Сцяна, за якой віднелася турма, была ў шчарбінах і чырвоных пырсках. Хутчэй за ўсё, яна была ў фарбе, якой пырснулі, калі фарбавалі вядро, што адзінотна вісела на пажарным шчыце пры варотах. Нічога страшнага тут быць не магло, і ніхто пра страшнае і не падумаў бы, калі б пырскі тыя былі зялёныя, жоўтыя ці сінія. Але яны былі чырвоныя…
Як Ася сказала: гэта цяпер смешна. І то не надта. А тады з часу смерці Сталіна не прамінула і дзесяці гадоў, і амаль у кожнага з нас, апроч амерыканца з канадцамі, нехта з радні быў аднойчы забраны, патрапіў у гэткі самы, можа быць, двор — і не вярнуўся.
Уздоўж турэмнай сцяны і дома насупраць яе стаялі лаўкі — звычайныя дошкі на калодах. Не ведаю, чаму, але Амерыканец з канадцамі селі на “турэмную” лаўку, а мы ўсе — насупраць. І стараліся адзін на аднаго не глядзець.
Першым паклікалі Палкоўніка… І пасля доўга, гадзіны дзве, не клікалі нікога. Увесь гэты час раз за разам адчыняліся вароты: на машынах прывозілі ўсё новых і новых людзей. Амаль усіх іх — ці праз Косцю, ці праз Віла, а найбольш праз Палкоўніка — я ведаў. Любімчык Палкоўніка Гарык Клябанаў… Эдзік Гарачы і Эдзік Зельдовіч… Рыжык, Ося Рыжыкаў… Слава Буйнікоў… Лёня Макаранка… Валера Высоцкі… Віктар Лібенсон, вілаянчэліст, скрыпач, Ілля Фраўчы, піяніст… Толя Пястрак з мянушкай Піля, сын пісьменніка Піліпа Пестрака… Вадзім Някрасаў… Сергей Будкевіч… Шыдляк, Генік Шыдлоўскі… Віця Шульман, сын знакамітага рэжысёра, які зняў кіно “Чалавек не здаецца” і якога праз сына пагналі з партыі, а значыць, з кінастудыі, з работы, з самога жыцця — і ён памёр урэшце недзе ў Канадзе… Амаль усе, за выключэннем Лібенсона і Фраўчы, — студэнты ўніверсітэта. Яны абміналі амерыканца з канадцамі, падыходзілі да нашай лаўкі, месца на якой ужо не хапала, і ставалі побач. Ніхто ні з кім не вітаўся, не казаў адзін аднаму ні слова. Усім было страшна. Не мне аднаму, усім…
Гадзіны праз дзве недзе ў доме, куды адвялі Палкоўніка, нешта ляснула. Суха, коратка. Нібы ссохлую галіну пераламілі. Ці стрэлілі. І адразу ў той жа дом павялі Амерыканца з канадцамі. Іх лаўка засталася вольная, але ніхто на яе не сеў. Усе, як стаялі, так і працягвалі стаяць каля нашай лаўкі, каля сваёй сцяны.
— Во гады… — збялела шапнуў Віл, які сядзеў паміж мной і Косцем. — Няўжо ў сутарэннях страляюць?..
І тут паклікалі яго. Ён падхапіўся, сеў, зноў падхапіўся, зрабіў крок, хістка пайшоў у другі бок, уздоўж запырскана-чырвонай сцяны… “Ты куды?” — крыкнуў адзін вартавы з ганку, а другі падышоў і павярнуў Віла, падштурхоўваючы прыкладам аўтамата: “Туды давай, туды…”
— А ён думаў яго тут, у двары… — на дзіва спакойна ўслед Вілу сказаў Косця. — Каб увесь горад чуў.
Я і тады, у тым двары, у тым жаху, і пасля, калі ўсё скончылася, здзіўляўся: чаму Косця, калі яго паклікалі ў дом, у які мы адзін за адным уваходзілі і з якога ніхто не выходзіў, у якім нешта суха ляскала, быццам у ім стралялі, падняўся і пайшоў, нічога не баючыся?.. Я бачыў, што ён не баіцца, нібы наперад ведаючы, што нічога ў тым доме з ім не станецца. Там, у тым двары, я думаў, што ён герой, а пасля, калі мы спрабавалі вылічыць, хто ж нас здаў, хто сярод нас стукач, нічога геройскага пра Косцю я ўжо не думаў. Менавіта таму, што ён адзін сярод нас выглядаў героем. Чаму гэта ён герой, калі мы ўсе перастрашыліся?.. Я падазраваў, успамінаў, сам у сябе пытаўся: ад каго Гурык пра тое, што Саламон Майсеевіч сваяк Леніна, дазнаўся? Калі мы толькі ўтраіх каля яткі былі: Ася, Косця і я?.. Я ўжо не верыў Косцю, як самому сабе, я ўжо ніяк яму не верыў. І не ганарыўся я сяброўствам з ім, і не здаваўся ён мне, як раней, найкруцейшым у Мінску…
Вось што робіць з намі страх.
А пасля Косця зноў здаўся мне героем… Калі адкрылася, што ўсё пра ўсіх нас расказаў і напісаў у тым доме, дзе яго павінны былі расстраляць, але не расстралялі, Палкоўнік. Праз яго мы ўсе аказаліся ў адной, пра якую ведаць не ведалі, падпольнай арганізацыі: антысавецкай групоўцы Кіма Сысоя.
Пазней, калі Палкоўнік, якога пасадзілі за стварэнне антысавецкай групоўкі ягонага імя, адбыў два з паловай гады ў турме ў Піцеры і зноў з’явіўся ў Мінску, я пры першай жа сустрэчы спытаў: чаму?.. Чаму ён расказаў і напісаў усё за нас?.. “Бо наперад ведаў, — адказаў Палкоўнік, — што вы прызнаецеся ва ўсім, чаго яны захочуць. Дык лепей я сам”.
Мяне паклікалі апошнім. Не ў сутарэнні, а ў звычайны пакой з адным акном, нават не закратаваным. Уся мэбля — скураная канапа каля сцяны, шафа ды стол з тэлефонам і графінам з вадой. За сталом, пастукваючы алоўкам па графіне, сядзеў мужчына гадоў трыццаці ў галіфэ і пінжаку вайсковага крою, які моўчкі паказаў мне на крэсла пасярод пакою.
Я сеў, падабраўшы ногі. Выпрастаў іх. Зноў падабраў. Я не ведаў, як на гэтым крэсле пасярод пакою сядзець? Куды глядзець? Сядзеў і глядзеў уніз.
— Я маёр Гагарын, — перастаў пастукваць, як з аўтамата пастрэльваць, мужчына ў галіфэ, і я сказаў таропка, каб спадабацца яму і паказаць, што на ўсё гатовы:
— Я ведаю.
Я чакаў, што гэта яму спадабаецца, а яму не спадабалася.
— Скуль ты ведаеш?..
Я не ведаў, як адказаць, скуль я гэта ведаю, каб не падставіць Саламона Майсеевіча, які напісаў на маёра Гагарына скаргу ў партыйны ЦК. Таму маўчаў, пакутліва ўсведамляючы, што спёкся ўжо на самым першым пытанні і цяпер мне не выкруціцца, а маёр не стаў чакаць, калі я што-небудзь для выкруткі прыдумаю.
— А ты ведаеш, што па апошнім законе, прынятым Вярхоўным Саветам у сувязі з абвастрэннем адносін з Амерыкай, ворагі СССР расстрэльваюцца без суда і следства! І ты пад гэты закон падпадаеш, ведаеш?!.
Скуль мне было такое ведаць?.. Як і тое, што такога закона няма і быць не можа. Я нават не ведаў, што законы прымаюцца Вярхоўным Саветам, і калі маёр Гагарын са словамі “і ты пад гэты закон падпадаеш!” узняўся над сталом, нада мною, над шафай, над усім светам — я страціў прытомнасць. Паплыў на тым крэсле, седзячы на якім не ведаў, куды глядзець і куды ногі падзець…
З таго моманту праз таго маёра Гагарына я ўжо не марыў, як марыў раней, калі сапраўдны Гагарын у космас узляцеў, стаць касманаўтам.
Ачуняў я лежачы на канапе. Маёр Гагарын стаяў нада мной і пырскаў вадой, якая здалася мне прысоленай.
— З цябе вораг, як з гаўна куля, — пырснуў апошні раз маёр, і я сказаў, спрабуючы сесці і пачуваючы сябе так, нібы на спатканні з Асяй у порткі нарабіў:
— Я не вораг.
Мне здалося, што маёр паглядзеў на мае калашыны: ці не абмачыўся?..
— Дык я й кажу… Які з цябе вораг? Нармальны савецкі чалавек. Ты ж савецкі?
Я заківаў, выціраючыся:
— Савецкі.
— Вось бачыш, савецкі. Камсамолец. Сценгазетавец. Ты ж у сценгазету пішаш?