Нячэсны доўжыць сваю слоўную дрыстачку. Здаецца выкідае на вушы ўсё без разбору, сплятаючы і звязваючы ў вычварныя пуклі праўду і няпраўду, чэсць і гарэзію. Колі гаворыць пра Ягайлу, няясна чы ён яго насампраўдзе ненавідзіць, чы іздзякаецца з слухачоў: “Ягайла і Баба Яга – з аднаго балота чэрці”. А што ён меў на ўвеце, сказаўшы: “Беларуская мова – дом збытку”? Чы во яшчэ што: “Азія – аз і букі нашае няволі. Еўропа – альфа і амега нашае паразы”. Філосаф альбо кеп? Кароль чы Станьчык? Светлая галава чы гвозд для глуздоў? Няпросты ён паскуднік, няпросты – я бачу. На крутое дрэва трэба круты клін.
Дык, падаецца, Святарэцкая да Баўта троху з прахалодзінкаю ставіцца. Ціхутка глядзіць да маўчыць, абы ён толькі не зачапіў яе каторым-любя абычаем. Вот і мысліцца, а чы не падмануў ён яе ў гэткі ж брыдкі спосаб, як і мяне? У кажным разе Каміла мне не памоцнік. Усё сама. Колі замяшаю кагось, дык incognito. Хто дажыве, той паглядзіць. Будзе і на крапіву мароз!
Бярэш нажніцы і выразаеш Баўтрамееву ноч. Без увагі на паравіну.
Мілуйся, ну, на свой непасціжны капыл, колькі хоцькі.
Колі соўнейка паднімаецца над бясплоцевым местам, яго спатыкае страх за ўсё, што рабілася летам бесканечнага быту на небе. Гэта няможна трываць, проста стаючы на замерзшых харкаўнях. Места і балота. Места ці балота? Сонца высіцца над дрыгвою, якая ня мерзне нават узімку. Я не ведаю. Я не старалася рахаваць. Думаць цяжка. Нейкая дакучлівая зялезка загразла ў галаве.
…умовіцца з цыганамі. Ніхто не спрыкмеціў, што я жанка. Не абмануцца б толька.
Не. Падрыхтовы да гуляў беларусінскіх. Жаніцьба Цярэшкі заўтра. Нехта пані Яродзкая з панам Прушыньскім пра ўсё дагавор трымалі, яго ж бо маетнасць тутака. Наскачуцца, напяюцца, гарэліцы нап’юцца, слёзаняк нальюцца. Абяшчаю.
Рупота не рупіць. А прыемнасць – ці будзе?
Усё, як і замеркавана. Абрад цягнуўся з песнямі і скокамі. Было досыць знаёмых дай незнаёмых людзёў, што вельма аблягчала справу, бо яны пярвей адно за другім сачылі, не чуўшы небяспекі.
Смешна ў роце. Усе такія дарослыя, а бегалі, як фацэты-недалеткі, каб злавіць сабе парачку. Нячэсны, крукнуўшы паляпшонай медавухі, быў чыста амаруджаны і на спытанне “бацькоў” маўчаў, як баран перад гострай брамаю. Заставалася толька падляцець і, фіць спаднічку распусціла, забуськаць яго да паўсмерці, каб усе жахануліся ад такой нечалавечаскай любові. Ага. Клыкоўская, бы загідзілася ад гэтага відовіска. Сучка юрлівая. А колі з’явіліся цыгане, уся вечарына мала не абамлела. Хто-хто, а цыгане сваю справу знаюць добра. Іх майстэрства, а такжа птушкі масяндзовыя на іхных шапках зладзілі супоўнае астаўпяненне. Проста, як у Гегеля[10] – нямая сцэна. Толькі “барон” пахаджуе да прылепкі чыніць: што за зборы? што за песні? Колі хтось насмельваўся забурыць усіхнюю немату сваім вяканнем, ён таго ўмільг асаджаў, згадваючы Дзяніса Давыдава ў Гародні року 1812 і графа Пятра Талстога пад Вільняй у року 1831. Скуль такое ведаў халярун?! Амаўкалі, як мышы пад венікам. І тады загучэла спытанне на Ваяслава Баўта. Бальшыня, для сябе няўсведамкі, з аблёгкаю ўздыхнула (змаганцы, трасца іх!), а Боўт адзержыў “предписание” – извольте проехать. Той чытаў і ледзь хаваў усмішку. На паперцы быў ліст “ад Клыкоўскай”: ад’яжджай з імі, а я хутка буду. Во і ніякага супраціву. Я здагадвалася, што цыгане стануць тарнаваць hypnosis, каб дастаць барышу звыш маёй платы, таму нічога мнагацэннага з сабой не брала, а вушы ваткаю прыткнула, каб не так проста дзейнічала. Паехалі. Каб не здымаць усіхняга астаўпянення, я ў слязох запяяла:
Не адна дурніца часам тым загаласіла. Хто тайна, хто яўна любоў да яго – акаянніка – маюць. Мужчыны кусіліся зладзіць пагоню. Смех адзін – шукаць цыган у полі! Дураччо. Цыгане не падманулі і ладунак даставілі куды трэба. У склепе канечне халаднавата, але ж можа ўрэшце крэвіцкая жрыца па дзелу шчупнуць салодкага мяса? Шчупую.
Дураччо на дураччы і дурындамі паганяюць. Кантора піша і чытае, што пішуць іншыя, а галоўнае верыць напісанаму. Верыць, што бруковы хлопчык-пабягунчык можа прынесці просьбу аб вакацыях ад работніка гэтае канторы. Ідыётаў жа не пудзіць нічога – шлындаюць па паліцэйскіх часцях, слоўна яблычкаў маладзільных шукаюць. Да патрафляюць ім адно маласалёныя гурочкі. Кватэра Б. не мусіць пуставаць. Пераберамося пад пялюшкаю ночы. Стаўні глухенька закалоцім. Гуляйма ў гушкі, як чарналюд жартуе. Сюды, чы сунецца хтось?[11]
Халерны заваротак. Добра ўсё паспела разыграць, удаючы кватэрную гаспадыню. Хаця і запыхалася, але дала-такі гамяльчучцы ліста “ад Б.”. Вераць вар’яты. Але за стаўнямі, знача, не схаваешся.
Бегаць. Таіцца. Ліст пачынае дзейнічаць. Напусціла туманоў. Здаецца, што Яроцкая звязана з паліцыяй, бо кажа пра чародныя ахвяры, як губернатар пра ўспехі ў хазяйсцвеннай жызні. З ёй дохтар быў, каторы нібыта на ўсіх забітых глядаў. У такіх людцоў заўсягды з смехавым чуццём кепска, а ў гэнага злашча: пра ўсякія кавалкі-абрэзкі людскія ўдыхнавенна апавядаў, а потымака показачку прытачыў пра князя Румянцава, што ў Сажы лавіў карасёў, а падарожныя, каторыя ў госці да яго імкнуліся, зблыталі вяльможнага пана з селянінам. Гэта яўне для Клыкоўскай ён стараўся. Мне няможна было смяяцца ў такія “чорныя часіны”. То і зачала я ўсіх чыхвосціць без разбору: смешкі ў бок, Б. заклікае вас да помачы. Зважаю, што некаторыя мяне ўжэ запісалі ў вар’ятку. А самі ж торгаюцца туд-сюд, не ведаючы, якую ласку можна ўчыніць у шуканні падземных зладыроў. Хто тут вар’ят?
Ніхто нічога не зразумее. Ніколі. Нас вычыркнулі тады. Вычыркнуць і зараз. Няма спосабу падняць Атлантыду з дна. Няма ладу, каб разарваць чэпі харалужныя, якімі акаваныя думкі сяго краю. Ніхто нічога не зразумее. Думкі не на месцы. Саўсім не тое, чаго жадалася. Дарогі няма. У тумане броду няма. Няма ні нацеку на спасенне. Смерць абрала нас. Нас і вас. З Пагоняй ваш сцяг. Ваш і наш. Мы – гэта вы. Вы – гэта мы. Вайны нельга ўнікнуць. Застаемся ваяваць. Тут.
[10] Так у арыгінале. Мусіць быць – Гогаля (зацем С. Б.).
[11] Так у арыгінале. Логіка Ірэны Галавацкай незразумелая (зацем С. Б.).