і ўсе мясцовыя жыхары ўбачылі ў гэтым сэнс колазваротнага перараджэньня…
мінула колькі часу, у царкве цяпер месца ўсім не хапае, будуюць побач новую… усе цяпер моляцца на люстэркі, і зь люстэркаў на сьвет выходзяць новыя людзі.
мары
вось для мяне слова мары асацыюецца са словам шмат, бо ангельская мова вымушае да параўнаньняў, і адначасова мары сугучныя для мяне са словам марнаваць, бо няма нічога на сьвеце, што б так зацягвала нас у жаданьні, памкненьні і спадзяваньні як мары, і таксама адначасова нічога на сьвеце няма іншага, ніж мараў, якія б так марнавалі з надыходам. у мяне ёсьць мара, не такая, вядома, якуКінга, маямарасуб’ектыўная, эгаістычная, неверагодна дзёрзкая для нашай краіны – набыць альбо пабудаваць вялікі дом, не такі, што ў мяне тут… іншы… альбо ў скрайнім выпадку ўзяць і цалкам перабудаваць тое, што ў мяне ёсьць… і, вядома, я адразу трапляю ў такую дылему – калі я вырашыў жыць мастацтвам, то я ня маю ніякай магчымасьці зарабіць грошай. напрыклад, за друк у газэце альбо часопісе плоцяць такія сьлёзы, што нават няёмка ехаць па такі ганарар, у нашым беларускім стабільным Парадызе няма месца культуры і творчасьці, няма ніякай магчымасьці выдаткаваць месяц працы над апавяданьнем альбо ў скрайнім выпадку над артыкулам пра куртуазных ман’ерыстаў ці дэкадэнтаў, як спачатку табе адмаўляюць у пяці часопісах і толькі шосты бярэ тэкст у друк, але прапануе роўна 20 даляраў ганарару… параўнаем: пакунак туалетнай паперы – роўна 2 даляры коштам… у нас ёсьць Дзеяслоў, які можа плаціць грошы, і ў гэты часопіс адразу карціць даслаць раман, бо плацяць па аб’ёме тэксту… у нас ёсьць pARTisan, які нічога ня плаціць, калі атрымлівае тэкст без замовы… у нас ёсьць Макулатура, часопіс, які сам па сабе нічога нікому ня аплачвае, але ён хаця б агаворвае гэта загадзя… ёсьць у нас Маладосць, часопіс, які празь дзяржаву заплаціць такія грошыкі, якія ў параўнаньні зь ЛіМаўскімі грашыма нават будуць выглядаць прыстойна, але, здаецца, шмат хто ад Маладосці таксама нічога не атрымлівае – але маладосьць нам нічога і не абяцае… плаціць Новы час, плацяць розныя папулярныя інтэрнэт-часопісы кшталту гэтых, магнэтаў і куку-каў… але тое, што ім трэба па зьмесьце, я не напішу ніколі… што рабіць? нічога… марыць пра дом, пра грошы, пра жыцьцё і працаваць на іншай працы, каб яна цалкам выцягвала зь цябе ўсе сілы й мазгі і каб не заставалася больш ніякіх дурных памкненьняў пра штосьці марыць і пісаць… працаваць, працаваць… і нават не імкнуцца, як Эзра Паўнд, запачаткоўваць грашовую фундацыю для сябра паэта, каб той мог не працаваць і толькі пісаць і марыць, марыць і пісаць…
пекла
любая рэч можа апынуцца для чалавека пеклам. такім чынам, пеклам для Гітлера была мапа Эўропы. пеклам Сіда Вішэса была Нэнсі, якая стаяла перад ягонымі вачыма і дзень і ноч, як нязьменная выява шпрыца з наркотыкам для Бэроўза. пеклам для Хью Хэфнэра й па гэты час ёсьць жаночыя грудзі розных памераў, але пажадана каб ня меншых за другі. пекла Арцюра Рэмбо – опіюм і аркушы паперы. пекла Рамэна Гары – дарагі гарнітур. пекла Хэма – шклянка з вадкасьцю, якая дакладна ёсьць кактэйлем. пекла Ван Гога – гэта процьма пастозных мазкоў, падпарадкаваных адным накірункам, зададзеным уласным успрыманьнем асяродзьдзя. рэч, якая ніколі не зьнікае і толькі вастрэй праглядаецца ажно да самых немагчымых дробязей, і гэтая рэч адначасова пужае і прываблівае Генры Мілера, – похва. у кожнага ёсьць сваё пекла, якое перад вачыма, нават калі мы заплюшчваем іх і сьпім, гэтая рэч нікуды не зьнікае і толькі глыбей чапляецца за нашыя мары, памкненьні й жаданьні, робячы нас рабамі.
хлусьня
Андрэйка зь дзяцінства хлусіў, скажаў праўду, і не было істотна, якую праўду ён скажаў, называючы яблык грушаю, альбо падманваў родную маці, кажучы ёй, што еў суп, а сам выліваў яго ў мыйніцу. гэта ў яго пачалося выпадкова і незалежна, як і любая хвароба альбо перайманьне на ўзроўні генаў. Андрэйка абвык хлусіць, бо такім чынам яму было прасьцей у камунікацыі і адначасова ён шчыра верыў у сваю хлусьню. ён сталеў і ў старэшых клясах так заманаў усіх сваімі прыдумкамі, басьнямі, плёткамі й хлусьнёю, што яго нават перасталі выклікаць да дошкі й аднаклясьнікі адвярнуліся ад яго, бо той ня быў здольным стрымацца, каб ня схлусіць па любым чыньніку. так Андрэйка самотным паступіў у вну на журналіста, адвучыўся, зарабляў грошы, рыхтуючы матэрыял для бсмр і ў рэшце рэшт паступіў на працу на першы тэлеканал, дзе для яго была свабода выбару хлусьні й скажэньня інфармацыі. яго кар’ера панеслася стрымгалоў да алімпійскіх вяршыняў: прэміі й граматы ад прэзіка, пасада галоўнага журналіста, а пазьней – дырэктара цэнтру інфармацыі і ідэалёгіі… потым, калі ў суседняй Расеі ніяк не маглі стрымаць буйны паток інфармацыі, Андрэйку запрасілі ў Маскву, каб там навучыць смі працаваць як мае быць, але ўсё кепска скончылася праз Украіну, калі некалькі ўкраінцаў адсачылі Андрэйку й запхнулі яму ў рот яго ўласныя ногі, так яго й знайшлі, памерлага, з нагамі ў роце. бо што ж яшчэ там мусіла апынуцца?
адноснасьць
адзін чалавек зачыніўся ў сваім пакоі на ўсё жыцьцё, забыўся на тое, што звонку існуе іншы сьвет, абвык і паверыў, што ўвесь сьвет – гэта яго маёмасьць. валадарыць ён пачаў па-над шклянкамі, збанкамі, талеркамі, імбрыкамі, сталамі, ложкам, дываном, канапаю, адной шафаю і пішучай машынкаю, на якой адгрукваў кожны дзень новыя ўказы.
таксама ў кватэры жылі котка, тры мышаняты, сотня прусакоў і каля пяці соцень пладовых мушак дразафіл, якія, перамяшчаючыся ад аднаго сьмецьця на другое, падарожнічалі, як па пустэльні з Ноем, і прадстаўлялі сабою ворагаў, якіх чалавек штодзень зьнішчаў.
найбліжэйшым памагатым чалавека была котка, якая трымала ўладу па-над мышанятамі, якія вельмі рэдка куды высоўваліся і, перамяшчаючыся збольшага пад шпалерамі, час ад часу рабілі маршкідкі на лядоўню, якая сабою ўвасабляла харчавыя назапашваньні.
чалавек валадарыў жорстка і часта караў стол, бо ў таго падгіналіся ножкі, ажно пакуль не зламаў небараку.
пасьля доўгага кіраваньня ацалелай засталася толькі котка, і сьвет кватэры для чалавека больш не атаясамліваўся з сусьветным космасам і нават далёка не паходзіў на той, былы сьвет, у якім нарадзіўся чалавек. і ён засумаваў, і захацелася яму чагосьці новага…
і захацелася чалавеку даследаваць тое, што ў глыбіні, куды сьцякае вада з рукамыйніцы й ваннай, і захацелася яму дасьледаваць сьвятло, якое ліецца з вокнаў, і скокнуў чалавек з падваконьня, і прызямліўся на траву, і пабачыў, што ягоны космас – гэта нішто ў параўнаньні з тымі прасторамі, якія яму адкрыліся. і гэта глыбока шакавала чалавека, і ён праглынуў свой язык, і больш ня здолеў вымавіць ніводнага слова, і пайшоў жабраваць па сьвеце, адчуваючы сваю нікчэмнасьць і дарэмнасьць існаваньня, згубіўшы назаўжды сваю кватэрную краіну.
дзеці
Борхес у дзяцінстве цікавіўся, якім чынам так адбываецца, што, калі закрываеш кнігу, літары ўнутры не перамешваюцца між сабою.
я ў дзяцінстве цікавіўся, якім чынам так атрымліваецца, што вось чалавек піша сабе на аркушах паперы літары, якія скаладаюцца ў словы й далей у сказы, абзацы, апавяданьні, а потым гэта друкуюць асобнай кнігай, і там усё зусім іншымі літарамі, і гэта ўсё памножанае… я ня мог уявіць, мне здавалася, што ў працэсе стварэньня кнігі ўдзельнічаюць нейкія таемныя сілы, містыка!
у мяне й па гэты час па любой зьяве альбо рэчы процьма пытаньняў, такое адчуваньне, што няма нічога на сьвеце, што б я ведаў дасканала. паўсюль прабелы, недаказанасьці, няведаньне. і адначасова гэта падштурхоўвае да дзеяньняў, стымулюе цікавіцца. і ты пачынаеш чытаць процьму кніг, энцыкляпэдый, суцішаеш свой сум, пачынаеш паважаць сябе любімага.
і тут раптам які-небудзь дзіцёнак, не істотна які і дзе, як запытаецца пра штосьці вельмі, здавалася б, простае, і ты разумееш, што нічога не разумееш і нават ня ведаеш, як патлумачыць.
дзеці мяне заўсёды даводзяць да вар’яцтва, я адчуваю сябе не старэйшым і дарослым, але тупым немаўлём-пераросткам, бо як магчыма патлумачыць дзіцёнку, навошта вецер дзьме і адкуль ён бярэцца… альбо чаму гэта ў сабачкі хвост ходзіць у розныя бакі, і што такое хвост, бо калі ты адкажаш яму, што сабачка такім сынам радуецца, ты проста не прабачыш гэтага сабе, энцыкляпэдысту грэбанаму…
сьветаўспрыманьне
творчасьць – рэч адносная і мае процьму тлумачэньняў, бо для кожнага займацца творчасьцю – гэта па-рознаму, і на зямлі не існуе двух творцаў, якія б аднолькава падыходзілі да сваёй справы. так, мачыма займацца эпігонствам, магчыма адкрыта й нахабна красьці, магчыма самому ствараць ад пачатку новае, але ўсё гэта ёсьць адзіны мэтатэкст (калі гэта датычна літаратуры) альбо адзіная карціна, да якой кожны мастак малюе сваё і дадае да агульнага палатна. я лічу, што ў сьвеце, у сусьвеце, як зьяве цэласнай, непадзеленай й цэнтраванай паўсюль і адначасова бяз межаў і краёў, у сусьвеце, дзе Бог – гэта сфэра космасу, існуе адна вялікая паэма, адзін вялікі раман, адна вялікая карціна, і кожны творца, па-рознаму ўспрымаючы сусьвет, падыходзячы да яго адкрыцьця з розных бакоў: хто карыстаецца наркотыкамі, хто натхняецца каханьнем і прыгажосьцю, хто атрымлівае сваю музу праз сэкс, але ўсе паўсюль і ва ўсе часы, кожны творца стварае тое, што ўжо было прапісаным ад стварэньня космасу. проста творцы маюць жаданьне й часам магчымасьць зазірнуць у нэтры й адтуль на паверхню дастаць колькі радкоў, колькі кніг, якія яны прапускаюць праз сваё сьветаўспрыманьне й адчуваньне і пераносяць на паперу альбо палатно. і, такім чынам, мы лёгка можам сьцьвярджаць, што сапраўдны мастак, пісьменьнік – звышчуйны да асяродзьдзя, і ён праз гэта пакутуе, і яго абавязкова трэба падтрымліваць, бо гэта ня шахты даўбіць і не машыны зьбіраць, гэта неверагодна й невыносна і часта можа давесьці да вар’яцтва, але мне здаецца, што вар’яцтва – гэта ня самае кепскае выйсьце.
граблі
няма нічога больш нязграбнага й недарэчнага, ніж мянушка ў беларусаў, я ненавіджу слова бульбаш, мяне ад яго калоціць, гэта нейкая лухта! хто яшчэ прыдумаў нашую краіну называць бульбашляндыя, у нас ня так шмат бульбы расьце, і мы не ўжываем яе паўсюль і ў вялікай колькасьці, і нават дранікі першымі пачалі гатаваць немцы, і ўвогуле, нашая краіна мне бачыцца хлебнаю, самай сапраўднай хлебнай краінаю… а вось гэтая бульбяная тэма, навязаная нам ад самага пачатку… і нават напружвацца ня трэба, бо яшчэ мая прабабуля казала, што беларус – пшанічны вус, толькі такі беларус самы сапраўдны!
а што яшчэ за шалёная харакатрыстыка для нацыі – талерантная… мы што, тут у кожнай сям’і песьцім дзяцей з Этыёпіі? наладжваем місыянэрскую дапамогу? даём правы геям і лесбіянкам? абараняем хатніх жывёл ад вар’ятаў? падтрымліваем дзіцячыя дамы? талерантна ставімся да сусьветных рэлігій?
здаецца мне, што мы ні на адно з гэтых пытаньняў ня зможам адказаць, бо мы бульбашы, зь цьвёрдым знакам на канцы!
электрамагніт
у Ляксея было дзіўнае электрамагнітнае поле… ён ня мог хадзіць у крамы, бо паўсюль на ўваходах яго пераправяралі, прымушалі здымаць усё, што можа даваць сыгнал, і прасілі паказаць торбу й заплечнік, бо ўсе ўстаноўкі супраць крадзяжоў пікалі й зьвінелі адразу, як толькі Ляксей праходзіў празь іх!
спачатку Ляксей крыўдаваў і яму было заўсёды сорамна, што яго штораз турбуюць, падазраюць, а гэтыя турнікеты пішчаць. у яго не было ніякага мэталу ў арганізьме, яго аўра была выкшталцонаю, бо гадалка так сказала… але аднойчы, калі ён нарэшце пагугліў сістэму па абароне спажывецкага тавару ў крамах і гіпрмаркетах, ён зразумеў, што ён электранамагнічаны, незвычайны і, калі б жыў раней, працаваў бы ў цырку, калі б тады ведалі пра электрамагнітныя палі… але цяпер гэта ўжо нікому не цікава, нават не запосьціш на ютуб, не супадаюць інтарэсы карыстальнікаў…