у жыцьці заўсёды ёсьць месца сэксуальнаму скрыўленьню, дастаткова толькі пагугліць: мастурбацыя з мухамі, мастурбацыя рыбамі, мастурбацыя кухоннымі прыладамі, бананамі й агуркамі, ссакі, кал, группавуха, buckkake…
на дадзены момант мяне вельмі цікавяць такія рэчы, і я вырашыў прайсьці праз гэта, заняцца сваёй асабістай псыхатэрапіяй, бо пісьмо мяне выратоўвала не аднойчы і, калі б я не пісаў, – хварэў бы не на адну загадкавую хрэнь у галаве.
я не хачу паказваць бруд дзеля шоку й бруду, мастацтва перапоўзненае лайном, і тым болей, што сродкамі кітча й шоку карыстаюцца толькі няўдалыя майстры. я ў сваю чаргу хачу дасьледаваць, спасьцігнуць і падаць чалавечае жаданьне смактаць абцас падчас зьбіцьця плёткаю як акт самарэалізацыі, пошуку свайго ўнутранага д’ябла, як рэч, якая павінна быць агучанаю, але не павінна выглядаць як табу, забарона. ёсьць час і сэнс вызваляцца і не ганарыцца сваімі скрыўленьнямі і не імкнуцца з гэтага зрабіць падзею, альбо «парад», альбо няголеным высоўвацца на Эўрабачаньне, але пачаць з гэтым жыць, нармальна, бяз жаху і без залішняга гонару.
пішу раман, назва яго «Ружова-пэрсікавае сочыва». раман – алюзія на так званыя сучасныя выхаваўчыя раманы: «Бляшаны барабан», «Тоўсты сшытак», «Валадар мух»… ёсьць вялікае жаданьне прааналізаваць і паглыбіцца ў сэксуальны пачатак чалавека і ягоныя скрыўленьні… раман пачынаю паводле клясычных правілаў пабудовы, дзе павінны быць прапісаныя тры пакаленьні, так бы мовіць – дыялёг розных узростаў, іх сінтэз. апавяданьне вядзецца ад першай асобы, і чытач адразу трапляе ў хату, дзе бабуля варыць ружовае варэньне… паступова ўводжу ўнука – галоўнага пэрсанажа, які зь дзяцінства праз сваю зацікаўленасьць пачынае адкрываць сьвет эротыкі, сэксу, мастурбацыі.
воцат
калі памыць галаву вадою з воцатам, не патрэбны будзе бальзам-кандыцыянэр. калі воцат дадаць у боршч, суп будзе нашмат смачнейшым. дадаць воцат у салату з капусты і яшчэ цукру – і капуста стане прыўкраснай.
воцатам мой бацька труціўся, бо хацеў скончыць сваё жыцьцё, калі маці ад яго сышла. пах стаяў гостры, канцэнтраваны. я яго знайшоў у пакоі. хуткая зрабіла тры прамываньні страўніка, пазначыла яго як небясьпечнага і даслала ліст аб спробе суіцыду на працу.
воцат дадаюць у марынад…
воцатам я ў дзяцінстве чысьціў гільзы, значакі й вайсковую каску – усе рэчы я шукаў па лясох і асабліва вывучаў праз ваенныя дзеньні месцы бітваў. мой дзядзька такім чынам адшукаў кулямёт «Максім», патрымаў яго ў канцэнтраваным воцаце і прадаў калекцыянэру за вялікія грошы.
мая вар’яцкая настаўніца па матэматыцы бутэлькамі піла яблычны воцат, бо марыла пахуднець – але толькі дурнела.
мне асабіста воцат падабаецца, калі яго выкарыстоўваюць, каб гасіць цеста.
асобы
у маім целе знаходзіцца некалькі чалавек. і тут гутарка не ідзе пра д’яблаў альбо прывідаў, духаў і іншае. я сябе сапраўды лёгка падзяляю як мінімум на два. ёсьць «Я», які сам па сабе даволі ўпарты, настойлівы й штохвіліны спрабуе штосьці адшукаць, напісаць, вынайсьці ровар альбо ад пачатку прыдумаць сьвятло. і ёсьць «Я», які зусім ня хоча нікуды імкнуцца, які мае процьму комплексаў і фобій, баіцца, каб ацэньвалі яго творчасьць, не жадае мець зносінаў ні з кім, акрамя як жанчын. і я ўспрымаю іх паасобку, і яны маюць свае імёны, характары й жыцьці і зьяўляюцца ўва мне часам як па раскладзе альбо пад настрой, але бывае так, што я падыходжу да нейкіх пагранічных абставінаў і зьяўляецца той «Я», якога я не чакаў. і здараецца так, што я доўга жыву з кімсьці зь іх асобна, прызвычваюся да яго, і раптам прачынаюся іншым, і тут патрэбна колькі часу, каб абвыкнуць, прыйсьці ў належны стан. пакуль што я не магу сказаць, кім мне больш падабаецца быць, ведаю дакладна, што жанчынам падабаецца той «Я», які няўпэўнены, рамантычны, але ёсьць у мяне Люба, якая закаханая толькі ў мяне, які жорсткі, крытычны й заўсёды спрабуе штосьці прыдумаць, напісаць. мяне абодва цікавяць, але адначсова я разумею, што хутка паўстане выбар, а можа і не.
зубы
мае зубы – плён жыцьця ў маладосьці!
мне вельмі часта сьняцца зубы, і на гэты конт хто што толькі ні кажа: сьмерць альбо жудасная хвароба тваіх родных ці сваякоў; грошы – будзе процьма грошай; сэкс – калі зубы белыя – будзе шчырае каханьне, калі не – хтосьці цябе ненавідзіць… але я заўсёды да зубоў стаўлюся абыякава, я ўвогуле зубы не шкадую, адчыняю імі піва, грызу цьвёрдыя «кірыешкі». адзін мой зуб ня мой, але зроблены з цэмэнту, другі мой зуб амаль не трымаецца ў дзяснах, і, калі мне сумна, нудна, я языком яго штурхаю – наперад, назад. трэці мой зуб чорны, і даўно прыйшоў час, каб яго вырваць і пахаваць. мой чацьверты зуб – крывы, але крывы прыгожа, я празь яго магу пляваць далёка. мае пяты й шосты зубы як па дамове шчыльна прыціснутыя адзін да аднаго, а сёмы зуб залёг глыбока ў дзясьне й не жадае вылазіць.
з такою кампаніяй у роце, вядома, я бачу дзіўныя зубныя сьненьні, але што паробіш, да стаматоляга я ніколі не пайду і суцяшаю сябе тым, што мне сьняцца зубы, бо мяне чакаюць каханьні, стаяць у чарзе і грукаюцца ў дзьверы сэрца.
што датычна камунікацыі зь людзьмі, бо ў прыродзе, дакладней, народзе прынята часта паказваць свае разцы й клыкі праз усьмешкі, выстаўляючы свае каштоўнасьці, у добрым яны стане ці благім, каб паказаць, што гэта шчыра сьмешна і нам прыемна.
але я даўно навучыўся ўсьміхацца такім чынам, што расьцягваюцца ў белыя стрункі толькі вусны.
прастора
у сьвеце засталося вельмі мала прасторы, людзі множацца – і лягчэй нікому не становіцца, мы запаўняем кожны сантымэтар зямлі сваёй наяўнасьцю. і гэта адчуваецца паўсюль: маленькія кватэры, двары ў раёнах мізэрныя, людзі ўсюды кідаюць свае машыны, паркуюць іх на кустах, паркуюць іх на дзіцячых пляцоўках і пакідаюць пасьля сябе мазутныя й алейныя лужыны, і адначасова кожны патрабуе зьбіраць за сваім сабачкам лайно, калі кожны завод вылівае выпрацаванага сьмецьця мільярды тонаў. кожны хоча жыць як мага вальней, і адначасова скаваны ланцугамі вячэрніх ток-шоў і сэрыялаў. кожны настойвае на роўных правах і адначасова гадзіць свайму суседу – выкідае сьмецьце мінаючы сьметніцу. кожнаму патрэбны спакой, але кожны слухае ў сваёй кватэры музыку так, быццам бы ён жыве на сялібе і бліжэйшыя кілямэтры нікога, акрамя ваўкоў і прыблуднага мядзьведзя. у мэгаполісах будуюць жытло адно на адным, пакоі памяншаюць, каб як мага болей людзей засяліць. паўсюль у невялікіх краінах падтрымліваюць шматдзетныя сем’і, а ў вялікіх краінах падтрымліваюць шматдзетныя Нацыянальныя сем’і, і толькі кітай адразае яйцы тым свавольнікам, якія дадумваюцца ў і так перанаселенай краіне рабіць другога дзіцёнка. нас цяпер столькі, што якасьць даўно згубілася, бо раней на тысячу чалавек прыходзіўся свой дзясятак князёў, музыкаў, паэтаў і мастакоў, цяпер на мільён жыхароў – палова творчага гуманітарыя, якая нічога ня здольная вынайсьці, акрамя як заняцца канцэптуальнасьцю, ня ведаючы нават, што гэта, дык няхай займаюцца, ім нічога не пагражае, толькі тупое мычаньне. я не разумею, адкуль у чалавецтва столькі імпэту множыцца й брудзіць навакольле, зьнішчаць прыроду, калі было б нашмат лягічней агледзецца і пачаць вучыцца жыць, як астатнія стварэньні, – у гармоніі і ў нармальных стасунках з кожным, і можа нават замест таго, каб валіць старыя лясы, пасадзіць іх яшчэ болей і жыць сярод неверагодна прыгожых паркаў і алеяў і займацца бегам, плаваньнем, паставіць свае аўтамабілі на вадарод, а лепей у гараж, сесьці на электрычны ровар і гнаць сабе на працу, альбо на спатканьне. разгрузіць і так непатрэбныя аўтабаны, застаўленыя фурамі, якія займаюцца дастаўкаю чарговай жратвы, мэблі, будматэр’ялаў у бістро, салёны й гіпэрмаркеты, якія збольшага вельмі неадназначна й сумна завуцца «прасторамі».
жахі
у дзяцінстве я быў вельмі ўражлівым дзіцёнкам, настолькі, што гатовы быў трываць да раніцы, але ў прыбіральню адзін ніколі не хадзіў, звычайна прачынаўся а трэцяй гадзіне, мачавы пухір вось-вось лопне, ляжу, трываю, бо пакуль яшчэ ня надта хочацца клікаць маму. такія хвіліны для мяне былі сапраўды перапоўненымі ня толькі вадкасьцю, але й жахамі. гляджу на вакно, якое хаваецца за шторамі, – жах несусьветны, блакітнае сьвятло, цені носяцца, а калі фортка расчыненая – варожыя гукі паўсюль. я сабе кажу: «ты дарослы, ня будзь нюняй, гэта ўсяго толькі цені ад дрэваў, напрыклад, як ты зможаш спадабацца аднаклясьніцы Вераніцы, калі сам ня здольны сябе абараніць і палюбіць». сорамна было, але мозг ужо ўключыўся ў гульню жахалак і я апантана пачынаў уяўляць істотаў, якія жывуць пад маім ложкам, і што калі я зараз апушчу ногі долу, жудасныя рукі з кіпцюрамі схопяць мяне за ногі і павалакуць у самую чорную цемру. я пачынаў енчыць, сьвятло ўключалася на адлегласьці ад ложку ў тры крокі пешшу, бацькі вырашылі паставіць таршэр у тым куце, дзе прыгажэй і дзе стаіць мой пісьмовы стол. я пачынаў крычаць: «мама! ма-а-а-а-а-а-а-а-ма!»
прыходзіла мама, палохаючы мяне, бо адчыняла дзверы ў пакой, апранутая ў доўгую, у самую падлогу, белую піжаму, мама-прывід уключала сьвятло, і я куляй нёсься ў прыбіральню. журчэў там зь вялікай палёгкай добрыя дзесяць хвілін.
цяпер мне трыццаць тры, і амаль нічога не зьмянілася. калі я прачынаюся пасьля вячэрняга піва альбо сідра а чацьвёртай ночы і побач са мною Люба, я прашу яе ўключыць сьвятло і мы разам ідзем у прыбіральню, а калі я сплю адзін, я сьвятло ўвогуле не выключаю.
былі і такія выпадкі, калі сьвятло вырубалася па ўсім доме, і гэта была вусьціш, я сапраўды панікаваў. і самае жахлівае, што магу ўзгадаць, гэта калі я два гады таму, ноччу, разам зь сябрам глядзеў японскі фільм «Праклён»: жанчына зь перавернутаю галавою ходзіць, як павук, па лесьвіцы, белы дзіцёнак стаіць у цемры і гук «ээээээээээээыыыыы» чуецца ўжо не ў тэлевізары, а паўсюль… і хлоп – вырубіла сьвятло! я крычаў, мой сябра – таксама! уявіце: сяліба, навокал бліжэйшыя некалькі кілямэтраў нікога, праз суседняе поле – лес… як мы панікавалі, як крычалі… сёньня вельмі дурное сьвята – дзень усіх сьвятых, мерцьвякоў і бла-бла-бла… усім сьмешна, але сьмешна толькі тым, хто ніколі не сутыкаўся з сапраўдным, невядомым, містычным і ўсюдыісным жахам і вусьцішшу падсьвядомага.
і пакуль што магчыма гуляцца ўва ўсе гэтыя паганскія сьвяты, апранаць касьцюмы ваўкалакаў, вампіраў і злыдняў, спрабаваць лётаць на мётлах, але калі аднойчы, раптам, ноччу, вы прачнецеся самотным, і навокал густая, плотная цемра, а з вакна ліецца халоднае сьвятло, і на падваконьні сядзіць шалёны хатнік, і вочы яго блішчаць зялёным, і ён вам усьміхаецца чырвонаю ўсьмешкаю, будзе ўжо не да прыбіральні і думак, як уключыць сьвятло, вы будзеце проста ляжаць у ложку, нацягнуўшы коўдру па самае падбародзьдзе, і крычаць як ніколі ў сваім жыцьці.
цудоўнага ўсім сну ў гэтую ноч, калі нашыя далёкія продкі распальвалі вогнішчы й кідалі ў языкі полымяў вядзьмарак, і калі тыя паміралі, на іхных вуснах былі ўсьмешкі шчасьця, бо яны ведалі, што праз вагонь вернуцца зваротна, каб зжэрці ўвесь наш род.
форма
форма – гэта зло, любая форма, пачынаючы ад гарнітура й заканчваючы прыкідам мэталіста, – гэта прыналежнасьць да той ці іншай субкультуры й сацыяльнага стану. у гэтым ёсьць сэнс толькі дзеля таго, каб па зьнешнасьці даведвацца пра чалавека, але гэта можа засмуціць, напрыклад, чалавека беднага, бо ён лёгка апазнаецца. зь іншага боку, у Эўропе альбо ЗША даведацца пра сацыяльны стан чалавека складаней за кошт таннай адзежы й моды апранацца як хочаш, сэканд-хэнду й магчымасьці карыстацца сучаснай тэхнікай. зьяўляецца іншы сэнс выглядаць так ці інакш, падкрэсьліваючы, да якой субальбо контркультуры ты далучаны. я заўсёды цаніў людзей, якія зусім не імкнуцца быць падобнымі альбо далучанымі да чагосьці.