Пераможца атрымлівае грашовую прэмію ў 750 000 расейскіх рублёў.
18 лютага ў Менску прэзэнтавалі беларускі пераклад гэтай кнігі.
Раней — на Міжнародным кніжным кірмашы ў Менску — Алексіевіч прэзэнтавала расейскамоўнае выданьне.
16 красавіка 2014
Алесь Дашчынскі, Менск
Сьвятлана Алексіевіч адказала на пытаньні карэспандэнта Свабоды пра Расею пасьля анэксіі Крыму, пра сытуацыю ва Ўкраіне і пра яе ўплыў на Беларусь.
Дашчынскі: У нядаўнім артыкуле ў нямецкай «Frankfurter Allgemeine» пра Расею пасьля Крыму Вы пішаце пра вяртаньне да сталінізму ў Расеі на хвалі патрыятызму. Да сталінізму, толькі праваслаўнага. Чаму такое стала магчымым у Расеі?
Алексіевіч: Прычына адна. Вось гэты маленькі «чырвоны чалавек» затаіўся, ён застаўся жыць з пачуцьцём паразы. Бо і ня ён рабіў тое, што называецца «перабудовай». Гэта рабіў Гарбачоў і кучка інтэлігенцыі. А маленькі «чырвоны чалавек» прачнуўся нечакана ў зусім незнаёмай яму краіне. І ён нічога не хацеў апроч таго, каб добра жыць. І ніхто не займаўся вывучэньнем мінуўшчыны, не чытаў Салжаніцына, Шаламава. Гэта ўжо нікому не было цікава пасьля перабудовы, хаця ўсё гэта ляжала на кніжных развалах. А чаканьні не ажыцьцявіліся, бо атрымаўся дзікі капіталізм, і гэта нікога не задавальняе, бо людзей абрабавалі, краіну раскралі. І вядома, адчуваньне рэваншу. Гэта жаданьне маленькай пераможнай вайны вельмі глыбока сядзела. І гэтае імпэрскае пачуцьцё, «вялікая Расея», каб нас зноў баяліся. На жаль, тлумачэньні самыя банальныя. Але гэта не адзін Пуцін. Гэта насамрэч Пуцін у кожным з расейцаў. Я, напрыклад, згубіла вельмі шмат расейскіх сяброў, бо не магла падзяліць іх патрыятызм, іх узрушанасьць ад слова «аншлюс», «анэксія». Я чалавек маленькай нацыі, і мы зусім пазбаўленыя гэтых пачуцьцяў. Як інтэлектуал я зусім іначай гляджу на гэтыя праблемы.
Дашчынскі: То бок мы назіраем вяртаньне гэтага «чырвонага чалавечка»?
Алексіевіч: Ён затаіўся. І гэты маленькі «чырвоны чалавек» не абавязкова нейкі рабацяга. Гэта і людзі ўлады, хаця ў іх грошы з кішэні сыплюцца. Усё роўна сьвядомасьць абсалютна чырвоная. Вось у іх грошы з кішэні сыплюцца, а для эўрапейскай эліты яны ўсё роўна шпана. Тут усё інакш уладкавана. Тут над мэханізмам свабоднай грамадзянскай дзяржавы вельмі многа працавалі. Гэта ўжо адладжаны мэханізм. Таму 20 гадоў — гэта вельмі маленькі тэрмін. Была такая вялікая спрэчка ў расейскай літаратуры паміж Шаламавым і Салжаніцыным. Салжаніцын казаў, што лягер ачышчае чалавека, падымае, зь лягеру ён выходзіць вялікім. А Шаламаў казаў, што лягерны досьвед нічому добраму ня вучыць, ён бэсьціць чалавека, і ён патрэбны толькі ў лягеры. І вось гэты маленькі «чырвоны чалавек» выйшаў зь лягеру. І што ён зрабіў праз 20 гадоў? Зноў пабудаваў лягер. Адсюль і назва маёй кнігі «Час second-hand». Дадалося толькі праваслаўе ў самым цемрашальскім варыянце.
Дашчынскі: А ў Крыме таксама гэты «чырвоны чалавек»?
Алексіевіч: Яны былі далёка ад Расеі. Я думаю, тут віна і Ўкраіны ёсьць. Украіна, відаць, і ня мела тых рэсурсаў, і людзі там, кажуць, цяжка жылі. Як і па ўсёй Украіне. У мяне шмат сваякоў ва Ўкраіне, і людзі вельмі цяжка жывуць. А цяпер я ня ведаю, што будзе. І здалёк пачынаецца ідэалізацыя гэтай вялізнай краіны. Мы ж усе з грамадзтва гвалту, у нас няма іншага досьведу жыцьця. І таму ўсялякая праява сілы здаецца веліччу. І такой, відаць, здалёк ім гэтая краіна і здавалася. Я думаю, што і насамрэч Крым прагаласаваў за ўваходжаньне ў Расею. Мне самой Севастопаль здаецца расейскім горадам. Але ўсё, што адбылося і як гэта адбылося — гэта не цывілізавана. Бо з такой цяжкасьцю пасьля Другой сусьветнай вайны выбудавалі сьвет, пэўныя правілы, і раптам аказваецца, што ўсё гэта можна ўзарваць за некалькі тыдняў. Я жыву абсалютна з пачуцьцём паразы, якое ёсьць у многіх людзей майго пакаленьня. Бо Пуцін зусім пахаваў мару пра тое, што Расея будзе эўрапейскай. І тое, што ў Беларусі ёсьць эўрапейскія шляхі. Мы таксама ад іх вельмі залежым, на жаль, мы вельмі зьвязаныя. Цяпер ужо прадэманстраваная такая сіла, што Лукашэнка апынуўся на кароткім ланцужку, яму ўжо дакладна ня вырвацца.
Дашчынскі: А як, на Ваш погляд, будзе ўплываць гэтая сытуацыя на Беларусь?
Алексіевіч: Я думаю, што да пары да часу мы захаваем такі вось сувэрэнітэт. Але калі нічога не памяняецца, малаверагодна, што нешта можа памяняцца. Бо былі часы макартызму ў Амэрыцы — гэта працягвалася не адзін год. Такія цёмныя энэргіі, калі вырываюцца з народу, маюць вельмі доўгую цэнтрабежную сілу. Яны доўга будуць працягвацца. Магчыма, некалькі пакаленьняў будуць заражаны гэтым. У нас будзе слабая незалежнасьць, і таму ўлада маўчыць, бо гэта зразумела.
Дашчынскі: Лукашэнка казаў, што ў нас уся краіна расейскамоўная, то гэта, маўляў, глупства нейкіх расейскамоўных тут абараняць? Ці была ўсё ж памылковай гэтая русыфікацыя Беларусі апошнімі гадамі?
Алексіевіч: У нас расейскамоўнасьць не з-за страху, не з-за нейкай мэтанакіраванай палітыкі. Для сёньняшняй расейскай эліты сур’ёзна не існавала ні ўкраінскай дзяржавы, ні беларускай дзяржавы. А тое, што мы гаворым на расейскай мове — гэта нашы глыбокія гістарычныя праблемы. Невялікі народ быў заўсёды прыгнечаны, ніколі ня жыў сваім жыцьцём. Таму расейскамоўнасьць — не палітычная задума, гэта нашы ўнутраныя гістарычныя праблемы, нашы ўласныя комплексы. Мяне вельмі радуе цяперашняя цікавасьць да беларускай мовы, столькі людзей запісваецца на курсы. На сёньняшні момант — гэта форма супраціву. Ня браць жа вінтоўку і ісьці ў лес. Гэта сёньня малаверагодна. Гэта да якой ступені адчаю трэба давесьці народ, як ва Ўкраіне, каб гэта здарылася. І ня дай Бог, каб гэта адбылося. Я прыхільніца паўзучай эвалюцыі. Гэта лепш, чым любая рэвалюцыя. Ніводная рэвалюцыя не прыносіла прыгожых пладоў. Я прыхільніца руху жыцьця.
Дашчынскі: Як Вы думаеце, што далей будзе з Украінай?
Алексіевіч: Я не палітык, я творца. Я думаю, што справа можа нават дайсьці да партызанскай вайны ў некаторых абласьцях Украіны. Але мне верыцца, што ўсё ж гэта моцны народ. Мне падабаўся і першы Майдан, і другі Майдан. То бок мне падабаліся людзі, якія гэта рабілі. Хоць што тычыцца другога Майдану, то там ёсьць праблемы з «Правым сэктарам», з радыкаламі. Мне падабаліся самі людзі, але палітыкі, якія потым разьменьвалі гэты Майдан ці ператваралі яго ў нешта іншае, гэта ўжо іншы бок справы.
Мне здаецца, што Ўкраіна вельмі слабая цяпер. І калі насамрэч ЗША і Эўропа не дапамогуць Украіне эканамічна і палітычна, то гэта будзе вельмі трагічна. Гэта можа быць Югаславія побач. Бо беднага чалавека прымусіць некага ненавідзець вельмі лёгка. Калі знойдзецца лідэр не такі гарачы як Цімашэнка, калі знойдзецца моцная, разумная асоба, няхай гэта будзе не Рузвэльт, але разумны, цьвярозы чалавек, якога прыме Захад і зь якім будзе лічыцца Расея, тады захаваецца ўкраінская дзяржава. Гэтым разам Захад даволі згуртаваны. Расея адчула сілу Захаду, бо ўсе зразумелі, як гэта небясьпечна. Я думаю, што Эўропа прыкладзе намаганьні, каб украінская дзяржава захавалася, ня зьнікла як Самалі. Але небясьпека вялікая, што яе разарвуць на нейкія кавалкі.
Я шмат людзей ведаю ва Ўкраіне, і яны вераць у сваю будучыню. Напэўна, трэба жыць там, каб гэта адчуць. І наколькі я расчаравалася ў некаторых сваіх расейскіх сябрах, настолькі мяне захапілі ўкраінскія. Я думаю, у гэтай краіны ёсьць будучыня, хоць цяпер цяжкі час. А што да Пуціна, я думаю, яму не дазволяць гэтыя ваенныя паходы, і я падазраю, што ён і сам гэтага ня хоча. Але ён узяў на сябе нейкую місію, і цяпер вымушаны ёй адпавядаць. А маленькаму чалавек цяжка ўвесь час быць вялікім, у нейкай мэсіянскай позе. Яго занадта містыфікуюць. Расея не такая моцная, каб рабіць выклік сьвету.
Дашчынскі: Пуцін кажа пра бандэраўцаў, кажа, што не прызнае новую ўладу...
Алексіевіч: Гэта сыходзіць з аднаго, што яны сур’ёзна ня ставяцца да Ўкраіны як да асобнай дзяржавы. Ім здаецца, што той, хто сышоў з гэтага расейскага шляху, то гэта нейкія здраднікі. Яны нават са сваёй элітай наладзілі разборкі: калі ты ня з намі, то ты ўжо нацыянал-здраднік. На гэтым фоне ўжо Лукашэнка выглядае меншым дыктатарам, чым Пуцін. Ва ўсякім разе ў нас няма гэтых дзікіх законаў пра сэксуальныя меншасьці, аб абароне праваслаўя. Я нават зьдзівілася, што мы не паўтарылі гэтыя глупствы.
Дашчынскі: Лукашэнка кажа, што ён супраць фэдэралізацыі Ўкраіны, прызнае легітымнасьць уладаў. Вы верыце гэтым заявам?
Алексіевіч: Я наогул ня веру вялікім палітыкам. Я думаю, што яны самі ня ведаюць, у што яны вераць. Яны будуць верыць у тое, што на гэты момант служыць іх нейкім мэтам. Я ня веру ні Пуціну, ні Лукашэнку. У нашых краях палітыкам нельга верыць. А тым больш такім таталітарным. Мы бачым, што ёсьць пераапранутыя расейскія вайскоўцы ва Ўкраіне. А Пуцін глядзіць у твар сьвету і кажа, што там іх няма. Ён казаў, што іх не было і ў Крыме. Эўрапейцам таксама цяжка нас зразумець. Мне здаецца, што Абама і Эўропа паводзяць сябе вельмі разумна. Вось Лукашэнка кажа, што гэта слабыя палітыкі. А гэта насамрэч сучасныя палітыкі. Гэта палітыкі, якія прадстаўляюць грамадзтва, якое зусім ня хоча абуць дурныя боты, узяць аўтамат і некуды ісьці. Людзі любяць жыцьцё і ўмеюць жыць. У іх зусім іншыя каштоўнасьці. Ніякі вайсковец там ня скажа, як нядаўна казаў Грачоў, што нашы хлопцы паміралі ў Чачні з усьмешкай. Такое мог сказаць чалавек, які вылез зь нейкай барыкады, на якой правёў усё жыцьцё.
17 верасьня 2014
Іна Студзінская, Менск
16 верасьня ў менскай крэатыўнай прасторы «Цэх» адбылася адкрытая дыскусія з удзелам пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч «Час для нон-фікшн: размова пра краіну і літаратуру». На сустрэчу прыйшло больш за сотню чалавек, пытаньні задавалі ўсё ахвотныя. Прапануем некаторыя адказы і разважаньні Сьвятланы Алексіевіч.
Пытаньне: У вас украінскія карані. Перажываеце, баліць за Ўкраіну?
Алексіевіч: Ня тое слова... Учора я паўгадзіны плакала. Пасьля таго, што я бачыла на вайне ў Афганістане, пасьля таго, што я чула ад герояў сваіх кніг, мне заплакаць цяжка... Але я адкрыла інтэрнэт, і там было відэа: вялікія рэфрыжэратары ехалі па ўсёй Украіне і пакідалі труны. І на многія дзясяткі кілямэтраў уздоўж дарогі людзі стаялі на каленях. Ведаеце, гэта немагчыма... Я ўглядалася ў твары гэтых людзей. Гэта былі простыя савецкія людзі: мужыкі, па якіх бачна, што п’юць, жанчыны, якія ўсё цягнуць на сабе... Стаялі на каленях і дзеці, якія, ня дай Божа, яшчэ дажывуць да вайны. Я глядзела на гэтыя твары і думала: чырвоны чалавек яшчэ не сышоў, і гэтае разьвітаньне будзе яшчэ вельмі доўгім.
Украіна сёньня — прыклад для ўсіх нас. Вось гэтае жаданьне разьвітацца зь мінулым канчаткова — вартае павагі. Я пісала прадмову для кнігі, якую сабрала Аксана Забужка, дзе людзі казалі, чаму яны ішлі на Майдан. Я чытала гэта і думала: наўрад ці ў нас на такім узроўні гэта казалі б. І не магу сказаць, што нашы людзі на гэта няздольныя. Проста такая неабуджанасьць. А там была ўзрушанасьць людзей. Яны былі абуджаныя ад сну, і так можна распавядаць толькі ў стане ўзрушанасьці. Ва Ўкраіне адбываецца штосьці галоўнае для ўсіх нас, галоўны адказ на нейкія пытаньні, а ў нас не хапала сіл, ні інтэлектуальных, ні народных. А яны гэта зрабілі, хаця ім дорага гэта абышлося, але яны гэта зрабілі.