Алексіевіч: Ну дык вось чаму мне і ня вельмі хацелася з Вамі размаўляць. Не таму, што я дрэнна стаўлюся да Радыё Свабода, хоць яно ўжо крыху стала такім гета — туды ходзяць асаблівыя людзі, асаблівы адбор такіх агрэсіўных людзей... А таму, што я ведаю, што ўсё роўна нешта знойдуць... Наша культура і наш час — настолькі табуіраваныя, што замест сур’ёзнага аналізу, абмеркаваньня, цьвярозага стаўленьня да сябе і сапраўды сур’ёзных размоваў, якія маглі б адбывацца хоць бы ў нашым коле — зараз зноў пачнецца гутарка пра тое, што яна не гаворыць па-беларуску і што яна ня вельмі любіць беларусаў. Рэч ня ў тым, люблю я беларусаў або не. Я хачу, каб мы думалі. Час цяпер вельмі складаны. Ад таго, што мы тут адзін аднаго б’ём па галаве, да ўлады прыходзяць зусім іншыя людзі, і наша Беларусь засталася тры кілямэтры ззаду замест таго, каб выкарыстаць тыя шанцы, якія былі ў яе ў пачатку перабудовы. І мы, менавіта з-за такой агрэсіўнасьці часткі нашага грамадзтва, страцілі той час і тую магчымасьць.
Максімюк: Я не магу Вам абяцаць, што рэакцыя на гэтую нашу размову будзе неагрэсіўная. Але я маю надзею, што сам я гавару з Вамі не агрэсіўна...
Алексіевіч: Так, не перажывайце. Я пагадзілася на размову з Вамі таму, што гэта якраз Вы папрасілі...
Пра савецкае і беларускае
Максімюк: У расейскай Вікіпэдыі пішуць, што Вы — савецкая і беларуская пісьменьніца. Вы прымаеце без засьцярогі абодва гэтыя эпітэты? Савецкая пісьменьніца — гэта гучыць горда? А як зь беларускай?
Алексіевіч: Ну, чаму горда? Гэта быў час, у якім я пражыла большую частку свайго жыцьця. І я ў сваіх «чырвоных утопіях», скажам так, стала энцыкляпэдыстам савецкага часу — гэтых 100 гадоў, таму што савецкі, «чырвоны чалавек» ня скончыўся з канцом савецкай сыстэмы, а жыве і ў наш час... Я апісвала гэты час. Я была часткай гэтага часу. Я не магу сказаць пра кагосьці «савок» або «гома савецікус», бо я была такім самым «гома савецікусам», як і тыя людзі, зь якімі я жыла. Навошта адмаўляцца ад свайго часу, ад пражытага жыцьця? Трэба зразумець, што гэта было і чаму гэта зьнікла, і як гэта зьнікала. Вось у чым справа. Так што эпітэт «савецкі» зусім мяне не прыніжае.
А беларуская пісьменьніца? Я жыву ў Беларусі і я лічу сябе беларускай пісьменьніцай. Адначасова я не магу адмовіцца ад расейскай культуры, проста я апынулася ў такім часе, дзе ўсё гэта было зьмешана, дзе ўсё гэта было як бы ў адным сплаве. І гэта немагчыма так агрэсіўна разьдзяліць. 90% Беларусі размаўляе на расейскай мове. І што вы з гэтым зробіце, нават калі на кожным скрыжаваньні вы будзеце крычаць, што трэба любіць родную мову? Каб любіць родную мову, трэба было па-іншаму пражыць апошнія 200 гадоў. Гэтай магчымасьці ў нашага народу не было. Але гэта ня значыць, што я не павінна яго любіць і паважаць. Проста гэты наш час існуе ў такім раскладзе. У гэтым трэба існаваць і палітыкам, і нам, гуманітарнай эліце. Трэба гэта зразумець. Мне падабаецца, як вы гаворыце па- беларуску, мне падабаецца мова шмат якіх маладых людзей... А вось вывучаная беларуская мова, на якой гаворыць частка людзей, гэта не зусім беларуская мова. Ды важна, што людзі хочуць на ёй гаварыць, і слава Богу. Але народ гаворыць або на трасянцы, або па-расейску.
Пра Станкевіча і Федарэнку
Максімюк: Калі гаворым пра любоў да беларускай мовы, у мяне такое пытаньне: наколькі для Вас істотнае тое, што ў Беларусі ствараецца на беларускай мове — то бок перш за ўсё беларуская літаратура, пераклады, песьні бардаў? Для Вас важна, каб беларуская мова не памерла для нацыянальнай культуры? Ці, можа, яе сьмерць — ужо непазьбежны працэс, а значыць, ня варта моцна і натужвацца?
Алексіевіч: Магчыма, я да гэтага падыходжу крыху інакш. Мне цікавы ўзровень, на якім зроблена нейкая рэч. Разумееце, любіць нешта бяздарнае або сярэдняе проста ад патрыятызму я не лічу абавязковым. Я люблю тое, што мяне адкрывае, я люблю сапраўдныя рэчы... Напрыклад, «Любіць ноч — права пацукоў» Юрыя Станкевіча. Я помню, што калі гэта прачытала, я ахнула. Я ўбачыла добра зробленую рэч. Для мяне важны ўзровень, а ня тое, на якой гэта мове... Які сэнс у чымсьці, што перакладзенае на іншую мову нагадвае дзіцячы садзік.
Максімюк: Акрамя Станкевіча, якога вы згадалі, ёсьць яшчэ іншыя беларускія пісьменьнікі, узровень якіх вам падыходзіць?
Алексіевіч: У свой час мне было цікава чытаць Андрэя Федарэнку. Я вырасла на вёсцы, але паколькі мае бацькі былі савецкімі настаўнікамі, я больш жыла сярод кніг. Але мяне заўсёды хвалявала тое вясковае жыцьцё, за якім я ўсё ж назірала збоку. А ў Фэдарэнкі гэтае жыцьцё і вясковыя людзі паказаны вельмі матэрыяльна і цікава. Ён зрабіў на мне вялікае ўражаньне. Ну і, зразумела, я чытала хутчэй клясыкаў, чым сучасных беларускіх пісьменьнікаў — напрыклад, Вячаслава Адамчыка, Янку Брыля...
Самыя ўлюбёныя пытаньні
Максімюк: Яшчэ адно відавочнае пытаньне. У сэнсе — відавочнае для мяне, але не зусім відавочнае каму іншаму. Як Вы лічыце, ці магчымая беларуская нацыянальная культура на расейскай мове? Як Вы гледзіце на сваю творчасьць — Вашы кнігі, гэта частка і беларускай нацыянальнай культуры, ці яны належаць выключна расейскай культуры?
Алексіевіч: Я б гэтага не хацела, і гэта была б няпраўда, калі б сказалі, што мае кнігі — гэта частка толькі расейскай культуры. Яны — таксама частка беларускай культуры, таму што і ў характарах, і ў дэталях, і ў самым жыцьці вельмі шмат беларускага матэрыялу. Гэта і першае, і другое. Проста ідэя «ўтопія» гаварыла на расейскай мове, і вось зрабіць мой праект, як я яго сабе ўяўляла, можна было толькі на расейскай мове. Я вось чытала некаторыя выказваньні ў той дыскусіі вакол Нобэлеўскай прэміі, дзе некаторыя пыталіся — а хто гэтыя людзі? У сэнсе — хто героі маіх кнігаў? А хто тут жыў у савецкі час — няўжо марсіяне? Тут жылі беларусы, і яны якраз так жылі... Калі б я напісала гэтую сваю «мастацкую энцыкляпэдыю», назавем яе так, на беларускай мове, гэта была б няпраўда. Не гаварыў у савецкі час народ тут на беларускай мове.
Максімюк: Паколькі Вы згадалі дыскусію вакол Нобэлеўскай прэміі для Алексіевіч, дазвольце мне паставіць Вам адно пытаньне ва ўмоўным ладзе. Толькі адно, абяцаю. Дапусьцім, Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую літаратурную прэмію. У Стакгольме з нобэлеўскай лекцыяй яна выступала б як беларуская пісьменьніца ці як расейская? І ці згадала б яна ў сваёй лекцыі пра беларускую мову і пра тое, што ёй у Беларусі пагражае пагібель як мове жывой культуры і камунікацыі?
Алексіевіч: Вы задаяце пытаньні, адказы на якія відавочныя. А яшчэ, я Вам адкажу на гэтыя пытаньні, калі атрымаю гэтую прэмію.
Максімюк: Перш чым паставіць традыцыйнае пытаньне для пісьменьніка на заканчэньне, я хачу яшчэ згадаць адзін інцыдэнт, які выклікаў вельмі гучную рэакцыю ў Беларусі. Я хачу вярнуцца да інтэрвію, якое Вы далі паўгода таму нямецкай газэце Frankfurter Allgemeine Zeitung, і да таго няшчаснага пасажу пра беларускую як «вельмі вясковую» і «нявысьпелую» мову. Выказваньне выклікала шквал абурэньня ў сацыяльных сетках і на розных сайтах, і Вы, як кажуць, атрымалі за гэта па поўнай. Вы ўжо тлумачылі, што насамрэч так пра беларускую мову ня думаеце, што тут, так сказаць, фраза была вырваная з шырэйшага кантэксту. Дык вось, давайце ня будзем вяртацца да гэтай фразы, а Вы нам скажыце пару словаў пра шырэйшы кантэкст. Якую ролю беларуская мова адыгрывала і адыгрывае ў вашым жыцьці?
Алексіевіч: Я вырасла ў беларускай і ўкраінскай вёсцы. З украінскай вёскі я выехала, калі была зусім маленькая. Але калі я бываю ва Ўкраіне, усё ж нешта ва мне адгукаецца. А Беларусь — гэта там, дзе я расла, я іншых людзей проста ня ведаю. На самым пачатку, калі пасьля студэнцтва я працавала ў газэце, падзеі вясковага жыцьця былі маімі ўлюбёнымі тэмамі. Чалавек, які вырас сярод усяго гэтага, можа ставіцца да яго толькі зь любоўю. Гэта той сьвет, у якім я вырасла, і іншага сьвету я ня ведаю.
Дзьве наступныя кнігі
Максімюк: Кніжка «Час second-hand» — гэта, як Вы сказалі, завяршэньне вашага цыклу пра «чырвонага чалавека». Што далей? У Вас ужо ёсьць уяўленьне, пра што будзе Ваша наступная кніга? Магчыма, Вы яе ўжо пачалі?
Алексіевіч: Так. Ёсьць дзьве ідэі, якімі я занятая ўжо даўно. Мой праект — гэтае пяцікніжжа пра гісторыю «чырвонага чалавека» — завершаны. А наступныя кнігі будуць пра іншае. Але для гэтага мне самой трэба стаць іншым чалавекам, таму што гэтыя мае новыя ідэі патрабуюць іншага інструмэнту, нават іншага слоўніка. Гэта будзе пра тое, вакол чаго круціцца наша жыцьцё — гісторыя любові і гісторыя старасьці, адыходу, сьмерці — пра рэчы, якія мне па-сапраўднаму цікавыя. Ёсьць надзея, што калі яшчэ ў мяне будзе час, я зраблю гэтыя дзьве кнігі — пра любоў і пра старасьць, пра сьмерць, калі чалавек задумваецца аб тым, навошта ўсё было. А любоў — гэта найважнейшае ў нашым жыцьці. Таму што чалавек не нараджаецца дзеля таго, каб залезьці з лапатай на дах чарнобыльскага рэактара. Напэўна ён нараджаецца дзеля нечага іншага. Я хачу дасьледаваць, прадумаць, напісаць пра чалавека, калі ён ужо вызваліўся ад вялікай ідэі, якая яго душыла, калі ён вучыцца жыць сваім жыцьцём і ня мае ў гэтым ніякага дасьведчаньня. Ні ў беларускай, ні ў расейскай культуры няма досьведу шчасьця. Дарэчы, што такое эўрапейскі чалавек? Гэта той, які думае пра такія вось рэчы, а не пра тыя напалову ваенныя рэчы, якімі занятая і наша культура, і наша сьвядомасьць увесь час. Дык вось я хачу дасьледаваць чалавека, які вучыцца — дарэчы, як і я — жыць гэтым новым жыцьцём.
Максімюк: Гучыць даволі завабліва. Жанр гэтых дзьвюх кнігаў, якія Вы задумалі, будзе падобны на жанр папярэдніх, гэта значыць, мы зноў пачуем галасы людзей, а сама пісьменьніца будзе «схаваная» за імі?
Алексіевіч: Не, пісьменьніка ніколі не схаваеш. Вось мне заўсёды цікава — чаму ў паэта ніколі не пытаюць, чаму ён ня піша прозы? А ў мяне заўсёды пытаюць — а чаму вы ўсё ж так пішаце? Гэта мой жанр, з кніжкі ў кніжку я яго крыху мяняю, шмат што ўдасканальваю, нечага шукаю ў ім. Зразумела, я буду пісаць далей у гэтым жанры. Можна назваць гэты жанр «раманам галасоў», як называў яго мой настаўнік Алесь Адамовіч, або «саборным раманам»... Бо мне здаецца, што мы жывем у вельмі хуткім часе, і чалавек не пасьпявае ў гэтым часе сам за сабой. І толькі стварыўшы такі калектыўны партрэт, нам удаецца хаця б часткова даць вобраз часу. Я не хачу здраджваць самой сабе. Так настроеныя мае вочы, так чуе маё вуха, так я бачу сьвет.
29 лістапада 2013
Міхась Скобла, Менск
Зь перадачы, прысьвечанай прэзэнтацыі ў Музэі гісторыі Беларусі Саюз беларускіх пісьменьнікаў паэтычна-міталягічнага календара «Першапачатак».
Скобла: Апошнім часам шмат дыскусій на інтэрнэт-форумах было зьвязана зь імем Сьвятланы Алексіевіч, зь яе стаўленьнем да беларускай мовы. Мне запомніліся яе словы: «Я не прыгонная беларускай мовы». А вы прыгонны?
Бураўкін: Я? Вядома ж. Гэта вызначана ня толькі лёсам, гэта выбрана мною сьвядома і, як мне падаецца, асьвячана Богам. Я добра ведаю Сьвятлану і хачу сказаць, што яна ніколі не была ворагам беларускай мовы. Іншая справа, што мне было б намнога прыемней, калі б яна карысталася беларускай мовай у сваёй творчасьці — цікавай і таленавітай. Але гэта вельмі тонкія рэчы. Прыкладам, Алесь Адамовіч бліскуча гаварыў па-беларуску, па-беларуску пісаў і свае літаратуразнаўчыя працы. А вось прозу сваю пісаў па-расейску. І калі я пытаўся ў яго, у чым справа, ён адказваў: «Ня ведаю. Вось саджуся за пісьмовы стол, і каб выказацца, мне патрэбна расейская мова». Магчыма, нешта падобнае і ў Сьвятланы. Але я быў бы вельмі рады, калі б яна стала ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі. Гэта, я думаю, паслужыла б на карысьць Беларусі.
Скобла: Ці на карысьць расейскамоўнай літаратуры ў Беларусі, вакол якой таксама апошнім часам шмат дзідаў было паламана?