– Так… – стомлена матлянуў галавою Аляксандр. – Я веру, я веру табе. Чуеш, як стогне тэлеграфны стоўп? Ідзе зіма.
– Што? Пры чым тут гэта? – вырачыла вочы Ламака. – Што нам з табою рабіць?
– Што рабіць нам, калі ўскіпіць снежнае віно? Чаму ў дарозе мне патрапляецеся вы – такія неадпаведныя, такія няслушныя? Чаго вартае вашае каханне, калі яно няздатнае сагрэць і ўратаваць ад горычы? Адно бяда ў грудзі кволыя запала. Няма ні дзяржавы сваёй, ні жанчыны. Адны эрзацы. Monsiur Cашуня, не скучай… Ты хоць уяўляеш, што нам з табой зараз сама мала катарга мільгае? Гэта ж мы, як з боку выглядае, забілі і Спрынгеля, і ахову ўнізе. Цюрменка ж са сваімі ўжо мёртвы?
– Ага.
– Вось я і кажу – ка-тар-га. Сібір! Як шмат у слове гэтым для беларусаў месца ёсць!
– Я не хачу ў Сібір, – зарумзала Марыя. – Давай забярэм усе грошы ды драпнем за кардон. Можна і ў Амерыку. А што? Хіба не добрая ідэя? Не мы першыя, не мы і апошнія. Пажывем у раскошы, у свабодзе. Кінем гэты ґмах бурыцца. А калі імперыя, як той дым, знікне, вернемся і дапаможам Беларусі… Ці дзеткі нашы дапамогуць.
– Ганьбу ў Амерыку не звязеш. Я ж не зладзюга які. Я чалавек, каторы мае пэўныя палітычныя перакананні, што размінаюцца з пазіцыяй уладнай бальшыні. Лепш пайсці пад суд і там паспрабаваць адбараніцца, давесці сваю невінаватасць, чымся завочна апляміць сябе і тых людзей, што мне дапамаглі назвацца чалавекам і беларусам. Чаго ўцякаць? Дый паліцыя ўжо мабыць пад дзвярыма.
Дзяўчына тупа зерыла на Шалюту. Яго, ёй здалося, надта далёка занесла ў развагах. Сапраўды паліцыя блізка, але ж нехта важны з іх ужо атрымаў на лапу для таго, каб не вельмі спяшаўся на гукі стрэлаў у Руска-Азіяцкім банку. Яна гэта ведала.
– Ты добры, разумны, прынцыповы, – з сумам прагаварыла каханка. – Але твае прынцыпы, на жаль, замінаюць жыць. Прабач.
Марыя Ламака вінавата ўсміхнулася і, не вымаючы рукі з кішэні, стрэліла ў каханага.
Часу, каб пакінуць Гомель было вобмаль. Жанчынка ўцякала чыгункай. Уцякала, спавітая шлейфам ганьбаў, згрызотаў і сораму. Грошы апякалі рукі. Вочы не прасыхалі ад слёз. Яшчэ заставаўся добры шанец засіліцца ў дамскім пакоі лібаўскага марскога вакзала…
Не руш майго страху
Усе баяліся не столькі правакацыяў, колькі імавернасці на іх паддацца. Дружба з Нямеччынай была надта дзіўнай. Бярэсце яшчэ памятала тупат вайсковых ботаў супольнага параду чырвонаармейцаў і жаўнераў вермахта. У небе, аднак, зачасцілі няпрошаныя госцейкі з захаду. Прычыны тых палётаў сіліліся зразумець толькі адзінкі. Для бальшыні ж самалёты са свастыкамі над Савецкай Беларуссю былі выяўнай правакацыяй. Так бо казала кіраўніцтва дзяржавы і партыі, якое распісалася за сяброўства з немцамі. Адно няясным было, на што нямецкія сябры правакавалі савецкіх таварышаў: хіба на шчыльнейшы кантакт са стварэннем у далейшым адзінай паветранай прасторы? Думкі пра верагоднасць вайны адпадалі як рэч на той час недазволеная. Але ў сейфах шматлікіх армейскіх і цывільных чыноў рознага ўзроню чакалі іншага часу – часу “Х” – якіясьці пакеты з важнай інфармацыяй, а войскі ў памежных раёнах абярняся змянялі дыслакацыю, займаючы выгоднае для нанясення апераджальнага ўдару становішча. Зрэшты пра такія акалічнасці абазнаныя людзі маўчком маўчалі, баючыся сказануць чаго лішняга нават сваім сямейнікам.
У памежную зону нямецкія самалёты ўчашчалі з дзіўнюткай рэгулярнасцю. Ніхто іх не збіваў, дазваляючы вярнуцца на той бок Буга ці Нарэва. Калі чародным разам у небе з’явіўся лятальны апарат, яго па завядзёнцы палічылі за нямецкі. Але праляцеўшы са звычайнай хуткасцю над Жабінкай, ён распусціўся ў паветры і ўзнік увадначас над Баранавічамі. 170 км за паўтары секунды! Гэта выдавала на найноўшую сакрэтную тэхніку, якой нават гітлераўская Нямеччына, не зважаючы на выкарыстанне разнастайных рэсурсаў акупаваных краін, валодаць наўрад ці магла. Хуткасць насамрэч была няподумнаю. Военачальнікі з Жабінкі ніяк не маглі даць веры таму, што лятак нечакана прапаў, а баранавіцкія ледзьве здолелі прызнаць, што апарат завіс у іх над галовамі. Камбрыг адной з вайсковых частак аж заходзіўся ад крыку, аддаючы ў слухаўку загад на зніштажэнне неапазнанага павіслага аб’екта. Аб’ект жа яшчэ да першага гарматнага стрэлу рушыў у бок Ляхавічаў, дзе зноўку знік, каб праз паўімгнення праявіцца над Ганцавічамі. Між тым у Ганцавічах на ўсе застаўкі шчыравала жудасная навальніца, па сярэдзіне якой загадкавы лятак і апынуўся. Крывавая маланка ўдарыла па ім. Апарат захістаўся і стаў хуценька зніжацца, аж покуль не ўдарыўся вобзем. Сяляне, што назіралі за відовішчам натужліва чакалі выбуху, як тое бачылі ў савецкіх фільмах, што пасля уз’яднання з БССР часцяком прывозілі з перасоўнай кінаўстаноўкай. Але выбуху чамусьці не было…
Косцік вельмі хацеў служыць танкістам ці лётчыкам. Але ж і служба ў войсках НКВД, куды яго размеркавалі, лічылася не менш, а мо’ нават і больш, ганаровай. Спярша ён быў накіраваны ў 3-юю дывізію войскаў НКВД па ахове чыгуначных збудаванняў. Аднак пасля трох месяцаў службы па няведамай прычыне яго перавялі ў 42-ую асобную канвойную брыгаду тых самых слаўных войскаў. Хлапцы троху пакеплівалі з новага саслужбоўцы, называючы яго то дэпошнік, то Касцючка-паравоз. На ўсе жарты ён адказваў стараннай самаадданай службай і неўзабаве атрымаў не толькі званне сяржанта, але і значак выдатніка.
Аднойчы Косціка пабудзілі спасярод ночы, паклікаўшы аж да самога камбата. Сяржанта шкуматалі цьмяныя сумневы і яскравыя падозранні што да мэты гэткіх ночных шпацыраванняў. Камандзір нічога ў ягонай галаве не праясніў, назваўшы добрым байцом, які мусіць служыць працоўнаму народу да канца. Аддаўшы з дзясятак гучных “так точна”, Косцік зразумеў, што яго некуды павязуць. За варотамі ўжо стаяў “ЗИС”, у будцы якога сядзела колькі чалавек. “Помніце, Куцапалаў, – сказаў на дарожку камбат, – у такую грозную гадзіну вы не даўжны запятнаць чэсць і дастоінства байца войск НКВД і нашага доблеснага батальёна”.
На пытанне Куцапалава пра мэту паездкі нехта са спадарожнікаў сказаў, што вязуць на спецыяльныя вучэнні. Практычна ўсе з тым пагаджаліся, акром аднаго дзецюка, што сядзеў у самым куце. Ён балбатаў няўцямшчыну пра Камароўскае балота і гучна пераконваў усіх, што лепей за ўсё на свеце пясочак залацістага колеру. Па дарозе прыняўшы ў будку яшчэ двух салдат, машына праз нейкі час прыбыла ў патрэбнае месца. Людзі ў цывільным правялі салдатаў да будынака, захоўваючы поўную моўкнасць. Косціку не верылася, што ўсіх па-просту расстраляюць: занадта складана ўсё атрымлівалася для банальнага расстрэлу. Ён не абмыляўся. Усіх завялі ў адну залу. Яшчэ адзін дзядзька ў цывільным паведаміў, што ім давядзецца адправіцца з Менску ў Баранавічы для адбыцця колькіх спецвартаў, ахоўваючы сакрэтны груз, які чыгункаю будзе транспартавацца ў сталіцу БССР.
Косцік заступіў на ахову аб’екту падчас супынку цягніка ў Стаўпцах. Быў не самы лепшы для вартавога адцінак ночы. Сяржанта гарнуў сон, але думка пра адказнасць за груз не давала заснуць. Груз, сукрыты брызентам, ляжаў на платформе. Брызент жа у адмысловы спосаб быў прымацавны да самой платформы ці то клёпкамі, ці то цвікамі з вялікімі плешкамі. Там магло быць што-заўгодна. Куцапалаў ніколі не чуў, каб у БССР, пагатоў у новадалучанай заходняй частцы, мясціліся сакрэтныя прадпрыемствы. Але разважыўшы, што на тое і сакрэтнасць, каб нічога не знаць, ён стойка працягваў варту.
Зялёнае свіценне пад брызентам з’явілася раптоўна. Сытуацыя выглядала на няштатную. Косцік выхапіў навюткі “ТТ”, якім наконадні ўзброілі ўсю іхнюю спецварту, і навёў на груз. Мазгі заклініла. Інструкцыя забараняла страляць у бок падахоўнага аб’екта, пакуль не выяўлена прысутнасць пабочных асобаў. З цяжкасцю адолеўшы засмягласць у роце, вартавы штомоцы выкрыкнуў: “Стой! Хто там ідзе?!”. Святло ўмільг знікла, а празь якую секунду няведамая сіла ўдарыла сяржанта ў грудзі. Куцапалаў адно паспеў усвядоміць, што выляцеў за борт платформы, і яшчэ ў палёце знепрытомнеў. У непрытомнасці Косціку прымярэсціўся жахлівы сон. Маўляў сядзіць ён у сваім даармейскім інтэрнацкім пакойчыку зусім адзін і чытае “Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі” Зюськова. Тым часам яму адкрываецца таемства, што нічога, акром гэтага пакоя, наўкола не існуе. За вакном аксамітная чорнядзь, з якой паўстае абсалютна незнаёмы мужчына і пачынае ламіцца да Косціка, азываючы па вайсковым званні ды прапануючы мусова прайсці разам. Затым незнаёмец паўскрыквае, і крык ператвараецца ў рык хіжага звера…
Ачомаўшыся, Куцапалаў адчуў хвараблівы гуд у целе. Ён не адразу дапяў, дзе занходзіцца і з якой такой прычыны. Шумелі дрэвы. Шчабяталі птушкі. У траве, дзе Косцік ляжаў скакалі конікі. Непадалёк спінай да яго нехта стаяў. Сяржант прахапіўся, марна шукаючы рукой пісталет. Той нехта павярнуўся. Ён быў ніжэйшы за хлапца, апрануты ў цьмяны срэбны касцюм. Скура ў яго была шэрая. Тулава надта нагадвала бляшанку ад тушаніны. Ногі былі самай звычайнай даўжыні. Рукі ж здаваліся занадта кароткімі. Галава незнаёмца збянтэжыла і злякала Косціка ўдакон – вялікая лысая цыліндрычнае формы з высокім лобам і агромністымі вачыма, падобнымі да вачэй інсэктаў кшталту мухаў. Заміж носа і вушэй зеўралі адтуліны, а на месцы рота – невялічкая шчылінка. Куцапалаў утаропіўся на дзіўную істоціну і, нібыта рыба на беразе, прагна хапаў ротам паветра:
– Ты… Ты… Ты немец?
Заміж адказу ў паветры, а можа ў глуздах прагучала здзеклівае пытанне:
– А, нарэшце разгоўтаўся? Выродлівя твая макітра!
– Ты на сваю рэпу зірні, – асмялеў пасля першага страху Косцік.
– Яшчэ ніводная саміца не скардзілася, – з касмічным гонарам вымавіла істоціна.
Завязаная размова яшчэ болей знейтралізавала хлапцоў страх, і ён схацеў цягнуць яе далей а далей:
– Дый на мяне не жаліліся. Але хто ты такі? Адкуль узяўся? І што я раблю тутака?
– Завельмі многа, як для пачвары, ты пытанняў задаеш.
Куцапалаў непрыкметна праглытнуў чародную абразу і знячэўку ўцяміў (згадаў?), што пакінуў свой баявы пост. За гэта яго маглі пагладзіць па галаве хіба толькі знутры – свінцоваю кропляю. Ён рынуўся на вялікагаловага з покрыкам:
– Сука, гэта ты мяне скінуў з цягніка?! Я ж цябе пустымі рукамі ўдушу і скажу, што так было!