— Я пайду, — кажа ён. — У мяне спектакль.
— Чакай, — спрабуе спыніць яго Эдзік. — Дык ты помніш Гурыка?.. — і Барыс Іванавіч перапытвае, адыходзячы:
— Які бацьку Асі пасадзіў?..
— Які бацьку Асі пасадзіў… Дык помніш?..
— Не помню… Для чаго яго помніць?..
— Ні для чаго!.. Проста помніш, ці не?
— Ні для чаго не помню… — пакідае нас галоўны рэжысёр, у якога спектакль, і Эдзік уздыхае: “Вось памяць, мне б такую…”
Я пытаю:
— А нашто табе, каб помніў?
— Бо я помню, я!.. — без аніякай, як мне здаецца, сувязі з самім Барысам Іванавічам і з тым, што ён помніць ці не, налівае сам сабе і адным глытком выпівае Эдзік… — Недзе праз тыдзень пасля таго, як Амерыканец забіў Кенэдзі, і мы яшчэ гадалі, ці пачнецца вайна, расстраляюць нас ці не, мяне прыводзяць да начальніка лагера, а там ён! — прыстуквае Эдзік па стале і глядзіць услед Барысу Іванавічу.
— Хто ён?.. — пытае Віл, хоць зразумела, што там, у начальніка лагера, не мог быць Бырас Іванавіч.
— Гурык! Увесь бліскучы… “Здароў, актор пагарэлага тэатра!” І што пачынае выкручваць!.. “Ты хадзіў, — пытае, — страляць у цір радыёзавода?” “Хадзіў”. “З Амерыканцам? З Лі Харві Освальдам?” “Не толькі, — кажу, — з ім”. “А з кім яшчэ?” “З Воранам…” “Яшчэ з кім?” “З Гарыкам Клябанавым…” “Яшчэ?” “З Вілам…” “А з братам?..” “Якім братам?” “Братам Віла, карэспандэнтам Усесаюзнага радыё?..” “І з ім стралялі, — падняўшыся з-за стала, нахіляецца Эдзік да Віла. — Што тут такога?..” “А з Палкоўнікам? З Кімам?..” “І з Палкоўнікам, і з Кімам…” “І па кім вы там стралілі?..” “Па мішэнях”. “Па якіх мішэнях?” “Па звычайных”. “А па незвычайных?..” “Па якіх незвычайных?..” “А вось па такіх! — раскручвае ён на стале перада мной трубку папяровую, плакат, памятаеце, плакаты такія былі з партрэтамі членаў Палітбюро, ці як яно тады называлася, Прэзідыума ЦК КПСС. — Па кіраўніках партыі і дзяржавы! Рыхтаваліся забіць першага сакратара ЦК, Старшыню Савета Міністраў СССР Мікіту Сяргеевіча Хрушчова! І за гэта ты хочаш толькі два гады?..” Уявіце: увесь плакат у слядах куль, у прабоінах… Мяне потам халодным прабіла… Ён мне тэрмін накруціць прыехаў, а, можа, і пад вышку падвесці, гад! “Не страляў я ні па кім і не рыхтаваўся нікога забіць!” “А хто страляў і рыхтаваўся? Хто?..” “Ніхто!” “Скажаш, адсядзіш, колькі табе засталося — і на волю, у свой пагарэлы тэатр. Вы ж і Кенэдзі ўвялі ў склад ЦК, і ў яго стралялі!” “Не ў яго! І не я!” “А ў каго? І хто?” “Амерыканец у Толіка!” “У ягога Толіка?” “У стылягу Толіка, падобнага на Кенэдзі!” “А на Хрушчова хто падобны быў? Хто на Хрушчова?..” І тут я ляпнуў, — абмякае Эдзік, стоячы сыграўшы сцэну з Гурыкам і зноў сядаючы да стала: “На Хрушчова быў падобны сам Хрушчоў!” — І Гурык па плячы мне: “Ну вось і малайчына, што прызнаўся! Засталося аформіць…”
Віл глядзіць на Эдзіка, чакаючы… Брата Віла, карэспандэнта Усесаюзнага радыё, які вёў рэпартажы з сустрэч Мікіты Сяргеевіча Хрушчова з працоўнымі Беларусі, арыштавалі напрыканцы 1963-га…
— Ды нічога ён са мной не аформіў, — складвае і паказвае дулю ў мінулае Эдзік. — Але з некім іншым мог аформіць, — ківае ён Вілу, які нервова выпівае і пытае, выпіўшы: “Што ж ты раней маўчаў?..” — і Эдзік расціскае дулю: “А ты пытаўся?..”
У мяне ёсць такая штуковіна ў мазгах, як відэамагнітафон, нейкія моманты пракручваюцца па некалькі разоў, я нават у вар’ятні з гэтым ляжаў, калі ў галаве круцілася і круцілася: “Самалёт ляціць над усёй бальніцай…” — і доктар сказаў, што гэта, канечне, адхіленне, але, калі яно не надта замінае, дык ён не будзе яго лячыць, бо не ведае, чым?.. — дык вось і зараз яшчэ раз пракруцілася, як на відэамагнітафоне:
— Што ж ты раней маўчаў? — пытае Віл, нервова выпіўшы каньяк.
Эдзік расціскае дулю:
— А ты пытаўся?.. — І доўжыць, не надта зважаючы на нервовасць Віла. — У Маскву Гурык перавёўся і ў генералы выбіўся, і праз тое, што Амерыканца падрыхтаваў Кенэдзі забіць, і праз тое, што не даў забіць Хрушчова, выкрыў групоўку тэрарыстаў, — вось што такое Гурык. І вы мне будзеце казаць, што мы сярод нармальных людзей у нармальным часе жылі?.. Выклікаць ува мне настальгію?
Ніхто нічога пра час, у якім мы жылі, Эдзіку не казаў і настальгію не выклікаў — ён сам сказаў і выклікаў. Нам усім у тым часе, як, зрэшты, і ў гэтым, трэба было б да псіхіятра, калі б ён ведаў, чым лячыць?.. У мазгах краіны, дзе мы жылі і жывем, бо нікуды яна не падзелася, ёсць штуковіна такая, як відэамагнітафон, і ўсё паўтараецца раз за разам — самалёт ляціць над усёй бальніцай…
Але нашто нам было Хрушчова забіваць?
Віл не разумее тое самае, што і я, таму адсоўвае пусты кілішак і пытаецца ў Эдзіка, ды нават не ў Эдзіка, а нібыта ва ўсіх: “А за што майму брату Хрушчова было забіваць?..” — і Эдзік нібы за ўсіх адказвае: “Відаць, было за што, калі забіць хацеў”.
— Амерыканец хацеў забіць Хрушчова, а не брат, — пачакаўшы, пакуль каньяк у ім сагрэецца, закусвае скрылікам лімона Віл. — Вы што: забыліся?..
Я помню… Таму пытаюся ў Віла:
— А навошта яно Амерыканцу было?..
Плошча Незалежнасці, былая Плошча Леніна
— Ты чаму ў інтэрнаце жывеш? — спытаў аднойчы Амерыканец Джыма Калеснікава па мянушцы Кола, студэнта філфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. — Грошай на кватэру не маеш?
Грошы ў Джыма былі — і Амерыканец, каб Джыму зручна было, параіў яму зняць кватэру ў доме цераз дарогу ад галоўнага ўніверсітэцкага корпуса. Дом той, цагляны, чатырохпавярховы, з калонамі і ляпнінай, з прадуктовай крамай на першым паверсе, фасадам глядзеў на вуліцу Савецкую, правым крылом выходзячы на плошчу Леніна. Цяпер яго няма — зруйнавалі. Прагульваючыся па Мінску, Першы сакрататар ЦК КПСС, Старшыня Савета Міністраў СССР Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў, які меў цікаўнасць да архітэктуры, заўважыў, што, калі дом знесці, дык плошча Леніна ў беларускай сталіцы стане самай вялікай плошчай Леніна ва ўсім Савецкім Саюзе. “Гэта было б, — сказаў ён, — сімвалічна, бо беларусы — найверныя ленінцы, якія першымі ўступяць у камунізм”. І Мікіта Сяргеевіч, зрабіўшы крок наперад, тупнуў нагой, дэманструючы, як яно, тое ўступленне ў камунізм, прыблізна будзе выглядаць.
— Ён хацеў бы, каб усе беларусы, уступіўшы ў камунізм, змясціліся на адной плошчы, — выказаў меркаванне Палкоўнік, і калі Віл, не зразумеўшы, спытаў: “Навошта?..” — Палкоўнік тыцнуў пальцам у акно: — Каб выступаць адразу перад усімі!
Два акны кватэры, якую Амерыканец параіў наняць канадцу Джыму, выходзілі на Дом урада, з гаўбца якога на другім паверсе выступаў перад сагнанымі на плошчу менчукамі таварыш Хрушчоў. Маленькі, таўсценькі, у куцавата-шэрым паліто з каракулевым каўняром, ён, падскокваючы, кідаўся і кідаўся грудзьмі на парэнчы гаўбца, крычаў і крычаў, размахваючы заціснутай у кулак каракулевай папахай, і каракулевая пара, вырываючыся з ягонага роту, клубілася над ягонай лысінай.
“Таварышы!