* * *
Бог, прырода, лёс — занадта часта ўжываюцца як сiнонiмы, а насамрэч такiмi не з’яўляюцца.
* * *
Наколькi лёгка здрадзiць, настолькi ж цяжка дараваць здраду, калi наогул магчыма яе дараваць, бо ўсё часцей пераконваюся, што прэрагатыва даравання належыць Богу.
* * *
Сутыкнуўшыся з тэкстамi Латрэамона, можна падумаць: чалавек спазнаў усёмагутнасць Усявышняга дзеля таго, каб абвiнавацiць Бога ў насланнi бядот, катастроф, стыхiй i паморкаў.
* * *
"Мы не маем права задаваць Творцу нiякiх пытанняў". Сцiпла сцвярджае Латрэамон, нiбыта нiколi i не паўставаў супраць Усявышняга. I ўсё ж у гэтым сказе тоiцца ненатольная прага задаць Богу пытанне. Хоць бы адно. Напрыклад, я запытаўся б у Творцы: "Нашто?"
* * *
Шмат разоў задаваў сабе адно i тое пытанне... Чаму люблю прагулянкi па могiлках? Пакуль не прачытаў у Альберта Савiнiа, што Еўропа — гэта магiла Бога.
* * *
Вы смяротныя. Нашто вам думаць пра багоў?.. Пытаецца ўзрушаны кiнiк Дэманакт. А я i думаю пра смяротнасць багоў.
* * *
Быку падабаецца бык, аслу — асёл, свiннi — свiння... Чуеш у Эпiхарма. Можа, таму, спрабуючы ўявiць Бога, ты малюеш чалавека? А можа, Бог, ведаючы абмежаванасць i слабасцi твае, з’яўляўся ў вобразе любiмым i зразумелым? Нашто Усёмагутны патурае слабаму? Адкажа паэт Эпiхарм... Быку падабаецца бык!
* * *
Заўважаеш — узненавiдзеў свет: гэта — блага, тут — кепска, паўсюль цёмна, людзi — ворагi, няздары, пачвары. Жывеш бязмэтна. Сцюдзёныя проймы свiшчуць памiж брудных будынкаў, шархацяць пакамечанымi газетамi. Пад чаравiкамi плюхае раскiслы снег. Насустрач сунецца чырванапысае стварэнне з сiнiм носам ды слязлiвымi вочкамi. Дзякуй табе, Божа, што не даў мне такога твару! — думаеш ты. Вось i палёгка.
* * *
У старажытных беларусаў iснавала павер’е, што трэба палюбiцца са сваёй жонкай на вясновым засеяным полi, каб Бог даў добры ўраджай. Вельмi часта жанчына раскiдала мужчынскае семя па палетку i пры гэтым прыгаворвала: "Божа! Урадзi мой хлеб! Выйдзi колас з зямлi высокi i прыгожы!"
* * *
Чуткi — найкаштоўнейшы матэрыял, з якога ўтвараюцца мiфы.
* * *
У мроях лунае зародак хiмеры.
* * *
Юда — найвыдатнейшы драматычны актор у хрысцiянскiм свеце.
* * *
Прывiды нараджаюцца ў люстэрках.
* * *
Можна не сумнявацца, што электрычнасць i сродкi масавай iнфармацыi вынайшаў д’ябал.
* * *
Падтрымка прыходзiць да таго, хто яе заслужыў; на такiх сафiзмах i будуюцца ўлада, прыгнёт i рабства.