эпізод 9
– Запрасіць яе дахаты? Ёй жа няма васямнаццаці. Не звязвайся, Віна. Запрасіць. Чым я яе здзіўлю? Чым частаваць? Яна, відаць, усе вытанчаныя стравы каштавала.
– А сапраўдную беларускую мачанку з блінамі? – аблізваючыся, муркнуў кот. – На булёне, са скабачкамі ды каўбасой пальцам пханай, ды засквараную з цыбулькай, ды падкалочаную – духмяная, пыхкае-булькоча, паважная. А блінцы пухкія, таўстыя, на кіслым малацэ ды яйках – папіскваюць на патэльні. Смаката! – гучна пракаўтнуў слінку кот.
– Ды ну цябе, сірэна знайшлася. Дзяўчынка мадэльнай знешнасці пабаіцца псаваць фігуру… Дый хто гэта ўсё прыгатуе? Маё кулінарнае майстэрства абмяжоўваецца смажаннем катлетаў з крамы, – сумна ўсміхнуўся Вінусь.
– Што ж з табой зробіш? Давядзецца дапамагчы. Кліч сваю пасію палуднаваць. А я складу для цябе спіс прадуктаў.
– ???
– Што глядзіш? Мае магчымасці таксама не бязмежныя!
– Але ж я не ўмею выбіраць мяса. Дый, можа, гэта ўсё, так бы мовіць, недалікатна для дзяўчыны…
– Та-а-ак. Беларускае, значыць, для нас ужо, бачыце, недалікатна? Запанелі! Тады назаві па-кітайску.
– Як гэта?
– Мсяо-о! – зарагатаў кот. – А для мяне купі, калі ласка, кефір-р-ру. Вельмі ўжо смачны быў раней, памятаю.
У кухарскім высокім белым каптуры і халаце кот быў сапраўдным майстрам, на сваім месцы. Рыбіна дапамагала ў якасці кухарчука. Ужо хутка ўсё сквірчэла, пішчэла, папыхквала, ад водараў проста немагчыма было стрымліваць неўтаймоўны апетыт. Кот, з замурзанымі кефірам вусамі ды носам, прыцмокваючы, казаў:
– Што за кефір? Напісана «Любіцельскі». Хутчэй «Дылетанцкі». Не такі ўжо смак, як колісь… А ці не баішся, Вінсэнты, маіх прысмакаў?
– Чаму?
– А можа, я цябе атручу? – прыплюшчыў вока кот.
– Навошта?
– Sancta simplicitas (святая прастата). А можа, я вас, бы Трышчана з Іжотаю, напаю чароўным напоем ды пазбаўлю волі. I прыкіпіце адно да аднаго павек у разбуральнай жарсці, – тэатральна закаціўшы вочы, дэманічным голасам прамовіў кот.
Вінусю зрабілася ніякавата.
– Ці ж ты не ведаеш, што кату цалкам давяраць нельга? Ката ніколі даастатку не прылашчыш, ён заўсёды сам па сабе і пры зручным выпадку скарыстаецца табой з дапамогай свайго абаяння. Ды не палохайся, не палохайся. Жартачкі ў мяне такія. Пакаштуй лепей, якая смаката атрымалася, – дзьмухаў кот на лыжку з мачанкай, – язык пракаўтнеш. Ехсклюзіў, можна сказаць, для цябе. Глядзі, за вушы не адцягнеш.
Зазвінеў тэлефон.
– Слухаю.
– Вінсэнт? Сустракай, пад’язджаю ўжо, – сказала Бажэна.
Калі яны ўвайшлі ў пакой, там ужо стаяў сервіраваны ў нацыянальным стылі стол – белы саматканы абрус-вышыванка, адмысловы керамічны посуд, па пакоі разносіўся прывабны пах. А ў вазе сіняй пухкай аблачынкай красавалі… валошкі.
– Як прыгожа! Ты ўсё гэта сам зрабіў дзеля мяне?!
– Н-не, к… Так, я, – запнуўся Вінусь. – Праходзь, праходзь жа, калі ласка.
– Васількі?! Сапраўдныя васількі напачатку вясны? Гэтак не бывае! Дзе іх можна зараз дастаць?
– У Галандыі, – нечакана для сябе адказаў Вінусь.
– Гэта проста нешта незвычайнае!
Ён сам не верыў ва ўсё гэтае. «Вось дык кот, малайчына. Матроскін побач з ім адпачывае», – падумаў хлопец.
«Вось ты і другі раз мяне пахваліў», – падміргнуў з карціны кот.