– Ну, ведаеце, Хведар Міхайлавіч, гэта ўжо занадта! – у гневе закрычаў Андрэ на бязмоўнага клясыка. – Не хочаце дапамагчы, дык прашу і не перашкаджаць! Яшчэ раз такое зробіце, я, не зважаючы на аўтарытэт і маю любоў да вас, вазьму ў абярэмак і, як ідала, у Дняпро скіну!
Ён схапіў канец дроту і хацеў ужо прысунуць да дэтанатара, але знянацку адчуў, як трысьціна клясыка ня моцна, але звонка ляснула яго па шаломе. Атарапеўшы ад нечаканасьці, ён абярнуўся й убачыў, як Хведар Міхайлавіч, седзячы ў той самай паставе і пазіраючы яму проста ў вочы, раптам прамовіў:
–Ідыёт!!! Павярні назад рубільнік на пякельнай машынцы! Інакш твой шалом паляціць над Дняпром, як толькі ты ўтыркнеш дрот у дэтанатар!
– Цьху ты, чорт!!! Правільна! Danke schцn, Хведар Міхайлавіч! Трэба размкнуць ланцуг, вярнуць рубільнік у зыходнае становішча!
Андрэ стралою паляцеў назад да кустоў, пераключыў ручку і зноў пабег да моста. Вярнуўшыся, ён хутка злучыў дрот з дэтанатарам, зачыніў дзьверцы шафы, яшчэ раз падзякаваў Хведару Міхайлавічу за дапамогу і куляй кінуўся да кустоў. Упаўшы на зямлю, затаіўся, зрабіў глыбокі ўдых, як перад доўгім нырком, схіліў галаву і пстрыкнуў рубільнікам…
…Мінула некалькі імгненьняў, але выбух зноў не адбыўся.
– Вось, блін! Стары пень! Ну, я табе пакажу! – Андрэ выскачыў з кустоў і пабег да моста. Узьлезшы па сходах, ён убачыў, што драты зноў адлучаныя ад дэтанатара. У шаленстве кінуўся ён да старца. Падляцеўшы, дастаў хустку, атрос з плечаў клясыка чарговую порцыю гаўна, насраную за гэты час галубамі, а затым ухапіўся за сьпінку крэсла і са словамі: «Entschuldigung!
Выбачце! Самі вінаватыя! Я вас па-добраму папярэджваў!» – павалок Хведара Міхайлавіча да краю адхону. Неяк дацягнуўшы, пхнуў яго ўніз. Той, не адрываючыся ад крэсла, кулём, як вялікая прадаўгаватая дыня, пакаціўся да ракі і з шоргатам зьнік ў прыбярэжным хмызьняку.
Андрэ кінуўся злучаць драты, але на шчасьце згадаў, што зноў не пераключыў рубільнік. Падляцеўшы да машынкі, ён вярнуў рубільнік у зыходную пазыцыю і ўвесь спацелы ад хваляваньняў і пустой мітусьні пабег да моста. Тут, прымацаваўшы дрот да дэтанатара, ён спусьціўся па сходах і паляцеў назад да кустоў. Рухнуўшы на зямлю, ён без усялякіх зваротных адлікаў і глыбокіх удыхаў, адразу пераключыў рукаятку на пякельнай машынцы, але…
…выбуху зноў не было. Падняўшы галаву і кінуўшы позірк на мост, ён убачыў, што фігура Хведара Міхайлавіча зноў як нічога ніякага, сядзела з трысьцінай, закінуўшы нага на нагу, каля шафаў.
– Ах ты, стары казёл! Ну я табе задам! – як ашалелы леў, Андрэ выскачыў з кустоў, куляй узьляцеў на адхон і, ледзь стрымліваючыся ад таго, каб не ўчапіцца Хведару Міхайлавічу ў глотку, заверашчаў:
– Ну што, сьляза нявіннага немаўляці! А вы ж гэта са страху напісалі! Ад жаху перад тым д’яблам, што сядзіць усярэдзіне вас! Бо, мабыць, кожны раз, калі бачылі дзіця, што міма праходзіла, вас кашмар паралізоўваў ад думкі: а ўзяць бы гэтае дзіцянё і чым-небудзь цяжкім па галоўцы ўдарыць! І вы, Хведар Міхайлавіч, усю сваю волю ў зубах сьцяўшы, гналі прэч гэтую дзікасьць – толькі б рука бяз вашай згоды сама не тузанулася! І тапталі, тапталі, тапталі гэту вар’яцкую думку! А яна, дрэнь, зноў і зноў вярталася ды ў мазгох вашых круцілася!
– Ідыёт! Прыдурак! Юродзівы! – Хведар Міхайлавіч схапіў кій і што ёсьць моцы храснуў Валенрода па мордзе.
– А!!! Зачапіла! Вось вы ўжо са мной, апошнім балотным свідрыгайлавым, нарэшце загаварыць ласку зрабілі! А ўся літаратура ваша – гэта жах перад самім сабою! Таму, што свідрыгайлаў – гэта вы! І сука-Лебязятнікаў – таксама вы! І Раскольнікаў! І Мармяладаў! І Кацярына, што ў Сапегава прас і канцылярскі віцэ-мундзір скрала! І ўсе, усе, усе як адзін бесы – таксама вы! Ах, як мучылі яны вас! Душу выварочвалі! Вось вы індульгенцыю на адпушчэньне грахоў самі на сябе і пісалі! У пакутах чорта вашага ўтапіць хацелі! Чысьцец прайсьці! Душу ачысьціць! Праз пакуты да Бога наблізіцца! За тое і люблю вас, Хведар Міхайлавіч! І па запаветах вашых ня п’ю да заходу сонца! А зараз не перашкаджайце мне справу да канца давесьці! Раніца ўжо хутка! Тралейбусы па мосьце паедуць! Сядзіце ціха, калі не жадаеце, каб немаўляты бязьвінныя праз вас плакалі!
Андрэ павярнуўся і пачаў дрыготкімі рукамі злучаць драты з дэтанатарам. Але толькі ён нагнуўся, як Хведар Міхайлавіч ззаду моцна ўчапіўся яму ў шыю. Завязалася незразумелая валтузьня. Андрэ выпрастаўся, падаўся ўсім целам наперад і балюча стукнуўся Сьвятаполкам аб дзьверцы шафы. Тая скаланулася, і цяжкі гліняны бюст барадатага дзядка, што стаяў зьверху, захістаўшыся, рухнуў з двухмэтровай вышыні проста на галаву клясыка. Далоні, што сьціскалі шыю, тут жа абмяклі і адваліліся кудысьці за сьпіну.
Скарыстаўшыся момантам, Андрэ рэзка адчыніў дзьверцы й схіліўся над дэтанатарам, але тут жа атрымаў мацнейшы штуршок нагой па азадку. Усё яго цела падалося наперад, галава стукнулася аб тыльную сьценку, і рог шалома, праткнуўшы яе, захрас у фанэры. Ён паспрабаваў павярнуцца, але, божа! – галава намертва прыліпла да шафы, нібыта яе прыбілі вялікім цьвіком!
– Здымай шалом!!! – пракрычаў за сьпінай Хведар Міхайлавіч і, учапіўшыся ў шыю рукамі, што ёсьць моцы пацягнуў на сябе….
– Ах, вось хто душыў мяне ноччу ў Піцеры на кватэры бутлегера, калі я прыйшоў валёнак купіць!!! Ну пачакай, стары чорт!!! Зараз я табе задам! – у шаленстве прахрыпеў Андрэ і, не адрываючы галавы ад шафы, схапіў драты і тут жа замкнуў іх на дэтанатары…
…Ааа!!! Бляяяяяяяя!!! – у мікронныя долі сэкунды прамільгнулі апошнія думкі. – Зараз ірване!!! Я ж зноў забыўся павярнуць рубільнік назад!!!!!!!!!! Выбух!!!!!!!!!!!!!! Зараз будзе выбух!!!!!!!!!!!!!!!!……
– АААААААааааааааааааааааааааа!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!
– АААААаааааааааааа!!!!!!!!!!!!!!!!!!! Цьху ты, чорт! Які вар’яцкі сон!!! Шайзэ!!! Фак!!! Неверагодна!!! Трызьненьне!!! Хведар Міхайлавіч!
Канец шалома! Канец сьвету! Мост! Выбух! Што за лухта!!! – Андрэ сядзеў увесь ускудлачаны й агаломшаны. Сэрца ашалела калацілася.
– Ціха! Ціха! Нічога не адбылося! Гэта ўсяго толькі кашмарны сон! Супакойся! Шалом на табе! Ты ў сваёй шафе! Шафа пад мостам! На вуліцы ноч! Хутка раніца, тралейбусы паедуць! Кладзіся! Табе трэба яшчэ паспаць!
Ён апусьціў галаву на падушку. У шафе было цёмна і ціха. Мяркуючы па лёгкім шоргаце, што даносіўся звонку, на вуліцы йшоў дождж. Апошнімі днямі ён ліў амаль не сьціхаючы. Прамерзлая вільгаць ахутвала ўсё наўкол, сьцякала з голых галінак, прасякала ватную коўдру, цякла пад вопратку, рабіла сьвет няўтульным, мігатлівым, нейкім сьлізкім і ліпкім.
Андрэ асьцярожна павярнуўся на другі бок. Пустыя трохлітровыя слоікі ў суседняй шафе, дзе знаходзіліся ягоныя ногі, прыйшлі ў лёгкае хваляваньне і незадаволена ў палову голасу празьвінелі: бзынь, дынь, мінь, інь, янь…. Ён заплюшчыў вочы, але сон больш ня йшоў у галаву. На душы было тужліва і неяк бясконца самотна…
Каб унікнуць журботных думак, ён пачаў прыслухоўвацца да шэпту дажджу. Нічога новага сёньня ён не казаў. Гэтак жа, як учора і два дні таму, ён манатонна шамацеў сваё шшш-шшшшшшшшшшшшшшшшшшшшшшш…
Шшшшшшшшшшш-Шух-Шух-шшшшш… Андрэ напружыў слых. Яму падалося, што ў аднастайным гучаньні прысутнічаў яшчэ нейкі староньні, невядомы матыў. ШшшшшТук Шух Тук Шухшшшшшш Тук Шухшшшшшшшш…
Цяпер ён выразна чуў гэты чужародны дамешак. «Тук-шух-шух» відавочна быў нечымі крокамі… Андрэ прыўзьняўся і замёр. «Тук-шухшух» набліжаўся… Мінула пару хвілінаў, і ён быў ужо зусім побач. Нехта невядомы хадзіў каля шафаў… Цяер Андрэ чуў ня толькі крокі, але й цяжкое, з задышкай, дыханьне незнаёмца. Рука асьцярожна пацягнулася за кіем, прыхаваным пад матрацам. Ён напружыўся, затаіўся… Толькі танюткая сьценка фанэрных дзьверцаў аддзяляла яго ад нечаканага госьця…
– Тук! Тук! Тук! – Андрэ ледзь не падскочыў на месцы. Хтосьці зь іншага боку грукнуў тры разы па дзьвярах шафы проста перад ягоным носам. Ён сьціснуўся, як спружына, гатовая да стрэлу, але нічога не адказаў.
– Тук! Тук! Тук! – стук паўтарыўся.