Віл цяпер, дзякуй Богу, нічога, хоць, канечне, час, узрост. Сэрца, вочы… Мы сустракаемся зрэдку на даху дома, у якім ён жыве, і падцягваем правіслыя драты, раўняем пахіленую ветрам антэну: падвойны квадрат. З дома цераз вуліцу і трохі наўскос, дзе Міністэрства ўнутраных спраў, глядзяць на нас маёры і падпалкоўнікі, а мы, замацаваўшы антэну, сядаем спінамі да коміна, выцяжной трубы, і глядзім на наш горад.
Адсюль, з даху дома на вуліцы Гарадскі Вал, колішнім Захар’еўскім правулку, ён, наш горад, як на паштоўцы з мінулага. Былая Зборавая, Базарная, пляц Волі з ратушай, былыя Траецкая, Вялікая Татарская, Замкавая, Васкрасенская, Завальная, Мясніцкая, Няміга-Ракаўская, былыя Ракаўскі і Семінарскі правулкі, Няміга, ад якой засталася толькі Жоўтая царква — усё былое… Нам трохі сумнавата, ды раптам Віл згадвае, што яшчэ зусім нядаўна вуліца Гарадскі Вал называлася імем бандыта Урыцкага, і мы весялеем, бо нешта ўсё ж у нашым жыцці зрушылася да лепшага. Вунь і ўнізе, на першым паверсе дома, дзе ў часы, калі вуліца называлася імем бандыта Урыцкага, была крама “Садавіна-гародніна” — цяпер рэстарацыя “Мірскі замак”. Там сядзець нам не па кішэні, дык мы сядзім тут, на даху — не горш. “Так што… — кажа Віл, дастаючы з кішэні пляскатую пляшку каньяку, хоць піць яму дактары забаранілі пад страхам смерці, але, калі ўжо паміраць, дык ад лепшага… — давай за Мінск!” Мы патрохі выпіваем, згадваючы Эдзі Рознэра і Луі Армстранга, Бары Галдуотэра і караля Кувейта, Кенэдзі і Аліка, Аса і Біга, Гурыка і Косцю, Асю і Марыну, а найчасцей Палкоўніка… І кожны раз, калі мы яго згадваем, маёры і падпалкоўнікі з дома, які трохі наўскос цераз вуліцу, глядзяць на нас асабліва ўважліва. Раптам я ўспамінаю, што сустракаў у Маскве Джыма Калеснікава, які вучыўся ў Мінску на філолага, а стаў прэзідэнтам нейкай найбагатай руска-канадскай карпарацыі, на што Віл кажа: “Шкада, што ён не ў Мінску, я б у яго пяць баксаў сцыганіў… Хоць што цяпер за пяць баксаў купіш?”
“Пляшку, — я кажу, — купіць можна”.
“Але ж не тры з ікрой, — уздыхае Віл. — Як усё змянілася…”
Ён забыўся: з ікрой можна было купіць дзве пляшкі. Тры — гэта ўжо без ікры.
З даху дома на Гарадскім Вале добра відаць двор у квартале вуліц Камсамольскай з Інтэрнацыянальнай, у які праз жалезныя вароты то ўязджаюць, то выязджаюць машыны. На варотах стаіць вартавы, на пажарным шчыце адзінотна вісіць вядро. Там не змянілася нічога. Хіба што вароты цяпер расчыняюцца не ў бакі, як некалі, а падымаюцца ўверх.
— А помніш, як з цябе Палкоўнік фарцоўшчыка вырабляў? — пытаюся я ў Віла. — Каб мы падумалі, што нас за валюту расстраляць хацелі?
— З мяне?.. — здзіўляецца Віл. — Фарцоўшчыка?..
Ён не помніць. Сэрца, вочы, скляроз… Cа склярозам і я сябрую, але не так блізка. Ва ўсякім разе, усё, што хоць неяк звязана з Асяй, помню… Як яна выбегла, як дзверы за ёй самі зачыніліся і як Палкоўнік накінуўся на Віла, што ён валюту ў канадцаў цыганіць…
… — Ніхто ні ў кога пра валюту не пытаўся, — заступіўся за Віла Косця, і Палкоўнік агрызнуўся:
— Гэта ў цябе не пыталіся! А мяне дасталі вашай валютай!
Відаць было, што ён маніў. І незразумела было, навошта?..
Косця адышоў да дзвярэй, якія яшчэ ўздрыгвалі, зачыніўшыся за Асяй. Торгнуў дзверы за ручку, зачыніў шчыльна.
— Каго яшчэ дасталі валютай? — Ён глянуў на Пілю. — Цябе?..
— Не… — Піля пабойваўся і Палкоўніка, і Ворана, не кажучы ўжо пра маёра Гагарына. — Мяне бацькам даставалі.
— Якім бацькам?
— Маім… Каб я падумаў, што з ім будзе, калі ўсе дазнаюцца, што я, сын рэвалюцыянера, такога пісьменніка…
— Ха! — хакнуў Палкоўнік, які, можа быць, і лічыў яшчэ каго-небудзь, апроч сябе, рэвалюцыянерам і пісьменнікам, але не Піліпа Пестрака, і тут раптам Эдзік Гарачы, сябар Пілі, крыкнуў: “Не хакай!”, — і ўскінуў руку, нібы ў піянерскім салюце:
— Антыасаркан!
Здорава ў яго ўсё гэта выйшла: і “не хакай!”, і піянерскі салют, і, падобнае на “no passaran!”, тарабарскае слова антыасаркан! Нездарма ён актор Тэатра юнага гледача, на прыступках якога чыталіся вершы і ў калонах якога блукалі, пераплываючы з левага берага Свіслачы на правы, пахі далёкай маскоўскай адлігі.
З Палкоўнікам найчасцей лаяўся Косця. Ці Шыдляк, напорысты Генік Шыдлоўскі. Але ад Эдзіка, звычайна ціхага, найцішэйшага ў нашай кампаніі, ніхто напору такога не чакаў, нават Палкоўнік на дзверы азірнуўся:
— Ты што гэта?..
— Гэта тое, пра што пыталіся. Хто прывёз кнігу ў Мінск, хто чытаў, хто і каму перадаваў? У мяне пыталі, хто перадаў мне…
Палкоўнік, які і прывёз з Масквы раман “Анты-Асаркан”, пра які чуў я ў размовах, але не чытаў, бо да мяне, як да наймалодшага, кніга не дайшла і ўжо, падобна, не дойдзе, перапытаў насцярожана:
– І што?..
— Нічога, — апусціў руку, якую ўсё яшчэ трымаў, нібы ў піянерскім салюце, Эдзік. — Ніхто не перадаваў. Раніцай іду ў тэатр, а нешта ляжыць на прыступках за калонай. Скручанае так, як вялізная кубінская сігара. Спыталі: чаму кубінская? Я спытаў: а якая яшчэ?..
З даху дома на Гарадскім Вале, дзе сядзім мы з Вілам, відаць дом на праспекце Незалежнасці, дзе некалі была крама “Тытунь”, у якой куплялі мы кубінскія сігары. У бліскучых, быццам срэбных, падобных на ракеты, якія Савецкі Саюз хацеў паставіць на Кубе, каб страшыць Амерыку, футуральчыках, укладзеных у драўляныя скрыначкі. Адна такая сігара ў Амерыцы (Віл пацікавіўся пра гэта ў сенатара Галдуотэра) каштавала 20 долараў, а ў нас — 20 капеек. Галдуотэр не паверыў…
У краме “Тытунь” на праспекце Незалежнасці, у той час праспекце Леніна, я купіў свой першы пачак цыгарак. Доўга вагаўся, выбіраючы паміж “Шыпкай” і “Джэбэлам”. І хоць пачак “Шыпкі” — пляскаты, з тонкага кардону, падобны на пачак з папіросамі “Казбек” ці “Герцагавіна Флор”, якія курыў Сталін — выглядаў прыгажэйшым за звычайны, папяровы пачак “Джэбэлу”, я выбраў апошні. Каб не пачынаць з таго, што хоць неяк нагадвала пра Сталіна, праз якога пасадзілі ў турму Палкоўніка.
Я ўгадаў з цыгаркамі… Тытунь, з якога яны вырабляліся, быў з дабаўкай. З траўкай, якая аказалася наркатычнай. Ледзь-ледзь, але ўсё ж… З паўпачка можна было нармалёва палятаць. Але даволі хутка з “Джэбэлам” разабраліся, прадаваць цыгаркі забаралілі, імпарт іх спынілі — і палёты скончыліся.
Не знайшоўшы лятучага паліва ні ў “Шыпцы”, ні ў ніякіх іншых цыгарках, якімі спрабаваў замяніць “Джэбэл”, я кінуў паліць.