– Я вас зараз выжаню з хаты, калі не скончыце гэтую гнюсную правакацыю! – разыйшоўся Надзейкін тата і неяк няўклюдна махнуў рукою. Настаўнік адразу ж схапіўся за яе ды скруціў за спіну.
– Ты, дзядзьку, будзеш мяне слухаць? – мала не вызверваўся ён. – Цябе пасвяць бальшавікі. Цябе і тваю радзіну. Разумееш? Надзейку таксама хочуць забіць.
Загадчык вадакачкі абмяк і сцішана працягваў слухаць. Істрабіцель аслабаніў яго руку, паклаў на стол пакунак з райхсмаркамі і няголасна, але безапеляцыйна загаварыў:
– Сягоння ж любым магчымым спосабам пакіньце з дачкою Нюськавічы, а за тым і Беларусь. Эстонія, Чэхія, Францыя. Куды хочаце. Хоць за чатыры мора. Толькі не Беларусь. Яна гэтым часам, як пекла. Тут ёсць колькі тысячаў. Сапраўдныя… Не будзьце дурнём і проста па маім сыходзе ўцякайце. Забірайце Надзейку са школы і бяжыце.
Шуло ўсёй сваёй істою быў прыгаломшаны, але згодна хітнуў галавою. Настаўнік шморгнуў носам і выйшаў вон.
Ён не збіраўся сёння ісці на працу, а мерна крочыў да павятовае ўправы. На вуліцы Гітлера яго нагнаў дырэктар школы.
– Спадар Аляксючыц, хіба вас ужо папярэдзілі? – без прывітання запытаўся ён.
– Гледзячы пра што, – ухіліста адказаў Істрабіцель, неўпрыкмет варушачы ў кішэні рукою.
– Ідзем з вамі ва ўправу на семінарыю па праблемах ідэалогіі Трэцяга Райху на высвабаджаных ад бальшавізму абшарах. Будзе нехта высокі з Менску. Мы ж зможам з вамі станоўча адрапарціраваць?
Настаўнік, быццам на згоду, ленна хітнуў галавою.
Ва ўправе было шматлюдна. Неяк адразу зразумелася, што з усёй акругі сюды панапрыехала настаўнікаў. Неўзабаве ўсіх запрасілі ў вялікую залу. На сцэне стаяў доўгі шэраг сталоў і трыбуна. Да сініх кулісаў белымі ніткамі былі прышытыя сцягі Нямеччыны і Беларусі. Паверху вісеў транспарант: “Табе вызваліцель, падзяка і самая шчырая праца!”. Сабралася чалавек семдзясят улучна з колькімі Hilfspolizei’ямі і арыйцамі з SS, што ахоўвалі сваіх шышак. З Менску прыехаў дарадчык гаўляйтара па ідэалагічным забеспячэнні беларуска-нямецкай еднасці гер Шульц Мортэнваль у суправодзе собскага даручэнца спадара Генрыка Галінкоўскага.
“Не кепска ты лучыў, дзядзя”, – зласліва ўсміхнуўся Аляксючыц. Пыса Галінкоўскага надта ж яму кагосьці нагадвала. Гэны спадар ад імя свайго шэфа ўзяўся чытаць спавешчанне, перапоўненае добрым наборам слушных для фашыстаў фразаў: “Гітлер-асвабадзіцель”, “нашы супольныя ідэалы, выяўленьнем каторых ёсьць Новая Эўропа пад нямецкім кіраваньнем і шчасная Беларусь у ёй”, “выразаць ракавую пухліну камунізму”, “рушыць у будучыню ў зьзяньні пабеднай нямецкай свастыкі”. Выступоўцу, як і належыла, усе адорвалі воплескамі. Сакратарка папрасіла прысутных задаваць пытанні. Бальшыня апатычна сапела і тупіла вочы, хто ў падлогу, хто на сакратарчыну блузку.
Барыс Макаравіч узняў руку:
– Скажэце, а як стасуецца нашая супольная будучыня з перадаванымі брытанскім радыё звесткамі, што Нямеччына мае сакрэтныя планы, згодна з якімі да 90 % беларусаў мусяць быць вынішчаныя?
Па залі прабегся шумок. Галінкоўскі – той самы вярбоўшчык Аляксючыца – вылупіў вочы. Мортэнваль, якому пераклалі пытанне, зрабіўся агаломшаным і не патрапіў адразу зрэагаваць. За тое Істрабіцель рэагаваў адэкватна, шасцю стрэламі асадзіўшы на той свет паліцаяў ды эсэсаўцаў. Руля адразу ж перакіравалася на Мортэнваля:
– Auf Wiedersehn, mein lieber Herr!
Стрэл. Пырскнулі кроў і мазгі. Льга было агледзіць, што ў крывянку перапэцкаўся твар нядаўнага прамоўцы. Ён збіраўся ацерціся, але Істрабіцель не дазволіў:
– Стой спакойна, Нкус, а то бабэхну і трыбухі павылятаюць.
Прысутныя, ачмурэлыя яшчэ ад першых стрэлаў, адхінуліся, як маглі, ад узбраенца. Узбраенец папрасіў сакратарку сабраць аўтаматы забітых і перадаць яму.
– Шаноўныя настаўнікі, усе вы, як я падазраю, на кагосьці працуеце. Сёння ў вашым жыцці светлы дзень, бо памрэце. І я з вамі. Гэта будзе наша вызваленне. Ад Гітлера. Ад Сталіна. Ад усёй вакольнай бярэдлівасці, што завецца вайной. Не вайна, а пабіванне маладзенцаў. Не бітва гэта, але мясакамбінат. Мы – беларусы? Хто мы на гэтым камбінаце? Нашыя кішкі крыпаюць нашым мясам. Кілбаса “Беларуская”, чужынскім пальцам пханая. Адкуль тут быць жыццю, радасці, каханню? Мы ўсе вінаватыя. Ад таго ўсе і памром. Смерць – гэта люстэрка, якое ўбірае ў сябе кожнага з нас.
Ён зрабіў рэзкі рух і стрэліў у кучаравага вусача, які ўвачавідкі хацеў дастаць з кішэні свой важкі аргумент. Аляксючыц наўмысля гучна пракашляўся і працягнуў маналог:
– Сцеражыцеся ўласных бязглуздзіц. Не будзьце быдлам хоць тут – перад вечным парогам. Найвышэйшая моц асягне хутка нас. Што скажаце там? Мяркуеце і ў пекле прыцярпецца? А ці дазволяць нам гэта зрабіць душы жыўцом спаленых дзетак і мацярок з Хомску, Княжаводцаў? Ці дадуць нам спакою душы застрэленых і зарэзаных людцаў з прыпартызанскіх вёсак? Гэта мы іх забілі. Сваімі рукамі і сваёю бязрукасцю. Мы не навучылі сябе ўнікаць рабскіх думак і паставаў. Мы ходаемся за чужыя прывіды і здані, а сваё жывое ператвараем у попел ці гніль. Простымі рухамі ператвараем.
– Але, – наважыўся бялявы румяны дзяцюк з касаватым правым вокам, – нашай віны тут толькі частка. Не мы – дваццацігадовыя хлапцы – прасралі Беларусь каншахтамі з немцамі ў 1918-м, вычэклівымі пераміргваннямі з палякамі ў 1919-м, садомскімі буськамі з бальшавікамі да і пасля… Нам давялося адно падабраць, узяць гатовае йі казаць, што ідзе барацьба за ідэалы. Як глыбей схавацца.
– Ты смелы, дзядзька, – усміхнуўся Барыс, – бо не кожны здатны так годна прызнаць свой страх. Праўда, Нкус?
Ён зірнуў на свайго настаўбурчанага вярбоўшчыка. Той, нібы кіслай капусты пад’еўшы, крывіў морды ды дзьмуў раз-пораз сабе ў нос.
– Праўда, Нкус? – настойліва перапытаў Аляксючыц.
– Да чаго ты хочаш вабшчэ? – знервавана аскіразнуўся Галінкоўскі. – Зачэм быць такімі дуракамі? Пайміця, пустагаловыя (я не імею ў віду прысутствуюшчых тут савецкіх падпольшчыкаў і парцізан), сюда вярнёцца наша страна Расія. І ваздаст усем па заслугам. Бойся, не бойся, а атвячаць за ізмену усё раўно прыдзёцца. Пятлей на шэі. Таварышчы парцізаны, ну застрэліця жэ, у канцэ канцоў, этага у*бка.
– Цішэй, – уладна грымнуў голас Аляксючыца. – Сцеражыцеся бязглуздзіц. У мяне пад пінжаком два паясы выбухоўкі і гранатаў. Хто не хоча пражыць яшчэ пятнаццаць лішніх хвілін, хай страляе.
Усе маўчалі. Па-ранейшаму маўчалі. За вокнамі гулі машыны і матацыклеты. Дзве роты войскаў SS вярталіся з супрацьпартызанскай аперацыі. За апошняй машынай, прывязанае вяроўкай, валаклося ў дарожным пыле мёртвае дзявочае цела.