Алексіевіч: Калі ў людзей такія фанатычныя ідэі, яны, вядома, шукаюць іх усюды. Я толькі кавалачак прачытала Кашына, вельмі зьдзівілася яму. Там яшчэ Прылепін такі ёсьць. Я хачу сказаць, што тое самае пішуць і ў Беларусі, што я ненавіджу і беларускі народ, і ненавіджу ня толькі ўладу, але і народ. Я думаю, ніхто ня любіць праўду. Я кажу тое, што думаю. Я люблю беларускі народ, я люблю расейскі народ, мае сваякі ўсе з боку бацькі былі беларусы, мой любімы дзядуля, і наогул я ў чацьвёртым пакаленьні сельскі настаўнік, мой прадзед вучыўся разам зь Якубам Коласам, так што я адчуваю, што гэта мая радзіма, мая зямля. І разам з тым, мая бабуля, мая маці — яны ўкраінцы. Я вельмі люблю Ўкраіну. І вось калі я была на Майдане, на плошчы, і бачыла гэтыя фатаграфіі Нябеснай сотні, я стаяла і плакала. Гэта таксама мая зямля. Так што няма нянавісьці, гэта не нянавісьць. Цяжка быць сумленным чалавекам, вельмі цяжка. І трэба не паддавацца гэтаму згодніцтву, на якое гэтая таталітарная ўлада заўсёды разьлічвае. Я люблю кнігу «Сумленьне нацыстаў», час ад часу яе перачытваю, там пра тое, як фашызм упаўзаў у жыцьцё немцаў у 1930-я гады. Спачатку, калі немцам казалі: не хадзі да таго лекара, да таго краўца, яны наадварот, яны ішлі да габрэйскіх лекараў, дантыстаў, але вельмі магутна працавала машына, вельмі магутна націскала на кнопкі самыя прымітыўныя, тое, што мы сёньня бачым у Расеі, і за дзесяць гадоў яны зрабілі зусім іншы народ. Я і бацьку свайго пыталася «Як вы гэта перажылі?» І ён толькі адно мне казаў: было вельмі цяжка, было вельмі страшна. Я думаю, што чалавекам застацца заўсёды страшна, заўсёды складана, нават калі ня так масава саджалі, як у тыя гады, але бачыце, у Расеі ўжо саджаюць, і ў нас ужо саджаюць. Але трэба мець гэта мужнасьць, а тое, што кажуць — ну што ж.
Пытаньне: А вы можаце вызначыць сваё стаўленьне да «рускага сьвету»? Які «рускі сьвет» вам падабаецца, а які вам не падабаецца, улічваючы, што вы пішаце на расейскай мове?
Алексіевіч: І мае героі расейцы, так? Я люблю «рускі сьвет», праўда я да гэтага часу не магу зразумець, што яны маюць на ўвазе. Я люблю добры рускі сьвет, гуманітарны рускі сьвет, той сьвет, перад якім да гэтага часу схіляецца ўвесь сьвет, перад той літаратурай, перад тым балетам, перад той музыкай вялікай. Так, я гэты сьвет люблю. Але я не люблю сьвет Берыі, Сталіна, Пуціна, Шайгу — гэта ня мой сьвет.
Пытаньне: Наколькі Ваша апошняя кніга актуальная ў сёньняшніх умовах?
Алексіевіч: «Час second-hand» — гэта не пра мінулае кніга. Яна пра тое, на чым мы ўсе стаім, пра наш падмурак. Вось адкуль мы выйшлі. Мне дарагія словы, якія я адмыслова вынесла ў эпіграф, што «таталітарызм разбэшчвае і кáта і ахвяру». Мы жывем у гэты траўмаваны пэрыяд. Усе мы так або інакш прыбітыя ды гэтага савецкага досьведу. І тое, як адпусьцілі і нават справакавалі сытуацыю ў Расеі, і 86% людзей сталі рады таму, як забівалі людзей у Данецку, і сьмяяліся з гэтых «хахлоў». Або тыя, хто цяпер лічаць, што ўсё можна вырашыць з пазыцыі сілы.
Пытаньне: Скажыце, беларусы будуць пазнаваць першага ў гісторыі краіны ляўрэата Нобэлеўскай прэміі? І Вам бы гэтага хацелася?
Алексіевіч: У 2013 годзе, калі я таксама ўвайшла ў тройку прэтэндэнтаў, я такая стомленая ехала, з Бэрліну ці што, і да мяне падбягае зусім такі малады чалавек і кажа: вы Сьвятлана Алексіевіч? Я кажу, так. Дык вы ж вось на Нобэля, усё. Ой божа, у мяне ня тое што кніжкі, паперкі няма. І дастае пачак ад цыгарэт — расьпішыцеся на ім! Я зусім не пыхлівы чалавек, і не люблю публічнасьць, і не люблю, калі цябе пазнаюць, таму што ты розны і не заўсёды гатовы да людзей, ты вельмі стаміўся, але ёсьць хвіліны, калі ты думаеш, значыць тое, што ты робіш, чапляе гэтага чалавека. Калі б гэта яму было ня дорага і ня трэба, ён бы не падбег з гэтым пачкам ад цыгарэт. Я не хачу, як Кіркораў ледзь не ў жаночай сукенцы, выходзіць на вуліцу, але часам, калі ты бачыш, што людзям гэта трэба і яны гатовыя з табой пагаварыць, і яны табе давяраюць, і калі ты прыходзіш у дом, яны табе давяраюць як суразмоўцу — гэта, вядома, прыемна.
Пытаньне: У вашай апошняй кнізе Вы паказваеце чытачам, наколькі цяжка простаму чалавеку было перажыць менавіта крушэньне Савецкага саюзу. Ёсьць нейкія моманты, якія недаапісаныя і недаацэненыя з гэтага досьведу, якія, Вам здаецца, трэба падкрэсьліць яшчэ? Нейкія цяжкасьці пераходнага этапу?
Алексіевіч: Я думаю, вядома, мы гэта час яшчэ не адрэфлексавалі і нават не зразумелі. Я напісала кнігу, але я думаю яшчэ сто Салжаніцынаў можа працаваць на гэтым участку, таму што гэта ж 70 з чымсьці гадоў, мільёны загінулых людзей, ідэя, якая пачыналася з жаданьня пабудаваць «горад сонца», а скончылася такой крывёю. Пра гэта трэба яшчэ шмат думаць. Я ня думаю, што мне ўдалося расказаць усё. Але тое, што я зразумела, што я змагла распавесьці, я зрабіла даўно ў гэтых пяці кнігах, у гэтым цыклі пра «чырвонага чалавека». Вось можа хто-небудзь з вас павінен прыйсьці і зрабіць.
Пытаньне: Над чым Вы працуеце цяпер?
Алексіевіч: Цяпер у мяне ў працы дзьве кнігі. Такія мэтафізычныя тэмы. Жыцьцё ў нас, вядома, заўжды не атрымліваецца. Пачнем нешта будаваць, а канчаецца, усё тым самым — як у анэкдоце, «аўтаматам Калашнікава». Цяпер іншыя людзі ўсё ж, якія хочуць быць шчасьлівымі. Хочуць кахаць. Ведаюць радасьць жыцьця. Шмат хто бачыў сьвет. Я пішу адну кнігу пра каханьне — у ёй пра каханьне распавядаюць і мужчыны, і жанчыны. І другая — пра старасьць, пра зьнікненьне, пра канец жыцьця. Навошта ўсё гэта, і што гэта такое. Вось да гэтай другой кнігі культура, асабліва расейская, больш падрыхтаваная. А вось да кнігі пра шчасьце…Усе хочуць быць шчасьлівымі, але ніхто ня ведае, што гэта такое.
Пытаньне: У гэтыя выходныя ў нас прэзыдэнцкія выбары, ці пойдзеце Вы і за каго будзеце галасаваць?
Алексіевіч: Я не пайду на выбары. Але калі б я пайшла, галасавала б за Караткевіч. З жаночай салідарнасьці. З-за таго, што я бачу нармальны твар, чую нармальную лексыку, якой я абсалютна ня чую ад мужчын-палітыкаў. Нармальныя касьцюмы, нармальныя рэакцыі. Тое, чаго ў мужчынаў-палітыкаў няма. Дый проста з-за таго, што нейкія спадзевы. А тое, што «Караткевіч — падсадная качка», як піша Пазьняк… Я ня веру ў гэта. Я ня ведаю, хто за ёй стаіць, якія грошы… Але я ведаю, што гэта быў бы новы паварот у нашым жыцьці. А не пайду на выбары таму, бо мы ж з вамі ведаем, хто пераможа. Мы ведаем, што пераможа Лукашэнка. Напэўна, у яго будзе 76%. Я так думаю. Ён паглядзіць на настроі грамадзтва і прыкіне, колькі можна.
Пытаньне: Вы сказалі, Адамовіч, Быкаў — а роля беларускай інтэлігенцыі, андэрграўнду, наколькі яна фармуючая, важная, наколькі важна мець гэтыя маральныя аўтарытэты?
Алексіевіч: Нашы «магікане» памерлі несвоечасова. Як нам цяпер не хапае Адамовіча, Быкава, іх слова, іх разуменьня, іх узроўню. Я думаю, шмат чаго не дазволілі б сабе тыя, хто дазваляе, калі іх няма. Мы ня можам сабе дазволіць такую свабоду — сядзець дзесьці, як некаторыя мае нямецкія сябры-пісьменьнікі — зьяжджаюць у вёску і пішуць. Мы жывем у такі недасканалы час, у такім недасканалым грамадзтве. Я не барыкадны чалавек, але ўвесь час цягне на барыкады. Таму што сорамна, сорамна за тое, што адбываецца.
Пытаньне: Ці лічыце Вы, што Ваш голас у будучыні будзе больш важкім у беларускім грамадзтве?
Алексіевіч: Ну я ня ведаю, бачыце ж, у нас такая ўлада… Ну, спадзяюся, ёй патлумачаць, што такое Нобэль, і можа быць будзе нейкая рэакцыя, можа асьцярожная. Агульны ўзровень палітычнай эліты ў нас савецкага складу. Нават яшчэ горш. У савецкай былі планкі, якія не парушаліся. Там былі людзі, доўга трэба было паўзьці па гэтай лесьвіцы, каб дапаўзьці. А сёньня ты з «гразі ў князі» — і кіруеш. Хто толькі ня быў міністрам культуры — і будаўнік, і хабзаец нейкі, хто толькі ня быў. Я думаю, трэба рабіць сваю справу і казаць тое, што ты думаеш.
Пытаньне: Як Вы ацэньваеце той факт, што Вы першая ў Беларусі ў літаратуры?
Алексіевіч: Мне складана сказаць. Што датычыцца навуковых распрацовак, фізыкі, хіміі, гэта патрабуе вялікага і тэхналягічнага ўзроўню ў краіне, вялікага навуковага патэнцыялу. Па-мойму, усё гэта ў нас разбурана. І я думаю, у нас шмат таленавітых людзей, але яны вымушаны ці іміграваць, як у Расеі, ці непаўнавартасна пражыць сваё жыцьцё.
Пытаньне: Што Вы думаеце пра сытуацыю ва Ўкраіне і пра расейскую авіябазу ў Беларусі?
Алексіевіч: Думаю, што расейская авіабаза нам не патрэбная. Але баюся, што яна будзе ў нас. Ня бачу я ў Лукашэнкі сілаў і рэсурсаў гэтаму супрацьстаяць. І ня бачу гэтых сіл супраціву ў грамадзтве. Грамадзтва прыме ўсё, што прапануе ўлада, на жаль. Што да Ўкраіны, то я ўсё ж думаю, што гэта, вядома ж, акупацыя, замежнае ўварваньне. Хаця там ёсьць шмат людзей, якія незадаволеныя тым, як было ва Ўкраіне і хацелі нейкіх перамен, але яны б ніколі не ваявалі. Яны б знайшлі іншы шлях пераменаў. Прывязіце да нас дзясяткі два грузавікоў, і заўжды знойдуцца людзі, якіх можна ўзброіць. Я чула ад аднаго чалавека, здавалася б, вельмі сымпатычнага, сталы падпалкоўнік, расеец. Але ён быў такі ўзрушаны, калі акупавалі Крым, і сказаў: «Ды мы таксама можам «тряхнуть стариной» і пісталет ёсьць, і тужурка ёсьць.
Пытаньне: А вы плянуеце ехаць ва Ўкраіну?
Алексіевіч: А была нядаўна. Бабуля памерла ўжо, а больш такіх блізкіх сваякоў не засталося.
Пытаньне: На Вашу думку, ці ёсьць нейкія прыкметы перамен у Беларусі, ці надзея на перамены, і ў якім накірунку яны будуць разьвівацца?
Алексіевіч: У Лукашэнкі вельмі цяжкае цяпер становішча. Ён вельмі хацеў бы адарвацца ад Расеі. Але хто ж яму дасьць. З аднаго боку, яго трымае ягоная ўласная мінуўшчына. А з другога боку, яго трымае Пуцін. Пад уласным мінулым я маю на ўвазе, што ён ня ведае іншых правіл гульні. Ён з гэтым вырас, нягледзячы на тое, што трэба прызнаць: у яго вельмі моцная палітычная чуйнасьць.
Пытаньне: А базу яму навязваюць?
Алексіевіч: Базу яму, вядома, навязваюць. Я ня думаю, што ён гэтага хоча сам. Паратунак Беларусі, калі б яна павярнула ў бок Эўразьвязу. Але ніхто яе не адпусьціць.
Пытаньне: А што Вы хацелі б сказаць Нобэлеўскай камісіі?
Алексіевіч: Я не ведаю нікога зь іх. Я магу ім сказаць толькі дзякуй.
Пытаньне: А калі яны Вам патэлефанавалі?