– СтоДЗЕВЯЦІгадовую прабабку, ПРАбабулю, GRANDgrandmother, – папраўляю яе я.
Інгліш у Роні куртаты, дзіравы, з яго раз-пораз выпінае, вывальваецца ейная нямецкая. Асабліва калі яна кажа крыху квакаючае “w” замест “в”, і заўжды мяккае “ль”. Ці трэба казаць, як мяне гэта ўзбуджае?
– Бабароза, можа, і старэнькая, – дадаю я, – але цяпер я жыву з ёй на адным паверсе, і мяне не можа не хваляваць тое, што яна…
Роні красамоўна маўчыць. Яе вочы колеру п’янай вішні раз’юшана круглеюць. Першы раз гэтыя вішні перыліся на мяне ў сваёй садавіннай бессаромнасці пры нашай першай сустрэчы ў Кішынёве. Калі Роні апавядае мне пра свае былыя каханні, яе вочы крыху блякнуць і адно гараць нязгаснымі вугалькамі з сярэдзіны. Робяцца вішняй на каньяку.
Роні – мініяцюрная (у галаве так і свідруе словакрот – “спартыўная”). Мускулістыя рукі – яна кажа, што ад прыроды, – і рухавая постаць. Пукатыя рэкі венаў, у якіх адчуваецца характар і досвед. Але пацанка. Апошнім часам носіць балахоністыя рэчы. Кажа, што гэта для таго, каб Томас, найгалоўнейшы пляткар з іх мюнхенскага офіса, пачаў плявузгаць, што яна зноў цяжарная. Тады, кажа Роні, ёй будзе прыемна.
Роні яшчэ студэнткай адна, без бацькоў, уцякла да Нямеччыны з Бухарэста ў 1988-м. Там памяняла імя з Аўрэліі на Роні.
Роні кажа, што пакінула ў Румыніі ўсё чыста: сям’ю, імя і мову. Кажа, мяняць сябе давялося на ўзроўні рэфлексаў. Рабіць усё, каб стаць немкай. Сябраваць толькі з мясцовымі. Нават па-ангельску Роні размаўляе з нямецкім, а не з румынскім акцэнтам.
– Гэта, Персей, усё роўна як надзяваць гарнітур з гальштукам і не здымаць яго нават вечарам у ложку, – кажа Роні ці то смехам, ці то сур’ёзна.
Даволі хутка яна зрабіла ў Нямечччыне кар’еру ў еўраструктурах, якія тады толькі будаваліся. Цяпер яна – высокапастаўленая чыноўніца і аўтарытэтная спецыялістка па Усходзе і краінах, якія прымыкаюць да Еўрасаюза. Яна шмат туды ездзіць, але толькі ў кароткія камандзіроўкі. Спецыялістка спецыялісткай, але ў Румынію на стала яна зусім не хоча.
Мы ў бары. Чарговая еўрапейшчына – брукаванка, старая фартэцыя на пагорку і магутная рака, выдае на Дунай. Азіраюся на антураж. Перагорнуты дагары нагамі расійскі трыкалор з разлапістым арлом робіць кавярню сербскай. Бялград.
Тутэйшыя кельнеры – распаўнелыя сельскія маладзёны, якія дарваліся да дармавой рэстараннай ежы. Але яны ўжо па-буржуазнаму ціхія і неназольныя. Навучаныя працаваць на перспектыву: калі кліенты мала заказваюць, значыць так трэба. Іх ангельская ўжо прымальная.
Вакол пануе маскуючае сутонне.
Я люблю гэтую першую нашую сустрэчу ў барах на ўскраіне. Мы з Роні заўжды прыходзім, калі вечаровы вір спадае. І застаемся датуль, пакуль кельнеры не пачынаюць знарочыста гучна размаўляць і хапатліва закідваць крэслы на сталы.
З Роні мы ўжо, вядома, павіталіся мімаходам на самім мерапрыемстве, мультыкультурным кірмашы “Балканфэст”. Нават здолелі цішком прытуліцца і даць буську за сметнікам. Але тут, у гаючым сутонні бара – ужо ўсё па-сапраўднаму. І вітанні, і абдымкі, і пацалункі. Пасля працы на кірмашы, а Роні – яшчэ і пасля дзелавой вячэры з бельгійскімі партнёрамі і яшчэ пасля дзелавога чыл-аўту ў клубе разам з аўстрыйскімі арганізатарамі фестывалю. Сюды, па-шпіёнску азіраючыся, мы прыйшлі паасобку.
– Гэта нават ужо не псіхалагічныя комплексы, Персей! – ніяк не ўрымсціцца Роні. – У псіхолагаў і тэрмінаў такіх няма, калі нехта панічна баіцца сваёй бабкі! Прабач, ПРАбабкі… Персей, шчыра, – гэта дзіка, не па-цывілізаванаму, я не хачу пра гэта размаўляць… Вось скажы праўду, любы, Бабароза і дагэтуль абцірае цябе голага алеем, калі ты прастуджваешся?
Яе вішні зноў робяцца маціцовыя, амаль чорныя. Мяне гэты колер заўжды ўводзіць у зман. Гэта яна сур’ёзна ці смяецца?
– Кінь, Ронька! – кажу я ёй па-беларуску. За тры гады яна вывучыла шмат нашых фразаў. І зноў пераходжу на ангельскую:
– Ну, як гэта “няма тэрмінаў”?! Ты ж сама гэта сказала: Персей, старагрэцкі герой, які пастаянна жыў пад праклёнам прароцтва, што заб’е свайго дзеда Акрысія, гаспадара Аргаса.
– Звышгерой Персей? – нібыта ўпершыню перапытвае Роні.
– А я табе пра комплекс Персея, здаецца, усе вушы прагудзеў, ці не? – цярпліва нагадваю я. – Таму ты мяне называеш Персеем, ага…
– Бо ты ўсё ж урэшце заб’еш, калі не забіў ужо кагосьці са сваіх дзядоў ці бабуль, Ігар! – Роні ўпершыню за сёння ўжывае маё сапраўднае імя.
Не выдумляй, ну, каго я магу забіць? І працягваю:
– Бабарозу? Маю прабабку, за яе трохі камічную тыранію? Дзядзюлю, за яго даўнейшыя любоўныя здрады сваёй першай жонцы і маёй Бабагруні? Бабагруню, маю бабулю, за тое, што яна жыве са мной лічы ў адной кватэры? Я ж love them badly, страшна іх усіх люблю!
– Надта іх у цябе шмат, і надта ты ў іх.
– “Я ў іх”? – перапытваю я. – I am in them?
– Aha, ты ў іх, а яны ў табе, – падтаквае Роні.
Я трохі раззлаваўся, але не бяды. Хай там што, але недарэчныя перапытванні і бязладнасць нападаў азначаюць, што Роні калі не супакоілася, дык супакоіцца неўзабаве. Яе вераломная навала стрыманая, загрузла на подступах у рытарычных балотах.
Я заказваю чырвонае віно, яна – піва. Такая ў нас завядзёнка. Хаця я ведаю, што ад узрушанасці не вып’ю больш за два келіхі.
Мы будзем гаманіць занач. І ў першы дзень нічога, хутчэй за ўсё, не будзе. Яна, як заўжды, не гатовая з дарогі, ці там у яе якраз жаночае. “Пачакай, Persejčyk, заўтра ноччу, абяцаю”. Думаю, яна робіць гэта наўмысна. Каб павялічыць асалоду. Маўляў, пачакалі месяц, дык пачакаем і яшчэ адзін дзянёк. Але я звычайна не настойваю. У мяне самога ўвесь першы вечар трасуцца каленкі. Якія ўжо тут любошчы, адно марнаванне.
Я кладу руку на яе белую далонь з шлюбным пярсцёнкам. Далонь трымціць, як злоўленая ў цянёты птушка. Тры гады ніхто не можа растрэсці нашага шчасця.