8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
Перакладчык Лявон Баршчэўскі пра тое, што Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры, даведаўся ад Радыё Свабода.
Баршчэўскі: «Гэта вялікая падзея, зь якой трэба павіншаваць беларускую літаратуру. Наша літаратура заслугоўвае. Гэта першы выпадак атрыманьня прэміі на ўсёй постсавецкай прасторы. Раней толькі расейскія літаратары атрымлівалі, дый тое яшчэ да распаду Савецкага Саюзу.
Характэрна, што я чытаў расейскія сродкі масавай інфармацыі, і ніхто не называе яе «нашай пісьменьніцай». Кажуць — «беларуская пісьменьніца», а «ад нас балятуецца Яўген Еўтушэнка». Трэба павіншаваць. Увага да беларускай літаратуры павялічыцца».
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец адзначыў, што Алексіевіч па-сапраўднаму займаецца літаратурай Беларусі, яна напісала цэлы шэраг твораў.
Чаргінец: «Для беларускай літаратуры гэта вельмі прыемна, што наша аўтарка атрымала прызнаньне такога высокага ўзроўню. У сувязі з тым, што прадстаўнік нашай краіны атрымаў Нобэля, беларускую літаратуру стануць больш чытаць у сьвеце, зьявіцца больш выданьняў на розных мовах — і гэта будзе станоўча ня толькі для самой Сьвятланы Алексіевіч, але і для іншых нашых аўтараў. Я жадаю, каб мільён эўра, які атрымае Сьвятлана Алексіевіч, пайшоў ёй на карысьць, буду вельмі рады павіншаваць яе ва ўрачыстай атмасфэры», — сказаў Чаргінец.
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
Нобэлеўскую прэмію Сьвятланы Алексіевіч камэнтуе пісьменьнік Уладзімер Арлоў.
Арлоў: «Сардэчна віншую дарагую Сьвятлану! — кажа Арлоў. — Найперш гэта прэмія за яе кнігі, якія чытаюць ва ўсім сьвеце! Але я ўспрымаю прэмію і як высокае прызнаньне нашай літаратуры, як узнагароду ўсёй незалежнай беларускай супольнасьці. Прэміяй уганараваная сёньня ўся Беларусь. Я добра адчуваю гэта цяпер, бо знаходжуся на літаратурным фэсьце ў Літве, дзе з радасьцю прымаю віншаваньне за гэты посьпех Сьвятланы — і ўсёй нашай літаратуры».
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
Паэт Уладзімер Някляеў ацаніў прысуджэньне Сьвятлане Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры як сапраўднае сьвята.
Някляеў: «Гэта сьвята для нашай літаратуры, для нашай культуры, для нашай грамадзянскай супольнасьці, для нашай краіны, для нашага народу. Ня ў кожнай зь безьлічы краін сьвету ёсьць нобэлеўскія ляўрэаты, і тым больш ляўрэаты ў галіне літаратуры. Тыя меркаваньні, якія выказваюцца ў адмоўным сэнсе — маўляў, Сьвятлана Алексіевіч не беларуская пісьменьніца — перакрываюцца афіцыйнай інфармацыяй пра прысуджэньне ёй Нобэлеўскай прэміі, дзе сказана наўпрост, што Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымаў менавіта беларускі аўтар. Таму давайце ўсе разам, як на Новы год (а гэта своеасаблівы Новы год для беларускай літаратуры) падымем келіхі з шампанскім і вып’ем за ўдачу Алексіевіч, за яе здароўе».
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
Галоўны рэдактар газэты адміністрацыі прэзыдэнта «СБ — Беларусь сегодня» Павал Якубовіч у праграме Беларускага тэлебачаньня «Клюб рэдактараў» яшчэ 4 кастрычніка прадказаў перамогу Сьвятланы Алексіевіч і некалькі хвілін сьпяваў ёй дытырамбы:
Якубовіч: Нос у мяне вы ж ведаеце які. Вакол імя разгарнулася палеміка, якая мне не падабалася... Вакол Алексіевіч ламаліся дзіды: «яна піша па-расейску», «яна не беларуская пісьменьніца». З другога боку, «старая гвардыя» ня можа ёй дараваць цудоўных, праўдзівых кніг пра вайну, пра Чарнобыль, пра Афганістан...
Але колькі яе выдаюць у самых разьвітых краінах сьвету — кажа само за сябе. Я ў душы заўсёды чакаў, што яна стане ляўрэатам, і ганаруся тым, што наш беларускі літаратар так гучна заявіў пра сябе на ўвесь сьвет і атрымаў прызнаньне.
РС: А цяпер каверзнае пытаньне. Калі апошні раз «СБ — Беларусь сегодня» пісала пра Сьвятлану Алексіевіч, публікавала яе інтэрвію, узгадвала пра яе?
Якубовіч: Я асабіста падтрымліваю са Сьвятланай добрыя адносіны. Некалі яна ў нас друкавалася. Я асабіста шмат намаганьняў прыклаў, каб летась на Міжнародным кніжным кірмашы ў Менску адбылася сустрэча чытачоў зь ёй. Але апошнім часам сувязяў па лініі газэты не было, таму што, як мне падаецца, Сьвятлана — ня вельмі вялікая ахвотніца супрацоўнічаць зь дзяржаўнымі СМІ і з нашай газэтай. Я яе аўтарскія адчуваньні павінен паважаць і не назаляю ёй. Але я асабіста захапляюся яе заслугамі ў літаратуры і вельмі ганаруся, што беларуска атрымала Нобэля.
РС: Павал Ізотавіч, а ў наступным нумары «СБ — Беларусь сегодня» напіша пра Алексіевіч? Вы заўсёды трапныя загалоўкі прыдумляеце, можа, ужо і загаловак ёсьць?
Якубовіч: Вядома, напішам! Загаловак яшчэ не прыдумаў. У нядзелю ў праграме «Клюб рэдактараў» я хацеў апярэдзіць падзею і выказаць тэлегледачам сваё меркаваньне пра Сьвятлану Алексіевіч, таму што насамрэч вельмі шмат было з розных бакоў зроблена намаганьняў, каб яе прынізіць, дыскрэдытаваць, на жаль, і шмат разоў гэта рабілася. Таму на я на самую вялікую аўдыторыю выказаў сваё меркаваньне пра гэтую праблему, хоць праблемы няма: Сьвятлана — найвыбітнейшы зь беларускіх літаратараў, якія працуюць сёньня.
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
Мастак і сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Аляксей Марачкін сказаў, што мае высокае меркаваньне пра творчасьць Сьвятланы Алексіевіч.
«Кнігі Сьвятланы Алексіевіч — гэта наш боль. Яна бярэ самыя балючыя тэмы, да якіх ніхто не дакранаецца. Яна не баіцца такіх тэмаў», — сказаў Марачкін Свабодзе.