На вуліцы ізноў усё сьціхла. Толькі дождж паранейшаму шаптаў сваё манатоннае – шшшшшшшшшш-шшшшшшшшш…..
Раптам рэзкі глухі ўдар прабіў цішыню. З драўлянага нутра дзьверцаў выскачыла доўгае лязо касы і праткнула прыцемкі шафы зусім блізка ад твару Андрэ. У жаху ўскочыўшы, ён кінуўся да лазу, што вёў у наступную шафу. Каса вынырнула вонкі, але тут жа выскачыла ў іншым месцы, на шчасьце, нашмат вышэй за яго галаву. Аказаўшыся ў суседняй шафе, Андрэ выпрастаўся ва ўвесь рост і прыціснуўся да бакавой сьценкі. Наступны ўдар ізноў лёг зусім блізка. Андрэ ўпаў на дно і папоўз назад. У паніцы ён пачаў кідацца з шафы ў шафу. Але жонка з тупой упартасьцю дзіравіла яго маленькую цёмную прастору ўсё ў новых і новых месцах. Адзін з удараў амаль дастаў яго, але прыйшоўся па хвасьце Валенрода. Той завішчаў мэталічным звонам, і каса зноў выскачыла на вуліцу. «Божа! Якое ідыёцкае, бязглуздае вясельле!» – асуджана мільганула ў галаве. У поўным адчаі Андрэ лёг на дно спальнай шафы. Жонка, быццам адчуўшы яго паставу, утыкнула касу туды ж, але сантымэтраў на трыццаць вышэй. Наступны ўдар быў дакладнейшым. Заставалася сантымэтраў дзесяць. «Усё! Зараз мой!» – ён увесь сьціснуўся, прыгатаваўся. У галаве чамусьці прамільгнуў бар у Боне і кельнэрка ў вышываным пярэдніку з куфлем халоднага піва…
…Мінула сэкунда, дзьве, тры…
Раптам шафа здрыганулася і тузанулася кудысьці ўбок.
– Вось падла, цяжкая!
– Мыліцай! Мыліцай яе падчапі!
– Я табе пакажу гніду рагатую! З рота, бачце, у мяне сьмярдзіць! «Лакалютам» пачысьці! Я іх, на хуй, кожны дзень гарэлкай палашчу!
Шафа, скрыгочучы па бэтоне драўляным дном, рыўкамі рухалася ў невядомым напрамку, а з вуліцы даносіліся нейкія дзіўныя незнаёмыя галасы.
– Ну, бля, немчура, за казла адкажаш!
– Выродцам аднавокім мяне назваў, педэраст!
– Я пакажу, хто тут акупант і русішэ швайн! Ты ў мяне маскаля барадатага надоўга запомніш!
– Давай наверх шафу зацягнем! З моста скінем!
– Ды ну яго ў дупу! Надта цяжкая! Лепш з прычалу ў Дняпро кульнём!
Андрэ адчуў, як шафа нахілілася ды папаўзла кудысьці ўніз. Празь некалькі сэкундаў яна ўва штосьці ўперлася і замерла.
– Давай на рабро паварочвай! Кантаваць лягчэй, чым цягнуць!
– Зьнізу, зьнізу хапай! Падымай! Майна! Віра! Шафа павалілася на бок, затым паднялася на рабро і праз імгненьне стаяла ўжо на даху. Потым зноў упала на бок, зноў на рабро, на ногі, на бок, на рэбра, на дах.
– Во, сука прыдурашная! Сапраўдную бамбёжку ўчыніў!
– Колькі, падла, пустой тары пабіў! Тысяч на дзесяць!
– І дзе ён столькі галоваў набраў? Усіх засранец расхуячыў! Ледзь нагу мне не адбіў!
– Херам вузкавокім мяне абазваў! Развялося, бачце, кітайцаў з таннымі аднаразовымі фугасамі!
– І славяне яму не падабаюцца! Ну, ты ў мяне сёньня ў Дняпры, паскуда, паплаваеш!
Шафа паварочвалася на рабро, спадала на дах, станавілася на ногі. Андрэ круціўся, быццам вавёрка ў дурацкім коле, спрабуючы ўтрымаць паставу, каб не апынуцца да нізу шаломам.
– Худой клячай мяне абазваў! Морда не падабаецца! Іншую нявесту яму падавай! Добра, што адскочыць пасьпела! А то галаву прасам да бэтону так бы і прыхуячыў! На хрэн мне такі жаніх прыпадачны здаўся!
– Разьвялося, бля, адмарозкаў! Каскі тэўтонскія надзелі і ходзюць! Ужо нават ноччу пад мостам нельга спакойна выпіць!
– Культурны, сука, адпачынак у парку спаганіў! Цэлую бутэльку «Крыжачка» разьябошыў!
– Яшчэ крыху! Ну… яшчэ! Майна! Віра!
Шафа кульнулася апошні раз, упала на сьпіну і замерла…
– Давай з размаху на адзін, два, тры!
– Паплавай крыху ў Дняпры, ідал хрэнавы! Андрэ адчуў, як усё разам зь ім прыпаднялося, сьвет наўкола захістаўся, паплыў у адзін бок, потым у другі. Качнуўся яшчэ раз і… перакуліўшыся ў бездань, паляцеў уніз… і рухнуў ува штосьці цяжкое і ледзяное… Пачуўся ўсплеск, і з усіх бакоў у яго маленькі каўчэг хлынула вада… халодная, апякаючая скуру вада… Яна імкліва запаўняла прастору, зацягваючы яго, шалом, ільвоў у сваё бяздоннае, каламутнае нутро. Андрэ зрабіў апошні глыток яшчэ не заваяванага вадой паветра і пачаў ліхаманкава, здранцьвелымі пальцамі адчыняць засаўку на дзьверцы, каб паспрабаваць выбрацца з шафы. У гэты момант залатая рыбка на гербе шалома раптам старпянулася, пачуўшыся дома, і вільнуўшы хвастом, зьнікла ў чорнай муці Дняпра. Сьвятаполк з Валенродам кінуліся былі яе лавіць, але тут жа счапіліся паміж сабой.
– Гэта мая рыба!