часам прыяжджае ў Менск мужчына, ён француз, сам выглядае як… нават ня ведаю, з чым ці кім параўнаць, выглядае ён такім чынам: старая байкавая кашуля, паламаныя акуляры, джынсы зьвісаюць і на самых ботах ззаду стаптаныя падэшвамі. неахайны, нястрыжаны, часта няголены, на такога глядзіш – і сам у сябе пытаесься: «як гэты замежнік трапіў у Беларусь, як грошай хапіла? што, за мяжой жывуць бедныя людзі, але ім хапае грошай падарожнічаць?!» насамрэч гэты француз вельмі і вельмі багаты, я зь ім пазнаёміўся чатыры гады таму, выпадкова, у бары, і потым паўночы зь ім гуляў па горадзе, паказваў мясцовасьці і цікавосткі, хадзіў зь ім побач і думаў, што мне давядзецца везьці яго на таксоўцы і ці ёсьць у яго грошы хаця б палову дарогі аплаціць? але француз сам прапанаваў паехаць да яго на здымную кватэру, адпачнуць, а на наступны дзень, у нядзелю, – апахмяліцца ў суседнім з домам бары. я пагадзіўся, ён пазваніў камусьці, дастаўшы самы старажытны тэлефон з тэлефонаў, якія я бачыў за сваё жыцьцё. і празь пяць хвілін да нас пад’ехаў ламбарджыні д’ябла залатога колеру, з машыны выйшаў мужчына, перадаў французу ключы, а сам сеў у джып, які спыніўся побач з ламбарджыні. я быў шакаваны, адняло мову. француз сказаў, што ня хоча, каб хтосьці ведаў, што ён багаты, гэта небясьпечна, тым болей у Менску, дзе ён любіць тусавацца і знаёміцца з прыгожымі дзяўчынамі, якія, дарэчы, могуць лёгка прыехаць, ён толькі набярэ колькі нумароў. і я сказаў, каб званіў…
ёсьць у мяне былы аднаклясьнік – хлопец з маладосьці старанна дагледжаны, выкшталцоны, манікюр, пэдыкюр, сьвежая фрызура, гарнітур чорны, кашуля белая, гальштук, заколкі на гальштуку, паліто… лякаваныя чаравікі. хлопец, а цяпер ужо малады мужчына, выглядае на першы погляд як пасьпяховы прадпрымальнік, але толькі на першы погляд. прыглядаесься і разумееш: гарнітур з гуму, кашуля з цуму, чаравікі – белвест… а калі ўжо ён пачне з табою гутарыць, не адвяжасься і далучысься да яго фінансавай піраміды, запоўніш анкеты й заплоціш грошы, абы толькі… вось так ён працуе ўжо шмат год, з мозгам, які быў старанна й вельмі акуратна згвалтаваны: вам патрэбна выглядаць багата, і вы будзеце багатымі, прайдзіцеся па крамах і запішыце кошты ўсяго, што вас прываблівае і чым вы хочаце валодаць, пастаўце сабе гэта за мэту й пачніце зьбіраць чальцоў сваёй піраміды, і вы будзеце шчасьлівы і багаты… шмат чаго хлопцу наабяцалі, але ён і па гэты час нейкі нешчасьлівы й небагаты, але сярод мясцовых – знакамітасьць, прабіўся ў горадзе – апранаецца вунь як!
выходныя
выходныя – гэта суцэльнае вар’яцтва. выходныя прыдумалі, каб стамляцца ад адпачынку… у мяне такі лад жыцьця – калі статычных і пэрманэнтных выходных няма, але праз стасункі зь сябрамі я часам адчуваю, што субота і пятніца надыходзяць, як адзін шалёны, вольны ад усялякіх межаў час, які прымушае цябе быць адначасова рахманым, п’яным і бязмозглым. я памятаю, была лагодная пятніца… і цяпер вось я сяджу ў адных майтках на зэдліку на кухні, чакаю каву ў турцы і разумею, што ўжо раніца нядзелі. Гамлет сядзіць у куце і глядзіць на мяне такімі асуджальнымі вачыма, быццам бы я яму на п’яную галаву наабяцаў «карыбаў», а сам прачнуўся і толькі лістом капусным яго ўшанаваў.
ну што ж, я ведаю, жыцьцё ня мусіць мінаць празь мяне, інакш я не пасьпею адчуць яго, але адначасова я ведаю, што ўчора я пажыў, і пра гэта сьведчаць дзясятак фатаздымкаў на мабільным і два відэазапісы на вэб камэры на кампутары. і, што прыкметна, я прачнуўся ў сваёй хаце, і гэтаму факту вельмі рады, і кранула сэрца тое, што я прачнуўся распрануты, а гэта сьведчыць аб тым, што мае сябры пра мяне паклапаціліся, і толькі ўваходныя дзьверы забыліся зачыніць. і на ганку хтосьці з хлопцаў пакінуў колькі порцый ванітаў.
але чаму я так рана сяджу й пішу? таму што я – клясычны алькаголік, які прачынаецца вельмі рана і гатовы ізноў «папраўляць» здароўе, але я гэтага ня буду рабіць, я буду піць каву, сядзець разам з Карнэлем на дажджлівым двары, мокнуць і разважаць пра тое, што было б някепска пачаць рыхтаваць дошкі для новай альтанкі, якую я пастаўлю акурат пад дубам вясною.
пах
няма нічога больш дзіўнага і шматцытатнага для нас, як пахі… напрыклад, у мяне бывае канцэнтравана пахнуць ногі, і гэты пах самому сабе я магу прабачыць, ён не падаецца мне невыносным, але я ненавіджу, калі ў маіх сяброў пахнуць ногі, я іх за гэта гатовы выгнаць з дому адразу!
у мяне была дзяўчына, пах якой мяне раздражняў, яна сама па сабе пахла сумесьсю ваніліну й карыцы, але гэта перамешвалася з потам (і ня трэба мне тут казаць, што дзяўчыны не патнеюць). большасьць маіх прыўкрасных каханак заўсёды былі смачнымі, а вось адна зь іх – не. быў такі выпадак, калі мне вельмі не падабаўся пах похвы, і было аднойчы, калі мая каханка пахла далёёёёка ня кветкамі, але я звычайна такія рэчы трываў, асабліва калі быў у стане ўзбуджэньня, і толькі тая мая сяброўка, зь якою я пражыў паўгады, заўсёды была такою далікатнаю, ласкаваю й чыстаю, але пах ад яе мяне зусім не прывабліваў.
год я жыў зь дзяўчынаю, якая была вегетарыянкаю і мела неверагодна прыгожую форму грудзей – казка… але ў яе заўсёды кепска пахла з роту, пахла страўнікам, мне здаецца, у яе быў гастрыт…
ёсьць пахі сыроў, якія я неверагодна люблю, і ёсьць пах тых жа глядыёлусаў, які я не разумею.
мне вельмі падабаецца пах мэтро ў Менску: сьвежы, электрычны.
пах маіх ног падабаецца майму сабаку, але чаму прырода існуе такім чынам, што мне заўсёды даводзіцца мыць ногі дадаткова ўвечары?
стомленасьць
самая цяжкая стомленасьць надыходзіць ад таго, калі нічога ня робіш. ад самай раніцы я стамляюся да невымоўнага стану. павекі склееныя, галава надзьмутая, як балёнік, у які замест паветра трапіў сьвінец. ногі ватовыя, страўнік не працуе, варушыць ня тое што рукамі, пальцамі немагчыма.
прагрэс рухаецца за кошт чалавечай ляноты. чалавеку лянотна хадзіць у краму, ён звоніць і замаўляе. чалавеку лянотна хадзіць пешшу, ён карыстаецца аўто… але калі ўсе мы такія лянотныя ёлупні – хто тады працуе над тым, каб рабіць у нашым жыцьці паляпшэньні, прасоўвае тэхніку і прагрэс? мне лянотна сёньня нават разважаць і тым болей пісаць пра штосьці, але я раблю гэта празь немагчымае. прадзіраюся праз гушчар зруйнаваных жаданьняў і магчымасьцяў, намагаюся ня чуць думкі ўслых, што яшчэ з васьмі раніцы, калі б я пачаў свой дзень інакш, я б ужо даўно перарабіў бы ўсю заплянаваную працу. але я толькі памяняў стан цела на ложку. гляджу бессэнсоўна ў манітор ноўтбука, павольна пачухваю жывот. я ня ведаю, адкуль гэта, але мне падаецца, што лянота – гэта д’ябальская рэч, яна працуе на тое, каб чалавек закісаў, даходзіў да стану браджэньня, выпадаў у асадак, ператвараўся ў мяккае цеста, зь якога магчыма было б наляпіць пяльменяў. і такім чынам цэлыя гарады й краіны ператвараюцца ў пяльмені, і толькі кітайцы ўсё працуюць, і працуюць, і працуюць, і працуюць, і працуюць, а я да гэтага часу нічога яшчэ не зрабіў, акрамя прыбіральні й выпітай гарбаты, – я самы непатрэбны на сьвеце элемэнт, калі б існаваў савецкі саюз, мяне асудзілі б за дармаедзтва, бо каго хвалюе, што ў цябе ўнутры, акрамя вантробаў… можа быць, ты і плянуеш сёньня ўвечары сесьці за штосьці вартае і напісаць, напрыклад, п’есу для аднаго актора, але ты не сабраў трактар, не ўзараў поле, ты не пакарміў Карнэля, ты, ты, ты, ты, ты – маленечкая алейная плямка на швэдры тваёй краіны, якая кідаецца ў вочы і яе так проста сольлю не пасыпеш
узрост
у маім жыцьці ўсё адносна, асабліва адносна ўзросту. я не разумею, навошта чалавек лічыць свае гады, сочыць за тым, як яго скура старэе, і пачынае пакутаваць празь неверагодную колькасьць крызісаў: сярэдняга ўзросту, сталага… падлеткавага, крызіс 45 год, крызіс, крызіс, крызіс. мае знаёмыя і суседзі выглядаюць так, нібыта перажылі ўжо ўсе крызісы і рыхтуюцца да апошніх спадзявана-неспадзяваных удараў: інсульт альбо інфаркт…
ёсьць людзі (іх вельмі мала), якія зусім ня сочаць за сваім узростам, пачынаюць у семдзесят вучыцца плаваць альбо маляваць.
ёсьць людзі, якія ня ведаюць, колькі ім год, і, калі заканчваюць вну, не імкнуцца ствараць сем’і, нараджаць дзяцей. яны імкнуцца да іншага, пачынаюць жыць калярова, і гэтаму спрыяе час, бо разьвівае тэхналёгіі, якія дапамагаюць не зачыняцца ўва ўласнай кватэры, як паводле Бродзкага – не выходзячы з пакою, але наадварот, пакідаюць усе непатрэбныя зямныя дробязі: не працуюць як усе, не ядуць тое, што ўсе, не карыстаюцца грамадзкім транспартам, глядзяць фільмы, якія ніхто не глядзіць, грэбуюць агульнымі правіламі этыкету, не заўважаюць, як мяняецца час і архітэктура, ствараюць свой уласны сьветапогляд і сьветаўспрыманьне і рухаюць зямны шарык у тым накірунку, які ім падаецца цікавым.
і такіх людзей у нас ненавідзяць, праклінаюць і ганьбяць. дастаткова паслухаць дыялёгі мінакоў, пасажыраў, наведвальнікаў дамоў быту: «а ён жа ж не працуе нідзе!» – «божачкі! як?! нідзе?!» – «а тая вунь, трыццаць год, і без дзяцей, старая ўжо хутка будзе, каб дзяцей рабіць». – «ой, не разумею я гэтую моладзь, мы ў свой час адбудоўвалі гарады пасьля вайны, сьветлую будучыню наладжвалі, а гэтыя байструкі не жадаюць ёю карыстацца»…
я не сачу за сваім часам і ўзростам, і я ведаю, што кожны кінуты грамадзтвам камень – у мой гарод. але гэта часова, бо тэрміны ўсе праходзяць, і з часам чалавек становіцца разумнейшым. надыдзе час, калі беларусы стануць не такімі, як пра іх кажуць, што яны заслугоўваюць такую ўладу, якая ёсьць, але вясёлымі і добрымі летуценьнікамі, якія ня сочаць за сваім узростам, ня лічаць гадзіны ад дэфолту да дэвальвацыі, але ўсьміхаюцца, і ў кожнай вёсцы – свой звараны самагон, і свая культура сьпяваць песьні, і свая культура насіць вопратку… усё сваё.
шкарпэткі
мае шкарпэткі – гэта выспы свавольля ў мясцовым грамадзтве. усё пачалося ў дзяцінстве, калі я адмаўляўся насіць аднолькавыя шкарпэткі, але на той час дзевяноста адсоткаў вытворчасьці шкарпэтак даводзілся на аднолькава чорны колер, і я, стаўшы падлеткам, пачаў апранаць адну нагу ў сінюю шкарпэтку, а другую – у чорную альбо карычневую…
сказаць, што маіх родных гэта шакавала, – нічога не сказаць.
ты што, ахламон і клоўн? ты што, хочаш, каб цябе ўвесь двор лічыў за ідыёта?!
я выслухоўваў якія заўгодна заўвагі і меркаваньні, але насіў шкарпэткі, якія хацеў, і як хацеў. тым болей, што мне, юнаку, падавалася, быццам бы я руйную вельмі закаранелы савецкі лад грамадзтва. потым з часам усё зьмянілася, у крамах зьявілася процьма іншых шкарпэтак, і я цяпер апранаю на адну нагу доўгую шкарпэтку ў каляровыя палоскі, на другую – жоўтую кароткую шкарпэтку альбо што іншае па колеры й фактуры.
у мяне часта пытаюцца наконт гэтага, але я адказваю, што мне так утульна, і не зьвяртаю ўвагі.
дзіўна, што ў людзей гэта выклікае заўсёды высокую зацікаўленасьць, абмеркаваньне, часта – непаразуменьне, такая дробязь, як шкарпэткі… і толькі мая маці зьмірылася з гэтым, сказаўшы, што розныя шкарпэткі ахоўваюць ад сурокоў.
недарэвалюцыя