— Так-так, можаце больш нічога не казаць, мне нават варта падзякаваць вам за вашую ўхвальную асцярожнасць. Такую разважлівасць нячаста сустрэнеш у маладых людзях. У нас здараліся праблемы, выкліканыя легкадумнасцю некаторых нашых наведнікаў. Калі дзейнічала мая старая сістэма і пацыентам было дазволена гуляць туды-сюды як заманецца, іх часта ўводзілі ў небяспечны шал неразважныя асобы, якія прыходзілі агледзець дом. Гэта змусіла мяне ўвесці строгую сістэму абмежаванняў, і цяпер доступ сюды атрымлівае толькі той, у чыёй абачлівасці я магу быць упэўнены.
— Калі дзейнічала вашая старая сістэма... — паўтарыў я ягоныя словы. — Ці правільна я разумею, што «сістэма палёгкі», пра якую я так шмат чуў, скасаваная?
— Вось ужо некалькі тыдняў, як мы пастанавілі адмовіцца ад яе назаўсёды, — адказаў ён.
— Няўжо праўда?! Вы шалёна мяне здзівілі!
— Сэр, — сказаў ён уздыхнуўшы, — мы палічылі абсалютна неабходным вярнуць ранейшыя парадкі. Патуранні ва ўсе часы пагражалі страшэннай небяспекай, а іх карысць значна перабольшвалася. Я лічу, сэр, што для гэтай установы такая сістэма сталася значна большым выпрабаваннем, чым для любой іншай. Мы заўсёды дзейнічалі ў межах разумнае гуманнасці. Шкада, што вы не наведалі нас раней, каб мець магчымасць пра ўсё меркаваць самастойна. Але вы, здаецца, добра знаёмы з сістэмай палёгкі.
— Не зусім. Я атрымаў звесткі з трэціх ці чацвертых рук.
— Тады я ў агульных рысах вам пра яе раскажу. Значыцца, пацыенты былі такімі сабе ménagés [84], іх песцілі і ўлагоджвалі. Мы не пярэчылі ніводнай з фантазіяў, што прыходзілі ў галовы вар'ятаў. Наадварот, мы іх нават падтрымлівалі і многіх канчаткова вылекавалі менавіта так. Нішто так не ўплывае на кволы розум вар'ята, як reductio ad absurdum [85]. Напрыклад, у нас былі людзі, што ўяўлялі сябе куранятамі. Лячэнне палягала ў тым, што мы настойвалі на гэтым як на ісціне: называлі пацыента ідыётам, калі ён недастаткова ўсведамляў гэтую ісціну, і цэлы тыдзень адмаўлялі яму ў любой ежы, апроч той, якую ядуць кураняты. У такіх выпадках крыху зярнятаў і каменьчыкаў рабілі сапраўдныя цуды.
— I гэта ўсё, што вы рабілі?
— Безумоўна, не. Мы аддавалі шмат увагі простым забавам: у асноўным музыка, танцы, гімнастыка, карты, некаторыя кнігі і так далей. Мы рабілі выгляд, што лекуем кожнага ад найзвычайнейшай цялеснай хваробы. Слова «вар'яцтва» ніколі не прамаўлялася. Важна было прымусіць кожнага назіраць за тым, што робяць астатнія. Упэўні вар'ята ў тым, што ты верыш у ягоныя розум ды разважлівасць, — і ён твой душою й целам. Дзякуючы гэтаму мы маглі абыходзіцца без штату наглядчыкаў, даволі дарагога, дарэчы.
— I вы не ўжывалі ніякіх пакаранняў?
— Ніякіх.
— I ніколі не замыкалі пацыентаў?
— Вельмі рэдка. Час ад часу, калі ў каго-небудзь наступаў крызіс альбо раптоўнае шаленства, мы змяшчалі яго ў адасобленую палату, каб ягонае хваляванне не парушала спакою, і трымалі там, пакуль не надаралася магчымасць перадаць яго на рукі сябрам. Небяспечных шаленцаў у нас няма, іх звычайна адвозяць у дзяржаўныя лякарні.
— I вы цяпер усё гэта скасавалі. Думаеце, да лепшага?
— Безумоўна. Сістэма мела свае недахопы і нават пагражала небяспекай. Цяпер, на шчасце, яна выкараненая з maisons de santé па ўсёй Францыі.
— Вашыя словы, — сказаў я, — неймаверна мяне здзівілі. Да гэтага моманту я быў упэўнены, што ва ўсёй краіне не практыкуецца іншага метаду лекавання маніяў.
— Вы яшчэ малады, мой дружа, — адказаў гаспадар, — але прыйдзе час, калі вы навучыцеся самастойна меркаваць пра тое, што адбываецца ў свеце, і не будзеце давяраць балбатні іншых. Не верце ні каліву з таго, што чуеце, і давярайце толькі палове таго, што бачыце. Што да нашае maison de santé, то зразумела, што вас увёў у зман нейкі невук. Зрэшты, пасля абеду, калі вы дастаткова адпачылі, буду рады паказаць вам увесь дом і пазнаёміць вас з сістэмай, якая (так думаю і я, і ўсе, хто ўпэўніўся ў яе эфектыўнасці) незраўнана больш дзейсная, чым усе распрацаваныя да гэтага.
— Яна належыць вам? — пацікавіўся я. — Гэта вашае вынаходніцтва?
— Маю гонар прызнаць, — адказаў ён, — што гэта так, прынамсі, у некаторай ступені.
Так мы з мсьё Маярам размаўлялі гадзіну ці дзве, пакуль ён паказваў мне іхныя сады і аранжарэі.
— Я цяпер не магу паказаць вам пацыентаў, — сказаў ён. — Уражлівы розум ад такога відовішча заўсёды больш ці менш непрыемна ўзрушваецца, а я б не хацеў сапсаваць вам апетыту перад абедам, які ўжо хутка. Прапаную ялавічыну а-ля Sainte-Ménehould [86], квяцістую капусту пад соўсам velouté [87], пасля шклянку кло-дэ-вужо, і вашыя нервы стануць выключна моцнымі.
А шостай пазванілі да абеду, і гаспадар праводзіў мяне ў прасторную salle à manger [88], дзе сабралася вялікая кампанія — чалавек дваццаць пяць-трыццаць. Гэта былі, несумненна, людзі з найвышэйшых слаёў грамадства, безумоўна, высакароднага паходжання, нягледзячы на тое, што іхнае адзенне вылучалася, я б сказаў, экстравагантнай раскошаю, чымсьці моцна нагадваючы паказную пышнасць vieille cour [89]. Я звярнуў увагу на дамаў: іх было не менш за дзве траціны гасцей. Некаторыя былі апранутыя так, што парыжане нізашто не пахвалілі б іх за вытанчаны густ. Напрыклад, дамы, якім было ніяк не меней за семдзесят, былі проста абвешаныя ўпрыгожаннямі — пярсцёнкамі, бранзалетамі й завушніцамі, а іх аголеныя рукі і глыбокія дэкальтэ выглядалі зусім непрыстойна. Я таксама заўважыў, што большасць касцюмаў пашытая кепска, прынамсі, добра сядзелі на ўладальніках вельмі нямногія. Агледзеўшыся, я заўважыў маладую жанчыну, якая мяне так зацікавіла і якой мсьё Маяр прадставіў мяне ў маленькай гасцёўні. Але як жа я быў здзіўлены, убачыўшы на ёй сукенку з крыналінам, туфлі на высокіх абцасах і брудны чэпчык з брусэльскімі карункамі, які быў такі вялікі, што яе твар здаваўся проста недарэчна дробным. Яе жалобны ўбор, які я бачыў падчас нашай першай сустрэчы, быў найгустоўнейшы. Карацей, у адзенні ўсёй кампаніі было штось вельмі дзіўнае, і гэта змусіла мяне вярнуцца да свае першае думкі пра «сістэму палёгкі»: маўляў, мсьё Маяр вырашыў нічога мне не казаць да канца абеду, каб я не адчуваў няёмкасці, усведамляючы, што сяджу побач з вар'ятамі. Але потым я ўспомніў, што мне ў Парыжы казалі пра жыхароў поўдня: яны нібыта зусім эксцэнтрычныя, з безліччу састарэлых забабонаў, а размова з двума-трыма гасцямі хутка развеяла апошнія сумневы.
Што да сталовага пакоя, то яму, бадай, бракавала вытанчанасці, нягледзячы на выгоднасць і вялікія памеры. На падлозе, да прыкладу, не было дываноў, зрэшты, у Францыі часта абыходзяцца без іх. Але і вокны былі без штораў, зачыненыя аканіцы надзейна замкнулі на жалезныя засаўкі крыж-накрыж, так, як звычайна замыкаюць вокны на нашых крамах. Пакой, я заўважыў, паўтараў прастакутную форму замкавага крыла, на тры бакі выходзілі вокны, якіх было не менш за дзесяць, на чацверты — дзверы.
Стол быў багата сервіраваны, ламіўся ад шыкоўнага посуду з вытанчаным стравамі ў сапраўды варварскай раскошы. Мяса хапіла б і на тое, каб накарміць сыноў Энакавых*. Першы раз у жыцці я бачыў такое вялікае, такое празмернае марнаванне жыццёвых дабротаў. Але густу ва ўсім гэтым было вельмі мала, і мае вочы, звыклыя да мяккага спакойнага святла, жахліва пакутавалі ад асляпляльнага бляску безлічы васковых свечак у срэбных кандэлябрах, якія стаялі на стале, па ўсім пакоі і ўвогуле ўсюды, дзе для іх знайшлося месца. Паслужлівыя лёкаі былі гатовыя ва ўсім дагадзіць, а за вялікім сталом у дальнім куце пакоя сядзела сем-восем чалавек са скрыпкамі, флейтамі, трамбонамі і барабанам. Гэтыя даймалі мяне наймацней: у перапынках паміж ежай яны выдавалі бясконца разнастайныя гукі, якія, мабыць, павінныя былі ўважацца за музыку і якія, як я заўважыў, усіх вельмі весялілі.
Карацей, я не мог пазбавіцца думкі, што ва ўсім бачаным мною было шмат незвычайнага... але ж у свеце сустракаюцца самыя розныя людзі, з самым розным складам думак і самымі рознымі звычкамі й меркаваннямі. Да таго ж я дастаткова паездзіў па свеце, каб стаць прыхільнікам прынцыпу nil admirari [90], таму спакойна сеў па правую руку ад гаспадара і з уласцівым мне цудоўным апетытам аддаў належнае найсмачнейшым стравам, што стаялі перада мною.
Агульная размова тым часам ажывілася. Дамы, як заўжды, гаварылі шмат. Хутка мне стала зразумела, што ўсё таварыства амаль цалкам складалася з людзей адукаваных, а гаспадар быў проста невычарпальнай крыніцай смешных гісторыяў. Ён, відаць, вельмі любіў пагаварыць пра свае абавязкі дырэктара maison de santé, ды і ўсім прысутным, на маё вялікае здзіўленне, найбольш падабалася абмяркоўваць вар'яцтва. Асноўная частка забаўных гісторыяў, расказаных тады, была менавіта пра дзівацтвы пацыентаў.
— Быў тут у нас адзін тыпус, — сказаў нізенькі тоўсты джэнтльмен, што сядзеў справа ад мяне, — адзін тыпус, якому здавалася, што ён чайнік. Дарэчы, проста ўражвае, наколькі часта менавіта гэтая вар'яцкая ідэя заходзіць псіхам у галаву. У Францыі наўрад ці знойдзецца прытулак для вар'ятаў, які не мог бы пахваліцца чалавекам-чайнікам. Наш джэнтльмен быў чайнікам брытанскае вытворчасці і штораніцы сумленна начышчаў сябе аленевай замшай і крэйдай.
— А яшчэ, — загаварыў высокі мужчына насупраць, — у нас быў не так даўно, суб'ект, які ўбіў сабе ў галаву, што ён асёл; кажучы метафарычна, гэта чыстая праўда. Гэта быў цяжкі пацыент, і мы займелі шмат складанасцяў, спрабуючы трымаць яго ў рамках. Доўгі час ён не еў нічога, апроч чартапалоху, але ад гэтага мы яго хутка вылекавалі, настойваючы, каб ён еў толькі яго. Дык ён увесь час брыкаўся, вось так, вось так...
— Мсьё дэ Кок, я была б вам вельмі ўдзячная, калі б вы паводзілі сябе прыстойна, — перарвала прамоўцу старая дама, што сядзела побач з ім. — Прашу вас, трымайце свае ногі пры сабе! Вы сапсавалі мне парчовую сукенку. Няўжо неабходна ілюстраваць сваю думку так наглядна? Наш сябар, несумненна, і так вас зразумее. Шчыра кажучы, вы амаль такі самы асёл, якім уяўляў сябе той няшчасны. У вас усё так натуральна атрымліваецца, далібог.
— Mille pardons [91], мамзэль! — усклікнуў мсьё дэ Кок. — Сто разоў выбачаюся, не хацеў нікога пакрыўдзіць! Мамзэль Лаплас, мсьё дэ Кок мае гонар піць за вашае здароўе!
[84] Тыя, каму патураюць (фр.).
[85] Звядзенне да абсурду (лац.).
[86] Сэнт-Мену*, камуна ў дэпартаменце Марна (Францыя).
[87] Далікатны (фр.).
[88] Сталовы пакой (фр.).
[89] Старога двара (фр.).
[90] Нічому не дзівіцца (лац.) — гл. Гарацый, «Пасланні», 1, 6, 1
[91] Вельмі выбачаюся (фр ).