25 лістапада 2014
Кацярына Зайкоўская
Сёлета расейскую прэмію «Вялікая кніга» атрымаў раман Захара Прылепіна «Обитель». Другая прэмія ў Уладзіміра Сарокіна за раман «Теллурия», а трэцюю атрымаў Уладзімір Шароў за кнігу «Возвращение в Египет».
Пры гэтым, паводле апытаньня на сайце прэміі, чытачы аддалі перавагу кнізе беларускай пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч «Час second-hand».
Прэміяльны фонд прэміі «Вялікая кніга» складае 6,1 млн расейскіх рублёў.
Напярэдадні вызначэньня пераможцаў Сьвятлана Алексіевіч паведаміла Свабодзе з Масквы, што вельмі некамфортна пачуваецца ў шорт-лісьце разам з Захарам Прылепіным:
«Адчуваю сябе вельмі, вельмі некамфортна. Справа ў тым, што гэты чалавек абсалютна іншых перакананьняў. Я лічу, што пісьменьнік, які прапаведуе вайну, абараняе яе, і яму гэта падабаецца, — гэта не пісьменьнік, не прафэсіянал. Гэта чалавек нейкай іншай прафэсіі».
24 лістапада 2014 году скончылася традыцыйнае чытацкае галасаваньне «Вялікая кніга», паводле якога першае месца атрымала Сьвятлана Алексіевіч. Захар Прылепін — на другім. Алексіевіч з гэтай нагоды сказала:
«У народным галасаваньні я перамагла Захара Прылепіна. Гэта мяне пераканала ў тым, што ня ўсе тут зьехалі з глузду і ня ўсіх захапіла мілітарысцкая гістэрыя. Мне здаецца, што людзі самі зьбянтэжаныя і разгубленыя. Ёсьць нармальныя людзі. Народнае галасаваньне мяне вельмі парадавала. Нават не з-за таго, што я перамагла, а з-за таго, што не атрымаў першае месца Захар Прылепін, які вельмі нахабна ішоў да перамогі».
Разам з тым Сьвятлана Алексіевіч сказала, што ня мае спадзеваў на перамогу ў конкурсе — на яе думку, журы можа не ўлічыць вынік народнага галасаваньня і зрабіць выбар на карысьць Захара Прылепіна:
«У мяне няма ўпэўненасьці, што я перамагу. Таму што ў агульным стане расейскае грамадзтва сёньня вельмі нечаканае, вельмі агрэсіўнае. Увогуле, ёсьць рэваншысцкі комплекс у расейскага грамадзтва».
27 студзеня 2015
Радыё Свабода, Магілеў
27 студзеня ў Магілёўскім драматычным тэатры адбудзецца грамадзкі прагляд новага спэктаклю «Час second-hand» паводле аднайменнага твору Сьвятланы Алексіевіч. 28-га — прэм’ера. У Беларусі гэта — першая пастаноўка паводле кнігі вядомай пісьменьніцы, да якой улады ставяцца з падазронасьцю і недаверам. Паставіў спэктакль актор магілёўскага тэатру Ўладзімер Пятровіч. Напярэдадні рэжысэр-пастаноўшчык адказаў на пытаньні беларускай Свабоды.
З Уладзімерам Пятровічам гутарым у ягонай грымёрцы. У спэктаклі, кажа суразмоўца, тры маналёгі, узятыя з твору Сьвятланы Аляксеевіч «Час second-hand». Падзеі адбываюцца ў Савецкім Саюзе, у перабудову:
«Гэта маналёгі людзей пра час, сябе, пра сытуацыі, у якія яны траплялі і якія рабілі іх альбо мацнейшымі, альбо ламалі».
Рэжысэр-пастаноўшчык заўважае, што твор Сьвятланы Алексіевіч выдаўся няпростым для спэктакля. Дужа ён эмацыйны. Некаторыя актрысы, кажа суразмоўца, напачатку не вытрымлівалі і зрываліся на плач. Ён жа ўзяўся за пастаноўку, бо ня мог заставацца абыякавым да тых падзеяў, якія адбываюцца вакол нас усіх.
Радыё Свабода
10 лютага 2015
Група грамадзкіх дзеячоў з Расеі, Украіны, Беларусі і іншых краін сьвету зьвярнулася да Ўладзіміра Пуціна з просьбай праявіць «асабістую міласэрнасьць» і вызваліць з-пад варты ўкраінскую вайскоўку Надзею Саўчанку. Свае подпісы пад лістом, апублікаваным на інтэрнэт-сайце «Новой газеты», паставілі ўжо больш за пяць тысяч чалавек. У Басманным судзе Масквы сёньня разглядаецца пытаньне аб падаўжэньні арышту Саўчанкі, якая без малога два месяцы трымае галадоўку, лічачы сваё затрыманьне незаконным.
У інтэрвію Свабодзе пісьменьніца Святлана Алексіевіч тлумачыць, чаму яна чакае ад Уладзімера Пуціна міласэрнасьці.
Алексіевіч: Мне вельмі падабаецца гэтая жанчына. Гэта чалавек перакананьня, чалавек з поглядам, гэта вайсковец, які рабіў сваю справу — абараняў сваю радзіму. Я лічу, што ўкраінская армія абараняе сваю радзіму. Яе падманам выкралі, зьвезьлі, ня маюць супраць яе ніякіх доказаў, у яе ёсьць алібі. І калі я падпісвала ліст, я ўзгадала гэты знакаміты здымак, дзе паўголы Пуцін на кані, і я падумала: як гэта ўжываецца, што мужчыны ваююць з жанчынамі? Такімі моцнымі і цікавымі жанчынамі, тым больш, што ўжо зразумела: трэба зусім няшмат, каб яе ня стала. Сапраўдны салдат паважае сілу іншага салдата— гэта рабілі нават немцы ў часе вайны, колькі такіх прыкладаў! А чамусьці расейская ўлада на гэта ня здольная.
Свабода: Вас не засмучае гэты жанр звароту да тырана з просьбай пра міласэрнасьць?
Алексіевіч: А каго прасіць, калі ў гэтай краіне ўсё належыць тырану? У гэты пераходны посттаталітарны час мы патрапілі абсалютна ў новыя таталітарныя пасткі, і больш зьвяртацца няма да каго — да Бога і тырана, да каго яшчэ?
Я разьлічваю, што адыграе ролю хаця б мужчынскі сорам — я ўжо ня буду казаць пра нейкія перакананьні. Так, яны — салдаты розных пазыцый, але мужчынскі сорам — ёсьць альбо не?
Свабода: Выходзіць, у вайны зноў жаночае аблічча?
Алексіевіч: Так, я абсалютны пацыфіст, але заўсёды паважаю жанчын — і гэтая любоў у мяне ад кнігі «У вайны не жаночае аблічча» — я паважаю жанчын такой сілы. Саўчанка мне вельмі падабаецца. І я жадаю, каб яна была жывая!
Свабода: Заўтра ў Менску пройдуць перамовы аб спробах чарговага мірнага вырашэньня крызісу ва Ўкраіне. Вы верыце ў посьпех?
Алексіевіч: Я ня вельмі веру ў посьпех. Мне здаецца, зброя ўжо занадта доўга гуляе па краіне, і людзі ўжо перайшлі гэтую рысу забойства. І як мы ведаем, гэтыя ўсе замірэньні нават у маленькай Чачні праходзілі вельмі доўга. І я думаю, што тут занадта вялікія геапалітычныя інтарэсы замяшаныя. Людзі навучыліся забіваць, людзі прывыклі забіваць, людзі знаходзяць гэтаму апраўданьне. І я баюся, што гэта ўсё надоўга. Хоць хочацца верыць, але калі бачыш, зь якой разьюшанасьцю, зь якой лютасьцю яны забіваюць адзін аднаго, калі бачыш, што чалавек можа тварыць зь іншым, як хутка заводзіцца гэтая пякельная машына ў мужчын, вы ведаеце, надзей ня шмат. Але ўсё ж я спадзяюся. Часьцей бы публікаваць гэтыя фатаграфіі няшчасных уцекачоў, дзяцей, якія засталіся без бацькоў... Мне здаецца, каб ад сьлепаты вызваліўся народ, гэта трэба часьцей бачыць. Трэба забіваць ідэі — павінны спрачацца ідэі — а не забіваць людзей. Гэта ўжо як людаедзтва, гэта ўсё ўжо, я ня ведаю, XVI стагодзьдзе.
Свабода: Якой разьвязкі канфлікту Вы чакаеце?