так яны пражылі некалькі год, і кожным новым днём дзяўчына станавілася ўсё болей сумнай і няшчаснай, і яна думала, што гэта праз тое, што яна становіцца ўсё болей дарослай, а дарослыя людзі радуюцца нашмат меней, і ўвогуле, звычайны побыт з хлопцам зрабіў яе шэрай.
аднойчы дзяўчына сядзела ў парку, і, калі па сьцежцы прабег пэкінэс, яна ўсьміхнулася і пабачыла, што ёй у адказ усьміхнуўся ня толькі пэкінэс, але і яго гаспадар.
сволачы
ніхто мяне ня любіць, усе сволачы й байструкі, я, такая кветачка, даводжу ўсім гуманізм і сельскі цуд, а мяне хаюць і крытыкуюць, і спрабуюць ператварыць у мэгэру, але ж я, зязюлька дзённага сьвету, толькі дабра ўсім жадаю, а мяне пад крыж здраднікам, жыцьцягубцам пасылаюць, я ж сьвяты й сьвятая ў адным збанку, як дзень і ноч, як сьвет і цемра, а мяне чамусьці на гільятыну, на агульны прысуд…
я – нікому нічога нават ня зычыў, акрамя цукру, ані каліва плаціны ці, там, золата, ня кажучы пра срэбра… атрымліваецца інакш, бо я – пагроза для жыцьця, таму што дзе ні зьяўлюся, спойваю мужыкоў, дзе ні прысяду – гвалтую жанчын, але ж было б каго гвалціць.
я – рэінкарнацыя галодных часоў вайны й савецкіх часоў у дадатак. карацей, мяне сапраўды ніхто ня любіць, і я ж нікога не люблю, але спрабую жыць, як тая бож’я кароўка на лузе… ляці, ляці, паскуда, але ж калі вернесься да сваіх байструкоў, на месцы будзем усе мы, мясцовыя, хто цябе ня любіць.
гей
у нашых мясьцінах жыве дзядзька Рыгор, усе кажуць, што ён гей. гэта звычайна як бывае, кажаш каму-небудзь, трэба б трактар замовіць, перакапаць свае соткі, дык у дзядзькі Рыгора, акурат новы трактар: не, хуй вам, які дзядзька Рыгор, ён жа підар!
гэта цалкам нармальна для мясцовых – не карыстацца альбо не зьвяртацца па дапамогу да чалавека, бо ён «піліцца ў жопу». мясцовыя спакойна знойдуць сабе напаўжывога каня, якога заманаюць да белай пены, але па трактар ня пойдуць.
дзядзька Рыгор, нармальны, як сусьветны абсалют, мужык, заможны, бо шмат працуе, свой дэсэртны вінаград і яблыкі возіць на нейкі завод, прадае, дом у яго дагледжаны, нават газон падстрыгае. як пан, карацей. але вось у чым цымус – ён за сваё жыцьцё не пасьпеў жаніцца і тры гады ў яго жыў мужчына, дзядзька ўсім казаў, што гэта стрыечны брат, і першы час яму давалі веры, але аднойчы на нейкай п’янцы камбайнёраў дзядзька Рыгор нажлукціўся і неяк для сьмеху пацалаваў у вусатыя вусны дзядзьку Барыса. адгроб пізьдзюлей і быў выгнаны з усіх мужчынскіх сымпозіюмаў і «вазьліяньняў».
мне асабіста дзядзька Рыгор даспадобы, ён мне шмат у чым дапамагае, то наліўкі прыгатаваць, а калі й трактар пазычыць. і вось акурат сёньня, калі я ішоў праз наш галоўны «магазін», на лаўцы сядзелі мужыкі і гучна так спрачаліся, казалі: «я ў гэтага жапасуя нічога браць ня буду, няма чаго рабіць!» а калі мяне пабачылі, прыціхлі і пачалі глядзець у розныя бакі і курыць сваё лайно бяз фільтру, трымаючы яго ў жоўтых і брудных кіпцюрох.
ну што ж, гэта нават цудоўна, мая пэрсона тут набывае абароты, я і дзяўчат спакушаю, бо па вечарох абавязкова да мяне хтосьці завітвае выпіць, пасядзець каля вогнішча, палапаць майго Гамлета альбо пагуляцца з Карнэлем (як гучыць, а? эротыка, адным словам), а тут яшчэ й зь мясцовымі меншасьцямі якшаюся.
мянушка
у кожнай жанчыны ёсьць улюбёныя мянушкі, якія яны даюць сваім каханым. У кожнага мужчыны таксама ёсьць мянушкі, якія яны даюць сваім каханкам, і звычайна гэта ўсё гучыць як адзін вялікі жбан мёду й сочыва. заўсёды чуецца: малышка, дзетка, сонца, кацёнак, радзей чуецца нават «ангел мой», ад якога магчыма й у вока атрымаць. ад дзяўчат часта: зайчык і проста любімы.
за жыцьцё я чуў розныя «мянушкі для каханкаў», нават такія, якія не агучваюць сярод людзей: пісюночак, пісечка, сісечка, попка. але мае неверагодныя суседзі, тыя, у якіх усё складана: яна яго б’е, а ён п’е, паламаны… дык вось, я некалькі разоў чуў, як ён у добрым настроі кліча яе марковачкаю і кароўкаю. так і кліча, напрыклад: кароўка мая, выбачай мяне, сёньня п’ю… а яна ў адказ: стары пень і бораў аблезлы. і калі яна яго так называе, то нават у рукі нічога не бярэ, каб перасмыкнуць, з эмоцыямі цёплымі кажа, па-свойму пяшчотна.
цікава, чаму людзей цягне называць свой аб’ект каханьня ня толькі дэфармуючы імя на памяншальна-ласкальнае, але й дадаючы мянушкі: хамячок ты мой, коцік. гэта ж калі ўявіць, што вось сядзіць мужчына, поўны, лысаваты, п’е ўвечары піва, глядзіць футбол, а да яго жонка падыходзіць і так: «хамячок мой, ты будзеш дапіваць? я хачу працерці стол». сьмешна і адначасова цудоўна, бо нават калі праходзіць час і каханка праз побыт ператвараецца ў адну вялізную швэйную машынку, а яе муж працягвае называць коцікам, гэта пра штосьці кажа, але, на маю думку, няхай бы ён зваў яе як заўгодна, бо калі ягоная жонка ператварылася ў камод ці прасавальную дошку, ніякія ласкальныя словы тут ужо не дапамогуць, раней трэба было думаць і старацца да такога не дажыцца.
нобэль
паўсюль шмат гутарак пра рэанімацыю паэзіі, адраджэньне прозы, разьвіцьцё беларускай літаратуры, і вось хацелася б таксама паразважаць і параіцца. увогуле здаецца, што зашмат гутарак і чутак вакол прэмій і вакол вартасьці таго ці іншага.
заўсёды будуць абмяркоўваць і зьвяртаць увагу на самых яскравых, на галоўных дзеячаў літаратурнай арэны, але заўсёды існуе адсотак творцаў, на якіх ня проста забываюцца, якіх нават не адкрывае для сябе тая ці іншая культура, час, пакаленьне, і ад чаго гэта залежыць, невядома. лёс складваецца такім чынам, што адметным і прывабным апынаецца, напрыклад, адзін пісьменьнік, калі насамрэч той пісьменьнік рабіў свае нясьмелыя літарныя крокі на паперы адначасова з тузінам такіх жа, як і ён, творцаў, якія былі ня горш і ня лепей, і нават у некаторых спрэчных момантах маглі б даць яму фору. без сумневаў, выпадак з Гёльдэрлінгам, паэтам, якога для чалавецтва адкрылі толькі праз дзьвесьце пяцьдзясят год пасьля яго сьмерці, выпадак рэдкі, адзіны на стагодзьдзі. а колькі сапраўды было байранаў у часы Байрана? колькі бродзкіх пісала ўсё жыцьцё ў стол, а можа, нават і не пісала, а толькі сачыняла ў галаве, а можа нават і ў сьне. я б назваў гэта фэномэнам лёсу ў творчасьці, бо кожнаму наканавана прайсьці свой шлях, але гэты шлях, у дзевяці выпадках зь дзесяці, няўдзячны, вядзе да свайго ўласнага прасьвятленьня, і гэтым адначасова ён каштоўны.
мне вусьцішна падумаць, што калісьці, калі я вучыўся ў школе, у мяне быў аднаклясьнік, які ў восьмай клясе выканаў хатняе заданьне, напісаў верш, дакладней вэрлібр, які потым цэлы год вісеў у нас на дошцы як узор! у той час аднаклясьнік пачаў чытаць кнігі, пісаць апавяданьні, аднойчы я яго сустрэў пасьля таго, як ня бачыў амаль восем год: ён даўно кінуў літаратурную справу, сказаў, што гэта было дзяцінствам і што яго сябры разумелі. мне падалося, што ён шкадуе. я яму сказаў, што ў нас такі ўзрост, калі большасьць толькі пачынае сьвядома пісаць!
існуюць міжнародныя і раённыя конкурсы, якія знаходзяць дыямантаў, але нашым конкурсам я не даю веры, бо дастаткова толькі паглядзець колькасьць беларусаў, якія ўдзельнічаюць ва ўкраінскіх шоў талентаў, і пачытаць, як цяжка было беларускім творцам прабіцца ў Беларусі, як аднаго сьпевака не пусьцілі на адборачны этап, другога танцора проста не ўзялі, бо не спадабаўся.
паўсюль існуе чалавечы фактар, паўсюль пануе чалавечая суб’ектыўнасьць, і я даўно ўжо зьмірыўся з тым, што маіх нобэлеўскіх прэтэндэнтаў ніколі не абіраюць і маіх любімых пісьменьнікаў ніколі не дадрукоўваць, нават беларускіх.
гарбата
майму маёнтку не хапае коткі, але я не люблю котак, я ўвогуле стаўлюся да іх насьцярожана, бо для мяне котка – гэта эгаістычная здрадніца, якая будзе муркатаць толькі дзеля карысьці. адначасова, назіраючы за сваім Карнэлем, я бачу, што ён спакойна можа пайсьці й даць сябе гладзіць каму заўгодна і радуецца маім сябрам, хвастом ганяе паветра. але я ведаю падсьвядома (і давяраю гэтым ведам), што калі будзе кепска мне, будзе кепска і майму сабаку, але ніколі – котцы.
з аднаго боку, котка – гэта мяккасьць, гэта гнуткасьць, пухнатасьць, цеплыня і пяшчота, і менавіта яе параўноўваюць з жанчынаю.
з другога боку, сабака – вясёлы, гульлівы й адданы сябра. і калі ўжо параўноваць, то месцы мужчынаў сярод сабак.
такім чынам атрымліваецца, што любая разумная жанчына вельмі лёгка можа весьці за нос любога мужчыну, бо таму толькі й трэба, каб зьявілася побач жанчына, пажадана вельмі прыгожая, і тады: бяры ад мяне ўсё, што хочаш.
сёньня быў у краме разам зь сяброўкаю, якая ўжо дзесяць год як жыве са сваім каханым, які, як сапраўдны сабака, толькі ў вочы ёй і глядзіць. ходзім па краме, яна кажа, трэба паглядзець якой гарбаты (я дома п’ю каву, а яны зьбіраюцца жыць у мяне каля тыдня). заходзім у аддзел з гарбатаю, яна бярэ пакунак самай, ну самай таннай атрутнай гарбаты, якая паводле зьмесьціва ня ўтрымлівае гарбаты, і пакунак самай-самай дарагой, і я пытаюся, навошта так?
яна адказвае: – Вася ўсё роўна ня цяміць у смаку гарбаты, а п’е яе літрамі, таму я для яго таннай дрэні якой набуду, а сама магу цэлы месяц нармальную гарбату піць.
Вася ў яе – шалудзівы пёс, а яна – грацыёзная котка, якая дбае толькі пра свае густы.