валасы
у яе былі вельмі доўгія валасы, вельмі-вельмі доўгія, яны дасягалі таліі ззаду і хвалямі спускаліся да грудзей сьпераду, валасы займалі большую частку яе зьнешняга выгляду, яна была як Вэнэра, якая выходзіць з пены марской. грацыя і валасы, і нічога лішняга, бо іншыя рэчы – толькі дробязь, пыл, туга па страчаным.
яна натхняла, яна адначасова была музаю й сьмерцю, недасяжнаю асалодаю, канчатковым наталеньнем смагі, да якога ніяк не дакрануцца, колькі ні намагайся. яе валасы забіралі мары й маладосьць мужчын і жанчын, яе валасы спляталіся ў вузлы й руйнавалі сем’і, прымушалі пакланяцца й прыносіць ахвяры. яна сама цьмяна разумела магічную якасьць сваіх валасоў, ёй заўсёды падавалася, што яна проста прыгожая і па-жаноцку прывабная, і яна ня ведала, што кожнай ноччу, калі яна клалася спаць з мужчынам, валасы ахіналі яе каханага шчыльней любых абдымкаў, прасьцін і коўдраў, шчыльней за самыя палымяныя пацалункі. валасы ўсмоктвалі ў сябе цяпло целаў, наталяліся вільготнымі позіркамі мужчын на вуліцах, хвалямі падымаліся – панадлівыя ветру – і намагаліся ляцець вышэй, вышэй і яшчэ вышэй.
аднойчы, калі я стаяў на гаўбцы й курыў пасьляабедзенную люльку, яна праляцела недалёка ад мяне, яна была шчасьлівая, сьмяялася, адарыла маю постаць яскравым позіркам, а валасы яе так і гуляліся на хвалях ветру, луналі. і яна падымалася вышэй, ажно пакуль аблокі не схавалі яе кропку-постаць. а праз год у нас з жонкаю зьявілася дачурка, залатая дзетка, гульлівая, сьмяшлівая, золатавалосая, як і яе чароўная маці, бо так у жыцьці заўсёды бывае, колькі б ні імкнулася яна за сваімі валасамі, заўсёды настане час спусьціцца зь неба на гаўбец і сустрэць вуснамі вусны, дзеля якіх захочацца пастрыгчыся.
парасон
трэці дзень зь сябрамі, назіраць за імі мне жудасна, і немагчыма нават уявіць, што калісьці мы з Васем былі панкамі, ганялі дзяцей на раёне, кепска вучыліся й марылі пра тое, як парвём цэлую аўдыторыю нашым блэк-мэтал гуртом. вынікам сталіся адрозныя шляхі, якія мы абралі адразу пасьля школы: я пайшоў на гістарычны факультэт, Вася ўдарыўся ў філялёгію. далей усё было лягічна, мы радзей бачыліся, я зарабляў сабе нэрвовыя цікі, вар’яцеў ад сапраўднай гісторыі і разумеў, што пасьля ўсяго таго, пра што даведаўся, мне больш няма шляху зваротна, я больш не змагу верыць ня тое што палітыкам, я ня здолею паверыць нават у кнігі па гісторыі, ня дам веры аніводнаму інфармацыйнаму парталу, бо ўсё занадта суб’ектыўна і знайсьці ісьціну, якой яна ёсьць перашапачаткова, немагчыма, як немагчыма ўвайсьці ў адну раку двойчы. я ўсё больш замыкаўся ў сваім сьвеце, зьмяніў тры працы: банк, рэстарацыя, школа, знайшоў усё невыносным і зьехаў ад людзей падалей, каб пачынаць слухаць прыроду і свае думкі. сябра спачатку доўга трымаўся за рэдактарскую справу, зарабляў грошы, потым, пасьля таго, як у яго зьмянілася зь дзясятак адносінаў, ён ашалеў, закахаўся як падлетак і слухаць нікога не хацеў, што ня трэба сьпяшацца, варта запаволіць хуткі бег адносінаў, і празь месяц яны падалі дакуманты, а праз два – ажаніліся. вясельле было клясычным, нягледзячы на былыя панкаўскія часы. мяне цягнула ванітаваць. і на дадзены момант мы маем Васю ў сухім астатку: палыселага мужчыну з пузікам, крыху за трыццаць, які ня тое каб ня цяміў у густах з гарбатаю, ён усе асноўныя жыцьцёвыя рашэньні пакінуў на жонку, а тая зь вялікай радасьцю прыняла іх. сёньня, напрыклад, мы на абед гатавалі шашлыкі, вядома, яна іх паварочвала, дзьмула на іх і палівала мінэралкаю, я ўвогуле ня ўмешваўся ў справу, а Вася толькі двойчы стаяў каля яе з адчыненым парасонам, бо двойчы нібыта марасіла. абедалі. яна не дазволіла яму піць піва на абед, паклала тры кавалачкі шашлычку, бо ў яго й так жывот, а пасьля, калі сама пад’ела, прымусіла яго даядаць яе бульбу й салату, якую ня здолела зьесьці, сказала: каб не выкідаць. Вася ўсё ўспрымае моўчкі, я ўсё больш разумею, што сапраўды даўно іх ня бачыў.
cаколка
адзін мужчына, які жыў як і ўсе, заўсёды насіў адразу дзьве саколкі… але яму падавалася, што саколак недастаткова, і ён пачаў насіць тры саколкі пад швэдарам, а потым чатыры, а потым пяць, і на пяці ён спыніўся. бо заўважыў, што носіць толькі адны нагавіцы, калі варта было б апранаць іх таксама пяць… а потым мужчына пачаў насіць яшчэ й пяць швэдраў і пяць шалікаў, бо надышла зіма…
а пасьля зімы мужчына растварыўся ў адзежы, бо гэта была яго самая вялікая мара. мара модніка.
стабільна
усё, канец, сябры мае зьехалі, пакінулі мне процьму інфармацыі, што дзе ў каго адбылося з нашых агульных знаёмых. я зразумеў, што людзей пасьля трыццаці пачынаюць цікавіць зусім іншыя рэчы і каштоўнасьці зьяўляюцца іншага характару. такім чынам, мне, як вялікаму наіўнаму рамантыку, стала сумна і самотна, я ня ведаю, як так адбылося, але я да гэтага часу знаходжуся ў стадыі пошукаў і роздумаў, калі ўсе мае сябры даўно вырашылі, чаго яны жадаюць альбо чакаюць ад жыцьця, і, жывучы са сваімі жанчынамі, падтрымліваюць адзін аднаго.
мне ўсе навокал падаюцца больш упэўненымі ў заўтрашнім дні, ніж я, які нават ня ведае дакладна, што будзе на сьняданак, і вырашае гэта часта не на карысьць здароўю: кава, цыгарэта, бутэрброд з шынкаю.
з аднаго боку, мне прыемна назіраць за сваімі сябрамі, за іх сем’ямі, зь іншага боку – я пражыў з адной дзяўчынай шэсьць год і, калі гостра паўстала пытаньне ажаніцца, спасаваў і сказаў, што не гатовы, яна сышла, прычым вельмі хутка, і ў яе ўжо ёсьць дачка, муж, праца. стабільна…
паўсюль існуе выбар і жыцьцё дае процьму варыянтаў на тое, як правесьці дзень альбо год свайго існаваньня. мне здаецца, што маё сапраўднае месца – тут, але мне хочацца, каб гэтае месца не абмяжоўвалася сабакам і трусом, я хачу, каб Люба, калі яна наступным разам прыедзе, засталася назаўсёды, і я баюся, што яна больш ніколі не прыедзе.
даказалі, што ў мужчын існуе стандартны набор фобій, і іх сорак, мне здаецца, у мяне адна вялікая фобія – нявызначанасьць. я баюся, што няўпэўнена жыву, але нават калі я ўсё кіну тут, паеду ў горад, знайду працу – я звар’яцею ад таго, што сапраўды зажыву, як пусты жбан, які не напаўняецца знутры і толькі па вечарох гудзіць пустэчаю, бо б’ецца аб сьцяну побыту.
сон
Гэня вельмі любіў спаць, і спаў нават тады, калі, здавалася, спаць немагчыма. ён спаў пасярод лекцый, і, трэба адзначыць, вельмі добра спаў, так спаў, што швы заплечніка адбіваліся на ягоных шчоках і ілбе, часам выдаваў сябе праз пасопваньне. спачатку лектары вельмі злаваліся на яго, але калі заўважылі, як выдатна ён заканчвае сэмэстры, дазволілі яму спаць, і ў адной лектарнай залі, дзе па раскладзе чытаецца адразу два розныя прадметы запар, яму паставілі ложак.
Гэня скончыў унівэрсытэт, праспаўшы ўсе пяць год, скончыў з чырвоным дыплёмам і ўладкаваўся ў офіс, дзе трэба было пісаць рэклямныя тэксты. спачатку Гэня пісаў іх, напалову расплюшчыўшы вока, потым ён прызвычаіўся такім чынам, што, падаткнуўшы галаву лінаркаю, здалёк удаючы на працаўніка, які пра штосьці думае, ён спаў, пахропваў і пускаў сьліну на белыя паперы А4.
начальства не разумела яго: вось прыйшоў малады спэцыяліст і амаль адразу пачаў забіваць на працу. але Гэня ўклаўся ў тэрміны і закрыў плян за месяц на тыдзень раней.
па выніку года Гэня апынуўся лепшым рэклямшчыкам, і яго перавялі ў асобны кабінэт, дзе ў яго замест працоўнага стала быў ложак.
сьпіць Гэня, прымае кліентаў і начальства па справах. усе да яго прыходзяць, сядаюць на ўскрайку ложка, хто паправіць яму коўдру, хто праверыць працу батарэі. распавядаюць яму, па якіх пытаньнях і замовах прыйшлі.
каханка ў Гэні зьявілася. на працы, па вечарох, яна яго будзіць сэксам, раніцамі – каваю, Гэня прачынаецца, рухаецца ў такт альбо п’е каву, а надалей зачыняецца ў сваіх сьненьнях.
так Гэня спаў, ішоў час, ён стаў дырэктарам рэклямнай кампаніі, атрымаў Бронзавага ільва на Канах за лепшую сацыяльную рэкляму і паехаў у адпачынак на Мальдзівы. прыехаў і раптам больш не здолеў спаць, адбіла ахвоту, апантана Гэня паглядзеў навокал і сказаў сам сабе: блін, мне сорак год, а што я ўсё як у тумане жыву, кінуць бы ўсю гэтую дрэнь і застацца б жыць тут.
забарона
калі я ўзяў яе за руку, яна сказала, што на такія дзеяньні існуе табу. гэта яе прыватнае табу, як у Палінэзіі. я сказаў, што паважаю ўсе прыдуманыя ёю законы. але табу на рукі выглядае як забарона на дэсэрт: навошта мне яе вусны, калі яны цалкам даступныя, і мне непатрэбны яе грудзі, бо, да таго як іх крануцца, мне неабходны яе рукі. яна сказала, што гэта прынцыпова, бо абяцалася сваёй маці, што калі ўжо возьме кагосьці за руку, то гэта будуць толькі яе муж і яе дзеці.
і мы вырашылі ажаніцца, бо рукі яе былі маленечкія, малочнага колеру, з кашэчымі кіпцюрыкамі, і да ўсяго пахлі цытрынамі.
успрыманьне
я разумею, што разумею, як кожную хвіліну я разумею, што асэнсоўваю сябе як стварэньне, якое жыве і асэнсоўвае, але адначасова, калі пачынаць глыбей пра гэта разважаць, я разумею, што, акрамя асэнсаваньня, я больш нічога ня маю і не разумею, я ня бачу сябе як адзінку, занятую нейкая справай, якая б давала мне адказ сутнасьці майго існаваньня, а так пакуль што я знаходжуся на адным узроўні з астатнімі жывёламі, бо па-сутнасьці імкнуся жыць і радавацца жыцьцю, прыдумляючы сабе ўласныя пляны й справы на будучыню, каб працавала кампэнсацыя, якая б часова магла запоўніць тую неверагодную пустэчу, якая знаходзіцца ў маёй душы.
падбародзьдзе
кожны раз, калі яму трэба было зазіраць у вочы іншым, ён даходзіў толькі да падбародзьдзя. нельга сказаць, што ён ня быў здольным трываць позірк, альбо ня быў здольным на шчырасьць. і хаваць яму не было чаго ад людзей і ад сьвету. ён кожным разам паўтараў сабе, што вочы – люстэрка душы, і душу яму зусім нікому ня хочацца паказваць, асабліва прадавачкам у крамах і міліцыі. навошта, скажыце мне, чаму я павінны глядзець у вочы незнаёмцам? і да ўсяго яшчэ трэба ўсьміхацца. я інтравэрт, я агорафоб, я зарабляю грошы праграмаваньнем, бо так мне прасьцей і ня трэба ўваходзіць у камунікацыю!