Шары: Даводзіцца, значыць, адмаўляцца ад разуменьня таго, што «паэт у Расеі болей чым паэт»? А чаму постсавецкія грамадзтвы (перш за ўсё я маю на ўвазе расейскае і беларускае, і ў значна меншай ступені ўкраінскае грамадзтва) «не ўпусьцілі ў сябе сьвет»? Улада вінаватая, народ вінаваты, грамадзкія ўмовы так склаліся — у чым прычына, як Вы яе бачыце?
Алексіевіч: Самая складаная праблема, што ў нас засталася ад савецкага часу — гэта, вядома, сьвядомасьць чалавека. І ўлада, і эліта, і грамадзтва аказаліся няздольнымі пабудаваць новую дзяржаву, абжыць новыя ідэі, як гэта зрабілі нашы суседзі — тая самая Прыбалтыка, тыя самыя Чэхія і Польшча... Там эліта паволі робіць сваю працу, яна вырабляе новыя ідэі. Як мне сказаў адзін польскі рэжысэр, «ваша эліта пабегла да рэштак са стала алігархаў, а ў нас алігархі хочуць, каб мы іх запрасілі да свайго стала» — мастак у гэтых сусьветах займае цалкам рознае месца. Калі я раптам чую ад вядомага расейскага тэатральнага дзеяча: ня сорамна абвяшчаць па тэлевізары, што ў цябе ў самалёце стаіць залаты ўнітаз, ён жа зароблены... Ці калі вядомая журналістка кажа: у чалавека з грашыма — асаблівы пах, гэта асаблівы чалавек, паколькі яго грошы маюць нейкую энэргію, сілу... Я ўяўляю, сказала б яна гэта дзе-небудзь у Францыі — ёй бы назаўтра ніхто рукі не падаў!
Няма маральных правілаў, няма маральных законаў, ёсьць законы паняцьцяў, законы мафіі, законы выпадкова прыхопленых бізантыйскіх або нейкіх яшчэ ідэй. Няма магутнага ядра эліты, якое б генэравала новыя ідэі. Усё гэта прыхоплена, усё гэта досыць прымітыўна. Хай грошы з кішэняў сыплюцца, але ўсё роўна людзі з такімі паняцьцямі — чужыя для сьвету, сьмешныя ў вонкавым сьвеце, усё роўна яны выклікаюць страх, а не павагу. Не далей як учора ў Бэрліне я ўдзельнічала ў сустрэчы, дзе гаварылася аб гэтых тэмах, выступалі пісьменьнікі і палітыкі, у тым ліку нямецкі міністар замежных справаў Вальтэр Штайнмаер. Гэта зусім іншы ўзровень размовы: гаварылася аб гуманітарных каштоўнасьцях, аб тым, што дзяленьне сьвету на катаў і ахвяр — вельмі спрошчаны погляд. Я сядзела якраз побач зь міністрам і думала: Бог мой, калі я пачую ў сваёй краіне або ў Расеі ад міністра такія вось інтэлектуальныя словы, тады Расея і Беларусь стануць іншымі дзяржавамі! Але сёньня гэтага няма і новай дзяржавы няма — таму што па ўзроўні разуменьня сьвету мы засталіся на ўзроўні Аляксандра III, які лічыў, што адзіныя сябры Расеі — гэта яе армія і флёт.
Шары: Вы згадалі, што нядаўна вярнуліся з Украіны. У гэтай краіне цяпер па-іншаму адзначаюць даты, зьвязаныя з заканчэньнем Другой сусьветнай вайны ў Эўропе. Як Вы ставіцеся да гэтых спробаў?
Алексіевіч: Ведаеце, я прыехала з Украіны зь вельмі добрым пачуцьцём. Я выступала там у Кіева-Магілянскай акадэміі, ва ўнівэрсытэце, на кніжным кірмашы «Кніжны арсэнал». Нягледзячы на ўсе складанасьці, у маладых людзей гараць вочы, яны хочуць новага жыцьця, яны гатовыя нават (хоць гэта барбарства, вядома) на ахвяры. У прынцыпе, любое рашэньне праблемы спосабам гвалту, калі гінуць людзі — гэта, вядома, барбарства, гераічнае барбарства або проста барбарства, садысцкае, бандыцкае. Трэба забіваць ідэі, а не людзей. Ужо прайшоў час набіраць абароты тэхнікі і без канца дэманстраваць сьвету танкі і гарматы. У інтэрнэце я кожны дзень бачу якую-небудзь навінку расейскага ўзбраеньня і акрамя як барбарствам гэта назваць не магу.
Украінцы сапраўды хочуць пачаць новае жыцьцё, і сапраўды ёсьць небясьпека, што чыноўнік зноў зжарэ ўкраінскую рэвалюцыю. Але цяпер народ настроены рашуча, можа быць, таму, што з часу аранжавай рэвалюцыі вырасла новае пакаленьне — іх бацькі вынесьлі б Януковіча, а маладыя адмовіліся ўдзельнічаць у гэтай змове супраць сваёй будучыні. Ва Ўкраіне адчуваецца дух часу, адчуваецца дух абноўленай нацыі, якая ня хоча, каб яе зацягвала ў расейскую яміну. Я хацела б верыць, што ў іх гэта атрымаецца, што не атрымаецца расейскага сярэднявечча, якое сёньня пачалося — зацягнуць украінцаў у стары час. Вельмі б хацелася спадзявацца. У гэтыя дні ва Ўкраіне замест георгіеўскіх стужачак носяць выявы макаў. Яны хочуць сьвяткаваць дзень вызваленьня з усёй Эўропай, а ня ладзіць сталінскія сьвяты асобна ад усяго сьвету.
Шары: Як Вы лічыце, пакаленьням, якія жывуць цяпер у Расеі, ва Ўкраіне і Беларусі, удасца неяк прымірыць розныя праўды аб Другой сусьветнай вайне?
Алексіевіч: Я думаю, што гэта будзе вельмі доўгая барацьба. Гістарычная праўда — складаная рэч. Я 30 гадоў займаюся дакумэнтамі і магу сьцьвярджаць: дакумэнту не бывае ў чыстым выглядзе, усё роўна гэта чыясьці жарсьць, чыясьці вера, імгненная або доўгатэрміновая, але ўсё роўна — у руках і волі чалавека. Але ўрэшце ўступае ў дзеяньне час. Ёсьць блізкі час, калі мы як бы спавіты ідэямі сёньняшняга дня, воляй тых, хто сёньня ва ўладзе, іх разуменьнем падзей і зьяваў, іх дыяпазонам. Што да Расеі і Беларусі — вядома, гэта стары сьвет. На вуліцах новыя машыны, каля будынкаў трошкі новай архітэктуры, людзі носяць новыя касьцюмы, але гэта стары сьвет, сьвет старых паняцьцяў, і ён сёньня пайшоў у апошні савецкі бой. Не за тую вышэйшую справядлівасьць, якую можна было б атрымаць з савецкага досьведу — там было шмат сталінскіх здрадаў, але ўсё ж у пачатку было і шмат рамантычных спадзяваньняў, якія пацярпелі поўную катастрофу. Скончылася ўсё крывёю, як кажа адзін з маіх герояў: «Бочкі мяса засталіся і мора крыві, так канчаецца ў нас уся гісторыя...»
Гэта будзе яшчэ вельмі доўгая барацьба, я думаю, яна зацягнецца на некалькі дзесяцігодзьдзяў. Але як бы ні стараліся нашысты і лукашысты — сёньняшняе акасьцяненьне скончыцца, таму што сьвет усё ж рухаецца, і мы ня можам сядзець на ўзбочыне, гэта нерэальна хоць бы з прычыны новых тэхналёгій. На нейкі час можна стварыць рэзэрвацыю, ну, можа быць, нават на працяглы час (у рэшце рэшт, ёсьць досьвед Паўночнай Карэі), але, тым ня менш, чалавецтва рухаецца ў бок больш нармальнага сэнсу жыцьця, калі чалавечы дух не прыніжаны, калі чалавечыя паняцьці не зьняважаныя. Гэта тычыцца ўсяго мінулага — ня толькі вайны, але і ГУЛАГу, які таксама аказаўся спрэчным паняцьцем, як высьвятляецца. Напрыклад, музэй «Перм-36» — ужо не музэй ахвяраў ГУЛАГу, а музэй работнікаў ГУЛАГу. Будзем цяпер кланяцца катам, чытаць, як яны пакутавалі, зьдзекуючыся над ахвярамі...
Усё вельмі перамяшалася, але я думаю, што старая ідэя выдыхаецца. Сьвет ідзе ў бок таго, каб чалавек застаўся чалавекам у тым, у боскім сэнсе слова — пра гэта пісалі Аляксандар Мень і Аляксандар Шмеман — калі сапраўды гаворка ідзе пра дух чалавечы.
Радыё Свабода
14 траўня 2015
«Расейскіх журналістаў трэба судзіць за тое, што яны гавораць пра вайну на Данбасе», — сказала на сустрэчы з чытачамі ў Варшаве беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч.
Польскі пераклад кніжкі Алексіевіч «Час second-hand» намінаваны на літаратурную прэмію імя Рышарда Капусьцінскага, выдатнага польскага пісьменьніка ў жанры літаратурнага рэпартажу і дакумэнтальнай прозы, які нарадзіўся ў Пінску.
«Сапраўднай праблемай зьяўляецца тое, што расіяне хочуць слухаць тую хлусьню. У кожным расейцу ёсьць трохі Пуціна. Чырвоная імпэрыя адышла, але савецкі чалавек застаўся. Больш чым 100 гадоў выхоўваюць яго ў кульце вайны. І яму ніколі не жылося добра. Савецкага чалавека некалькі дзясяткаў гадоў падманвалі, а потым, пасьля перабудовы, сыстэматычна абкрадалі. Таму гэта вельмі жорсткі і агрэсіўны тып чалавека», — цытуе Сьвятлану Алексіевіч сайт tokfm.pl.
Сайт згадвае адзін інцыдэнт падчас сустрэчы Алексіевіч у Варшаве — калі яна закранула тэму вайны ў Данбасе, нехта з залі выкрыкнуў: «Гэта бандэраўская прапаганда!». На што пісьменьніца адрэагавала:
«Якраз з-за такіх рэакцый мы пачынаем страляць адны ў адных. Калі б сёньня паслалі ў спакойную Беларусь сто танкаў, выявілася б, хутчэй за ўсё, што частка хоча далучыцца да Польшчы, частка да Расеі. Адно толькі несумненна: пралілася б кроў».
Радыё Свабода
15 траўня 2015
Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч другі раз стала ляўрэатам міжнароднай прэміі імя Рышарда Капусьцінскага за дакумэнтальную прозу.
Цырымонія ўручэньня прэміі імя Рышарда Капусьцінскага адбылася ўвечары 14 траўня ў Палацы культуры і навукі Варшавы. Прэмія ўручаецца за найлепшую рэпарцёрсую кнігу, якая закранае важныя праблемы сучаснасьці. Яе арганізатары — мэрыя Варшавы і «Gazeta Wyborcza».
Журы пад кіраўніцтвам польскага публіцыста з Швэцыі Мацея Зарэмбы-Бяляўскага ацэньвала 84 кнігі.
У гэтым годзе прэмію атрымалі два ляўрэаты: беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч за кнігу «Час second-hand. Канец чырвонага чалавека» і польскі пісьменьнік, журналіст Міхал Альшэўскі за кнігу «Найлепшыя чаравікі ў сьвеце», паведаміў зь месца падзеі карэспандэнт «Хартыі 97».
Прэміі ляўрэатам уручала асабіста мэр Варшавы Ханна Гранкевіч-Вальц. Зь вітальнымі словамі выступілі галоўны рэдактар выданьня «Gazeta Wyborcza» Адам Міхнік і вядомы аўстрыйскі публіцыст Марцін Полак.
Выступаючы на цырымоніі, Сьвятлана Алексіевіч падзякавала ўладам Польшчы за падтрымку беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну з-за палітычнага перасьледу на радзіме:
«Я вельмі рада, што другі раз стаю на гэтай сцэне і атрымліваю гэтую ўзнагароду. Усё гэта вельмі для мяне важна, і я нават падумала, што я шчасьлівы чалавек. Рэдка думаеш пра сябе, што ты шчасьлівы чалавек, але я магу гэта сказаць. 40 гадоў я рабіла тое, што хацела рабіць. Мне ўдалося зрабіць тое, што я задумала яшчэ ў юнацтве.
Сваё дзяцінства я правяла ў Беларусі і Ўкраіне і памятаю бясконцы жаночы хор. Як я разумею цяпер, гэта, напэўна, была глыбокая траўма, таму я чула пастаянныя размовы пра «верхніх» людзей, пра сьмерць, пра тых, хто сышоў. І калі я з вуліцы прыходзіла дадому і садзілася за кнігі, мне здавалася, што ўсё роўна ў гэтых кнігах няма таго, што я чую на вуліцы. Цяпер я рада, што гэтыя галасы, якія ўвесь час гучалі ўва мне, у маёй сьвядомасьці, у маіх днях, начах, размовах, цяпер сталі словам, кнігай і належаць сьвету.
Камунізм ня зьнік. Ён, можа быць, цяпер сыходзіць, але сыходзіць зь вялікай крывёю. Калі я сёньня бачу ўкраінскіх уцекачоў, іх твары, асабліва твары дзяцей, мяне не пакідае адчуваньне вялікай вайны.
Асобна я хацела б сказаць словы падзякі Польшчы і асабліва Варшаве за тое, што вы падтрымліваеце беларусаў. Я толькі другі дзень тут і сустрэла ўжо дзясяткі людзей зь Беларусі, якія знайшлі тут прытулак, падтрымку, сяброўскае плячо.
6 кастрычніка 2015