“Што?!. Поскудзь!..” — успомнілася мне, як на кватэры Амерыканца крыкнуў пра Гурыка, ускочыўшы, Косця і перакуліў, ускокваючы, шклянку з гарбатай на жывот Палкоўніку, а Палкоўнік хакнуў, порткі атрасаючы: “Ха! У-ё-бі-шча!” — і цяпер, праз гады, як і тады, я не зразумеў, пра каго ён хакнуў: пра Косцю, які ратаваў Саламона Майсеевіча, ці пра Гурыка, які ратаваў Асю, забіраючы ў яе бацьку. Да гэтай пары ўсё ўва мне працівіцца таму, што сярод нас у той час маглі быць мярзотнікі.
— А ўсё ж гэты раман… — спрабую адвесці я размову ад самага непрыемнага… — што ў ім было такое, каб за яго ў турму садзіць?
— Не помню, — адказвае, як і Віл на даху, Эдзік у бары. — Нічога асаблівага, балбатня на сурвэтках.
— На якіх сурвэтках?..
— На папяровых. Кніга ж самвыдатаўская… Папера тонкая, сурвэтачная… Шмат на якіх старонках і не разабраць, што надрукавана. Дый не асабліва гэбэшнікі разбіраліся. Арыштоўвалі яны не кнігу, аўтара. Ён раззлаваў іх, на антысавецкі мітынг прыпёрся ў інвалідным вазку. У Маскве, на плошчы Маякоўскга… Ды яшчэ дысідэнта вядомага з-пад носа іхняга на тым вазку звёз. Вось яны і давай шукаць кнігу, каб аўтара пасадзіць. Прыехалі ў Мінск, а тут цэлая групоўка антысавецкая. І Мінскія гэбэшнікі, якія займаліся гэтай групоўкай, адразу аказаліся пад кантролем гэбэшнікаў маскоўскіх… Вось чаму далі мне два гады! — нечакана сканчае Эдзік. — А не таму, што маці — санітарка.
Ён нібы толькі што гэта ўсвядоміў — і глядзіць на нас разгублена…
— Ды не разабраць тады было, чаму аднаму адно, а іншым іншае… — усё яшчэ вінавата пазірае на Эдзіка Віл. — Мяне з камсамола выгналі, але пакінулі ва ўніверсітэце. Вадзіка Някрасава пратурылі з інстытута, але забыліся выключыць з камсамола… А Будкевіча, які ўвогуле быў збоку прыпёку, пагналі адусюль…
Эдзіку не надта цікава слухаць, кога там адкуль пагналі ці не пагналі, і ён кажа нам гэтаксама, як і глядзіць на нас, разгублена:
— Я ж за два гады пяцьсот спектакляў не сыграў… Паўтысячы… І ўвогуле мог… Дай закурыць, — просіць ён Віла, хоць не курыць, і калі Віл дае яму цыгарку, прыпальвае, зацягваецца і кашляе, запіўшы кашаль віном… — Радыё ў бараку звычайна а дзясятай адключалася, адбой. А тут, у канцы лістапада, роўна ў дзесяць: “Забіты прэзідэнт Джон Кенэдзі”. І такая ў бараку цішыня раптоўная… Поўная смерці, я такой ніколі не чуў. Усе як адзін усё зразумелі, падумалі ўсе пра адно: а раптам вайна? Гэта ж лагер… Куды нас, ворагаў, калі не ў расход? Толькі ў расход. — Эдзік тушыць цыгарку. — Брыдота якая, як ты яе смокчаш?.. Я, калі вызваліўся, іду ад лагера да станцыі… Поцьма называецца станцыя… А паперадзе мяне афіцэрык… З валізай, з пакункамі, усё ў яго падае… Я дагнаў, прапанаваў дапамагчы… Падняў валізу, дайшлі мы да той Поцьмы, ён пытае: “Скуль я вас ведаю? Твар ваш мне знаёмы…” “Я з сёмага лагера…” Ён так на мяне глянуў!.. Трэба было бачыць, як ён на мяне глядзеў… Гэтак на тое глядзяць, чаго быць не можа… Я забіць яго павінен, бо ён бы ў тую ноч, калі вайна пачацца магла, мяне б расстраляў, дый у любую іншую ноч, у любы дзень мог забіць, а я дапамагаю яму, валізу падношу…
— Дык нармальная рэч між нармальнымі людзьмі, што тут такога… — пачынае Віл і сканчае. — Хоць уяўляю карціну…
Эдзік узіраецца ў Віла так, нібы спрабуе ўбачыць, якая ж карціна Вілу ўяўляецца, і кажа, не ўбачыўшы:
— Чорны квадрат. Ты не ўяўляеш, які чорны… Калі памёр следчы, які мяне пасадзіў, Гарулёў было ягонае прозвішча, я адчуў такое гора! Вось ён памёр, не забілі яго, сам памёр, а я не паспеў адпомсціць! Нічым і ніяк. Пасля пайшоў на ягоную магілу і паклаў кветку. Адну. З такім шчасцем, з такой асалодай…
“Я малюю белай фарбай на цемры…” — спяваў некалі Гарык Клябанаў, і гэта была наша філасофія. Прынцыпова іншая, чым філасофія чорнага квадрата. Калі яна ўвогуле ў ім, у тым квадраце, ёсць.
— Ты што гэта перад спектаклем п’еш?!. — пытаецца ў Эдзіка, ціха падкраўшыся да яго з-за спіны, галоўны рэжысёр тэатра, і Эдзік адказвае, не павярнуўшыся: “Віно, Барыс Іванавіч…”
Галоўны рэжысёр забыўся, што ў рэпертуары тэатра не засталося спектакляў, у якіх Эдзік мог бы граць у валёнках. Ён увогуле шмат чаго не памятае… Можа патэлефанаваць сярод ночы: “Даруй мне…” — а спытаеш: “Што дараваць?..” — ён маўчыць.
Некалі Барыс Іванавіч быў блізкі да Палкоўніка, але ні ў антысавецкіх, ні ў якіх іншых групоўках не ўдзельнічаў. Так і пражыў жыццё ў тэатры…
Таэтр — месца ўтульнае. Калісьці, калі вуліца Валадарскага называлася Лошыцкай, тут была сінагога. Ад рабіна галоўнаму рэжысёру дастаўся някепскі кабінет.
— Вы чаго сабраліся? — цікавіцца ён, успомніўшы, што Эдзік не заняты ў спектаклі. — З якой прычыны п’янка?
— Ні з якой, — адказвае Эдзік, наліваючы Барысу Іванавічу майго з Вілам каньяку. — Проста п’янка… “Бо пакуль на абшарах Айчыны, што ўсё толькі збіраецца быць, аніводнай не знойдзеш прычыны, каб не піць…”
— А… — падсоўвае да сябе каньяк галоўны рэжысёр. — Тады, канечне… — і Эдзік пытаецца ў яго, руку на руку паклаўшы.
— Ты памятаеш Гурыка?.. Ну, Гурковіча, гэбіста, які з Асяй ажаніўся?
Заімгліўшыся на ўспаміне пра нейкага Гурыка, пры ўспаміне пра Асю твар Барыса Іванавіча з палёгкай прасвятляецца.
Асю памятаюць усе.
— За яе! — куляе чарку Барыс Іванавіч, які любіць выпіваць за ўсё былое. Скажам, чарку за ўсяго Бертольда Брэхта — і асобны кілішак за ягоную п’есу “Трохграшовая опера”, праз спекталь па якой Барыс Іванавіч займеў мімалётную славу ў апошняй чвэрці мінулага стагоддзя. Славу амаль такую ж, якую займеў ягоны калега Валерый Мікалаевіч, якога пахавалі з ганаровай вартай. Ён быў таксама галоўным рэжысёрам тэатра, але іншага.
Віл напісаў п’есу, якая ў першым акце — пра час, калі Барыс Іванавіч і Валерый Мікалаевіч былі яшчэ маладыя, а ў другім — пра час, калі яны дажывалі век. Там адзін персанаж кажа пра яшчэ аднаго: “І паліто ён даўжэй даношваў, чым насіў новае, і жыццё дажываў даўжэй, чым жыў”.
За тое, што ні Валерый Мікалаевіч, ні Барыс Іванавіч не паставілі спекталь па ягонай п’есе, Віл злаваў на абодвух. Цяпер злуе на аднаго. І прапануе: “Барыс, давай вып’ем за будучыню!..”
За будучыню Барыс Іванавіч выпіваць не любіць, бо нічога там добрага. Смерць тэатра і духоўная дэградацыя. І калі Эдзік налівае яшчэ чарку, Барыс Іванавіч выпівае яе моўчкі. Але мы ведаем, за што. За час, у якім займеў мімалётную славу праз “Трохграшовую оперу”.
Віл таксама любіць выпіваць за “Трохграшовую оперу”, бо ў спектаклі грала актрыса, якую ён кахаў. На тры дні яна нават выйшла за яго замуж, і хоць больш з гэтага нічога не атрымалася — усё адно Віл выпіваць любіць. Дый я ніколі не быў супраць таго, каб падняць чарку за “Трохграшовую оперу”. Чаму не?.. У кожнага з нас ёсць свая трохграшовая опера.
“І кожны выпіў за сябе…” — напісаў паэт, якога пахавалі без ганаровай варты.
П’еса Віла — пра антысавецкую групоўку Сысоя. Палкоўніка. Эдзік Гарачы мог бы сыграць у спектаклі па гэтай п’есе сябе самога. І Віл мог сыграць самога сябе, і я, але не Барыс Іванавіч. Ён там ёсць, але граць сябе там не хоча. Таму й спектакль не збіраецца ставіць.