Аднаго дня пры нейкай дамовай патрэбе мы пайшлі з ёю ў сутарэнне старога будынка, дзе беднасць змусіла нас пасяліцца. Кот лез мне пад ногі на стромкіх сходах — я спатыкнуўся, ледзь не скруціў сабе галавы і дайшоў да шаленства. Падняўшы сякеру і забыўшыся ў гневе на дзяціны страх, што дасюль стрымліваў маю руку, я мерыўся быў так выцяць ката, што зараз жа адабраў бы ягонае жыццё. Але жонка супыніла мяне. Даведзены перашкодаю да лютасці, мацнейшае за д'ябальскую, я адхапіў руку і запусціў сякеру ў яе галаву. Яна сканала на месцы без стогну.
Учыніўшы гэтае страшэннае забойства, я адразу ж паглыбіўся ў думкі, як схаваць цела. Я разумеў, што не маю магчымасці вынесці яго з дому ні ў светлую пару дня, ні ў цёмную без рызыкі трапіць на вочы суседзям. Мноства ідэяў прыходзіла ў галаву. Спачатку я быў намысліў разабраць труп на дробныя кавалкі, а тады знішчыць у агні. Затым сабраўся выкапаць для яго магілу ў сутарэнні. Пасля я думаў, што лепей, пэўне, выкінуць яго ў студню на двары — або ўкласці, быццам які тавар, у скрыню, згадзіць нашэнніка і загадаць, каб ён забраў яе з дому. Урэшце я абраў тое, што, на маё разуменне, найбольш падыходзіла. Я намерыўся замураваць труп у сцяне, як некалі ў сярэднявеччы замуроўвалі сваіх ахвяраў манахі.
Сутарэнне добра пасавала для гэтае мэты. Сцены там былі нетрывалыя, да таго ж нядаўна іх похапкам патынкавалі, і ад волкасці тынк яшчэ не прасох. Апрача таго, адна сцяна мела выступ, утвораны нечым накшталт каміна, закладзенага цэглаю й патынкаванага, каб ён не розніўся ад астатняе часткі сутарэння. Я не сумняваўся, што змагу лёгка выважыць у тым месцы цагліны, уставіць туды труп і зноў усё замураваць так, што ніводнае вока не выявіць нічога падазронага.
I тут я не памыліўся. З дапамогаю лома я без цяжкасцяў вывернуў цагліны і, асцярожна прыхінуўшы труп да нутраное сценкі, паставіў яго старчма; пасля залажыў выступ, вярнуўшы сцяне колішні выгляд. Здабыўшы з усімі магчымымі перасцярогамі вапну, пясок і волас, я зрыхтаваў тынк, якога нельга было адрозніць ад ранейшага, і вельмі старанна пакрыў ім новую муроўку. Скончыўшы, пераверыўся, што ўсё ў парадку. На сцяне не засталося найменшых слядоў перамены. Рупліва, да парушынкі, з падлогі было сабранае ўсё смецце. Я пераможна азірнуўся й сказаў сабе: «Прынамсі тут мае старанні не пайшлі на глум».
Затым я ўзяўся за пошукі звера, што прычыніў мне гэтулькі няшчасця; нарэшце я цвёрда пастанавіў пазбавіць яго жыцця. Калі б у тую хвіліну я натрапіў на ката, ягоны лёс быў бы прадвызначаны. Але хітры звер, напужаны маім нядаўнім лютым гневам, знік, пазбягаючы сустрэчы. Немагчыма ні апісаць, ні ўявіць таго глыбокага шчаснага адчування палёгкі, якое прынесла ў маё сэрца адсутнасць зненавіднай істоты. Кот не паказваўся ўночы — і ўпершыню ад часу, як ён з'явіўся ў доме, я моцна й спакойна спаў; так, спаў, дарма што ляжаў на маёй душы цяжар забойства!
Мінуў другі дзень, пасля трэці — мучыцель мой не вяртаўся. Ізноў я дыхаў, як вольны чалавек. Гнаная страхам пачвара ўцякла з дому назаўжды! Больш я не пабачу яе! Якое бязмежнае шчасце! Учынены жахлівы грэх амаль не парушыў майго спакою. Мяне былі дапыталі, але я без цяжкасці апраўдаўся. Зрабілі нават ператрус — але, вядома ж, нічога не знайшлі. Я не сумняваўся ў сваім шчасці.
На чацверты дзень пасля забойства да мяне нечакана прыйшлі паліцыянты і зноў узяліся пільна абследаваць увесь дом. Тым не менш, упэўнены ў непрыступнасці свайго схову, я ні трохі не збянтэжыўся. Паліцыянты наказалі мне быць пры іх. Ніводзін закутак, ніводная шчылінка не засталіся па-за іхнай увагаю. Нарэшце трэці або чацверты раз яны спусціліся ў сутарэнне. Я й брывом не варухнуў. Маё сэрца білася спакойна, як б'ецца ў сне ў нявіннага чалавека. Я хадзіў па сутарэнні з кута ў кут. Склаўшы рукі на грудзёх, я сноўдаўся ўзад і ўперад. Паліцыянты былі цалкам задаволеныя аглядам і збіраліся ўжо сыходзіць. Маё сэрца перапаўняла радасць — завялікая, каб утаймаваць яе. Мне карцела сказаць для трыюмфу хоць слова і падвоіць тым самым іх пераконанасць у маёй невінаватасці.
— Спадары, — урэшце сказаў я, калі яны ўжо падымаліся па сходах, — вельмі рады, што развеяў вашыя падазрэнні. Зычу ўсім вам здароўя і крыху болей пачцівасці. Дарэчы, спадары, гэта... гэта вельмі добра збудаваны дом (у шалёным жаданні сказаць нешта нязмушанае я ледзьве ўсведамляў, пра што ўвогуле кажу). Нават, можна сказаць, выдатна збудаваны дом. На гэтых сценах — ужо сыходзіце, спадары? — на гэтых сценах няма ніводнае расколінкі.
I тут у парыве безразважнае бравады я моцна ўдарыў кіем, што трымаў у руцэ, якраз па цаглінах, за якімі ў сцяне стаяў труп жанчыны майго сэрца.
Божа, уратуй і вызвалі мяне з іклаў Шатана! Не паспела яшчэ патануць у цішы водгулле маіх удараў, як мне адказаў голас з магілы! — крык, спярша прыглушаны й перарывісты, нібы дзіцячае хліпанне, які разросся пасля ў працяжны, гучны, няспынны лямант, абсалютна дзікі й нечалавечы, — у скавытанне — у поўны жаху й трыюмфу прарэзлівы віскат, што можа ўзнікнуць адно ў пекле, дзе пакутуюць усе засуджаныя на вечныя мукі ды цешацца перамогаю д'яблы.
Няма чаго й казаць, што дзеялася ў той момант са мною. Млеючы, я адхіснуўся да процілеглае сценкі. На нейкае імгненне паліцыянты, стоячы на сходах, знерухомелі ад жаху й здзіўлення. Але ўжо праз момант тузін дужых рук разбураў сцяну. Яна зараз жа абвалілася. Труп, ужо моцна пазначаны распадам і заплямлены запечанай крывёю, стаяў проста перад вачыма сведкаў. У яго на галаве, разявіўшы чырвоную ляпу і бліскаючы адзіным вокам, сядзеў агідны звер, які падступна падвёў мяне да забойства, а цяпер здрадніцкім віскам выдаў у рукі ката. Я замураваў пачвару ў магільнай сцяне!
Пераклаў Юрась Бушлякоў
Калодзеж і ківач
Я быў моцна знясілены, знясілены да смерці гэтым працяглым болем, і калі нарэшце яны мяне развязалі і дазволілі сесці, я адчуў, як пачуцці раптам пакідаюць мяне. Прысуд — страшэнны смяротны прысуд — апошняе, што яскрава ўспрыняў мой слых. А пасля гукі галасоў інквізітараў зліліся нейкі невыразны гул, што, падавалася, даносіўся аднекуль праз смугу сну. Гул нагадаў маёй душы пра ідэю кругазвароту, мабыць, таму, што быў дужа падобны да рыпення млынарскага кола. Аднак толькі на імгненне, бо ў хуткім часе я ўжо нічога не чуў, хоць яшчэ крыху бачыў. Але ж як скажаў усё мой зрок! Я бачыў вусны апранутых у чорнае суддзяў. Яны падаліся мне бледнымі, белымі — бялейшымі за аркуш, на якім я пішу гэтыя словы, — і гратэскава тонкімі. У іх танклявасці было столькі волі і цвёрдасці, непахіснай рашучасці, суровай пагарды да чалавечых пакутаў... Я бачыў, як іх вусны яшчэ прамаўлялі загады, што для мяне ўжо сталі Лёсам. Бачыў, як яны крывяцца, кажучы смяротныя словы. Бачыў, як яны звязваюць гукі ў маё імя, і скаланаўся, бо ніводзін з іх не дасягаў маіх вушэй. Таксама бачыў цягам некалькіх жахлівых імгненняў трызнення лёгкае, ледзь заўважнае калыханне чорных драпіровак на сценах залі. А потым мой позірк упаў на сем вялізных свечак на стале.
Спачатку была ў іх нейкая міласэрнасць, яны падаліся мне высокімі белымі анёламі, якім наканавана выратаваць мяне, але праз нейкі час мой дух раптам агарнула страшная агіда, я адчуваў, як кожная часцінка мяне ўздрыгвае, нібы ад дотыку аголенага дроту гальванічнай батарэі. Анёлы ж мігам ператварыліся ў невыразныя здані з вогненнымі галовамі, і я адразу адчуў, што чакаць дапамогі ад іх ужо не выпадае. А потым, нібы прыўкрасная мелодыя, закралася думка, як прыемна і спакойна будзе мне ў магіле. Думка падкралася мякка, употай, і зусім не адразу я ацаніў яе належным чынам. Але як толькі мой дух па-сапраўднаму адчуў яе каштоўнасць і насалодзіўся ёю, постаці суддзяў расталі перад маімі вачыма, нібы падуладныя нейкім чарам, высокія свечкі згінулі ў нябыт і згасла дазвання іх полымя, а затым усё агарнула цемра. Падавалася, усе мае пачуцці паглынае імклівае, шалёнае падзенне, нібы душа спускаецца ў Аід. Потым спакой, ціша і ноч сталі маім сусветам.
Я быў у забыцці, але ўсё ж не магу сказаць, што не ўсведамляў нічога. Не буду спрабаваць вызначыць ці нават апісаць свае адчуванні, але ўсё ж я не страціў прытомнасці цалкам. Не глыбокі сон... не трызненне... не млосць! I не смерць! Нават у магіле яшчэ не канец. Іначай для чалавека не было б несмяротнасці. Прачынаючыся ад найглыбейшага сну, мы разрываем танюткае павуцінне дрымоты. I ўжо праз хвіліну (такім кволым бывае гэтае павуцінне) і знаку таго сну не маем у памяці. А па вяртанні з забыцця мы праходзім два этапы. Першы — усведамленне разумовае і духоўнае, другі — усведамленне фізічнае, усведамленне быцця. Магчыма, дасягаючы другога этапу, мы можам успомніць уражанні ад этапу першага. Нам толькі трэба адшукаць тыя яскравыя моманты, што адбіліся ва ўспамінах глыбокай бездані, з якой мы выкараскаліся. А гэтая бездань — чым яна ёсць? Ці як нам папросту адрозніць яе цень ад ценю магілы? Але ж калі ўражанні ад таго, што я назваў першым этапам, не хочуць падпарадкавацца нашай волі і ўсплыць у памяці, тады, праз доўгі час, ці не з яўляюцца яны да нас раптоўна, неспадзявана, а мы толькі дзівімся іх нечаканаму візіту? Той, каму не выпадала трапіць у забыццё, ніколі не заўважаў дзівосных краінаў і страшна знаёмых твараў у жары вуголля; ніколі не назіраў за танцамі сумных відзежаў у паветры, відзежаў, якіх большасць ніколі не зможа пабачыць; ніколі не заміраў, удыхаючы водар незнаёмай кветкі, і ніколі яго розум не бянтэжыла сутнасць музычнага такту, што дагэтуль нічым не прыцягваў увагі.
Сярод частых і дбайных спробаў згадаць, сярод старанных высілкаў аднавіць у памяці хоць знак таго стану, у які занурылася мая душа і які падаваўся нябытам, я перажываў рэдкія імгненні ўдачы. У тыя кароткія, вельмі кароткія хвіліны я аднаўляў свае ўспаміны, якія, як ясным розумам я пазней пераконваўся, маглі быць водгуллем толькі таго нібыта забыцця. Цьмяныя прывіды памяці нашэптваюць мне пра высокія постаці, што моўчкі паднялі мяне і пачалі апускаць долу... ніжэй... яшчэ ніжэй, пакуль не закружылася галава ад адной думкі пра бясконцае пагружэнне. Яшчэ яны апавядаюць мне пра няясную жуду, што затаілася ў маім сэрцы праз яго дзіўны, незвычайны спакой. Потым прыйшло адчуванне раптоўнай знерухомленасці ва ўсім, нібыта тыя, хто апускаў мяне (о, гэтая жудасная світа!) дасягнулі мяжы бязмежнага і замерлі, зняможаныя сваёй цяжкай ношай. Пасля ў памяці ўваскрасае адчуванне пляскатасці і вільготнасці, а потым гэта ўсё абарочваецца шаленствам — шаленствам памяці, якая ўрываецца на забароненыя ёй тэрыторыі.
I раптам мая душа знянацку робіцца рухавай, зноў здабывае магчымасць чуць, і гукі мітуслівага сэрца аддаюцца ўвушшу. А потым усё замірае, няма нічога. Пасля зноў і гук, і рух, і дотык — дрыготкае адчуванне напаўняе маю грудную клетку. Пасля толькі ўсведамленне быцця і ніводнай думкі — такі стан цягнецца доўга. За ім — нечаканая думка, жудаснае трымценне і старанныя спробы ўсвядоміць свой сапраўдны стан. Затым моцная прага зноў стаць непрытомным. Потым імклівае ажыўленне душы і ўдалая спроба паварушыцца. I пасля я ўспамінаю ўсё: і судовы працэс, і суддзяў, і чорныя драпіроўкі, і прысуд, і млосць, і забыццё. А затым зноў не памятаю нічога з таго, што пазней вялізнымі высілкамі мне ўдалося хоць часткова згадаць.
Дагэтуль я не расплюшчваў вачэй. Я адчуваў, што ляжу на спіне, нічым не звязаны. Я працягнуў руку, і, цяжкая, яна ўпала на нешта цвёрдае і вільготнае. Цягам доўгіх хвілінаў ляжала яна так, пакуль я адчайна спрабаваў уявіць, дзе я і чым ёсць. Адчайна імкнучыся да гэтага, я ўсё ж не наважваўся расплюшчыць вочы. Я вельмі баяўся кінуць першы погляд на тое, што мяне акаляе. I не столькі асцерагаўся пабачыць жудасці наўкола, колькі проста ледзянеў ад жаху, уяўляючы, што наўкола не будзе нічога. Нарэшце ў дзікім адчаі я хутка расплюшчыў вочы. I мае найгоршыя падазрэнні спраўдзіліся. Чэрань адвечнай ночы апанавала мяне. Я пачаў хапаць паветра ротам. Падавалася, бяздонная імгла насоўвалася і душыла мяне — такім невыносна шчыльным было паветра. А я ўсё ляжаў нерухома і намагаўся напружыць свой розум. Я паступова, адно за адным, прыгадваў дзеянні інквізіцыі і зыходзячы з гэтых згадак спрабаваў зразумець, што са мной. Прысуд быў даўно выкананы, і мне здавалася, што з таго моманту прайшло ўжо даволі шмат часу. Але і на секунду я не мог дапусціць, што напраўду памёр. Такое дапушчэнне, нягледзячы на тое, што даводзіцца чытаць у раманах, цалкам супярэчыць сапраўднасці. Дык дзе ж я і што са мной? Асуджаных на смерць, як я ведаў, звычайна чакала аўтадафэ, а адно з іх якраз мусіла адбыцца ў тую самую ноч, калі быў суд нада мною. Ці мяне зноў кінулі ў ранейшы склеп чакаць новага ахвярапрынашэння, што, магчыма, адбудзецца толькі праз некалькі месяцаў? Але гэтага, як я тут жа зразумеў, быць не магло. Прынесці ахвяру неабходна было адразу. Да таго ж мой склеп ды камеры ў вязніцах Таледа мелі каменныя насцілы, і туды прабіваўся хоць які кволы прамень святла.
Ад страшнай здагадкі кроў забруіла ў маіх жылах, зайграла ў сэрцы, і на пэўны час я зноў праваліўся ў непрытомнасць. Прачнуўшыся, я адразу ж устаў на ногі. Трымценне працінала кожную клетку майго цела. Я шырока развёў рукі над галавою, па баках — паўсюль наўкол сябе. Нічога не было, і ўсё ж я баяўся зрабіць нават крок, каб не натыкнуцца на сцены труны. Пот ліўся з кожнай поры майго цела і вялікімі халоднымі пацеркамі застываў на ілбе. Нарэшце пакуты невядомасці сталі невыноснымі, і я асцярожна зрабіў крок наперад, выставіўшы перад сабой рукі і шырока раскрыўшы вочы, спадзеючыся заўважыць хоць ледзь прыкметны прамень святла. Я зрабіў ужо шмат крокаў, але наўкола былі адно чэрань і пустэча. Я ўздыхнуў ужо вальней. Стала ясна — лёс мой яшчэ не з самых страшных.
I цяпер, калі я працягваў асцярожна прабірацца наперад, мне раптам прыгадаліся тысячы цьмяных чутак пра жахі Таледа. Пра яго сутарэнні хадзілі дзіўныя гісторыі, і, хоць я заўжды лічыў іх байкамі, яны былі настолькі незвычайнымі і агіднымі, што іх можна было пераказваць толькі шэптам. Мяне пакінулі паміраць з голаду ў гэтым падзямеллі цямрэчы — ці мне быў падрыхтаваны іншы, яшчэ больш жудасны скон? У любым разе ў канцы будзе смерць, смерць нечувана жорсткая, бо надта ж добра я ведаў норавы сваіх суддзяў. Якім чынам і калі я памру — вось што займала ці, хутчэй, бянтэжыла мяне.
Выцягнутыя наперад рукі нарэшце натыкнуліся на нешта цвёрдае. Гэта была сцяна, хутчэй за ўсё каменнай кладкі — вельмі гладкая, слізкая і халодная. Я пайшоў уздоўж яе, ступаючы з тым абачлівым недаверам, які ўнушылі мне старажытныя хронікі. Але ўсё ж, рухаючыся такім чынам, я абсалютна не ўяўляў памераў свайго склепа, бо я мог бы папросту абысці яго вакол і вярнуцца туды ж, адкуль пачаў, нават не здагадваючыся пра гэта, — такой роўнай і аднароднай падавалася сцяна. Таму я пачаў шукаць нож, які ляжаў у кішэні, калі мяне ўводзілі ў залю Інквізіцыі. Але яго не было. Маё адзенне замянілі на зрэбны балахон. Я хацеў усадзіць лязо ў шчыліну між кладкай і такім чынам пазначыць месца, з якога пачаў свой шлях. Цяжкасці ў гэтым не было ніякай, хаця майму хвораму ўяўленню такая задача спачатку падалася невырашальнай. Я адарваў кавалак крыса ад сваёй адзежыны і прымацаваў яго да сцяны. Абыходзячы па коле сваю вязніцу навобмацак, я б, натуральна, не прапусціў гэты баваўняны абрэзак, што знаходзіўся ў самым пачатку майго шляху. Прынамсі, я так меркаваў, але не ўзяў пад увагу ні памераў склепа, ні мае фізічнае аслабленасці. Падлога была вільготная і слізкая. Я захістаўся, падаючыся наперад, потым раптам спатыкнуўся і ўпаў. Празмерная стома вымусіла мяне апусціцца долу, і ў хуткім часе мной авалодаў сон.
Прачнуўшыся і выцягнуўшы руку, я знайшоў побач скібу хлеба і збанок вады. Я быў занадта стомлены, каб неяк абдумаць іх з'яўленне тут, але ж прагна паеў і папіў. У хуткім часе я працягнуў абыходзіць вязніцу і хоць з цяжкасцю, але знайшоў той баваўняны лапік. Да моманту падзення я налічыў пяцьдзясят два крокі, а пасля таго як зноў працягнуў свой шлях, налічыў яшчэ сорак восем, намацаўшы абрэзак. Такім чынам, разам атрымалася сотня крокаў і, прыняўшы, што два крокі — гэта ярд, памеры цямніцы, па маіх падліках, складалі пяцьдзясят ярдаў у дыяметры. Аднак ідучы ўздоўж сцяны, я сустракаў нямала кутоў і таму не мог меркаваць пра форму склепа, а наконт таго, што гэта быў менавіта склеп, я не меў ужо ніякіх сумневаў.
Мае блуканні былі практычна бязмэтнымі, бо нешта знайсці тут было амаль немагчыма, але ж нейкая няясная цікаўнасць штурхала мяне працягваць пошукі. Пакінуўшы вывучаць сцяну, я вырашыў перасекчы склеп наўскос. Спачатку я ступаў надзвычай асцярожна, бо падлога, хоць і здавалася цвёрдаю, была па-здрадніцку слізкая. Але нарэшце я набраўся смеласці і без асаблівых ваганняў пакрочыў даволі ўпэўнена, намагаючыся прайсці як мага больш роўным і простым шляхам. Такім чынам я адолеў дзесяць ці дванаццаць крокаў, калі раптам падраны падол майго балахона заблытаўся ў нагах. Я наступіў на яго і ўпаў, моцна ўдарыўшыся тварам.
Праз тую збянтэжанасць ад падзення я не адразу заўважыў адну дзіўную акалічнасць, якая ўжо праз некалькі секундаў, хоць я ўсё яшчэ працягваў ляжаць на зямлі, прыцягнула маю ўвагу. А гэта было вось што: шчакой я ляжаў на падлозе вязніцы, а мае вусны і верхняя частка галавы ўжо ні да чога не дакраналіся. У той жа час мой лоб быў нібы ахутаны халоднай ліпучай парай, і ноздры лавілі спецыфічны пах гнілля і цвілі. Я выцягнуў руку і здрыгануўся ад думкі, што ўпаў ля самага краю круглага калодзежа, але яго глыбіню я не мог натуральным чынам вымераць зараз жа. Абмацваючы каменную кладку ніжэй за край калодзежа, я здолеў адбіць невялікі кавалачак каменя і кінуў яго ў бездань. Доўгія секунды прыслухоўваўся я да водгулля, што пакідаў каменьчык, грукаючыся аб сцены прадоння, пакуль нарэшце злавеснае гучнае рэха не адзначыла яго падзенне ў ваду. I ў той жа момант я пачуў, як недзе ўверсе хутка адчыніліся і зачыніліся дзверы, слабы прамень святла нечакана працяў імглу і тут жа знік.
Я выразна ўцяміў пагібель, прыгатаваную для мяне, і павіншаваў сябе са своечасовым здарэннем, дзякуючы якому выратаваўся. Яшчэ адзін крок — і не ўбачыць бы мне больш белага свету. А смерць, якой я толькі што пазбег, была з ліку тых, якія ў гісторыях пра норавы інквізіцыі я лічыў неабгрунтаванымі і надуманымі. Ахвяры іх лютасці маглі пасці ад смерці, спрычыненай або цяжкімі фізічнымі мукамі, або невыносным цяжарам жуды душэўнай. Мне было наканавана апошняе. Працяглыя пакуты расхісталі мае нервы настолькі, што мяне палохаў нават гук уласнага голасу, і найлепшым чынам падрыхтавалі да таго страшнага катавання, якое чакала мяне.
Дрыжучы ўсім целам, я адпоўз назад да сцяны, вырашыўшы лепш загінуць там, чым зведаць жахі калодзежаў, — маё ўяўленне малявала іх мноства ў самых розных кутках склепа. Калі б я быў у іншым душэўным стане, то, мабыць, наважыўся б імгненна скончыць сваё нікчэмнае існаванне, кінуўшыся ў самае прадонне, але цяпер я быў найбольшым у свеце баязліўцам. Таксама я не мог забыцца на тое, што чытаў пра гэтыя калодзежы — іх жудасная планіроўка не перадугледжвала хуткай смерці.
Цягам доўгіх гадзінаў мой стрывожаны розум не даваў мне заплюшчыць вочы, але нарэшце я зноўку задрамаў. Прачнуўшыся, я і гэтым разам знайшоў побач лусту хлеба і збанок вады. Моцная смага апанавала мяне, і я адным глытком асушыў збан. Але туды, мабыць, нечага падсыпалі, бо як толькі я папіў, на мяне тут жа зноў навалілася дрымота. I глыбокі сон ахапіў мяне — сон, так падобны да смерці. Як доўга я спаў, я, канечне, не магу меркаваць, але калі зноў расплюшчыў вочы, усё, што акаляла мяне ў вязніцы, стала бачным. У нейкім жоўта-зялёным ззянні, крыніцу якога я спачатку не прыкмеціў, мне ўдалося заўважыць памеры і будову маёй вязніцы.
Я моцна памыліўся наконт яе памераў. Агулам дыяметр яе сценаў не перавышаў дваццаці пяці ярдаў. Некалькі хвілінаў я адчуваў пустую ўсхваляванасць, напраўду пустую, бо ў той сітуацыі, у якой я апынуўся, што можа мець меншае значэнне, чым памеры склепа? Але мой розум чамусьці дужа цікавілі гэтыя дробязі, і я заглыбіўся ў роздумы, шукаючы, дзе ж у сваіх падліках я мог памыліцца. Нарэшце я дайшоў да ісціны. Падчас першай спробы даследаваць склеп я налічыў пяцьдзясят два крокі, а потым упаў. Мабыць, тады я быў за два крокі ад лапіка бавоўны, сапраўды, я амаль абышоў вязніцу па перыметры. Потым заснуў, а калі прачнуўся, то вярнуўся назад і палічыў дыяметр вязніцы ў два разы большым, чым ён быў насамрэч. Заблытаўшыся, я не заўважыў, што пачынаў свой шлях, калі сцяна была злева, а скончыў яго, калі яна была ўжо справа.
Таксама я памыліўся наконт формы памяшкання. Намацваючы шлях паўз сцяну, я заўважыў шмат кутоў, і менавіта яны навялі мяне на думку пра няправільную форму склепа. Так моцна ўплывае апраметная цемра на таго, хто раптам абуджаецца ад летаргіі або сну! Кутамі мне падаліся ўсяго толькі лёгкія западзіны ці нішы праз няроўныя адрэзкі. Сама па сабе вязніца была збольшага квадратная. Тое, што я прыняў за каменную кладку, выявілася вялізнымі плітамі з жалеза ці нейкага іншага металу, швы ці сутыкі якіх якраз і ўтваралі западзіны. Паверхня металічных плітаў была груба размаляваная тымі жахлівымі і агіднымі сімваламі, якія маглі быць спароджаныя адно злавеснымі забабонамі манахаў. Пагрозлівыя выявы нячысцікаў, увасобленыя ў шкілеты і іншыя жудасныя вобразы, пакрывалі сцены. Я звярнуў увагу, што абрысы гэтых хімераў былі дастаткова выразнымі, а вось колеры падаваліся бляклымі і цьмянымі, нібы ад уздзеяння вільготнага паветра. Таксама я заўважыў што падлога была з каменю. А ў самым цэнтры зеўраў вялізны калодзеж, прорвы якога мне такі ўдалося пазбегнуць. Але ў вязніцы ён быў усяго адзін.