— Гм, раз гэта вязуць пану Ўрбановічу, гм, — сказаў жандар са сваім звыклым гмыканнем, — гэта нешта павінна быць. Але што? Наколькі хапае мазгоў, рыхтык нейкая аптычная прылада… Навошта свінцовыя шарыкі? Хм, ці, можа, машынка якая для хуткаснай страляніны… Паклічце сюды гэтага брытанскага аўсаеда!
Прыйшоў і ангелец, а за ім паненка. Буевіч пераклаў ангельцу, што пан афіцэр патрабуе тлумачэнняў, што за прычындалле ў скрыні. Чужапанец раззлавана стаў нешта гаварыць.
— Калі я не зразумею, што гэта, канфіскую! — заявіў капітан Фогель.
Артур пераклаў, ангелец забурчэў, дастаў са скрынкі трыногу, раскарачыў яе, прыладзіў наверх трубу, прышрубаваў ручку, уставіў у вялікую трубу меншую, прыкруціў да яе знізу бліскучую штучку з футарала. Накіраваў трубу на паўднёвы захад, дзе светла-залатым карасём выплывала з зялёна-блакітнай мулі вячэрніх нябёсаў поўня… Ангелец доўга круціў колца на бліскучай штучцы.
— Please… — жэстам прапанаваў капітану паглядзець у трубу.
Жандар, як звычайна не хмыкнуўшы, зазірнуў у акуляр, зморшчыў нос, зірнуў на тое месца, куды толькі што глядзеў праз трубу. Зноў прынік да акуляра. Дзіўны меў выгляд — увесь утрапёны ў адно, толькі вусікі тырчэлі. Вось жандар працягнуў руку, не адрываючыся, мацнуў паветра.
— Гм, — праказаў, варушачы вусамі. — Месяц дзіравы, як сыр. Ямкі на ім, уга-га!
— Дайце і мне зірнуць, — сказаў Буевіч.
За ім у чаргу сталі Стасік, Бароўскі, Кавалец, некалькі жандараў, але жандарскі афіцэр не адыходзіўся, усё круціў ручкай наводкі на рэзкасць…
— Ах, Божа ж ты, Божа! Ваісціну Тварэц! Колькі жыву, такога не бачыў… Там жа горы! Сапраўдныя горы, даліны…
Ад захаплення жандар расчырванеўся. Зноў глядзеў на месяц то проста вачамі, то ў тэлескоп, вохкаў, цмокаў…
Нарэшце адышоўся, дастаў насоўку, стаў чысціць нос, смаркацца. Гэтым часам па чарзе зірнулі ў тэлескоп Буевіч-старэйшы, Стасік, Бароўскі, а Кавальца цікаўныя жандары сілком адцягнулі ад тэлескопа — ён глядзеў, глядзеў і не мог наглядзецца. А калі адцягнулі — на вачах хлопца макрэлі сцежкі ад слёз. Потым глядзела паненка, потым па чарзе жандары, зноў Кавалец. Падышоў глянуць і фурман ландары. Глянуў і адхіснуўся — спужаўся, схапіўся за галаву. Вось чаму развохкаўся жандарскі афіцэр! На месяцы, як на зямлі…
— Пэўна, там і балоты, там і рэкі… — прамовіў Кавалец.
І доўга яшчэ глядзелі на Палескім тракце пасярод балота ў тэлескоп жандары і спадарожныя, наводзілі то на зоркі, то на месяц, то шукалі Венеру, Марс, Юпітэр…
Навокал кракталі жабкі, дралі горла драчы, на далёкіх, забытых Богам хутаранскіх палетках галасілі перапёлкі, свісталі крыллем у звечарэлым паветры дзікія качкі, а над усім гэтым уладарна ўсходзіла чыстая, раўнакруглая, цяпер ужо ўся белая царыца-поўня.
2. Кляцьба
Жандары паўзбіраліся на коней, паехалі недзе на Пінск. З вобыскам нічога не выйшла. Праўда, афіцэр набраў у кішэню свінцовых шарыкаў. Патлумачыў — спытае пры выпадку ў манкевіцкага аканома, на якую халеру патрэбна такая процьма свінцу.
Было позна. Моцная поўня адблісквала ў прыдарожных балотцах. Недзе далёка ў альховых лясах вухкалі-рагаталі пугачы. Чужапанец стаў складваць тэлескоп, нешта сварыўся, лапатаў па-ангельску. Гаварыў так хутка і неразборліва, што гімназісты разумелі толькі асобныя словы. Артур Буевіч разводзіў рукамі — што паробіш! Разгневанасць ангельца разумелася і без тлумачэнняў — позна. Гэта ж так затрымацца! Уночы ехаць па такой дарозе немагчыма, давядзецца начаваць. Але дзе начаваць сярод балота?
Падарожныя сталі раіцца, што рабіць. Намерыліся праехаць колькі вёрст, каб дабрацца да Лэйбы.
— Who is Leyba? — пацікавіўся ангелец.
— Карчму трымае на распутку. Гэта каля Рухчы, — адказаў Буевіч па-ангельску. — Там і заначуем… Раніцай як выедзем, да Манкевічаў рукой будзе падаць.
Калі ангелец і паненка пайшлі да ландары, Артур даў каманду выцягнуць схаваную скрыню.
— Чыя скрыня? — спытаўся Стасік. — Не ангельская?
— Вядома, не… — адказаў Артур.
— Хіба тады Ўрбановіча?
— Навошта табе ведаць? — раззлаваўся Артур. — Вязіце скрыню на Стахавецкую грэблю. Да старога млына. Схавайце пакуль там.
— У гэтай скрыні — тэлескоп, а ў той скрыні? — не ўцярпеў і Ясь Кавалец.
— Табе важна, Ясю? — паглядзеў на яго Буевіч. — Ляпнеш каму і падвядзеш нас… мяне пад такі манастыр…
— Каго — вас? — спытаўся на гэты раз Бароўскі. — Увогуле, спадар Артур, ты… вы яшчэ ў Пінску маніліся расказаць тое-сёе пра палітыку…
— Маніўся — дык і раскажу, — адказаў Буевіч-старэйшы. — Бачу, без тлумачэнняў не абысціся… — Ён уздыхнуў. — Слухайце. Спачатку вазьму з вас клятву, што нікому ніколі, ні пры якіх абставінах не раскажаце тое, пра што даведаецеся…