– Пасцат хачу!
– Адвядзі яго! – кіўнуў ён другому халату.
– Дзе я? – запытаў Андрэ здушаным голасам.
– Як дзе? У раі. Ха-ха-ха! А мы арханёлы! – ён падміргнуў другому. – Во нажэрся! Нават як патрапіў сюды, ня памятае!
– Чаму я прывязаны?
– Таму што буяніў! Ты да нас увогуле ластаўкай шызакрылай прыляцеў!
Тут за сьпінай Андрэ, мабыць, на суседнім ложку, нехта гучна і цяжка замыкаў.
– А ты чаго мыкаеш? – істота ў белым прайшла ў глыбіню пакою. – Ляжы ціха, ня тое таксама скруцім.
– Разьвяжыце мяне! – з болем у вачах Андрэ паглядзеў на белы халат.
– Разьвяжам, калі час прыйдзе! – той павярнуўся да ўваходу і рэзка ляснуў за сабой дзьвярыма. Праз хвіліну яны зноў на імгненьне адчыніліся, і крывалапы, хутка прабегшы па пакоі, плюхнуўся на свой ложак.
Андрэ паспрабаваў павярнуць, на колькі мог, галаву, каб зразумець, дзе ён знаходзіцца. Пакой быў даволі вузкі й доўгі. Уздоўж сьцен адзін за другім стаялі нізенькія ложкі. Колькі іх хавалася за сьпінай, палічыць ён ня мог, але той, што месьціўся паміж ім і дзьвярыма, у гэты момант пуставаў. Справа, бліжэй да ўваходу, знаходзілася вялікае акно. З боку пакою яго засланялі мэталічныя краты, а сама шыба амаль цалкам была пафарбаваная белым. Толькі ўверсе, на фортках, фарбы ня мелася, і па цемры за імі можна было здагадацца, што цяпер ужо ноч альбо позьні вечар. Хто яшчэ прысутнічаў у пакоі, Андрэ ня вядаў. Але напэўна акрамя яго тут знаходзіліся малпападобны і той парнакапытны, што нядаўна мыкаў.
Андрэ паварушыў рукамі і адчуў, як моцна яны зацяклі. Дзьве вяроўкі туга прыціскалі іх да бакоў ложка. Знаходзіцца ў такой паставе было вельмі нязручна. Апроч таго, у роце зусім перасохла, хацелася піць, і смага, зьмешваючыся зь фізычнымі й маральнымі пакутамі, вылівалася ў адну вялікую нясьцерпную муку.
«Дзе я? – намагаўся зразумець Андрэ. – Мужык у белым сказаў, што ў раі. Мусіць, тут, у апраметнай, такія жарты. Але, напэўна, гэта ня пекла. У пекле мусіць быць горача. Надоечы поп палохаў вечным агнём, а тут стаіць жудасны холад. Фортка адчыненая, і зь яе невыносна дзьме. Не, гэта больш падобна да чысца. Зараз прыдуць арханёлы і забяруць кожнага куды трэба. Мяне, хучэй за ўсё, у пекла. Ня думаю, каб перад раем чалавека прывязвалі да ложка. А гэтага малпападобнага, мусіць, у рай. Нездарма ён ходзіць тут зусім голы. Ды і «пасцат» яго выпускаюць. Вось дзе нявіннае стварэньне. Ваісьціну, чалавек-убожак: наіўны, незаплямлены інтэлектам, просты, як палена, – такіх Госпад любіць.
А гэты парнакапытны, што мыкае, мабыць, яшчэ пад пытаньнем. Напэўна, ня вырашылі, куды яго, вось ён і вые – душа мучаецца. Цікава, хто з гэтых у белым Міхаіл, а хто Рафаіл? Рафаіл, мяркую, дабрэйшы. Маўчыць ды ўсьміхаецца. А той, што сувора вачыма зыркае, – пэўна Міхаіл. Ён тут галоўны спэцыяліст па чарцях. Мабыць, і накладныя на пекла асабіста падпісвае.
І ўсё ж! Дзе я? Гэта псыхушка? Палата для буйных? Але чаму прывязалі толькі мяне? У псыхушцы павінна быць вячэра. Нянечкі ходзяць зь пілюлямі й шпрыцамі. Псыхіятары ў акулярах. Гэтыя два тыпы не падобныя да псыхіятараў. Хутчэй да мардаваротаў. Можа, турма? Але чаму ложкі, белыя прасьціны? Дзе параша? У вязьніцы абавязкова мусіць быць параша. Халера! Калі яны разьвяжуць? Халодна».
Раптам дзьверы адчыніліся, і на парозе зноў зьявіліся асобы ў белым.
– Ну што, бузіць больш ня будзеш? – запытала адна, паглядзеўшы на Андрэ.
– Разьвяжыце мяне!
– Ну, глядзі! А то імгненна скруцім! – мужык у халаце падышоў і пачаў разьвязваць вяроўкі.
– Дзе я?
– Як дзе! У выцьвярэзьніку!
– Дзе мой шалом? – Андрэ прыўзьняўся на ложку.
– Які яшчэ шалом?
– Залаты такі, прыгожы, з ільвамі!
– Глядзі, Міша. Так паддаў, што ня памятае, дзе мір згубіў! Ха-ха-ха! Ня ведаю! Калі будуць выпускаць, шалом, мір, ільвоў і ўсе фенечкі, што пры табе былі, назад атрымаеш.
– Паслухайце, але я ўжо працьверазеў! Адпусьціце мяне!
– Цяпер нельга! Раніцай галоўны прыйдзе, агледзіць, тады выпусьцім!
– Але паслухайце..
– Усё! Размова закончана!
– А пасцат хоць можна!