У паліцыі з увагаю выслухалі Аляксандра, але спяшацца не сталі: надта дарагая ўцеха шукаць з вадалазам меркаваную тапеліцу ў сцюдзёнай лістападаўскай вадзе. “Пачакай троху, сынку. Мо’ яна сама ўсплыве,” – з бацькоўскаю чуласцю мовіў паліцэйскі чын.
Ноч выдалася бяссоннаю. Аляксандру ніяк не ўдавалася ўтаймаваць злы мысленчы цуг. Думкі так ды гэтак паўтараліся і блыталіся ў галаве, наліпаючы адна на адну, шоргаючы па чарапной каробцы. Вочы ўвесь час былі заплюшчанымі. І толькі. Ладная розніца між тым, каб спаць і ляжаць з заплюшчанымі вачыма! Да таго ж даваўся ў знакі холад, які па-гаспадарску разаслаўся па ненацепленым як след паддашку. Дзве коўдры не ратавалі. Ні ад холаду, ні ад прыходу новага дня.
Уранні пасыльны прынес паведамленне з паліцыі: неадкладна з’явіцца да Любенскага возера. Шалюта вомільгам, не паснедаўшы, паляцеў да злашчаснага вадаёма. Паліцыянты адганялі дакучлівых разявакаў, а заразом адпужвалі не менш дакучлівых птушак.
– Будзьце гатовы да любых паваротаў, – адразу папярэдзіў хлапца ўчорашні спагаднік. – Можа гэта і не яна зусім… Але глядзіце пільна.
Памагатыя адгарнулі радзюжку, якой была акрыта тапеліца.
– А каб жа ця’ смуткі ўзялі! – незразумела да каго звярнуўшыся, прашаптаў Аляксандр.
Апазнаць Марыю ў тым, што было пад радзюжкаю выдавала на няпростую задачу. Прысутны доктар паясніў, што труп нядаўнішні – два-тры тыдні, але ж надта знявечаны людзьмі і азёрнай жыўнасцю. На доктаравы запыты пра асаблівыя прыкметы Марыі Ламакі Шалюта троху збянтэжыўся, але потым стаў называць. Аднак, што б ён ні называў, усё выяўлялася дарэмным, немагчымым для праверкі. Нельга было спраўдзіць наяву шнара на мезенцы левае рукі, бо не было ні мезенца, ні самае рукі па локаць. Няможна было спраўдзіць бытнасць радзімкі з тыльнага боку мочкі правага вуха – вуха паспела абгрызці ліхая выдра. Пра іншае наогул і казаць не выпадае, адно толькі маўчаць хвіліну і болей. Аляксандра апанавала млосць, і ён адхіснуўся ўбок. Паліцыянт папрасіў памочніка паказаць усё знойдзенае пры парэштках дзяўчыны. Сярод жаночай драбязы Шалюта вельмі хутка абачыў кагадзе падораны каханцы срэбны пярсцёначак з маленечкім смарагдзікам. Быццам неба апусцілася на ягоныя плечы, а ногі па калена праваліліся ў зямлю. Прыхаваная ў глыбі свядомасці яскарка надзеі на лепшае загасла. Хлапец завагаўся. У вачах зрабілася цьмяна-цьмяна. З носа зацурчэла кроў.
Тым самым днём паліцыя ўчыніла перашуку на кватэры Марыі. Але нічога гэткага, што б дапамагло дапасці слядоў забойцаў не знайшлі. Інтэр’ер маўчаў. Сэрца скуголела, як абяздзетненая ваўчыца. Злосць і крыўда білі Аляксандра па абедзвюх шчаках. Яму не дазволілі ўшанаваць памяць аб каханай – не далі пахаваць Марыю. Фармальнасці ўзялі гару над чуласцю і чалавечнасцю: як не родзіч, дык і не маеш права. І што ж далей? Безыменная магілка немавед дзе? Анатамічны тэатр? Пытанні завісалі ў паветры. Не прыдумлялася нічога лепшага, як пацягнуцца ў забягайлаўку Фларэнціны Сабалеўскай, каб піць горкую з чыгуншчыкамі. Піць і не п’янець – трэба ўмець. Шалюта такіх здольнасцяў не меў, але ап’янець чамусьці не змог. Змрочны, нібы чэрава Гарэлага балота, ён прыклэпаў у банк. Падняўшыся да сябе, ён проста ў вопратцы бэхнуўся на ложак. Сон змарыў за імгненне.
Снілася родная Несцераўка. У доме было прыбрана. Мама, усміхаючыся, працягнула вышываны рушнік: “На, сынку, узвесь”. Аляксандр доўга шукаў у хаце цвічка, а не знайшоўшы, выйшаў на двор. На дварэ быў вялізны горад. Аўтамабілі, ні на што не падобныя, аб’яжджалі небараку з палатном у руках. Стала страшнавата. Паліцыянт, не разяўляючы рота, крычаў на яго, цвердзіў, што з такімі рушнікамі хадзіць строга запрэшчэно. “А лётаць можна?” – няголасна папытаў хлапец і ўзняўся ў паветра. Паветра не ставала. Горад долу быў морачным і вусцішным. Шэрая руіна вабіла сябе чырвонай плямкай. Трэба было туды спусціцца. Пурпуровы балахон акрываў постаць, што стаяла сярод бруднай цэглы. “Ты хто?” – пацікавіўся Шалюта. Балахон апаў. Перад маладзёнам была аголеная каханка. Марыя маўчала, раз-пораз узнімаючы на яго вочы. Кінуцца да яе ніяк не атрымлівалася – цела зрабілася цяжкім, рухі вялымі, словы парожнімі. Казаў бы, нябачная заслона паўстала перад імі. Як яе разбіць? Хлапец паспрабаваў махнуць рушніком, што выйшла зусім няўклюдна, бо той вываліўся з рук і, ўпаўшы далавах, нарабіў грукату…
Грукат абудзіў Аляксандра. Засмяглым ротам ён сквапна хапаў паветра. Газніца ў пакойчыку цьмяна гарэла, а ля вакна стаяла каханая. У намаганні паходаць аскепкі сну Шалюта пахітаў галавою. Кроза не знікала. Марыя павярнулася і з ласкаваю ўсмешкаю прамовіла: “Я да цябе, Сашуня”. Сашуня хутка перабіраў думкі, што загмізелі ў яго ацяжэлай галаве. Гэта ніяк не магла быць каханка. Яна ж згінула. Згінула гарэй ад іншых у соткі разоў. А гэтая праява – чыйсьці вычварны чартоўскі спектакль? Як гэтая прабралася сюды? Як мінула ахову? Хвіля за хвіляй хлопец дайшоў да высновы, што перад сабою ён бачыць памагатку злодзеяў, якія вырашылі абрабаваць банк. Ён выцяг з-пад падушкі свой незабыўны “Сміт і Вэсан” ды нацэліў на жанку.
– Стой, дзе стаіш! Колькі вас тут?
– Ты хіба здурнеў, родненькі? Гэта ж я – твая мілая Марыська! – прагучаў да колікаў увушшу знаёмы голас.
– Стой, дзе стаіш! – не жадаў прызнаваць голасу Аляксандр. – Мая Марыська ў возеры русалкай рве і блутае срэбныя ніці.
– Дык гэта ж я. Жывая-здаравенькая, – не супыняла пераконванняў госця. – Аддай мне пісталет.
Яна паволі набліжалася да Шалюты. Пісталет у ягонай руцэ ані не дрыжаў.
– Марыські няма, – прашаптаў ён і націснуў курка. “Бах!”. Жанчына дзіўна пасміхнулася і ўпала на падлогу. Аляксандр адразу ж кінуўся да цела, каб разгледзіць лепш, каго ён упаляваў. Для жаху не знаходзілася берагоў. Новая нябожчыца пахла гэтак, як і ягоная Марыя. Новая нябожчыца была Марыяй Ламакай. З’ясніць феномэн не ўдалося – нехта моцна выцяў хлапца па галаве. Той нехта дужа спадзяваўся, што пасля такога вытна ахвяра знепрытомнее. Спадзевы не спраўдзіліся. Узрушаны за апошнія дні мозг неяк неадпаведна апрацоўваў болевыя сігналы – боль чыста не адчуваўся. Хлапец спрытна, з адначасовым разваротам, скочыў і мала не наўздогад стукнуў свайго крыўдніка па твары пісталетам. Крыўднік вызначыўся не меншым спрытам і адхіснуўся так, што пісталетнае дзяржанне адно чыркнула злёгку па шчацэ. Ён яўна забаяўся за сябе і мовіў:
– Цішэй, снайпер! Ты ж хоць страляць наноў не пачні.
– Вы? – здавалася без здзіўлення спытаў Аляксандр чалавека, у якім распазнаваўся яшчэ адзін нядаўні нябожчык – пан Іван Спрынгель. – Што за батлейка такая?
– Якая батлейка, глупень?! – з няўтоенаю зласлівасцю ціхенька прамаўляў паўсталы з магілы наймальнік. Батлейка – гэта тое, што ты ў нас працаваў. Ты ўвогуле ведаеш, колькі тут, у Гомелі, зарабляюць падобныя табе хлопчыкі-пабягунчыкі і вартаўнікі? Ха-ха. І цябе ні кропелькі не здзівіла тое, што ты нізавошта гэтак многа грошай дастаеш? Дурніла. Зразумей, не можа быць такіх цудоўных прапановаў задарма. Дарма толькі сыр у мышалоўцы.
– Дык усё было лухтой?
– Не, не ўсё. Лухтой быў толькі ты. Сраны хлоп. Падкідны беларус. Ты тут быў патрэбны для гульні. Маёй гульні. Гэты банк задужа багаты, а я не такі ўжо і бязглузды, каб не скарыстаць з гэтага.
– А прынцыпы? Прыстойнасць?
– Усё ў дупу. Пусцізна. Багацце – найгалоўнейшы прынцып. Грашавітасць – найпершая прыстойнасць. Расія хутка ляснецца і прыцісне вас небаракаў сваімі абламкáмі. Амерыка – краіна перспектываў.
– Расія можа і ляснецца. Але ж Беларусь жыць будзе.
– Ага! З такімі недалэгамі, як ты, яна і тыдзень не пратрымаецца, Беларусь твая. Ты вунь курвы ад добрай жанкі адрозніць няздатны, а як жа будзеш у міжнароднай палітыцы знацца? Як свіння ў саладзінах?
– Дык гэта сапраўды зараз Марыя была? – войкнула сэрца ў Аляксандра.
– Не трэба было страляць. Трэба было атрымаць па галаве і адрубіцца. Мерцвякі падчысцілі б банк і зніклі б разам з табою. Цябе б шукалі, а не мерцвякоў. Навошта мерцвякоў шукаць, калі яны ўжо афіцыйна прызнаныя мерцвякамі? Праўда, скуль даведацца, што і ты таксама ў нябожчыкі падаўся? Неафіцыйна. Ха-ха. Але гэта дэталі. Дробязі. Не перашкаджайце злодзею рабіць яго справу. Ха-ха. Каб не ўмёрлі! – пан Спрынгель, які паспеў за час гаманы апусціць руку ў кішэнь, дастаў пісталет. – Game over, спадару беларусе…
Тады, як гучэла апошняя пагрозлівая фраза, у паветры нештачка бліснула, і пра этнічную прыналежнасць Аляксандра Шалюты хцівы намеснік дырэктара гомельскай філіі банка згадваў ужо з уваткнутым у шыю нажом.
Марыя была жывой. У другі раз за вечар.
– Прабач! – шаптала яна. – Мне спачатку думалася, што будзе проста згуляць у каханне да цябе. Аж выявілася, што не трэба наогул гуляць. Па саменькі шчык закахалася. Але ж яго вось баялася. Вельмі. Тады ў “Мядзведзі” я збіралася за другім тостам прапанаваць табе ўцячы супольна. Не выйшла. Ты палез спяваць і страляць. А ён змусіў мяне трымацца плану. Гэта быў страшны чалавек. Жахлівы. Прабач. Прашу. Ну я ж кахаю цябе. Я цябе выратавала.