Алексіевіч: Ну, ва ўсякім выпадку, мне быў вельмі цікавы яго погляд, і я прачытала першы раз яго кнігу «Імпэрыя» і ўбачыла, як цікава ён шукаў у гэтай вобласьці дакумэнтальнага рэпартажу, у якой я працую. Мне падабалася польская Ханна Краль, вельмі цікава працуе ў гэтым накірунку, і Капусьцінскі. І нічога падобнага няма ў Беларусі, хоць тут ёсьць кніга Адамовіча, Брыля і Калесьніка «Я з вогненнай вёскі», я лічу, гэта геніяльная кніга, але там гэта цэлы пласт культуры ў Польшчы — дакумэнтальная кніга. Таму што расейская, беларуская культуры яшчэ як бы не пусьцілі сябе ў сьвет, крыху традыцыйныя, яны працуюць самадастаткова, самі ў сабе. І я адкрывала сьвет менавіта праз такія фігуры, як Ханна Краль, Капусьцінскі.
Пытаньне: Вы сказалі, што ня будзеце галасаваць на выбарах, таму што ў гэтым няма ніякага сэнсу, Вы лічыце, што грамадзяне краіны павінны пайсьці за Вашым прыкладам?
Алексіевіч: Байкатаваць выбары ні ў якім разе нельга. Таму што калі вы байкатуеце, то Лукашэнка атрымлівае больш шанцаў... Таму што калі прагаласуе з тысячу чалавек васемсот чалавек, то ён можа паставіць сабе такую колькасьць галасоў. А калі прыйдзе толькі пяцьсот чалавек, то вырастуць яго працэнты. Гэта няправільныя паводзіны. Я лічу, што заклік да байкоту — гэта памылка апазыцыі. Гэта можна элемэнтарна падлічыць, што калі мы байкатуем выбары, мы даем шанец павысіць колькасьць працэнтаў Лукашэнкі. Гэта вельмі проста. Я ўжо недзе расчараваная ў нашай апазыцыі, і ў нашым народзе, калі так можна сказаць. Што мы ніяк не прачнемся. Я думаю, што гэта доўгі шлях.
Пытаньне: Калі Ваша кніжка апошні раз выходзіла ў Беларусі? Ці помніце Вы гэта?
Алексіевіч: Гадоў 25 таму…
Пытаньне: Апошні Ваш «Час second-hand» выйшаў?
Алексіевіч: Ой, так, але ж гэта такая паўпадпольная кніга, недзяржаўная.
Пытаньне: А дзяржаўныя выдавецтвы калі апошні раз выдавалі і якую?
Алексіевіч: Па-мойму «Цынкавыя хлопчыкі» нейкае маленькае выдавецтва выдавала… «Беларусь» выдавецтва. Але гэта таксама было маленькае выдавецтва і асабісты ўчынак рэдактара.
Пытаньне: Калі б Вам давялося ў адным паведамленьні сказаць нешта беларусам, што б гэта было?
Алексіевіч: Давайце пастараемся жыць у вартай краіне. Кожны павінен штосьці для гэтага зрабіць. Ня трэба чакаць, што гэта зробіць сусед, сын твой, усе павінны нешта рабіць. Інакш па адным вельмі лёгка нас шантажаваць, напалохаць, з намі расправіцца. Давайце будзем ісьці разам, але разам з тым я супраць рэвалюцыі. Мне не падабаецца кроў. Я не хачу, каб хаця б адно жыцьцё маладога хлопца было страчанае. Я лічу, мы мусім знайсьці свой беларускі «гандзізм». Калі мы будзем разам, мы яго знойдзем, вядома.
Пытаньне: Цяпер шмат войнаў, ці няма ў Вас расчараваньня, што кнігі нібыта нічому ня вучаць? Ці магчымае цяпер збліжэньне Ўсходу і Захаду, ня новая халодная вайна, а агульны «мир», не расейскі, не заходні?
Алексіевіч: У сьвеце ёсьць ня толькі кнігі, Талстой, яшчэ нехта, а ёсьць і Біблія, і Францішак Асызскі, і Антоні Суражскі, на камяні стаяў колькі дзён, рэлігійныя гэтыя пакутнікі… А чалавек не зьмяняецца. Але ўсё ж хочацца верыць, што нешта зьмяняецца, хоць падзеі ў Данецку і вайна ў Адэсе мяне напужалі. Як хутка зьлятае культура, і як хутка вылазіць зьвер з чалавека. Так што я думаю, калі мы кінем рабіць сваю справу, можа быць яшчэ горш. Як там у апостала Паўла, гора мне, калі я перастану прапаведаваць. Што тычыцца антызаходніцтва, як гэта цяпер у Расеі, то я лічу, што гэта сыдзе. Сыдзе разам зь цяперашнімі лідэрамі. Няма гэтай нянавісьці ў народзе. Ні ў расейскім, ні ў беларускім няма нянавісьці да Захаду, да Эўропы. Гэта ўсё пена, якая створаная палітыкамі. Ну і заўсёды знойдуцца маладыя, якім захочацца згуляць у сваю нейкую гульню. Так што гэта не глыбока, але адзінае, што ў прамежкавым часе мы будзем жыць яшчэ доўга. Мы занадта былі наіўныя ў 90-я гады, калі думалі, што раз — і тут жа мы станем свабоднымі. Не, гэта немагчыма, як выявілася. Усім здавалася, людзі прачытаюць Салжаніцына — і тут жа зробяцца чыстымі, а людзі кожны дзень некага забівалі ў пад’ездах. Я думаю, самая цяжкая спадчына, якая засталася ад сацыялізму — гэта траўмаваны чалавек, таму што лягер разбэшчвае і кáта, і ахвяру.
8 кастрычніка 2015
Аляксандар Фядута, Кіеў
Аспрэчваць рашэньне Нобэлеўскага камітэту — справа бессэнсоўная і нікчэмная. Ня нашы грошы, ня нам і вырашаць, каму іх аддаваць. І хто іх варты — ня нам вырашаць: не прапісваў такой працэдуры нябожчык Альфрэд Нобэль.
Нам застаецца толькі радавацца таму, што самая вядомая зь літаратурных прэмій сьвету стала ўзнагародай для грамадзяніна сувэрэннай Рэспублікі Беларусь. І радавацца таму, што гэтую прэмію атрымала пісьменьніца з сапраўды сусьветнай вядомасьцю. Гэтага, я думаю, нават самыя жорсткія апанэнты «Нобэля для Алексіевіч» ня будуць адмаўляць.
Рынак — справа суровая. Ён галасуе. Наклады перакладаў на асноўныя мовы сьвету — сьведчаньне ўзроўню запатрабаванасьці таленту пісьменьніка і ўзьнятай ім тэмы. Мы жывем не ў савецкія часы, калі пераклады «арганізоўваліся», калі перакладчыкам з брацкіх краінаў і левых партый паказвалі, каго ім перакладаць і якія менавіта тэксты. Цяпер — ня так.
Я бачыў людзей каля паліцаў з кнігамі Сьвятланы Алексіевіч у Варшаве, Кіеве, Маскве. Яны выходзілі з кнігарняў зь яе выданьнямі, калі яна яшчэ не была нобэлеўскім ляўрэатам.
Ніхто не прымушаў іх даставаць грошы і банкаўскія карткі і купляць «Час second-hand». Прычым гэта былі людзі рознага ўзросту, пераважна — тыя, хто маладзейшы за мяне, для каго апавяданьні герояў Алексіевіч — гісторыя.
Чаго яны там шукалі?
Мне здаецца, адказу на пытаньне, чаму мы ўсе жывем так, а не інакш. Цяперашняе тлумачыцца мінулым; мінулае па-іншаму прымушае ацэньваць сучаснасьць. І тая лютасьць, зь якой расейская ўлада рабіла ўсё, каб Захар Прылепін перамог Сьвятлану Алексіевіч у конкурсе на прэмію «Вялікая Кніга» — гэта лютасьць пацыента ў адносінах да лекара, які дакладна паставіў дыягназ.
«Нобэль» Сьвятлане Алексіевіч — прэмія лекара, які паставіў дакладны дыягназ постсавецкім грамадзтвам. Усім, без выключэньня. Зь іх нецярпімасьцю, неталерантнасьцю, гатовасьцю ў любы момант прыступіць да выкарыстаньня гвалту адзін супраць аднаго. «Ветлівыя зялёныя чалавечкі» — мутанты, выпушчаныя з нашых душ на дзяржаўным узроўні. Алексіевіч пра гэта не пісала, але з напісанага ёю вынікала, што такое — магчыма.
Часам мне здаецца, што спакой і нават холад, якія дэманструюцца самай вядомай пісьменьніцай сучаснай Беларусі ў адносінах і да нашай краіны, і да нашых праблем — гэта холад і спакой лекара-дыягноста, які спрабуе не памыліцца.
І не памыляецца.
З гэтым можна згаджацца, можна не згаджацца. Але, падобна, яна мае рацыю.
Кажуць, што «Нобэль» па літаратуры гранічна палітызаваны. Што яго ўручаюць з улікам таксама і палітычнай пазыцыі аўтара — наколькі супадае яна з агульнасусьветным парадкам дня.
Пазыцыя Алексіевіч супала.
Яна піша на расейскай мове, але выступае супраць «рускага сьвету» як канцэпцыі, якая апраўдвае гвалт і палітычную экспансію Пуціна.
Яна грамадзянка Беларусі і катэгарычна асуджае той рэжым, які ўсталяваў у краіне Лукашэнка.