Раніцай настрой лепшы. Кінуўшы ў заплечнік прас, набор адкрутак і некалькі альбомаў, выправіўся на вакзал, як бязногі параіў. Па дарозе зазірнуў да прыяцеля-музыкi, губны гармонік пазычыў. Зайшоўшы ў вагон, выканаў «Інтэрнацыянал» і крычу: «Падайце, грамадзяне, апошняму прывіду камунізму на квіток – вярнуцца ў Эўропу!» Кажу, маўляў, надакучыла ў вас тут блукаць, жадаю назад у Фатэрлянд, на гістарычную радзіму. Людзі ў вагоне тупа вылупіліся на мяне й глядзяць моўчкі. Нарэшце нейкі жартаўнік кажа: «Дык чаго ж ты ў цягнік ня ў тым напрамку сеў? Табе трэба на Асіповічы, а не на Воршу!» Я яму: «Не разумнічай! Лепш дапамажы матэрыяльна! А ня можаш, дык вось прас купі!» Вымаю з заплечніка і паказваю, кажу: зусім яшчэ новы й аддам нядорага. Тут нейкая баба крычыць: «Прас? Ну-ка, дай-ка сюды! Мне прас патрэбны!»
Праехаў з тузін прыпынкаў, але колькі «Марсэльезу» ды «Майн лібэ Аўгустын» ні сьпяваў, як нi ўпрошваў грамадзянаў, што ў іх жа інтарэсах хутчэй ад мяне пазбавіцца, скінуцца на квіток і адправіць у Гамбург, каб ня тут, а тамака людзі са мной мучыліся, ніяк гэта на іх не падзейнічала. Так, дробязі нейкай накідалі. Праўда, прас, набор адкрутак і альбом Дзюрэра прадаў, а потым выйшаў на станцыі й назад у Магілёў паехаў.
Зайшоў у дызэль у зваротным напрамку, ізноў гармонік дастаў і пачаў палянэз Агінскага «Разьвітаньне з радзімай» граць. А пасьля крычу: «Падайце, грамадзяне, апошняму партызану на справу змаганьня з праклятымі акупантамі! Колькі цярпець будзем, спадарства, зьдзекі з роднай Бацькаўшчыны?» Усе адвярнуліся да вакна і робяць выгляд, што ня чуюць, быццам яны не тутэйшыя, а так, праездам. А адзін мужык пытае: «А ты чый партызан?» – «Ясна, – кажу, – чый: наш!»
Тут кантралёр уваходзіць і кажа: «Дзе ваш квіточак?» А я яму: «Для партызанаў у электрычках бясплатны праезд» – «А адкуль, – кажа, – я ведаю, што ты сапраўдны партызан? З выгляду ты больш да паліцая падобны» – «Гэта, – адказваю, – для кансьпірацыі. Бачыце, у куце дзьве старыя з качанамі капусты? Пераапранутыя фээсбэшнікі. Яны мяне ад самай Воршы пасуць» – «Добра, – кажа, – яжджай! У мяне дзед таксама з маскалямі ваяваў. Толькі вагон мне не разьябош!»
Увечары прыехаў у майстэрню. Зараз бяру спальнiк, падушку, па дарозе піва куплю і адпраўляюся пад мост начаваць. Хачу паспрабаваць, як на новым месцы спацца будзе.
Раніцай вярнуўся ў майстэрню. Учора як прыехаў, спальнiк разгарнуў, падушку кінуў і адразу ў шафу залез, вырашыў нават піва ня піць. Але потым заснуць доўга ня мог, з боку на бок варочаўся. Усё ж мулка там, ды й вузка – рукі ў сьценкі ўпіраюцца.
Нарэшце надакучыла мне гэтая бессань, вылез вонкі і, паставіўшы крэсла зь відам на Дняпро, бутэлечку піва адкаркаваў. Цішыня вакол, толькі зрэдку апошнія тралейбусы па мосьце пралятаюць. А перада мной рака распасьцiраецца. Вада ўначы цёмная, нешта там шамаціць ды нашэптвае пра сябе, нясе свае таямніцы да Чорнага мора. Падумалася: вось хто – славянскі брат Райна. Вось дзе хрыбет гэтай зямлі. І ідала бачыла, што праклён славянам паслаў, і ўся цывілізацыя іх тут пачыналася. А вакол прыгажосьць – усё загадкава ды ўрачыста, быццам не Дняпро гэта ўвогуле, а Архонт нясе свае воды да падземнага царства. Узгадаў маці. Падумалася: вось адзіны чалавек ува ўсiм гэтым вар’яцкiм шаломе, які бы прыняў, зразумеў, прытуліў. Сіратліва зусім безь яе. Трэба будзе на могілкi зьезьдзiць. Пажурыўшыся, дапіў піва й пайшоў спаць.
Уначы птушка ў парку крычала. Пранізьлівы гэткі крык, быццам клікала кудысьці. Спалася так сабе – драмаў у палову вока. Раніцай, як тралейбусы наверсе загрукаталі, падняўся, шафу на замок зачыніў і ў майстэрню паехаў.
Увесь дзень рэшту рэчаў у катакомбы перацягваў. Туды ж і канапу з парваным матрацам накіраваў. У выніку някепскі бярлог выйшаў. Буду ў ім начаваць, калі зусім халодна стане. Толькі трэба незаўважна, у прыцемках туды прабірацца. Бо ўдзень, імгненна вылічаць, па сьлядох пайдуць і на логавішча натрапяць.
Толькі што Яўген зьявіўся. Прынёс «Крыжачка» дзьве бутэлькі. Ох, не люблю я гэты гліцэрын, але давядзеца выпіць за сканчэньне сэзону! Пайду стол накрываць, цыбулю, сыркі й хлеб наразаць…
……………………………………………
У гэтым месцы запісы Андрэ нечакана абрываюцца. Але не таму, што ў той вечар ён ізноў зашмат выпіў (а вядома ж, адной бутэлькі на дваіх, можа, і хопіць, але дзьвюх на дваіх заўсёды бракуе). Натуральна, выпіўшы ўсё, яны выправіліся ў начнік па дагонку. Але паколькі пасьля дзявятай вечара ў горадзе пачыналася камэнданцкая гадзіна на моцныя напоі, даганяцца давялося адным толькі півам. Тут і хаваўся падступны падвох. Бо любы профі ведае: нельга заліваць паўтара літра гліцэрыну зьверху такой жа ці, крый Божа, большай колькасьцю піва. Інакш утвараецца нітрагліцэрын – рэчыва выбуховае, небясьпечнае і непрадказальнае. І нават калі вы пазьбегнеце непрыемных прыгодаў, раніцай вас чакае найцяжэйшы бадун.
Але прычына, па якой абарваліся запісы ў дзёньніку Андрэ, ня толькі ў гэтым. Сямнаццатым вечарам імглістага сырога кастрычніка ён не зьявіўся ў месцах, дзе мог бы працягнуць іх. Ён не прыйшоў начаваць ні ў былую майстэрню, ні ў шафы пад мостам, ні ў патаемнае сховішча ва ўнівэрсытэцкіх склепах. Ня бачылі яго і ні ў адной з кватэраў магілёўскіх знаёмых.
Проста гэтым шэрым аўторкам ён выправіўся ў палёт. У той палёт, якога чакаеш, а прыходзіць ён усё адно нечакана. Да якога ў думках ты быццам гатовы, але калі зьяўляюцца анёлы ў белым, ты крычыш ім: пакіньце! Пакіньце мяне ў спакоі! Не жадаю! Не хачу я з вамі ляцець! Аднак анёлаў не цікавіць вашае меркаваньне. Яны бяруць пад белыя крылы і эскартуюць з сабой, са смуткам паведамляючы, што гэтае цела ўжо табе не належыць…
І паляцеў Андрэ гэтым пахмурным восеньскім днём ластаўкай шызакрылай – паляцеў ня ў Гамбург, не ў Бэрлін і нават ня ў Менск. Ён кружляў над Дняпром, над местам, дзе калісьці жыў Леў, дзе засталася яго Магіла, паводле якой горад і назвалі Магілёвам.
Калі яны зь Яўгенам, які застаўся начаваць у майстэрні Андрэ на кучы анучаў, абудзіліся ранкам, тое, што адбывалася ў іх мазгаўнях, нават пахмельлем назваць было нельга. Пад шаломам Андрэ нібыта пасялілася двухпудовая чыгунная гіра, якую той проста ня мог адарваць ад матраца. Яна скруціла скроні, здушыла артэрыі, спляжыла Сьвятаполка і Валенрода так, што яны без прыкметаў жыцьця ляжалі на шаломе, быццам два каты на асфальце, па якім праехаў шматтонны каток. Вакол усё круцілася, чыгун ціснуў на вочы, а каб утрымаць гіру ў вэртыкальнай пазыцыі, патрабаваліся нечалавечыя высілкі волі. Андрэ адразу зразумеў, што гэта той дзень, калі чакаць заходу сонца ня толькі бессэнсоўна, але больш за тое – небясьпечна.
Яўген пачуваўся падобна, але ў адрозьненьне ад гаспадара майстэрні ягоны арганізм ня быў так змучаны нягодамі акопнага жыцьця. Таму менавіта Яўген накіраваўся да найбліжэйшай крамы дзеля паўлітры так неабходнай ім зараз мікстуры.
Калі б у той дзень Андрэ ўсё-ткі прыслухаўся да голасу Хведара Міхайлавіча, які зьявіўся адразу, як толькі Яўген сышоў у гастраном па бутэльку, то, можа, яго абмінуў бы ластаўчын палёт над гняздом зязюлі. Але ён не прыслухаўся. Наадварот, пачаў пярэчыць. Абвясьціў, што ў самой ідэі – праз пакуты да дасканаласьці – ёсьць нешта заганнае! Бо, калі пакуты ад Бога, а дасканаласьць ад д’ябла, то куды ж тады коціцца сьвет, калі не да чорта?
Калі Яўген вярнуўся з ратавальным напоем, Андрэ са словамі, што ня мае больш аўтарытэтаў і ніякі Хведар Міхайлавіч ня будзе яму ўказваць, у які час пачынаць піць, перакуліў у ротавую адтуліну на чыгуннай гіры адразу ўсю бутэльку піва. Потым, разьліўшы па шклянках «Крыжачок», яны прынялі на грудзі грамаў па дзьвесьце.
Як звычайна бывае пасьля такой тэрапіі, бадзёрасьць і адчуваньне радасьці жыцьця ненадоўга вярнуліся. Андрэ павесялеў, чыгун у галаве растапіўся да стану этэру, нават да той яго фракцыі, калі ўся істота раптам адчувае незвычайную лёгкасьць, можна сказаць, эўфарыю, калі сьвет ізноў выглядае прыязным, дасканалым, ласкавым. Ільвы таксама ажылі. Іх плоскія абалонкі напоўніліся геліем, і бязважкія, як паветраныя шарыкі, счапіўшыся лапкамі, яны прыняліся танчыць крыжачок над шаломам Андрэ.
Аднак гэткі стан душы тым і небясьпечны, што штурхае да ўчынкаў, якія ў такі дзень, магчыма, рабіць ня варта. Можа, трэба было выпіць яшчэ грамаў па сто ды пайсьці спаць. Але ажыўшы, Андрэ раптам вырашыў адвезьці пад мост тры апошнія бюсты. Калі зрабіць тры рэйсы тралейбусам, да вечара ён акурат усё пасьпее. Госьць таксама меў пэўныя справы, таму, выпіўшы яшчэ піва, яны дабілі рэшту «Крыжачка», перапалілі й разьвіталіся. Прыхапіўшы галаву касавокага мужыка, Андрэ пасунуўся на прыпынак.
Надвор’е за сьценамі майстэрні стаяла пахмурнае, але дажджу не было. Ён любіў такі настрой у прыродзе, калі ўсё вакол завісала ў задуменным спакоі. Не было ні празьмернай весялосьці сонца, ні дажджлівай нуды, а былі цішыня і нявызначанасьць, быццам паўза перад непазьбежным фіналам.
Тралейбус, што падасьпеў неўзабаве, павёз Андрэ ў цэнтар. Ехаць было нядоўга, усяго дзесяць хвілінаў, і, магчыма, каб ён выйшаў з майстэрні пазьней, злы рок праехаў бы міма. Аднак ён сеў менавіта ў гэты тралейбус, накіраваўшыся ў рукі лёсу, што чакаў яго праз пару прыпынкаў.
Тое, што гэта пастка, Андрэ зразумеў не адразу. Тралейбус спыніўся, і ў адчыненыя дзьверы адразу з трох бакоў увайшлі кантралёры. Гэтая акалічнасьць крыху напружыла Андрэ. Квітка ў яго, натуральна, ня мелася, але ён адно з раздражненьнем падумаў, што давядзецца выйсьці ды пачакаць наступнага транспарту.
Абдымаючы галаву глінянага выродца, ён стаяў на задняй пляцоўцы. Паміж ім і кантралёрам – цёткай гадоў пяцідзесяці з грувасткім шыньёнам – заставалася некалькі пасажыраў. Нарэшце, праціснуўшыся да Андрэ, яна строга спытала:
– Ваш квіток?
Да таго моманту пары этэру ў яго галаве яшчэ не пасьпелі зноў ператварыцца ў чыгун. Настрой быў лірычны, лаяцца ні з кім не хацелася, таму, весела гледзячы кантралёршы ў вочы, ён прамовіў:
– Мадам! У мяне няма квіточка! І штраф мне няма чым плаціць!
Мадам таксама адразу павесялела і крыкнула камусьці ля іншых дзьвярэй:
– Зіна! Тут заяц нейкі з кап’ём у галаве! А штраф плаціць ня хоча!