— А з каралём Іярданіі Хусэйнам?.. Ты быў у Ледніка, калі ён звязваўся з каралём Іярданіі?
Мне трохі адпусціла горла, ужо не так моцна сушыла і здушвала… Кароль — не сенатар, Іярданія не збіраецца з намі ваяваць. Можа, не расстраляюць?
Маёр выцягнуў, пакруціў у пальцах і назад уставіў корак графіна:
— Ну?..
Я глядзеў на графін, мацаў горла і не разумеў, чаму я баюся папрасіць маёра, каб наліў вады?.. Трэба пераадолець страх, папрасіць, я ж хачу піць, і я ўжо разняў сшорхлыя вусны, каб сказаць: “Таварыш маёр, наліце, калі ласка, вады…” — але тут зазваніў тэлефон.
— Ёсць! — падхапіўся маёр, зняўшы трубку, хоць той, хто тэлефанаваў, не мог бачыць, падхапіўся ён, ці сядзіць, як сядзеў, і маёр адчуў, што я пра гэта падумаў, яму стала ніякавата і ён, ужо трубку паклаўшы, раптам закрычаў: “Пайшоў адсюль! Спатрэбішся — знойдзем!” — і стаў таропка збіраць паперы, каб да некага, каму ён адказаў, ускочыўшы, “ёсць”, з паперамі бегчы, а я падняўся і пайшоў, ніхто мяне не затрымліваў, толькі вартавы, калі я ў дзверы, што ў двор вялі, пасунуўся, сказаў: “Не туды, у тыя!..” — і праз дзверы, на якія паказаў, ён вывеў мяне нейкімі пераходамі на вуліцу Інтэрнацыянальную, былую Зборавую, па якой дайшоў я да кінатэатра “Перамога”, дзе купіў квіток на бліжэйшы сеанс і ў буфеце піў, піў і піў ваду…
Кінатэатр “Перамога” быў некалі клубам імя Сталіна — і тут жа была філармонія, дзе ў красавіку 1940 года прайшлі першыя канцэрты аркестра Эдзі Рознэра. Музыканты, габрэі з Берліна, Прагі, Вены, Варшавы, якіх прыгнала вайна ў Савецкі Саюз, дзе яны думалі ўратавацца ад Гітлера, а патрапілі да Сталіна, гралі так, што ўвесь Мінск гудзеў! “Ды які там Лёня, які там Яша!..” — чулася каля пашкамутаных ветрам афішаў з рэпертуарам аркестраў Уцёсава і Скамароўскага. — Вось наш Эдзюня!..” Пяці канцэртаў хапіла, каб дагэтуль нікому ў Мінску невядомы польскі габрэй Эдзі Рознэр стаў “нашым Эдзюнем”, а “Беластоцкі тэатралізаваны джаз”, якім страсянуў Эдзюня Мінск, стаў “Дзяржаўным джаз-аркестрам Беларускай ССР”.
“Што вам трэба, — спытаў Эдзюню начальнік Савецкай Беларусі Панцеляймон Панамарэнка, — каб з такім жа фурорам выступіць у Маскве на дэкадзе беларускага мастацтва?” “Ап-пар-р-ратура, гоп, ап-пар-р-ратура!..” — праспяваў яму Рознэр, і займеў такую гоп-апаратуру, якой не было ні ў адным аркестры СССР: з радыёзавода, што працаваў па ліцэнзіі кампаніі “Тэлефункен”. Радыёзавод з Вільні, якая восенню 1939 года адышла да Літвы, вывезлі ў Мінск, дзе ён стаў заводам імя Леніна, на якім працуе цяпер амерыканец Алік. Хоць пры чым тут амерыканец Алік? Ні пры чым…
З гэтага завода займеў радыёапаратуру для свайго джаз-аркестра Эдзі Рознэр. І дзе ён праз тое апынуўся? На Калыме.
З гэтага завода — лямпы і кандэнсатары, схаваныя ў маім заплечніку пад ложкам у інтэрнаце электратэхнікума сувязі! Дык чаго я тут сяджу і ваду п’ю, нібы ў Саламона Майсеевіча той вады не напіўся?..
З кінатэатра, у дзвярах якога кантралёрка спытала: “А кіно?..” — я пратрусіў на “брадвэй”, скочыў у першы тралейбус, даехаў да Падлеснай, дабег да інтэрната, схапіў заплечнік, доўга мітусіўся на вуліцы, не знаходзячы месца, дзе можна ад таго, што ў ім, пазбавіцца — у гэтым гэбісцкім горадзе няма куды выкінуць нават самы маленькі, не большы за канцылярскую скрэпку, рэзістар! Нарэшце ўбачыў люк з надпісам ГТС, побач з ім кінуты кавалак арматуры, якім прыпадняў люк, адсунуў яго ўбок і ссыпаў увесь свой скарб з заплечніка ў цёмную прорву калодзежа гарадской тэлефоннай сувязі. Азірнуўшыся, ці не сочаць за мной, паставіў люк на месца і зноў пабег па Падлеснай, скочыў у першы тралейбус і, праязджаючы вуліцу Леніна, убачыў на лаўках у скверы тых, хто яшчэ зусім нядаўна стаяў каля сцяны і сядзеў на лаўцы побач са мной у двары на Інтэрнацыянальнай. Усе былі тут, апроч Амерыканца з канадцамі і Палкоўніка, які стварыў з нас антысавецкую групоўку, назваўшы яе сваім імем, каб мы адчулі, як напісаў ён у сваёй няскончанай казцы, “трагедыйнасць быцця і яшчэ шмат чаго экзістэнцыйнага, што не мае назвы”.
Вуліца Кісялёва, былая Старажоўская
Адчуўшы ў поўнай меры трагедыйнасць быцця і яшчэ шмат чаго экзістэнцыйнага, што не мае назвы, мы рушылі шукаць Палкоўніка, якога знайшлі ў доме сястры. Але не з сястрой, а з Асяй, якая павінна была быць з Гурыкам. Ад Гурыка Ася дазналася, што нас арыштавалі, і прыскакала. Косця паспрабаваў зрабіць выгляд, нібы яму ўсё адно, дзе і з кім яна скача, ды не стрываў. “Праз цябе…” — пачаў ён, збіраючыся, мусібыць, сказаць, што, каб не яна са сваімі скокамі, мы бампер не адарвалі б, нас бы ў міліцыю не забралі і ў той двор не загналі, дзе мы чакалі, калі нас расстраляюць, але Палкоўнік перапыніў Косцю:
— Што праз яе?!. Вайна?!.
Ён крыкнуў гэта, тыкнуўшы пальцам у Асю, і тая выбегла, не зачыніўшы дзверы…
Асі было дваццаць, Палкоўніку за трыццаць. У маіх вачах іх падзяляла бездань. І ніводнага разу мне не падумалася, што і Косця, і Гурык куды бліжэй па ўзросце да Палкоўніка, чым да мяне. Палкоўнік нібыта аднолькава быў старэйшы і за іх, і за Асю — за ўсіх. Але ж яно было не так…
Доўга я не мог зразумець: як Палкоўнік ставіцца да Косці, Гурыка? Да ўсіх — і найперш да мяне? Думаў, што да мяне — абыякава, ніяк, пакуль Гарык Клябанаў, які быў не толькі любімцам Палкоўніка, але і раўніўцам, аднойчы не спытаў раздражнёна: “А што за сын палка сярод нас круціцца?” Было гэта тут, у гэтай кватэры, і я кінуўся, як толькі што кінулася Ася, да дзвярэй, а Палкоўнік злавіў мяне за руку: “Ён не сын палка, а сын Палкоўніка!..”
Гэта была мая першая перамога ў кампаніі, якая гуртавалася вакол Палкоўніка: ён як бы прыраўняў мяне да астатніх. Я застаўся — і цяпер мы ўсе стаялі, гледзячы на дзверы, якія, хіснуўшыся туды-сюды, самі зачыніліся за Асяй.
— З бабамі пасля… — сказаў Віл, нібы выручаючы Косцю, які не знайшоў, што адказаць Палкоўніку. — Між намі мужыкамі давайце разбярэмся.
Палкоўнік ніколі не быў мяккай цацкай, а тут, здалося, жалезныя іскры з яго сыпанулі — так ён накінуўся на Віла.
— У чым разбірацца?!. З канадцамі кінь цягацца! Хто ў іх валюту цыганіць? Я?!.
Ніхто з нас не ведаў, што Палкоўнік напісаў для маёра Гагарына “дакументальную прозу”, таму ніхто не разумеў, што з ім?..
Валюту ў канадцаў мы сапраўды цыганілі. Найчасцей цыганіў Віл, які прыдумаў байку, нібы, выпіваючы за валюту, ён пачувае сябе Эрнэстам Хэмінгуэем. Калі ж п’е за рублі, яму сніцца, што ён Піліп Пестрак. Пестраком жа Віл сябе нават сніць не хацеў, хоць за валюту ён, як і за рублі, купляў не кальвадос, які любіў Хэмінгуэй, а любімую пестракоўскую гарэлку. Аддаючы ў мастацтве перавагу ўсяму замежнаму, у жыцці Віл прытрымліваўся айчынных традыцый, схіляючыся не да таго, што лепш, а да таго, чаго больш.
Калі ў 1961 годзе была праведзеная дэнамінацыя рубля, названая самай гуманнай у гісторыі грашовай рэформай, і замест рубля старога з’явіўся новы, у дзесяць разоў даражэйшы, ён маляваўся ў газетах, як асілак, які ўзняў молат над уціснутай у плечы галавой карліка — змарнелага долара. Але за пяць рублёў-асілкаў можна было купіць у звычайнай краме толькі адну пляшку гарэлкі, якая каштавала 2 87, плюс ікра жоўтая (кабачковая), сыр “Каўбасны” і каўбаса “Ліверная”, а за пяць карлікаў-долараў у краме валютнай — дзве пляшкі гарэлкі плюс ікра чорная (асятровая), сыр “Швейцарскі” і каўбаса “Зубрыная”. Ці, калі купляць без ікры, дык тры пляшкі з каўбасой. І як яно так выходзіла, што за меней, бо долар у газетах каштаваў 90 капеек, можна купіць болей, ведалі хіба фарцоўшчыкі, якія куплялі долары ў замежнікаў даражэй, чым за капейкі, але за колькі — не распавядалі нікому, апроч КДБ.
Віл не быў фарцоўшчыкам, таму ягоныя фінансавыя стасункі з іншаземцамі цвёрда палягалі на тым, што друкавалася ў савецкіх газетах. Пазычаючы валюту, ён вяртаў пазыку рублямі па афіцыйным курсе. Выходзіла, што замест дзвюх пляшак вяртаў адну, замест ікры асятровай — кабачковую, замест каўбасы “Зубрынай” — “Ліверную”. Крэдыторы з гэтым найчасцей мірыліся, бо пазычалася драбяза. Калі ж яны выяўлялі незадаволенасць, Віл прыносіў газету з асілкам, які ўздымаў молатам над карлікам, і пытаўся: “Вы супраць нашага курса? Вучыцца ў нас не жадаеце?..”
Канадцы Джым Калеснікаў і Джон Дак вучыцца ў нас жадалі. Дзе б яшчэ іх так — за так! — вучылі?..
З Джонам была праблема: перш чым пазычыць пяцёрку, ён граў на баяне. І змушаў тых, каму пазычаў, слухаць. Гадзіну, а то й болей граў — гэтак любіў мурын рускі баян. Віла, якому свае кружэлкі з аўтографамі дасылаў Луі Армстранг, нудзіла, але ён трываў. Бо мала было стрэсці з баяніста пяцёрку “карлікаў”, трэба было яго ж і па гарэлку з ікрой зганяць. Самому ўзяць лепш не спрабаваць, таму што каля ўваходу ў валютную краму стаіць, апроч міліцыянта, непрыкметны такі чалавечак, які дакладна ведае, у каго валюта можа быць, а ў каго яе быць не павінна. І калі ў цябе быць яе не павінна, а яна ў цябе ёсць, дык, калі ласка, да маёра Гагарына…
Джым Калеснікаў па мянушцы Кола, які вучыўся не ў кансерваторыі на баяне, а ва ўніверсітэце на філфаку, музычных здольнасцей не меў. Таму ён меў значна большыя страты праз фінансавыя стасункі з Вілам. “Нічога, Кола, — суцяшаў яго Віл. — Не будзь жлабом — і ўсё табе вернецца. Нават з гакам”.
Віл угадаў: Джыму ўсё вярнулася. Нават з гакам…
Калі 60-я гады неверагодным чынам перакруціліся ў 90-я, я спаткаў Джыма Калеснікава ў Маскве. Ён адкупіў дом свайго прадзеда на праспекце Міра, былой вуліцы Мяшчанскай, і глядзеўся так, нібы мог скупіць усю Маскву, ды ўся яна яму ні для чаго. А грошы, каб глядзецца так, ніба ён можа скупіць усю Маскву, зарабіў ён не дзе-небудзь, а ў былым СССР. “У Мінску я й пачаў вучыцца здабываць іх без залішніх цырымоній. Так што, — узняў шклянку з віскі ў сваім доме ў Маскве на вуліцы Мяшчанскай канадзец Джым Калеснікаў па мянушцы Кола, — за Мінск! І за Віла, як ён там цяпер?..”