“Шыпку” нам прывозілі балгары, а “Джэбэл”… Вось і не помню, хто і адкуль прывозіў нам такія лятучыя цыгарэты… Хіба тыя ж балгары? Чаму тады “Джэбэл”, д’ябал? Не падобна на сяброў, не падобна… І не кубінцы “Джэбэл” прывозілі, яны таксама, як і балгары, сябры… Можа, парагвайцы… Каб, накурыўшыся, мы паставілі ў іх ракеты — і пачалася вайна.
— Віл, — пытаю я, гледзячы ў той бок, дзе некалі была крама “Тытунь” з кубінскімі сігарамі па дваццаць капеек, — а што ў той кнізе было?
— У якой?..
— Праз якую Эдзіка Гарачага пасадзілі.
– “Доктар Жывага”?
“Доктара Жывага” я чытаў: Палкоўнік меў (пакуль гэбісты не забралі) італьянскае, у вішнёвай вокладцы, выданне.
— Не.
– “Ракавы корпус”?
— Не… Тарабарская нейкая назва…
– “Анты-Асаркан”?
— Так.
— Ты хіба не чытаў?
— Не. Да мяне, як да наймалодшага, чарга не дайшла.
Віл адпівае трохі з пляшкі, перадае пляшку мне.
— Шкада, што не я быў наймалодшы.
Я раблю глыток.
— Кепская кніга?
— Не помню… Калі б я быў наймалодшы тады, дык быў бы наймалодшы й цяпер.
— А…
— Што “а”?..
— Чаму “Анты-Асаркан”?
— Ха! — хакае Віл, на ўсё жыццё набраўшыся гэтага ў Палкоўніка. — Ты не помніш?
Ён задаволены, што я, маладзейшы, не помню. І я пацвярджаю, што не помню, адмоўна ківаючы галавой.
— Быў такі Аляксандр Асаркан, крытык тэатральны. Маскоўскі мураш, як яго называлі. Ён сядзеў ва Ўладзімірскім цэнтрале разам з Палкоўнікам і Паўлам Уліціным… Ты Паўла Уліціна чытаў?
Я чуў пра Уліціна, але не чытаў яго, таму зноў адмоўна ківаю галавой, і Віл глядзіць на мяне, як на чалавека, які зрабіў нешта непрыстойнае. Ці не, не так: ён глядзіць на мяне, як на чалавека, які павінен быў і мог зрабіць нешта прыстойнае, але не зрабіў. Не прачытаў Уліціна…
— Ведаеш, што ў ягонай біяграфіі было?
— Турма, калі з Палкоўнікам сядзеў.
— Турма… Ты што-небудзь страшнейшае за турму ўявіць можаш?
— Магу.
— Што?