З гэтага дня загадам Барыса Фадзеіча ва ўнівэрсытэце былі ўведзеныя строгія захады перасьцярогі. На вокны рэктарскага кабінэту павесілі шыкоўныя, ручной коўкі, мэталічныя краты. Дзьверы замянілі на новыя – з багатай інкрустацыяй каштоўнымі пародамі дрэваў і шматлікімі хітрымі замкамі. А вартаўнікоў абавязалі ўважліва сачыць за ўсімі, хто ўваходзіць у корпус ці боўтаецца па тэрыторыі ўстановы.
Праўда, нічога надзвычайнага ў наступныя дні ва ўнівэрсытэце ня здарылася. Калі не лічыць таго, што вартаўнік Гаўрыла некалькі разоў па вечарах заўважаў у двары падазроную постаць у чорнай паранджы. Аднойчы ён нават паспрабаваў яе затрымаць і ўжо амаль дагнаў, але двухмэтровая баба нечакана разьвярнулася і засадзіла Гаўрылу між ног з такой сілай, што, пакуль ён курчыўся на зямлі, незнаёмкі не засталося і сьледу.
У горадзе таксама нічога асаблівага не адбывалася. Праўда, некаторыя грамадзяне час ад часу заўважалі на вуліцах дзіўную істоту ў чорным балахоне. Некалькі разоў яе бачылі ноччу ў парку непадалёк ад Дняпра, у гаспадарчай краме на Быхаўскім рынку і каля аўтабазы. Кажуць, калі наступнай раніцай Сямён Сямёныч Налівайка выехаў на сваім пазіку абслугоўваць чарговую аблаву на зайцаў, то адразу за брамай аутабазы ўбачыў гіпсавы бюст невядомага мужчыны, што стаяў па цэнтры дарогі.
Налівайка выйшаў з пазіка і асьцярожна перанёс галаву на ходнік. Калі ж ён зноў сеў за стырно і рушыў далей, вялізная дошка гонару з партрэтамі перадавікоў, што стаяла ля брамы аўтапарку, раптам ляснулася і з грукатам пацягнулася за машынай. З таго часу ўсе з Налівайкі пасьмейваліся, дражнячы яго бунтаўшчыком ды баламутам. Ад чаго ён моцна запіў, разьвёўся з жонкай, зламаў нагу, прадаў кватэру, зноў сышоў у запой, вывіхнуў сківіцу, пырнуў нажом трох калхазанаў, разьбіў вітрыну ў гастраноме і неўзабаве ў кашулі для буйных з прыступам белай гарачкі быў адпраўлены ў псыхушку на курс лячэньня.
У Магілёве Андрэ больш ня бачылі. Зрэшты, на гэтую акалічнасьць ніхто не зьвярнуў асаблівай увагі, акрамя жонкі, якая пасьля месяца ягонай адсутнасьці ўсё ж сабралася на ўсялякі выпадак падаць заяву ў міліцыю. Але ёй нечакана патэлефанаваў Яўген, які распавёў, што напярэдадні да яго заходзіў Андрэ. Паводзіўся ён вельмі дзіўна. Папрасіў клізму з шампунем і зачыніўся ў ванным пакоі. Потым ён распавёў, што апошнім часам яго вельмі непакояць ільвы. Равуць на сьвітанку грамчэй за тралейбусы і спрачаюцца пра нейкую рыбу. Яшчэ казаў, што да яго часта прыходзіць Хведар Міхайлавіч. Сядзе насупраць, закіне нага на нагу і моўчкі за ім назірае. А галубы, што гняздуюць зьверху, гадзяць яму проста на галаву і элегантны шэры гарнітур. Але той, ніякай увагі на іх не зьвяртаючы, пасядзіць гадзінкі дзьве, выцяне насоўку, страсе з плечаў птушыны памёт і, нічога ня кажучы, моўчкі сыходзіць.
Потым Андрэ нешта доўга прапаведаваў панямецку. Але паколькі Яўген гэтую мову ведае слаба, то ўсё, што ён зразумеў, – мост, вайна, славяне, нейкая місія, новае жыцьцё ды няшчасныя выродцы. Затым пазычыў крыху грошай, сказаў, салетры трэба купіць, сабраў усе трохлітровыя слоікі, што былі ў кватэры, і, апрануўшы паранджу, выйшаў на вуліцу.
Месяца гэтай ноччу над горадам не было. Ужо некалькі дзён цяжкая коўдра з хмараў накрывала яго, таму вуліцы, якімі самотны падарожны ішоў да Дняпра, хаваліся ў цемры. Гэтая акалічнасьць радавала Андрэ. Чорная тканіна распускалася ў чорным чэраве двароў, робячы яго амаль непрыкметным. Толькі зрэдку, калі на шляху траплялася бязьлюдная вуліца, паранджа па-выкрывальніцку мільгала бясформенным сылюэтам у сьвятле ліхтароў, але тут жа імкліва зьнікала ў цемры чарговай падваротні.
Двор, яшчэ двор. Тры гадзіны ночы. Марозу няма, але волка. Вуліца. Кароткая перабежка. Ізноў цёмны падворак. Ісьці вельмі нязручна. У руках два трохлітровыя слоікі, даверху набітыя трытуолам. «Чорт. Паранджа блытаецца пад нагамі. Галоўнае – не спатыкнуцца, не кульнуцца ўніз, інакш усё адбудзецца тут і цяпер, – мільганула ў галаве. – Па-ідыёцку тупа і недарэчна. Засталося зусім няшмат. Хутка Дняпро. Так! Сёньня! Толькі сёньня! Цягнуць далей нельга. Трытуолу хапае. Зраблю ўсё гэтай ноччу».
Андрэ вызірнуў з падваротні на шырокую асьветленную вуліцу. «Здаецца, нікога. Чорт, колькі тут ліхтароў, – ён выскачыў з прыцемкаў і кароткімі крокамі пабег да праёму між дамамі насупраць. – Дзякуй Богу! Ніхто не заўважыў! Так, толькі сёньня! І так ужо зацягнуў. Рызыкую. У любы момант якая-небудзь сабака на шафы можа натыкнуцца. Адчыніць – а там слоікі з трытуолам. А раптам ужо знайшлі? Зараз прыйду, а там засада! Хопіць. Пара канчаць! Сёньня пастаўлю кропку!»
Да Дняпра было ўжо блізка. Наперадзе – вузкі пешаходны масток праз дарогу, і адразу за ім пачынаўся парк з ратавальнай, непралазнай цемрай. Ступіўшы на мост, Андрэ хуценька, наколькі дазваляла паранджа, пакрочыў да іншага боку, але калі быў ужо амаль на палове, раптам заўважыў, як з-за рога ўдалечыні выехаў міліцэйскі ўазік і рушыў у ягоным напрамку. Бегчы было рызыкоўна. Людзі ў машыне маглі заўважыць падазроную постаць, якая кінулася ў бок парку. Не разважаючы ні сэкунды, ён упаў на калені, асьцярожна паставіў на асфальт слоікі і ўсім целам распластаўся па тратуары. Ён чуў, як гук матора набліжаўся, рабіўся ўсе гучней і гучней і, нарэшце, нырнуўшы пад мост, пачаў аддаляцца.
Ускочыўшы, Андрэ схапіў слоікі і праз імгненьне ўжо крочыў па бакавой алеі парку. Падышоўшы да моста цераз Дняпро, ён схаваўся ў кустах і стаў назіраць, ці не адбылося нейкіх падазроных зьменаў падчас ягонай адсутнасьці. Аднак усё выглядала спакойна. На мосьце нікога не было відаць. Апошнія тралейбусы праехалі ў парк больш за гадзіну таму. Дрэвы вакол Дняпра, быццам спачуваючы Андрэ, замёрлі ў цішыні так, што ён змог бы пачуць кожны сумніўны шолах. І толькі пад мостам, ля шафаў, закінуўшы нага за нагу, у крэсьле сядзеў нейкі чалавек з трысьцінай у руках.
«Халера! Зноў прыпёрся! Ну і хрэн зь ім! Хай сядзіць! Калі прыйшоў – будзе суўдзельнікам. Я асабіста яго не запрашаў!» – Андрэ выйшаў з кустоў і накіраваўся да моста. Выцягнуўшы прыхаваную лесьвіцу, ён хутка ўскараскаўся па ёй на адхон і, не зьвяртаючы ніякай увагі на чалавека ў крэсьле, зьняў з шафаў замкі ды праверыў, ці ўсё на месцы. Яго маленькае войска – шэрагі вялізных трохлітровых слоікаў з трытуолам, загадкава зіхацелі ў прыцемках шафаў.
«Трэба пачынаць. Хутка па мосьце пойдуць тралейбусы», – сказаў сам сабе Андрэ і, павярнуўшыся, уголас прамовіў:
– Хведар Міхайлавіч, шаноўны, ці не маглі б вы перасесьці? Бо мне трэба мост падарваць. Калі б вы ўладкаваліся з вашым крэсьліцам мэтрах у трохстах адсюль, вам бы і бясьпечней, і камфортней было. Да таго ж, назіраць канец шалома вам цікавей будзе з партэру, а не са сцэны.
Хведар Міхайлавіч, нічога не адказаўшы, паранейшаму моўчкі, ва ўпор глядзеў на Андрэ.
– Разумееце, выбух будзе моцны, можна казаць, канец сьвету! Ад вашага гарнітуру і крэсла, на якім вы сядзіце, умомант адны вугольчыкі застануцца! А потым яшчэ бэтонная бэлька вам на галаву ўпадзе! Я вас вельмі прашу – перасядзьце! А лепш наогул – на той бок Дняпра. Ну хочаце, мы разам там у кустах уладкуемся! Я нават магу даць вам ключ пякельнай машынкі павярнуць!
Андрэ скінуў паранджу. Працаваць у ёй было вельмі нязручна. Выцягнуўшы з шафы вялікі скрутак дроту, ён пакорпаўся ў клемах здранцьвелымі пальцамі і далучыў да канцоў дроту электрычны рубільнік.
– Ну, як жадаеце! Я вас папярэдзіў! – Спусьціўшыся з адхону, ён пачаў размотваць дрот у бок дальніх кустоў, што знаходзіліся мэтраў за сто ад шафаў. Наблізіўшыся да хованкі, ён пакінуў там канец шнура з прымацаванай пякельнай машынкай, а сам пасьпяшаўся да моста. Далучыўшы іншы канец дрота да дэтанатара, ізноў паглядзеў на Хведара Міхайлавіча.
– Я вас умаляю! Праз хвіліну сьвет паляціць у тартарары! Адыдзіце ад шафаў на бясьпечную адлегласьць!
Хведар Міхайлавіч, крыху сутулячыся, з рукамі на калене, па-ранейшаму нерухома сядзеў у крэсьле. Цяпер нават здавалася, што гэта быў ня ён, а яго васковая копія немавед якім ветрам прынесеная з музэю мадам Цюсо. Перадсьвітальнай маўклівасьці клясыка акампанаваў толькі ціхі шолах Дняпра, буркаваньне галубоў наверсе ды лёгкія капялюшыкі птушынага памёту, што зрэдку спадаў на васкавую фігуру. Выцягнуўшы насоўку, Андрэ стрэс з плячэй Хведара Міхайлавіча купкі галубінага лайна і раздражнёна прамовіў:
– Разумею… Пагарджаеце… Лічыце мяне мелкім бесам. А самі вы хто? Балотны чалавек! І мысьліце вы па-балотнаму! І літаратура ўся ваша балотная! І ўвесь ваш род зь беларускіх балотаў паходзіць! Хоць вы ўсё жыцьцё і імкнуліся стаць больш рускім, чым ніжагародзкі мужык, і самай апошняй сволачы ў раманах тутэйшыя прозьвішчы ўсялякіх там Свідрыгайлавых давалі, а ўсё адно балотным чалавекам засталіся! Таму і цягне ваш дух у магілёўскія багны.
Андрэ ўторкнуў дэтанатар у слоік з трытуолам і зноў паглядзеў на старца:
– А гэта ж вы, Хведар Міхайлавіч, забілі бабульку! І Лізавету вы забілі! Так! Так! Менавіта вы ўклалі сякеру Раскольнікаву ў далоні і тым самым задаволілі сваё патаемнае жаданьне, тое, на што самі ніколі б не наважыліся, але чаго ў глыбіні вам так хацелася! І бес – гэта вы! Усё жыцьцё літаратурай вы беса ў сабе спапялялі! Жадалі са сваёй сутнасьцю балотнай разьвітацца! А цяпер сядзіце, маўчыце, асуджаеце! Мною, балотным чалавекам, пагарджаеце! А можа, вы зайздросьціце, што я зраблю тое, на што ў вас рука не паднялася? А можа, спачуваеце? Хто ж разьбярэ, калі вы ня кажаце нічога! Аднак, ужо ўсё адно! Няма чаго губляць! Ды й часу размаўляць з вамі ня маю! Хутка тралейбусы па мосьце паедуць! Пара! Бывайце, Хведар Міхайлавіч!
Зачыніўшы дзьверцы шафы, Андрэ спусьціўся па сходах з адхону. Вярнуўшыся да схованкі ў кустах, ён лёг на зямлю, узяў у рукі рубільнік і ў апошні раз зірнуў на мост. Самотная постаць дзядка, крыху сутулячыся, гэтак жа нерухома сядзела ў крэсьле. Пустынны парк нібыта застыў у прадчуваньні й цішыні. Аднекуль здалёк, зь мінулага жыцьця, далятала ледзь чутнае бурчаньне міліцэйскага ўазіка. Андрэ паклаў руку на халодную чорную эбанітавую ручку.
– Ну што ж, пара! – з сумам, быццам разьвітваючыся, прамовіў ён і пачаў адваротны адлік:
– Zehn, Neun, Acht, Sieben, Sechs, Fьnf, Vier, Drei, Zwei, Eins, Null! Пуск!!!
Ён усім целам прыліп да зямлі, уціснуў галаву ў плечы і рэзка павярнуў ручку…
Адна, дзьве, тры, чатыры сэкунды, пах мокрага лісьця ля твару…
…але выбуху не было!
«Трасца! Чаму? – ён прыўзьняў галаву і зірнуў на мост. Фігура Хведара Міхайлавіча ўсё гэтак жа сядзела ля шафаў. – Няўжо памылка? Можа, прабіты дрот?» Ён ускочыў і кінуўся да моста. Падбегшы да шафы, ірвануў дзьверцы і са зьдзіўленьнем убачыў, што нехта адлучыў дрот ад дэтанатара.