— Магчыма, вы маеце рацыю. Але ж мне падаецца, паэтычнасць тут у большай ступені абавязаная здароваму глузду. Бо каб з «чортавага крэсла» заўважыць невялічкі прадмет, ён мусіць быць менавіта белым, а што найлепшым чынам адпавядае гэтай мэце, як не чалавечы чэрап, які дажджы і непагадзь з часам адбельваюць яшчэ больш?
— А гэтае вашае красамоўства і маханне жуком! Я быў проста ўпэўнены, што вы звар'яцелі! I чаму вы так настойвалі, каб праз вока чэрапа прайшоў менавіта жук, а не куля?
— Ведаеце, папраўдзе кажучы, мяне крыху раззлавала вашая яўная няўпэўненасць у маім душэўным здароўі, і таму я вырашыў вас злёгку, па-свойму, пакараць, разыграўшы невялікую містыфікацыю. Менавіта з гэтай прычыны я размахваў жуком на нітцы і загадаў спусціць яго з дрэва. Вашая ж заўвага пра яго незвычайную вагу і падштурхнула мяне да гэтых хітрыкаў.
— Так, цяпер разумею. Тады ў мяне ўзнікае толькі адно пытанне: што гэта за шкілеты, якія мы знайшлі ў яміне?
— На яго мне гэтаксама цяжка знайсці адказ, як і вам. Але па-мойму, тут ёсць толькі адно магчымае тлумачэнне, у жорсткасць і бесчалавечнасць якога страшна паверыць. Зразумела, што Кід, закопваючы свае скарбы (калі, канечне, гэта быў ён, а ў мяне на гэты конт няма ніякіх сумневаў), рабіў цяжкую справу не адзін. А калі ўсё было зроблена, ён, мабыць, палічыў мэтазгодным прыбраць непажаданых сведкаў сваёй таямніцы. Магчыма, пары ўдараў матыкай, пакуль памагатыя завіхаліся ў яміне, было дастаткова, а можа, спатрэбілася і з дзясятак — хто ведае?
Пераклала Юля Цімафеева
Забойствы на вуліцы Морг
Адметныя асаблівасці розуму, якія адносяцца да аналітычных, самі па сабе амаль не паддаюцца аналізу. Мы мяркуем аб іх толькі па рэальных выніках. Прынамсі, мы ведаем, што для тых, хто валодае аналітычнымі здольнасцямі, асабліва калі чалавек надзелены гэтымі якасцямі шчодра, яны заўсёды ёсць крыніцай самай шчырай радасці.
Гэтак жа, як дужы чалавек цешыцца сваімі фізічнымі здольнасцямі, з захапленнем выконваючы практыкаванні, у час якіх дзейнічаюць мышцы яго цела, аналітык ганарыцца сваёй інтэлектуальнай дзейнасцю, якая дазваляе штосьці разгадваць і разблытваць. Крыніцай асалоды для яго могуць быць самыя банальныя заняткі, праз якія выяўляецца ягоны талент. Такі чалавек захапляецца загадкамі, рэбусамі і крыптаграмамі, дэманструючы ў знойдзеных рашэннях адпаведную ступень праніклівасці, якая для звычайнага ўсведамлення здаецца звышнатуральнай. Вынікі, народжаныя самой душой і сутнасцю метаду, насамрэч здаюцца суцэльным патокам інтуіцыі.
Здольнасці да разгадак, відаць, у значнай ступені спрыяюць матэматычныя даследаванні, і асабліва той іх напрамак, які беспадстаўна і толькі дзякуючы яго функцыям рэгрэсіўнага кірунку назвалі аналізам, як бы аналізам par excellence [37].
Між тым разлік — гэта яшчэ не аналіз. Шахматыст, напрыклад, займаецца першым, не прыкладаючы ніякіх намаганняў да другога. Адсюль вынікае, што ўяўленне пра шахматы з гледзішча іх уплыву на разумовыя здольнасці чалавека вельмі памылковае. Я зараз прапаную вашай увазе не трактат, а толькі выпадковыя назіранні ў якасці ўступу да аднаго ў нейкай ступені незвычайнага апавядання. У сувязі з гэтым я карыстаюся выпадкам, каб зазначыць, што найвышэйшыя здольнасці аналітычнага розуму могуць быць ужытыя з большай карысцю і мэтазгоднасцю ў сціплай гульні — шашках, чым у шахматах, гульні вытанчанай, але павярхоўнай. У шахматах, з іх разнастайнымі фігурамі і мудрагелістымі хадамі, рознымі і пераменнымі велічынямі, складанасць памылкова (і гэтая памылка — даволі распаўсюджаная) успрымаецца як глыбіня. Але тут патрэбная найперш увага. Паслабіш яе — і атрымаецца недагляд, а з ім пралік ці нават пройгрыш. А з прычыны, што шахматныя хады не толькі разнастайныя, але і шматзначныя, шанцы недагляду вялікія, і ў дзевяці выпадках з дзесяці перамагае не больш здольны, а больш уважлівы гулец. У шашках, наадварот, дазваляецца адзін від хадоў з лічанымі варыянтамі, таму і шанцы недагляду нязначныя, уважлівасць сама па сабе амаль не адыгрывае такой ролі, і перавага таго ці іншага боку залежыць ад кемлівасці. Каб быць больш канкрэтным, возьмем партыю шашак, у якой на дошцы засталіся ўсяго чатыры дамкі, і таму пра нейкі недагляд і гаворкі не можа быць. Відавочна, перамога залежыць (калі гульцы роўныя ва ўсіх адносінах) толькі ад удала вышуканага ходу і актыўных разумовых высілкаў. Пазбаўлены звычайных сродкаў, аналітык пранікае ў душу праціўніка, ставіць сябе на яго месца і нярэдка з першага погляду знаходзіць такім чынам той адзіны спосаб (часам да абсурду просты), дзякуючы якому ён можа скіраваць праціўніка на памылковы шлях або прыспешыць, садзейнічаючы тым самым праліку.
Віст здаўна вядомы як добрая школа для развіцця здольнасці, якая завецца разлікам, і вядома, што людзі найвышэйшага ўзроўню інтэлекту знаходзілі ў гэтай гульні невытлумачальную асалоду, грэбуючы шахматамі як нікчэмным заняткам. Несумненна, ніякая іншая гульня нават блізка не патрабуе такіх аналітычных здольнасцяў. Найлепшы ў хрысціянскім свеце шахматыст можа аказацца ўсяго толькі найлепшым гульцом у шахматы, калі ж гаворка ідзе пра высокі клас гульні ў віст, то маецца на ўвазе наяўнасць здольнасцяў да поспеху і ў кожнай іншай сур'ёзнай дзейнасці, звязанай са спаборніцтвам інтэлектаў. Гаворачы пра «высокі клас», я маю на ўвазе тую дасканаласць у гульні, якая ўключае ў сябе веданне ўсіх шляхоў, што вядуць да сумленнай перамогі. Шляхі гэтыя не толькі шматлікія, але і разнастайныя, і часта схаваныя ў патаемных кутках, сярод думак, зусім не дасягальных звычайнаму разуменню. Уменне назіраць — гэта здольнасць дакладна запамінаць, і таму шахматыст, які гуляе засяроджана, будзе мець поспех і ў вісце, бо правілы Хойла* (заснаваныя на простай механіцы гульні) дастаткова зразумелыя ўсім.
Такім чынам, лічыцца, што дастаткова мець учэпістую памяць і дзейнічаць дакладна «па кнізе» — і можна смела гуляць у віст. Але майстэрства аналітыка выяўляецца якраз у тым, што выходзіць за межы правілаў. Ён робіць сам сабе мноства высноваў і назіранняў. Так, відаць, дзейнічаюць і яго партнёры, але розніца ў атрыманай інфармацыі залежыць не столькі ад надзейнасці, колькі ад якасці назірання. Важна — што назіраць. Але наш гулец нічым сябе не абмяжоўвае. I хоць яго галоўная мэта — гульня, ён не адмаўляецца і ад высноваў наконт рэчаў, што выходзяць за межы гульні. Ён вывучае твар партнёра, параўноўваючы яго з тварамі праціўнікаў, назірае, як кожны гулец сартуе карты, якія апынуліся ў яго на руках, часта вядзе падлік козыраў, анёраў па позірках, якія кідаюць на іх гульцы. Адзначае кожную змену выразу твару ў час гульні, збіраючы такім чынам у сваю аналітычную скарбонку самыя розныя высновы на падставе разнастайных адценняў упэўненасці, здзіўлення, трыюмфу або жалю. Назіраючы, як чалавек бярэ бітку, аналітык прыходзіць да высновы, ці будзе за ёй яшчэ адна — у масць. Па тым, як гулец кідае карты на стол, ён здагадваецца, фінт гэта ці не. Неабачлівае або неасцярожнае слова, выпадкова выпушчаная з рук або перавернутая карта, тое, як яе хаваюць, — насмешліва або спакойна, улік бітак і іх раскладка, збянтэжанасць, ваганне, апантанасць або трывога — усё гэта для ягонага, безумоўна, інтуітыўнага ўсведамлення — прыкметы сапраўднага стану рэчаў. Пасля першых двух-трох хадоў яму ўжо зразумела, што ў каго на руках, і вось ён ужо выкладае карты настолькі ўпэўнена, нібыта астатнія гульцы спецыяльна адкрылі яму свае.
Здольнасць да аналізу не трэба блытаць з простай вынаходлівасцю, бо калі аналітык — абавязкова чалавек вынаходлівы, то чалавек проста вынаходлівы часта аказваецца надзіва не здатным да аналізу. Здольнасць да лагічнага пабудавання ці злучэння, якую звычайна лічаць прыкметай вынаходлівасці і для якой фрэнолагі* вызначылі спецыяльны орган (памылкова, на мой погляд), лічачы гэтую здольнасць першаснай, настолькі часта назіралася ў людзей з інтэлектам, блізкім да ідыятызму, і гэта неаднойчы заўважалася літаратарамі, што пішуць на тэмы маралі. Паміж вынаходлівасцю і здольнасцю да аналізу існуе нашмат большая розніца, чым паміж здольнасцямі да фантазій і ўяўленняў, але па сваім характары розніца абсалютна тая самая. Сапраўды, нельга не заўважыць, што вынаходлівыя людзі заўсёды схільныя да фантазіі, але толькі тыя, якія насамрэч здольныя да ўяўлення, непазбежна аказваюцца аналітыкамі.
Далейшы аповед прапануецца чытачу нейкім чынам як прыклад да выказаных вышэй меркаванняў.
Жывучы ў Парыжы цягам вясны і часткі лета 18.. года, я пазнаёміўся з нейкім мсьё С. Агюстам Дзюпэнам. Быў ён зусім яшчэ малады, паходзіў са шляхетнага, сапраўды знакамітага роду, але ў выніку самых розных неспрыяльных падзеяў апынуўся ў такой галечы, што страціў прыродную энергію, ні да чога ў гэтым свеце не імкнуўся і нават не спрабаваў вярнуць былое багацце. З ласкі крэдытораў у яго засталася невялічкая частка родавай спадчыны, на прыбыткі ад якой ён здолеў, дзякуючы вялікай ашчаднасці, забяспечваць сябе самым неабходным для жыцця, не звяртаючы ўвагі на нешта іншае. Кнігі — гэта адзіная раскоша, якую ён сабе дазволіў, а ў Парыжы яна даволі дасягальная.
Упершыню мы сустрэліся ў непрыкметнай бібліятэцы на вуліцы Манмартр, дзе выпадкова — мы абодва шукалі адну і тую ж кнігу, вельмі рэдкае і адметнае выданне, — выявілася агульнасць нашых інтарэсаў. Потым мы сустракаліся зноў і зноў. Мяне глыбока зацікавіў кароткі, але грунтоўны экскурс у гісторыю яго роду, які ён зрабіў з усёй шчырасцю, на якую здольны француз, калі гаворка заходзіць пра яго асобу.
Мяне ўразіла яго начытанасць, але больш за ўсё — нястрымная палкасць і свежасць уяўлення. Шукаючы ў Парыжы тое, што моцна вабіла мяне тады, я разумеў, што кампанія гэтага чалавека ўяўляе для мяне неацэнную каштоўнасць, і адкрыта сказаў яму пра гэта. Урэшце было вырашана, што на той час, пакуль я буду ў Парыжы, мы будзем жыць разам, і з прычыны, што мае жыццёвыя абставіны былі ў нейкай ступені не такія цяжкія, то я з яго згоды ўзяў на сябе выдаткі, звязаныя з наймам і абсталяваннем дому. Гэта быў асабняк у стылі, адпаведным нашаму з ім характару рамантычнай меланхоліі, пашкоджаны часам і своеасаблівы па сваёй архітэктуры, у зацішным і адасобленым кутку Сэн-Жэрменскага прадмесця*. У ім ужо даўно не жылі гаспадары праз нейкія там забабоны, якімі мы не цікавіліся, і таму ён паступова прыходзіў у заняпад.
Калі б лад нашага жыцця стаў вядомы свету, нас бы абавязкова палічылі вар'ятамі — хоць, відаць, і бясшкоднымі. Наша адасобленасць была поўная. Нікога ў сваім доме мы не прымалі. Месца нашага жыхарства старанна трымалася ў таямніцы ад маіх былых кампаньёнаў, а Дзюпэн ужо даўно не цікавіўся Парыжам, ды і Парыж не ўспамінаў пра яго. Мы існавалі толькі для сябе.
Адным з фантазійных дзівацтваў майго прыяцеля — бо як яшчэ гэта назваць? — была ўлюбёнасць у ноч, і я пакорна пагадзіўся з гэтым bizarrerie [38], як і з усімі астатнімі, цалкам падпарадкаваўшыся яго няспынным капрызам.
Царыца-ноч не магла заставацца з намі ўвесь час, але мы навучыліся імітаваць яе прысутнасць. Раніцай, з першым святлом, мы зачынялі тоўстыя аканіцы старога дому, запальвалі пару вельмі духмяных свечак, здатных толькі на цьмянае святло. У іх святле мы поўнілі сэрцы мроямі — чыталі, пісалі, дзяліліся думкамі, пакуль звон гадзінніка не абвяшчаў надыходу сапраўднай цемры. Тады мы выпраўляліся з дому, ідучы поплеч, працягвалі пачатыя ўдзень размовы або бязмэтна шпацыравалі ўздоўж і ўпоперак па вялікім горадзе да позняй ночы, шукаючы сярод мільгаючых агнёў і ценяў тую бясконцую душэўную ўзбуджанасць, якая вынікае з ціхага сузірання.
У такія моманты я міжволі заўважаў (хоць, ведаючы яго схільнасць да фантазій, я прадбачыў гэта) своеасаблівыя здольнасці Дзюпэна і захапляўся імі. Ён, відаць, таксама са шчырым захапленнем карыстаўся імі — нават калі іх не дэманстраваў — і не вагаючыся прызнаваўся, што робіць гэта з задавальненнем. Ён хваліўся мне, ціха пасмейваючыся, што калі для іншых чалавечая душа была за глухой сцяной, то ён мог зазірнуць у большасць душаў праз шырока расчыненыя для яго вокны, і звычайна суправаджаў такія заявы ашаламляльнымі доказамі глыбокага ведання маёй душы. У такія моманты ён быў халодны і безуважны, вочы яго рабіліся непранікальныя, а голас, сакавіты тэнар, пераходзіў у дыскант, і ў ім можна было адчуць нават раздражнёнасць, калі б не выразная дыкцыя і падкрэсленая няспешнасць у словах. Назіраючы за ім у такія моманты, я часта задумваўся над старадаўняй філасофскай тэорыяй пра дваістасць душы, і ў галаву прыходзіла забаўная думка пра двух Дзюпэнаў: адзін нешта ствараў, а другі ламаў створанае на кавалкі.
Прачытаўшы ўсё гэта, не падумайце, што я збіраюся расказаць вам у падрабязнасцях нейкую таямнічую гісторыю або апісаць нейкі рамантычны эпізод. Тыя асаблівасці прыяцеля-француза, пра якія я вам паведаміў, былі ўсяго толькі вынікам узбуджанасці ці, можа, хваравітасці розуму. Але характар яго заўваг у моманты, пра якія тут ідзе гаворка, лепш за ўсё праілюструе адзін прыклад.
Аднойчы ўвечары мы гулялі па доўгай бруднай вуліцы непадалёк ад Пале-Раяля*. Кожны з нас, відаць, быў заняты сваімі думкамі, і цягам чвэрці гадзіны ніхто не сказаў ані слова. I тут раптам цішыню перарвалі наступныя словы Дзюпэна:
— Ён недаростак, гэта праўда, і было б лепей, каб ён паспрабаваў свае сілы ў тэатры «Варетэ»*.
— Ну, вядома, так, — адказаў я машынальна, спачатку не звярнуўшы ўвагі (настолькі быў заняты думкамі) на тое, што гэтыя словы вельмі дзіўна супалі з маімі разважаннямі. Праз нейкі момант я апамятаўся, і маё здзіўленне было бязмежным.
— Дзюпэн, — сказаў я сур’ёзна, — гэта вышэй за маё разуменне. Шчыра кажучы, я вельмі ўражаны і ледзь веру сваім вушам. Як гэта ты здагадаўся, што я думаю пра... — тут я спыніўся, каб пераканацца, што ён сапраўды ведае, пра каго я думаў.
— ...пра Шантыі, — сказаў ён. — Чаму ты змоўк? Ты падумаў, што яго мізэрная постаць не падыходзіць для трагедыйных роляў.
Менавіта пра гэта я і разважаў. Шантыі, quondam [39] шавец з вуліцы Сэн-Дэні, які да вар'яцтва захапіўся тэатрам, паспрабаваў сыграць ролю Ксеркса ў аднайменнай трагедыі Крэбіёна*, вельмі стараўся, але ў выніку атрымаў знішчальныя водгукі.
— Растлумач напрамілы Бог, — усклікнуў я, — свой метад, калі ён існуе, праз які ты толькі што зазірнуў мне ў душу.
[37] Пераважна (фр.).
[38] Дзівацтва (фр.).
[39] Былы (лац.).