вось жыве тут мужчына… і ўсё жыцьцё ён пражыў роўна, спакойна, як яму падабалася, гадаваў дзяцей, саджаў дрэвы, вырошчваў бульбу… пагрукаліся тут у дзьверы шэсьцьдзясят год, і раптам ён паглядзеў навокал і заўважыў такую дзіўную рэч, што жыцьцё сваё ён жыве толькі аднойчы і нават не заўважыў, што яно вельмі хутка праляцела, і вось ён ізноў самотны, як гэта і было зь ім у юнацтве, калі ён пакінуў бацькоў і перасяліўся ў іншы горад, вучыцца, працаваць і дасьледаваць адзіноту, паступова сталеючы… і вось 60 год… а ён так і не навучыўся танчыць факстрот і так і не даведаўся, што гэта такое – сушы… і процьму ўсяго ён узгадаў, і захацелася яму ў падарожжа, бо што яшчэ рабіць у сталым узросьце, паглядзеў навокал, адзначыў, што адной валізы будзе дастаткова, знайшоў пашпарт, выйшаў на двор, аглядзеўся яшчэ раз навокал, гэтым разам ужо вонкі, і тут раптам заўважыў, што ён жа ў Беларусі і ягонай пэнсіі дакладна ня хопіць на падарожжы, нават на адно падарожжа, і засумаваў мужчына, сеў на валізу і пачаў сябе суцяшаць, кажучы, што не ягоная віна, што ён нарадзіўся тут, гэтае выпрабаваньне для чагосьці ёсьць у ягоным жыцьці… што паробіш, трэба змагацца, грошай трэба назьбіраць цяпер хаця б на гарнітур новы і на труну, бо сьмерць сядзіць на ганку, ужо чакае… а з гэтымі грашыма асабліва няма на каго спадзявацца… і мужчына вярнуўся ў хату, супакоены, што ў жыцьці ён зрабіў усё магчымае, а тое, што засталося нязробленым, залежыць ужо не ад яго, і няхай гараць сінім полымем тыя сушы, а факстрот ён спакойна заменіць на вальс у мясцовым доме культуры…
словы
Міхасю ў жыцьці не хапала лічбаў і словаў, ён лічыў, што дваццаць тысяч – гэта ня толькі зашмат літар, але й розныя рэчы, калі вядзецца гутарка пра 20 000 кілямэтраў і 20 000 кветак, і таму ён на ўсе лічбы прыдумляў словы, так у яго 10 кілямэтраў у гадзіну – гэта было слова «кубак», а калі ён распавядаў, што зараз надвор’е +10 – гэта азначала «кіт высах»… Міхась усё запамінаў, нічога ніколі не запісваў, і лічбы ў ягонай галаве павялічваліся ў колькасьці, іх станавілася вельмі шмат, таму Міхась стараўся менш разважаць і трымаць як мага меней непатрэбнай інфармацыі ў галаве. фільмы ён глядзеў, як і кнігі, якія чытаў, – праходзячы празь іх і выдаткоўваючы роўна дзесяць хвілін на тое, каб паразважаць, што прачытаў альбо паглядзеў… потым Міхась заўважыў, што ў прыродзе, як і ў горадзе, не стае словаў, якія б цалкам натуральна й дасканала характарызавалі тое ці іншае аблічча, выгляд, краявід, бо гэта як у імпрэсіяністаў, адно і тое ж поле ў розныя часы зусім не аднолькавае, альбо твар чалавека ў профіль і анфас вельмі адрозныя і гэта ўжо розныя людзі… так Міхась пачаў прыдумляць новыя словы для ўсяго, што назіраў і бачыў… і ў рэшце рэшт ён прыйшоў да такога выніку, што ў сваёй галаве ўтрымліваў толькі свой уласны слоўнік і размаўляў такім чынам, што яго разумеў толькі ягоны сабака й хатні хамячок… грамадзтва паставіла яму аўтызм, інваліднасьць і выпісала невялічкую пэнсію ў той самы час, калі Міхась амаль дакрочыў да мяжы ўласнай гармоніі з асяродзьдзем, бо быў здольным растлумачыць усё на сьвеце – яму хапала словаў.
хвароба
любая хвароба набліжае нас да сьмерці. гэта сказаў Ёзэф Рот. я гляджу на гэты тэзіс па-іншаму і лічу, што кожная хвароба для нас ёсьць выпрабаваньнем нашай сутнасьці. хвароба альбо ламае чалавека, альбо надае яму моцы й вучыць глядзець на сьвет вачыма, на якія быццам бы надзелі акуляры з патрэбнымі дыёптрыямі: сьвет набліжаецца да нас, і праз кожную павялічаную рэч мы можам бачыць саміх сябе. я шукаю новых мэтадаў дасьледаваньня космасу. праз Кастанэду я ведаю, якая менавіта трава – мая… празь Біблію я вучуся разумець, што сьвет абсурдны, жорсткі й мае ў сабе падмурак бессэнсоўнага існаваньня дзеля Госпада… празь Ніцшэ я вучуся на сьвет глядзець як нігіліст, і мне шмат чаго хацелася б зруйнаваць… праз хваробы, нават праз звычайную прастуду, я набліжаюся да стану анабіёзу, і ў гэтым стане я здольны ўсё бачыць і адчуваць вастрэй… няхай ты кашляеш, і тэмпература павышаная, але ты толькі заплюшчы вочы, і пачынай разглядаць калейдаскоп камунікацый рэчаў і прыроды ў прасторы. я ня буду набліжацца да сьмерці, я лепей патану ўва ўласным сьвядомым, якое, як мёд з водарам рамонкаў, сьцякае па маёй скуры.
чалавек-павук
чалавек-павук жыў на восьмым паверсе, і не было ў яго сяброў, і не было ў яго сваякоў, і не было бацькоў, бо ён іх зьеў адразу нарадзіўшыся. чалавекпавук баяўся гораду, баяўся дамоў, баяўся сьветлага надор’я, і яму не падабалася сонца.
бацькі нават не пасьпелі пашкадаваць аб нараджэньні сына-павучка, як ён, спрытна аплёўшы іх павуціньнем, закансэрваваў целы і, да паўналецьця, па невялічкіх порцыях высмоткваў зь целаў кансэрвант, летам ловячы мух і матылькоў, зімовымі доўгімі вечарамі ловячы мышанят.
чалавек-павук цалкам супярэчыў усім іншым уяўленьням пра чалавекаў-павукоў: ён ня мог спрытна лётаць за кошт павуціньня, у яго не было гумовага адзеньня і не было маскі. цела ягонае было звычайным, як у людзей, толькі на галаве замест чалавечага твару быў твар павука, зь вялікай колькасьцю вочак і дзіўнай сківіцай.
чалавек-павук быў вялікім аматарам спайдэрмэна і марыў ратаваць сьвет ад небясьпекі, але чалавек-павук вельмі баяўся выходзіць вонкі, і прыйшлі спэцыяльныя органы аховы й улады, каб выгнаць злоснага неплацельшчыка з кватэры, яго схапілі й адвезьлі ў інстытут дасьледаваньняў біялягічных формаў, але чалавек-павук здолеў зьбегчы акурат перад дзьвярыма інстытута… і больш яго ня бачылі…
вусьціш
Гэня баяўся вады й захлынуўся на возеры, яго доўга ўгаворвалі даплысьці да буйкоў, Ёдзя баялася бегаць, і, калі пераходзіла праз дарогу, на яе наехала машына, якая кляксоніла, той каб хутчэй перабегла, бо тармазны шлях перавышаў усе магчымыя мэтры, Вэня баяўся холаду і памёр ад перагрэву на сонцы, Коля заўсёды з вусьцішу глядзеў у цемру і, аднойчы ўключыўшы сьвятло, згарэў у старым доме – праводка заіскрыла хутка, бліскуча й няўмольна, Воля баялася, калі яе казыталі за пяткі, і аднойчы яна гульліва сьмяялася, яе казыталі, яна сьмяялася, пакуль ня ўпала з ложка.
але трэба дадаць, што ўсе яны пакінулі гэты сьвет праз тое, што не баяліся злоўжываць магічнай вадкасьцю.
скакалка
я ў жыцьці ніколі ня скокаў праз скакалку, але з маленства быў шчыльна зь ёю зьвязаны, бо мая бабуля вельмі любіла карыстацца гэтым гумова-плястыкавым матузком з любой нагоды.
па маёй жопцы скакалка пляскала па-заліхвацку, напрыклад, за тое, што выйшаў на двор бяз коўдры ўзімку, калі прыяжджала маці й пакідала мяне на канікулы, альбо скакалка пякла пятую кропку ўлетку, за тое, што зьеў маліну на варэньне…
дзеда скакалка перацінала па сьпіне, кранаючы кожны пазванок, за тое, што прыходзіў п’яны, за тое, што камусьці там печ паставіў, а грошы данёс толькі на два боханы хлебу, за тое, што гутарыў з суседкаю й усьміхаўся, за тое, што, замест таго каб ісьці ўвечары зачыняць козачак, сядзеў на ганку й люльку курыў. і я шкадаваў дзеда болей, ніж сябе, бо яму даставалася кожны дзень, і нават не аднойчы на дзень. скакалка весела скокала па кожнай істоце, якая жыла ў доме і ў двары, нават аднойчы трапіла па плячох паштальёну, за тое, што прынёс ліст ад гарвыканкаму толькі праз два дні.
скакалка добра адлупцавала Тузіка, які пайшоў па грыбы разам з гаспадыняю й зьбег на цэлы дзень.
і па вяртаньні яго лупцавалі, а потым Тузік сядзеў на ланцугу месяц, і, калі нарэшце атрымаў свабоду, бо бабці трэба было ісьці ў лес, ён зьбег.
скакалка ніколі не была для мяне прадметам гульні, альбо сымбалем шчасьця, таму, напэўна, я й фізычна ў дзяцінстве разьвіваўся па-іншаму: усе сябры мужнелі, а я заставаўся дохлым, не любіў скокаць, бегаць і гуляцца ў мяч, бо пятая кропка балела, і я ўвогуле знаходзіў шчасьце ў назіраньні за кузюркамі і ўва ўласных марах, чытаў «Палескіх рабінзонаў» і «Тарзана»…
скакалка й па гэты час вісіць у закінутай частцы хлява, акурат на цьвіку, на якім раней вісела старое кола ад ровара, і я на яе гляджу з далёкага дзяцінства і разумею, што ніколі ня буду скокаць праз яе, нават калі стану старым і забудуся на ўсе ўспаміны.
торба
у майго дзеда ніколі не было прыстойнай торбы, бо альбо ён хадзіў у краму з сеткай, альбо з пакетам ручнога вырабу, хэнд-мэйд ад бабулі: торба, сшытая з пакетаў з-пад малака.
сказаць, што я саромеўся хадзіць зь дзедам у краму, гэта значыцца ніяк не адлюстраваць усяго таго жаху, у які я часам трапляў.
мне ўвогуле было сорамна за дзеда… ён прыяжджаў да нас у горад, сядзеў каля пад’езда, курыў астру альбо люльку, пах стаяў непрыемны… дый размаўляў ён неяк шчарбата й гэкаў і ўсьміхаўся адным пярэднім зубам!
калі яго ня стала, я захаваў усе рэчы, якія адлюстроўвалі мне яго: наручныя гадзіньнікі з часоў нейкай заімшэлай вайны, чырвоная расчоска, якой ён любіў зачэсваць валасы назад, асабліва калі куды зьбіраўся, ванючы мунштук, люлька і недакураны пачак астры, і тая самая торба, сшытая з пакетаў ад малака… і гляджу я на гэтую торбу, якая часта трапляецца мне на вочы ў тэчцы пісьмовага стала, і плакаць хочацца, бо гэтая рэч для мяне цяпер – самая каштоўная.
люстэркі
у адным далёкім мястэчку жыхары перасталі хадзіць у царкву, закінулі гэтую справу, бо начыталіся стоікаў. іншага ў бібліятэцы не было, і аўталаўка толькі па выходных прыяжджала, ды паштарка прыносіла падпіску на грэбаную «сб» толькі самай заможнай сям’і, карацей – ізаляцыя. і ўсё жыхарам цяпер падавалася штучным, і нішто іх ня радавала, і верылі цяпер яны, што жыцьцё доўжыцца й вяртаецца зваротна, і ўсё можа адбывацца шматкроць. і сэнс існаваньня згубіўся, і ніхто не трываў болей ніякіх смі, ніякіх укладаў жыцьця…
ня ведаў, што рабіць з прыхаджанамі, сьвятар, ажно пакуль аднойчы не надарылася выпадковасьць, якая перакуліла ўвесь сьвет.
у царкве каля іконы хтосьці паставіў люстэрка… завітала адна самотная прыхаджанка і памалілася перад люстэркам. потым завіталі яе сяброўкі, бо тая распавяла пра цуд, што быццам бы пасьля малітвы перад люстэркам як наноў нараджаесься.