Пажадаю творам Вавенарга яшчэ i такое... Хай творы выбiтнага маралiста прачытае эмансiпаваная злосная сучка.
* * *
Убачыўшы жанчын, што задушылiся на алiўкавым дрэве, Дыяген Сiнопскi прабрахаў: "Вось каб на ўсiх дрэвах такiя плады!" У наш час эмансiпацыi гэткую экспрэсiю паводзiн пераўзысцi немагчыма, хiба што нейкая спаднiца праверашчыць падобнае пра мужчын.
* * *
Дзеля каго падмалёўвае бровы жонка сляпога?.. Пытаецца Томас Фулер. Дзеля таго самага Дона Жуана, дзеля якога спявае жонка глухога.
* * *
Мужчына i жанчына — вечны двубой. Каханне працягваецца, пакуль няма пераможцы, пакуль адзiн не выказаўся цалкам i нешта не дагаворваецца, пакуль iснуе таямнiца... А калi нарэшце адзiн прайграў, а другi не паказаў выгляду, што выйграў, i пачаў тактоўна падтрымлiваць слабейшага, тады ўзнiкае сям’я.
* * *
Шмат хто сумняваецца, а многiя сцвярджаюць адваротнае, але прорву можна пераскочыць толькi за два скачкi, першы з якiх мусiць зрабiць мужчына, а другi — жанчына.
* * *
Канспiрацыю распрацавалi жонкi, якiя здраджвалi мужу.
* * *
Мы хаваем бацькоў значна раней, чым яны памiраюць.
* * *
Люблю Вавенарга яшчэ i за тое, што ягоныя "Фрагменты" i "Афарызмы" чытаў i цытаваў мой бацька.
* * *
Як пазбегнуць найвялiкшай страты — смерцi мацi? Пайсцi з жыцця раней! Нашто было пытацца?
Бог — God
* * *
Неiстотна, як ты патрапiў у сабор: праз чорны ход цi праз парадную браму, галоўнае — ты ў саборы.
* * *
Самастойнасць патрабуе ўпэўненасцi, а залежнасць — веры.
* * *
Той, хто верыць у тэхнiчны прагрэс, павiнен памятаць, што пры дапамозе сродкаў вытворчасцi, самых розных машын i механiзмаў, адзiн чалавек зрабiў з другога раба.
* * *
Давер пераходзiць у залежнасць.
* * *
Асноўная загана тырана — вера ў сябе.
* * *
Вера — гэта не суцяшэнне, а паводзiны, у якiх ёсць месца i суцяшэнню.