Алексіевіч: За некалькі хвілін, як вы даведаліся пра ўсё гэта. Я якраз вярнулася зь лецішча, і яны патэлефанавалі.
Пытаньне: Дзе Вы былі ўчора, на лецішчы?
Алексіевіч: Так.
Пытаньне: Вы зьбіраецеся жыць у Беларусі?
Алексіевіч: Так.
Пытаньне: На што Вы прэмію патраціце?
Алексіевіч: За прэміі я заўжды купляю свабоду. Я пішу кнігі свае вельмі доўга — 5-10 гадоў. Гэта доўгі час, і трэба грошы, і трэба езьдзіць, друкаваць. Цяпер я магу спакойна працаваць, ня думаючы пра тое, дзе іх зарабіць.
Пытаньне: А ці ўплывае Ваша перамога на стаўленьне да беларускай культуры ў замежжы, у сьвеце?
Алексіевіч: Мне цяжка гаварыць, я думаю, трэба, каб існавала не адно імя. Ва ўсякім выпадку нядаўна я была ў Аўстрыі, да мяне падыходзяць у кавярні і пытаюцца: адкуль? Я кажу, зь Беларусі. А мне кажуць, о, Домрачава, Лукашэнка. Так што бачыце, ужо крыху ведаюць.
Пытаньне: У якой Беларусі Вы бы хацелі жыць?
Алексіевіч: Я, вядома, хацела б, каб Беларусь была падобная да скандынаўскіх краінаў. Гэта мара для маленькай краіны, як мы. Альбо хаця б на тое, як выглядае Прыбалтыка.
Пытаньне: Вы атрымалі прэмію і за Вашу працу пра Афганскую вайну. Ці лічыце Вы, што Пуцін рызыкуе паўтарыць досьвед Афганістану ў Сырыі цяпер?
Алексіевіч: Была гадавіна Афганістану і яму (Пуціну — РС.) задалі пытаньні, ці было гэта памылкай. А ён кажа: не, правільна, што мы там былі. Калі б ня мы, то былі б амэрыканцы. Я думаю так, пасьля Афгану былі чачэнцы, цяпер будуць сырыйцы. Я сустракала людзей, якія ў савецкім часе ваявалі ў Афрыцы. Гэта краіна салдатаў. Ці адкрытых салдатаў ці падпольных салдатаў. Але ўвогуле мы жывем у вайсковым асяродзьдзі, вайсковым мысьленьні. Яно зьверху данізу. Ад ураду да простых людзей.
Пытаньне: Гэта датычыцца Беларусі, Расеі, постсавецкай прасторы?
Алексіевіч: Так, на жаль, мы яшчэ завязаны ў гэты вузел.
Пытаньне: На беларускай мове не зьбіраецеся пісаць?
Алексіевіч: Мне часта задаюць такое пытаньне. Што такое беларуская мова сапраўды? Я ведаю беларускую мову, але ня так, каб добра на ёй пісаць. І тая мова, якую я ведаю, гэта наркамаўка. І ў мой час вучылі толькі такой мове. Для мяне гэта ніколі ня будзе самамэтай.
Пытаньне: Дзе Вам камфортней за ўсё жывецца, пішацца, у якой краіне? Вы шмат дзе жылі.
Алексіевіч: Напэўна, усё ж дома, у Беларусі. На лецішчы.
Пытаньне: Дзе Вы былі, калі Вам патэлефанавалі і сказалі?
Алексіевіч: Дома, дома была. Я прасавала, між іншым.
Пытаньне: Вы дваццаць гадоў не друкаваліся ў Беларусі? І ніводнай прэміі беларускай у вас няма?
Алексіевіч: Так, няма.
Пытаньне: Вы сказалі, што ўсё ж належыце да беларускага сьвету. А што, па-Вашаму, такое — беларускі сьвет?
Алексіевіч: Вось мой бацька беларус. Яго ласкавы погляд, спакойны. Ніколі кепска ня скажа. Ён быў дырэктарам школы, потым у старасьці настаўнікам. Гэтыя старыя жанчыны, сярод які я вырасла. Вясковыя. Гэты голас. Вось гэтая паэтычнасьць іх позірку. І нават калі Чарнобыль быў, я бачыла разгубленасьць чыноўнікаў, вайскоўцаў, і толькі гэтыя старыя жанчыны, сяляне, прыродныя людзі, знаходзілі пункты апоры. Яны цэласна разумелі, што адбылося. Хоць гэта было жорстка. Прыродныя людзі напакутаваліся больш за ўсіх.
Пытаньне: Ці дапаможа Ваша перамога папулярызацыі беларускай літаратуры і больш шырокаму друку? І ў сьвеце, і ў нас?
Алексіевіч: Вы ведаеце, гэта не залежыць ад гэтага, усё залежыць ад кнігі. То бок калі прадставіць кнігу, яе надрукуюць, а не ад таго, што гэтую краіну ведаюць. Вось лацінаамэрыканцы, яны прапанавалі сьветапогляд новы, і ўвесь сьвет іх друкаваў. Рышард Капусьцінскі прапанаваў свой погляд, і яго паўсюль друкавалі. Куды, у якое выдавецтва я б ні прыехала — а вось мы Рышарда Капусьцінскага выдаем. Справа ня ў тым, што нехта там ёсьць у гэтай краіне, а ў тым, што мы павінны зь нейкім тэкстам прыйсьці ў гэты сьвет. У нас быў гэты тэкст, чарнобыльскі тэкст, цяпер гэта тэкст постдыктатуры, што муціруе, як... Але, на жаль, у постсавецкіх клішэ не даюць вырвацца і даць нейкае новае тлумачэньне гэтаму.
Пытаньне: Вы пішаце пра лёс маленькага савецкага і постсавецкага чалавека, ці згодны Вы з тым, што Ваша прэмія беларуская?
Алексіевіч: Усё ж напэўна шырэйшая, бо героі маіх кніг — гэта ўся постсавецкая прастора. «У вайны не жаночае аблічча»… Я памятаю, мне адзін навуковец казаў, а навошта ты брала гераінь расейскіх жанчын? Трэба было нашых браць, беларусак. Не, бо мая кніга шырэйшая, па-філязофску: жанчына і вайна, чалавек і вайна. Так што гэта больш шырокі ахоп.
Пытаньне: Вы казалі пра Капусьцінскага, а паўзьдзейнічала яго творчасьць на Вас?