у сьвеце ёсьць жанчыны, якія пакланяюцца нагам.
у сьвеце ёсьць прыўкрасныя ногі Букоўскі, і гэта, вядома, толькі паводле ягоных слоў.
у сьвеце ёсьць ногі, якія ніколі ня мыліся.
у сьвеце ёсьць ногі, якія лёгка абгоняць гепарда, і гэта каштоўныя ногі.
ёсьць ногі, якія кормяць літаральна, і ёсьць ногі, якія ня здольныя нават з ложка ўстаць.
ёсьць ногі падарожнікі і ёсьць ногі, якія ўдзельнічаюць у сэксуальных гульнях.
у сьвеце шмат дзіцячых ног, пазногці на каторых не падразаюцца.
у сьвеце жывуць вельмі маленькія ногі, якія яшчэ не краналіся падлогі.
у сьвеце ёсьць суполка самотных ног, разьведзеных ног таксама багата.
ёсьць ногі спартсмэна і ёсьць ногі праграміста, якія зусім па-рознаму жывуць і разьвіваюцца.
ёсьць вельмі валасатыя ногі і ёсьць ногі, на якіх ніколі не было расьліннасьці.
ёсьць ногі, суцэльна пакрытыя татуіроўкамі, і ёсьць ногі, якія часта ўкленчваюць на малітву.
ёсьць пругкія ногі і ёсьць ногі азызлыя, пасьля доўгага сядзеньня.
і ёсьць ногі, якія заўсёды аднолькава прывабныя й усьцешныя, і ёсьць вусны, якія кожны дзень цалуюць іх, пачынаючы зь вялікага пальца, і, лёгка кранаючыся скуры, падарожнічаюць да сьцёгнаў і ўглыб, і зваротна, і ўніз, пакуль без пацалунка не застанецца толькі юрлівы мезенец.
to be
быць заўсёды на мяжы звар’яцець не прымаць чужых меркаваньняў марыць зруйнаваць усё, што было да цябе ганьбіць уладу ганьбіць выкладчыкаў ганьбіць тых, хто ганьбіць файных выкладчыкаў ня мець часу, каб выспацца ня мець дастаткова часу, каб выгуляцца ня мець дастаткова моцы й трываньня, каб вывучыць спадзявацца толькі на выпадковасьць і «як пашчасьціць»
піць усё, што гарыць піць усё, што мае любы мінімальны працэнт алькаголю піць безалькагольнае толькі дзеля таго, каб запіць есьці хутка і ніколі не гатаваць быць залежным ад пазыкаў сьпісваць, як майстра, які выконвае ёгу дваццатай ступені займацца сэксам у пад’ездах займацца сэксам у дварах займацца сэксам на дахах дамоў займацца сэксам у парках займацца сэксам, калі ў пакоі яшчэ шэсьць дзяўчат і шэсьць сяброў дзяўчат а потым курыць і моўчкі марыць а потым апранаць старыя джынсы й сыходзіць, бо хутка зачыняць інтэрнат альбо сыходзіць, таму што ёй трэба прыбрацца, пакуль не вярнуліся бацькі сыходзіць, бо трэба шукаць у каго пазычыць грошы на піва сыходзіць у пошуку алькаголю сыходзіць і марыць, і ехаць кудысьці, слухаючы ў плэеры Плэйсіба і назіраць, як увесь сьвет раптам сумуе разам з табою быць, існаваць, быць юнаком, быць шчасьлівым, быць студэнтам другога курса і ні аб чым ня думаць
разам
яны вырашылі жыць разам і яна абхапіла яго шыю рукамі нагамі абахапіла талію целам як мага шчыльней наблізілася да яго і яны пачалі жыць разам спалі разам разам елі за адным сталом і з адной талеркі разам глядзелі кіно ў кінатэатры і дзялілі адно месца яны разам спалі на адной падушцы разам стаялі пад адным душам у прыбіральню хадзілі разам, бо былі шчырымі ва ўсім яны разам сустракаліся з сябрамі і трымаліся заўсёды за рукі і калі яна плакала, ён яе суцяшаў, цалуючы кожную сьлязінку асобна і калі яму было сумна, яна яго гладзіла па галаве і разам яны жылі, і дыхалі адным паветрам і рухаліся аднолькава ня толькі ў хвіліны жарсьцяў і дзяліліся адно з адным таямніцамі і рознае ў іх было толькі адзеньне, колер скуры й вачэй
клоўн
Васіль працуе клоўнам, так у яго склалася яшчэ са школы: спачатку ладзіў клаўнады на перапынках за так, потым корчыў рожы ў каледжы, а потым трапіў на курсы ў цырк… і цяпер, пачынаючы ад дваццаці пяці, ён усе выходныя заняты. і ў Васіля звычайна такое ж самае жыцьцё, як і ў любога іншага клоўна… Васіль – мім, Васіль – звычайны клоўн-з-балёнікамі, Васіль – Рональд Макдональд, Васіль у парку раздае цукеркі. і яго нішто не вылучае сярод іншых клоўнаў. ён, як і іншыя, ня любіць людзей, і асабліва дзяцей. і гэта не вылучае яго сярод іншых клоўнаў. ён шмат п’е – і гэта таксама не выключэньне ў вялікім штаце клоўнаў. ён – самотны, і гэта звычайнасьць. дома ў яго жывуць котка й сабачка – ну і што? жыве ён ня тое каб, без раскошы, але неяк шэра й звычайна…
Васіль, як і ўсе клоўны, ня любіць туманныя дні, сьмех, марозіва, дурныя камэдыі, птушак, тэатар і віно… але наш клоўн вылучаецца тым, што мае алергію на кветкі і старых бабуль і зьбірае дома нацыянальную бібліятэку з бабруйскіх запалак, хоча трапіць у кнігу рэкордаў…
твар
у адной жанчыны быў твар анёла, паўсюль, дзе яна зьяўлялася, людзям станавілася хораша на сэрцы, скрушныя думкі раставалі імгненна, і на гэты твар хацелася маліцца… але жанчына не была анёлам, і, наадварот, нязвыкла для свайго выгляду (а была яна невялічкая, страйнюткая й лёгкая, як дзьмухавец) жанчына мела цяжкі кулак і гостры язык, а вочы, калі пільна ўгледзецца, былі наскрозь прашытымі голкамі. і гэты дуалізм прыроды зусім не пасаваў ейнай пэрсоне. працавала жанчына кухарам і карміла ўвесь трактарны завод. на пачатку ейнай працы ўсе наведвальнікі ласкава звалі яе карміліцай, спадарынькай, вумнічкаю, яна толькі ў адказ пасьміхалася і, трэба сказаць, пасьміхалася вельмі прыемна… але прайшоў першы тыдзень, за ім другі, і на трэці, калі адзін з працаўнікоў ціха адказаў на пытаньне, што яму пакласьці на талерку, кашу ці смажаную бульбу, жанчына вельмі злосна й гучна зашыпела, натуральна зашыпела, і не паклала яму нічога, маўляў, вучыся нармальна размаўляць… і так усё і абрынулася зь ідэальным анёлам, твар якога прамяніўся цеплынёю й пяшчотаю, жанчына з кожным днём пачала шыпець, крычаць, а часам нават гаўкаць, але твар яе не мяняўся, і падавалася, што ўнутры гэтай прыгожай абалонкі жыве іншая істота… нягледзячы на тое, што на трактарным заводзе працуюць суворыя мужчыны, яе пачалі жахацца, ігнараваць і больш не было чутна «спадарынька, дзякуй». ніхто больш не хацеў глядзець ёй у вочы, ніхто не хацеў уступаць у сувязь з двухтварым Янусам, з мэгэраю, з д’яблам, які, як вядома, быў самым прыўкрасным з анёлаў, якога Бог пакараў і кінуў у пекла…
пустэча
пра што напісаць? пра што напісаць… няма пра што пісаць, але ёсьць пра што пісаць, і адначасова я ня памятаю, пра што хацеў напісаць, і гэты колазварот жаданьня, якое пераходзіць у патрэбнасьць, пужае мяне, і я бачу толькі белую яскравую сьцяну, суцэльную, без шурпатасьцяў, прыемную на зрок, і для крананьня цёплую, і быццам бы яна перадае мне супакой… за апошнія дні ў мяне столькі справаў, што я не пасьпяваю сачыць за зьменаю лічбаў у нататніку, ня кажучы ўжо пра гадзіны. Люба прыехала на цэлы тыдзень, сёньня я ўжо нэрвуюся, бо немагчыма знаходзіцца разам, не пакідаючы асобна дому ні на хвіліну, і ў краму разам, і паліць на ганак разам, і ў прыбіральню – разам, бо яна мае душавую… я не абвык да такога… шчыльныя стасункі пачынаюць ціснуць на ўсе мае вантробы, і я часта доўга не выходжу з прыбіральні ня толькі праз свае вантробы, але й праз тое, што магу там сядзець і чытаць, напрыклад. Люба – гэта файна, але ўсё файнае калі-небудзь ператвараецца ў адносна файнае. вось адносна мяне файнасьць Любы крыху зьнізілася, але я набыў сабе піва і спрабую штучна павысіць файнасьць. п’ю яго вось цяпер, сачу за тым, як набіраецца тэкст… але калі бяз жартаў, то ў мяне ўсё файна, і надвор’е як трэба, пасадзіў тры маленькія елкі, яны называюцца «Конікі», калі іх не засыпле сьнегам – будзе шчасьце на Новы год. памыў Карнэля й Гамлета, прыбраўся ў хаце, набыў сьвежага сыру… што яшчэ трэба для шчасьця… але я ведаю, што мне для шчасьця трэба, каб час рухаўся павольна і каб як мага меней зьяўлялася такіх дзён, калі ты глядзіш у прастору, і перад табою нават не пустэча, але суцэльная белая сьцяна, і табе так хочацца яе пералезьці, і так хочацца яе зруйнаваць, але ты разумееш, што гэтая сьцяна на дадзены момант нікуды не падзенецца і будзе цалкам глушыць усе твае думкі, і, калі ты дойдзеш да мяжы і больш ня здолееш працягваць пісаць, яна забярэ апошнюю радасьць у жыцьці, пакінуўшы толькі побатавыя клопаты, празь якія ты будзеш радавацца, што жывы, усяго толькі… жывы, і больш нічога.
рэальнасьць
у Борхеса ёсьць тэорыя, што кожны чалавек, калі засынае, адразу прачынаецца ў іншым паралельным сьвеце, дзе ў яго раніца і ён жыве сваё ўласнае жыцьцё… і ёсьць у яго выказваньне наконт таго, што люстэркі – такія ж гнюсныя рэчы, як і савакупленьне, бо абедзьве гэтыя «рэчы» ствараюць на сьвеце копіі…
я кожнай раніцаю прачынаюся стомленым, але стома прыемная, як калі займаўся справаю цяжкаю, але сабе ў радасьць… і сны ў мяне бываюць звышнатуральнымі, быццам я сапраўды быў там, у снах… і люстэркі, усе люстэркі ў маёй хаце кожным разам памнажаюць маё адлюстраваньне, калі я праходжу побач, і адначасова я ведаю, што гэта не памнажэньне, гэта я з паралельнага сьвету, які толькі што прайшоў такім жа шляхам, як і я, але зь іншага боку, і я, напрыклад, адчыніў дзьверы Любе, якая прыехала з крамы, і пусьціў у хату Карнэля, а іншы я пайшоў у ложак з прыбіральні, бо праз тры гадзіны прачынацца на працу, а ў ложку яго чакае Люба зь іншым колерам валасоў, у той самы час, калі мы зьбіраемся піць віно й глядзець фільм, цалавацца й кахацца, я з паралельнага сьвету буду сьніць жарсьці і прачнуся ўзбуджаным, а я толькі-толькі пасну…
талерантны