– Скульптар…
– Давай яго сюды! А то разаб’еш.
– Ня дам… адпусьціце мяне…
– Куды гэтага з галавой?
– Давай пакуль у малпоўню! Толькі шалом зь яго здымі. А то пасадзіць каго-небудзь на піку.
– Ня трэба шалома здымаць… вы ня маеце права… Прыміце рукі! Не чапайце!
– Глядзі! Супраціўляецца! Ану-ка рукі яму патрымай!
– Ты што, курва, робіш!!!
– Ах ты, сволач! Брыкаецца!
– Прыбяры караўкі, казёл!!!
– Ах, я казёл? Ну-ка, Іван, сюды! Дапамажы!
– Бляць!!! Галава разьбілася! Інакенцій Пят…..
– Ах ты, сука! Брыкацца надумаў! Давай! Давай! Дубіналам яго!
– Рукі!!! Рукі круці! Моцны, гад, папаўся! За сьпіну, за сьпіну давай!
– Казлы!!! Фашысты!!! Што ж вы робіце!
– Ах ты, паскуда!!! Ну ты сёньня ў мяне ластаўкай палятаеш!!!
– Круці!!! Круці!!! Наручнікі хутчэй!!! Дай яму яшчэ раз!
– Ластаўку! Ластаўку давай! Ногі трымай! Зашпільвай! Фу ты, чорт! Во сука!
– Гестапа!!! Жывёлы!!! Вы за гэта адкажаце!!!
– Умаж яму па зубах! Каб ня вякаў!
– Давай, у малпоўню цягні! Яшчэ крыху! Ах ты, гніда! Яшчэ і кусаецца!
– Увалі яму яшчэ пару разоў!
– Пшыкні ў морду газком на дарожку – для лепшага палёту!
– Фу, смурод пайшоў! Дзьверы хутчэй зачыняй!
Апошняе, што Андрэ яшчэ памятаў, – холад на шчацэ ад бэтоннай падлогі, на якой, выгнуўшыся ўсім целам, ён ляжаў з закінутымі за сьпіну рукамі. Да рук былі прышпіленыя ногі. Кайданкі балюча сьціскалі костачкі ды запясьці, а з вачэй каціліся вялікія, памерам з гарошыну, сьлёзы. Сьлёзы ад горычы елкага газу, зьмяшанага з горыччу болі, зь нямым крыкам крыўды. Шалома ў той момант на галаве ўжо не было…
Iдал вярнуўся
Напрытомнеў ад лёгкага штуршка ў плячо. Адкрыўшы вочы, Андрэ ўбачыў побач малпападобную істоту, якая, схіліўшыся, ва ўпор глядзела яму ў твар. Заўважыўшы ягонае абуджэньне, істота страпянулася і маленькімі крывымі ножкамі падбегшы да цёмных мэталічных дзьвярэй, пачала грукатаць па іх кулакамі. Гэта быў чалавек зусім невялічкага росту, з караценькімі дугападобнымі канцавінамі, смуглай скурай і чамусьці абсалютна аголеным целам. Яго пацямнелы твар нагадваў зьедзены зморшчынамі падвялы фрукт. Павярнуўшыся да Андрэ голым азадкам, патрэсваючы абвіслымі між ног яйцамі, малпападобны стаяў перад зачыненым дзьвярыма і тупа барабаніў па ім кулакамі.
«Дзе я? Што? Чаму? Хто гэта?» – пранеслася ў галаве. Андрэ паспрабаваў варухнуцца, але з жахам адчуў, што ягоныя рукі і ногі да чагосьці прывязаныя. Амаль голы, укрыты белай прасьціною, ён ляжаў на тапчане ў вузкім незнаёмым пакоі. Ён зрабіў намаганьне згадаць усё, і раптам тое, што адбылося надоечы, абрынулася на яго рэзкім болем. Шалома на галаве не было! Усьведамленьне гэтага прыціснула да зямлі з такой моцай, што, ня вытрымаўшы, ён застагнаў на ўвесь голас, быццам паранены леў, працяты стрэламі ўбогіх тубыльцаў. У гэтым крыку было столькі нянавісьці, злосьці, адчаю, што малпападобны ля ўваходу рэзка адскочыў убок і спалохана ўтаропіўся ў Андрэ.
Нечакана мэталічныя дзьверы адчыніліся, і ў пакой увайшлі дзьве постаці ў белых халатах.
– Ты што гарлапаніш? – строга спытаў адзін зь іх. – А табе чаго? – сувора зыркнуў ён на малпападобнага.