Гоман у залі пакрысе стаў запрападаць. Нязвыклая для гэткіх інтэр’ераў мова кроіла слых, цяла мозаг, крамсала душу ці не кожнага з прысутных. Здавалася, што ўсе сталі гальмаваць, марудзіць у сваіх думках, не могучы падшукаць адпаведнае рэакцыі. Песня працягвалася ў поўнай цішыні.
Во-во мусіў грымнуць не абы-які прыпеў. Але заміж яго прагрымеў загадны покрык чалавека ў чорнай масцы, што аб’явіўся пры дзвярох: “Не рухацца! Гэта экспрапрыяцыя! Грошы, футра, каштоўнасці аддаць маім памагатым!”. Паперад гарлапана выслізнулі два зморыша з аналагічнымі павязкамі на тварах. Яны збірался ўжо пачынаць “экспру”, але Шалюта, хапіўшы ўлюбёны «Сміт і Вэсан», у тры стрэлы паклаў навечна долу нядобрых візітоўцаў. Публіка не паспела нічога сцяміць, і толькі пару чалавек ніякавата дзёргалі галовамі. “Вось табе і гацацá!” – з прысвістам прамовіў Аляксандр і папрасіў рахунак.
У паліцыі ўсе засведчылі смеласць і адвагу “господина белорусса с пистолетом”, які абярог іх законную маёмасць, і таму хадайнічалі аб ягоным вызваленні з-пад варты. Галава паліцэйскае ўправы і сам бы рады быў адпусціць хлапца, каб жа пасля праверкі не высветлілася, што забітыя – пляменнікі аднаго пачцівага гамяляніна. Прыехалі да дзядзечкі ў адгосткі на бліны з ікрою… Становішча абяцала ўскладніцца яшчэ і тым, што ў справу зазбіраліся ўплішчыцца чарнасоценцы з выступамі супраць канкрэтных праяваў “польской интриги в Западном крае”. Але, як надзіва, за “канкрэтную праяву” заступілася ўправа гомельскай філіі Руска-Азіяцкага банку, загадкавым, ды вельмі пэўным, чынам заткнуўшы раты ўсіх бакоў гэтага канфлікту.
Аляксандр выйшаў на волю. У Гомелі панавалі холад і гразь. Незнаёмыя мінакі дазвалялі сабе шматзначныя ўсмешкі. Быццам ведалі пра маладога спадара ўсё чыста і нават болей. На душы было паскудна, нібы там хтосьці праў смярдзючыя салдацкія анучкі. Яго, аднак, ані не згрызала сумленне за забойства. “Чым меней іх, тым бліжэйшы наш дзень,” – супакойваў ён сябе, уцякаючы ў смуту іншых думак. Марыя ні паўразочку не праведала яго за ўсе дзевяць з паловаю дзён пасля “мядзведжых” стрэлаў. Не хацелася нават уяўляць, што яна насамрэч кінула яго на збытак долі ды пашыбавала ў клятую Варшаву, не пажадаўшы ўчыніць чортаваму стажу адтэрміноўку. “Вось і напіліся-насёрбаліся за ўзаемнае каханне, – кідала ў гарачку Шалюту, – бочку цэлую з кілішкам малюпасым… Адкуль мне ведаць, што там адбылося (адбываецца?). Мо’ няма ніякага Карскага і Варшавы, а зноў картыжнік і Кіеў? Сцыла і Харыбда распусты? А можа не? Можа для Марыі ўніверсітэт адзіны шанец не патануць у нашай тутэйшай брыдзе. Са штогадовымі маскарадамі, дзе заўсягды перамагаюць папенькины дочки, дарма што тройчы чувырлы, хоць аброць на морду кладзі. З вечна панылымі днямі, калі сямейная сварка ці вылітыя на галаву памыі становяцца галоўнымі навінамі на колькі тыдняў. З небяспекаю апоўначы, як не трапіш у рукі рабаўнікоў, праваліцца ў якую-небудзь яміну, бо цемрадзь беспрасветная навакол… Але ж тут я. Хіба ёй гэтага мала?”.
На пошце ён забраў “Нашу Ніву” і паштоўку з краявідамі Берасця ад каханкі:
Шалюта аблудна ўсміхнуўся: “Жартаўнічка” і міжволі паднёс адкрытае пісьмо да твару ці то каб пацалаваць, ці то каб панюхаць…
– Рэдкасная паштоўка, – знячэўку прагучэла за ягонаю спінай. Габрэй паштовы служка расплыўся яхерыстай усмешкай.
– Чаму так? – з абыякавінкаю ў голасе спытаў новаспечаны monsiur.
– Знаеце, пане, такія выпускаліся мізэрным накладам гадоў пяць таму і болей не перавыдаваліся. Ґутэ схойрэ лёйбт зіх алейн. Добры тавар сам сябе хваліць.
– Ну то значыць, мне вельмі пашанцавала, – за млявай радасцю хлапец стаіў нечаканую насцярогу, аднак гутаркі не спыніў. – А ці шмат мой гэты шацунак коштам будзе? Не залаты ж цялок, бадай.
– Не дараўнуеш, канечне, да чаго-небудзь больш даўняга, але, як для паштоўкі блізкіх гадоў, каштавацьме яна рублёў пяць асігнацыямі.
– Што? Звычайная паштоўка? Без будзь-якіх адумысных эфектаў навамодных?
– Вай, якія там эфекты-шмэфекты? – урэшце, як і слушыла б, габрэй адказаў пытаннем на пытанне. – Ан альтэр шарбн лебт ібэр а найем топ. Стары чарапок перажыве новы гаршчок.
Шалюта борзда кінуў “данк” і подбегам вырушыў вон, несучы ў галаве лоўж учарнелых думак аб Марыі і гэтай злаякай паштоўцы. Каханка, на яго глузд, магла і ахвяраваць для пацехі пяцірублёвікам, але дзея з адкрытым пісьмом рабілася ва ўяўленні шторазу цмянейшай. А хутчэй – і наогул неймавернай. Ён яшчэ зірнуў на чатырохрадкоўе: почырк цяпер падаўся не зусім адпаведным звыклым каханчыным пісьмёнам. Дата на штэмпэлі была па-здрадніцку размытай. “Гэта не ад яе пасланне,” – падыходзячы да Траецкай царквы, выснавіў маладзён.
У банку Аляксандра сустрэлі спакойна, калі не лічыць насупленых ахоўнікаў. Намеснік дырэктара, пан Спрынгель, быў праз лад ласкавы і спапярэдлівы. Гаварыў, што так гэтай рэвалюцыйнай пошасці і трэба; што кожны праўдзівы падданы яго імператарскае вялікасці зрабіў бы тое самае, баронячы суграмадзян ад гвалту; што нарэшце ён – Аляксандр Шалюта – давёў прыкладам сваю баявую здольнасць, а значыць поўніцай апраўдаў ускладзены давер, за што заслугоўвае пашаны і грашовае ўзнагароды. Пан Спрынгель вомільгам дастаў квітаруснік і выпісаў агаломшанаму работніку аграмадны прэміум у 150 рублёў. Аддаючы квіту, начальнік па-змоўніцку заўсміхаўся і звонкім шэпатам прамовіў:
– Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі.
– Дадзіцё колькі дзён для адпачынку? – троху нахабна, без падзякі за грошы запытаўся Шалюта.
– Дамо.
Спачынку папраўдзе хлапец і не планаваў. Хацелася пацвердзіць або спраставаць свае запасочанні наконт долі каханае дзяўчыны. У Варшаву паляцела тэлеграма. Яўхім Карскі ветліва адказаў, што ніякіх спабораў кафедра апошнім часам не абвяшчала, і Марыя Ламака, такім чынам, ва ўніверсітэце не з’яўлялася. Шалюта спахмурнеў – насцярогі спраўджваліся. Якое ж кепскае таварыства звабіла каханку? Шукаць адказу не было дзе. Бацькі Марыі змерлі колькі гадоў перад тым. Кватэра на рагу Мільённай і Баярскай была замкнутай, а замок – іржавым. Аляксандр, заняты сваімі думкамі, валэндаўся па горадзе быццам цень, рызыкуючы патрапіць пад цяжкую фурманку. Чарнасоценцы нервова сціскалі кулакі ці паплёўвалі ўбок ад собскай бездапаможнасці: “великая Россия” хавалася на задні план перад заклапочаным беларусам.
Беларуса ж ногі давялі да вуліцы Ветранай, слаўнай сваімі фрывольнымі мадамамі. Тамака ж жыхарыла таксама і баба Нінэль Альтэншулер, знаная варажбітка. Ён няўклюдна ступіў у прыцемлены пакой, дзе валадарыў паўнюткі гармідар: кнігі, слоікі, бутэлечкі, гадзіннікі ды іншая трасца суцэльным вэрхалам размеркавалася на мізэрнай плашчыні.
– За пляшку не турбуйся, – азвалася на ягонае прыйсцё варажбітка.
– Га? – сумеўся Аляксандр, а за спінаю ўчуўся звон разбіванага шкла – бутэлькі, якую ён няўрокам зачапіў.
– Усё адбылося. Добрых навінаў табе няма. Яна памерла. Хто цябе не любіць? Сам ведаеш. За ўсё сплацілі смерцю ейнай.
– Як? – знібеў ад пачутага хлопец. – Як гэта было?
– Што было, то было… – ліла свае слоўкі баба Ніна. – Нічога не зменіш. У Любенскім возеры. На дне. Русалкаю халоднаю. Ляжыць. Ну?
– Хто? – слёзы, як казачны жалезны боб, каціліся па яго шчаках.
– Сам ведаеш, – ухіліста адказала варажбітка. – Ідзі. Грашэй мне ад цябе не трэба.
“Сам ведаеш” – яшчэ сто, а то і болей разоў гэтыя словы грымелі ў глуздах. Думкі ніяк не хацелі парадкавацца на патрэбны капыл. Галавы ўвачавідкі было замала, каб залучыць у сабе ўсю масу перажыванага і вышукаць у гэтым нейкія адказы. “Сам ведаеш”. Адкуль было што ведаць? Марыя ніколі не скардзілася. “Сам ведаеш”. Гэта мог зрабіць хто-заўгодна. Няпрыяцеляў Аляксандр нажыў сабе нашмат болей, чым сяброў. Два вазы і цэбар – ворагаў і зайздроснікаў, абабеглых працмыгаў і обершэльмаў, выкшталцоных падлюкаў і спрыродных мярзотнікаў. Два вазы і цэбар тых, хто не прамінуў бы адпомсціць, бачачы ягоныя шчаслівошчы. Але якое ўпалае падступства забіваць невінаватую дзяўчыну! Усіх не перастраляеш…
Ні сцяты ні павешаны, папіраючы брук, Шалюта крочыў да Любнаў. Злева, на Басавай гары, паныла маўчала стараабрадскае кладзішча. У драўляных дамках праварауч, здавалася, таксама ўсе ўмёрлі. Водная гладзізна ля самых берагоў была акрыта танюткаю ледзяною коркаю. Сівер штомоцы хапаў бядотнага за шлунне, дарэшты пляжачы астачу надзеяў на цуд. Які мог быць цуд? Марыя мусіла спачываць сном векавым дзесьці там пад халоднаю чорнаю вадой, падобная да Афеліі, каторая, дзякуй Богу, не паспела звар’яцець ад гомельскай штодзёншчыны. Кінуцца да яе туды было самым простым з усіх імаверных выйсцяў. “Але мы ўсё ж баімся паміраць, – неўпрыкмет ачомаўся Аляксандр. – Таемны край, адкуль няма звароту, лякае… Прабач, Марысю, сінічка мая. За кожнае пёрка тваё ляжа чыясьці злая галава. Тут квет адвагі не памеркне”. Ён стаў на кукішкі, набраў у далонь вады і ціхутка сёрбнуў, нібыта раз астатні каштуючы іх супольны любосны мёд. Адклаўшы да заўтра заяву ў паліцыю ўзглядна Марыі, з жахліваю палёгкай Аляксандр вяртаўся да сябе на Румянцаўскую.
Каля банка было наўздзіў шматлюдна. Прычына шматлюднасці вельмі хутка высветлілася і ўвадначас уразіла да захвіцэння: у левым – па вуліцы барона Нолькена – крыле банка адбыўся пажар, у полымі каторага са свету збавіўся шаноўны пан Спрынгель. У вачах Шалюты застракацелі фіёлкі – занадта выйшла ўжо ўзрушэнняў. Пажар відочна не зрабіўся без дай прычыны. “Няўжо ж перагрызкі сабачыя з чорнай сотні ўзапраўду помсцяцца за спушчаную па лёгкай калейцы справу аб забойстве ў «Мядзведзі»?” – карнаў свой глузд хлапец. Вельмі ж лёгка ўсё ў стос складалася – каханка, начальнік-спрыяльнік… Наступным мог быць кожны, хто шчыра ўсміхаўся і спагадаў яму ўчора і сёння. Марудзіць з заяваю падалося злачынствам.