думкамі крочыла па сцежцы, калі раптам нехта гукнуў яе. Дзяўчына азірнулася.
— Ці не страшна ісці адной дахаты? — спытаў Офенберг.
— Ніколечкі. Хіба чорта кульгавага трэба баяцца? Гавораць, соўваецца тут часам ды дзевак казыча.
Феліцыян усміхнуўся:
— Далёка твая хата?
— Не, а паніч далёка збіраецца?
— Ды мне туды, куды і панне.