– Так! Так! Ён ужо тут! Задавайце хутчэй пытаньні! – ажывіўся Барыс Фадзеіч. – Таварыш Мярэсьеў, хто гэты невядомы шкоднік, які зрэзаў сёньня фікусы ў маім кабінэце?
Элеанора, Фадзеіч, заўхоз і Альгерд Браніслававіч моўчкі ўтаропіліся на Швабру. Той нейкі час сядзеў нерухома, але потым схамянуўся, і певень, якога ён трымаў кончыкамі пальцаў, ледзь прыкметна заварушыўся.
– Піша! Піша! Ужо піша! – захваляваўся Фадзеіч. – Чытайце, што там!
– Не…Нее…Нееп…
– «Не пізьдзі» ці што?
– Ды не! Якое «не піздзі»! Апошняя літара лацінскае R! І яшчэ адна!!! Ён напісаў HERR!
– Гэта ў якім сэнсе «хер»? Элеанора Якубаўна, расшыфруй, што азначае гэты «хер»?
– «Хер» па-нямецку – пан, Барыс Фадзеіч.
– Таварыш Мярэсьеў, вы не маглі б удакладніць вашае выказваньне? «Хер» у сэнсе «хер» альбо ў сэнсе «пан»?
Саламяны пеўнік ізноў заварушыўся і на аркушы паперы зьявілася новае слова, напісанае вялікімі кірылічнымі літарамі: ДУРАНЬ!
– Вось бачыце, я ж казала: за гэтым стаіць дурань! – зашчабятала Якубаўна. – Значыць, «хер» у сэнсе «хер»!
– Тое, што за гэтым стаіць нейкі хер маржовы, я і сам ведаю! – раздражнёна працадзіў Фадзеіч. – Таварыш Мярэсьеў, а ці нельга падрабязьней? Што за хер? Адмысловыя прыкметы? Судзімасьці? Прапіска? Дзе хаваецца?
Усё ізноў паглядзелі на Швабру. Той сядзеў бледны й нерухомы хвіліны дзьве, потым здрыгануўся, і певень у яго руках хутка-хутка загойсаў, пакідаючы на аркушы адно за другім словы: Рака… Шафы… Бомба… Рагатыя машыны… Галубы сруць…
– Я ж казаў, трэба Крупскую выклікаць. Ад Мярэсьева ні храна толкам не даб’есься, – прашаптаў заўхоз на вуха Фадзеічу.
– Таварыш Мярэсьеў, а ці цяжка самалётам бяз ног кіраваць?
– Што там?
– Ноч… Мароз… Немцы наўкол… Ногі ў лесе засталіся…
– Што вы за глупоты ў яго пытаеце! У самалёце ўсё роўна пэдаляў няма!
– А чым жа ён тады тармозіць?
– Таварыш Мярэсьеў, а калі нашы прыйдуць? – нечакана ляснуў Альгерд Браніслававіч.
– Гэта што яшчэ за «нашы»? – грозна зароў Фадзеіч.
– Цішэй, цішэй, панове! Гэта я так, для падтрыманьня размовы! Усё роўна Швабра нічога ня чуе!
Тым часам рукі мэдыюма зноў заварушыліся, і на аркушы зьявілася словы: Чацьвер… Дняпро… Ідал вернецца…
– Які такі ідал?
– Можа, ён мае на ўвазе ідала, якога славяне ў Дняпро кінулі?
– Пры чым тут, на хрэн, славяне?
– Кажуць, гэта адбылося, калі Уладзімір паганцаў хрысьціў. Калі ідал па Дняпры плыў, ён праклён ім паслаў. Ад таго часу ў славянаў усё праз дупу пайшло!
– І то праўда, у славянаў усё праз дупу! Таварыш Мярэсьеў, у мяне да вас просьба, – лісьліва прамовіў Фадзеіч. – Калі ласка, ні Іосіфу Вісарыёнычу, ні Каўцкаму, ні Хрушчову не распавядайце, што ў нас тут фікусы абрэзалі. Бо засьмяюць. А я потым магарыч вам прастаўлю!
У пакоі завісла доўгая, ватная цішыня. Раптам пад сталом зноў нешта гучна грукнула. Ад нечаканасьці ўсе здрыгануліся, а Швабра, ускокнуўшы на месцы, выпусьціў пеўніка з рук і ў непрытомнасьці ляснуўся бокам на падлогу.
– Вось, бля, сволач малахольная! Сэанс сувязі сарваў! Прабачце, таварыш Мярэсьеў! Паглядзіце, зь якім гаўном працаваць даводзіцца! Запаўзайце да нас яшчэ! Заўсёды будзем рады вас бачыць! – Фадзеіч схапіў графін з вадой, прагна спустошыў з рыльца палову яго зьмесьціва і, нічога больш ня кажучы, нэрвова выйшаў з кабінэту.