Пашкамутаны леў, шоргнуўшы мыліцай па бэтоне, зрабіў крок насустрач Андрэ.
– Ня ведаеш, хто ў жаўнера нявеста? Смерць! Яна твая нявеста!
– Аднаго толькі, Стваральнік, зразумець не магу! Навошта? У чым сэнс гэтага дурацкага спэктаклю? Навошта з пустаты ў сьвет прыходзіць, каб потым у пустэчы зноў зьнікнуць? – Андрэ ўтаропіў погляд на Старца.
Самотнае пустое вока моўчкі нерухома глядзела на яго, але адказу не было…
– Хопіць вумнічаць! Нявеста зачакалася! – раздалося за сьпінай. – Альбо здымай шалом, альбо проста зараз вас зарэгіструем і павянчаем!
Андрэ рэзка разьвярнуўся да спадара ў бейсболцы і, ледзь стрымліваючы сябе, з раздражненьнем не вымавіў, а амаль пракрычаў яму ў твар:
– А не былі б вы ласкавы ўбрацца ад маёй шафы? З усімі вашымі чортавымі сэнсамі і боскімі бессэнсоўямі! Мая вайна – гэта мая вайна! І бабу вашую з сабой забярыце! Не падабаецца мне такая нявеста! Занадта кашчавая, бяззубая і галава пустая! І пагатоў, няма вас тут! Ні Бога, ні Д’ябла! Ілюзія ўсё! Мроі! Сон! А ў чым сапраўды я ўпэўнены – ёсьць толькі Я і Пустэча!
Тут жа павярнуўшыся да старца, ён больш стрымана, але рашуча прамовіў:
– Вас, Стваральнік, я таксама папрасіў бы сысьці. Мой сьвет – гэта мой сьвет! Астатнія пытаньні мы быццам бы праясьнілі. На галоўнае ж адказаць вы ня можаце! Ідзіце ратаваць каго-небудзь іншага! А мне пара ў шафу – спаць! Раніца хутка, тралейбусы па мосьце паедуць, ведаеце, як яны на сьвітанку віскочуць, спакою не даюць?
– Ды што зь ім базарыць! Давайце, бацюшка, пачынайце абрад вянчаньня! А я пакуль запіс у кнізе рэгістрацыі шлюбаў зраблю!
Чорт адкрыў немавед адкуль узьніклы стары фаліянт у скураным пераплёце і, падрыхтаваўшыся пісаць, зь яхідцай у голасе прамовіў:
– Вось жа, нявеста! Ці згодная вы ўзяць у мужы жаўнера Андрэя, Сьвятаполка, Валенрода?
Кашчавая прыйшла ў рух і, трымаючы касу напагатове, пачала павольна, ледзь чутна набліжацца да Андрэ. Ён з жахам зразумеў, што патрапіў у пастку. Усе шляхі адступленьня былі адрэзаныя. Сьпераду на яго насоўваўся старац, справа быў чорт, зьлева нявеста, а за сьпінай заставаліся шафы – ягоная сцэна, апошні бастыён, у якім ён мог бы ненадоўга схавацца. Зрабіўшы некалькі крокаў назад, Андрэ ўчапіў першае, што трапілася пад руку, – «Крытыку чыстага розуму» Канта і шпурнуў яе да чорта.
Той увярнуўся ад Крытыкі і бадзёра прамовіў:
– Так і запішам! Паступіў маўклівы адказ згоды! Андрэ ў жаху пачаў хапаць і кідаць у сватоў пустыя трохлітровыя слоікі. Тыя з грукатам разьбіваліся аб бэтонны адхон, але гэта не ратавала ягонага становішча. Тройца па-ранейшаму панура насоўвалася на яго.
– Жаніх! Ці вы гатовы ўзяць у жонкі Смерць, Пустату?
Слоікі ў гэты момант скончыліся, і ў руках апынуўся прас, які ён тут жа кінуў у нявесту. Прас нырнуў у бездань яе твару, зьнік там і сэкунд празь пятнаццаць гучна грукнуўся аб нешта, быццам зваліўся на дно глыбокага калодзежу.
– Так і запішам! Паступіў адказ, які трэба разумець як знак згоды!
Жудасьць і паніка ахапіла Андрэ. Ён пачаў хапаць з шафаў галовы звар’яцелых ад жаху выродцаў і кідаць іх пад ногі сватоў і нявесты. Апошняя рэч, якую ён шпурнуў, – электрычная плітка – паляцела ў бацюшку. Але той спрытна адмахнуўся ад яе мыліцай, і яна, стукнуўшыся аб бэтонавую апору маста, развалілася на часткі. Андрэ схапіў немавед адкуль паўсталую трысьціну Хведара Міхайлавіча і пачаў махаць ёю перад тварамі і пустотамі родных. Кола няўмольна сьціскалася. Адступаць не было куды. У жаху Андрэ заскочыў у сваю трухлявую цытадэль і замкнуў на засаўку дзьверцы.
Сэрца-птушка зноў білася ў ягоным мозгу. Цяпер яна павялічылася да памеру шафы і грукатала ў ёй, нібыта ў вялікай драўлянай клетцы. Раптам звонку ўсё сьціхла. Мінула доўгая бясконцая хвіліна.
– Тук! Тук! Тук!
– Хто там?
– Шалом!
– Не патрэбны мне ваш Шалом! Мой шалом у мяне!
– Сьвятаполкушка! – гэта быў голас старца. – Апошні раз па-добраму прашу! Здымі шалом! Не шукай новага жыцьця! Няма яго!
Андрэ маўчаў.
– Здымай шалом! Валенродзік дамарошчаны!
– Зубы пачысьці! Рэгістратар рагаты!
– Ах ты…
– Абвяшчаю вас мужам і жонкай! Цяпер можаце пацалавацца!