* * *
Цяжка жабраку не займець злосцi... Варта пагадзiцца з Канфуцыем. Дарэчы, я нiколi не кiдаю грошы ў жабрацкую шапку, бо ёсць iншыя месцы, куды можна падзець вольныя фiнансы. А жабрак — ён, апрача што зласлiвы, яшчэ i няўдзячны.
* * *
Не аспрэчыш наяўнасць старэйшых i малодшых. Дык чаму розныя змагары за роўнасць увесь час спрабуюць абвергнуць заканамернасць iснавання багацейшых з бяднейшымi. Мяркую, з-за недасведчанасцi. Няма роўных сярод роўных.
* * *
Мець — не азначае ўмець карыстацца.
* * *
Бедныя бачаць у багаццi праяву лёсу, заможныя — плён уласнай працы.
* * *
Быць шчодрым вельмi хутка надакучвае, як i хутка збрыджвае цвярозасць i разважлiвасць.
* * *
Заўтрашнiя прыбыткi грунтуюцца на сённяшнiх стратах.
* * *
Багацце i знатнасць, набытыя несумленна, Канфуцыю падаюцца воблакам, што праплыло мiма. Як сумна, што няма нiводнай аблачынкi, якая б не праплыла мiма. Хмаркi нябесныя — вечна вандроўныя.
* * *
Ты маеш утрая менш, чым маюць цябе. Маёмасць — палон добраахвотны i салодкi. Кожная прыдбаная рэч толькi павялiчвае залежнасць.
* * *
Ветлiвасць — умоўнасць, такая ж самая, як i папяровыя грошы. Калi разумнасць — залатая манета, дык ветлiвасць, выхаванасць, далiкатнасць — зашмальцаваныя ад штодзённага ўжытку банкноты. Толькi памятай: па хлеб не пойдзеш з залатым талерам.
* * *
Любоў да золата павялiчваецца з узростам.
Сeкс — sex
* * *
Гiсторыя ведае выдатных людзей, якiмi рухалi пошукi асалоды альбо каханне, але я не памятаю такiх, хто быў бы юрлiўцам. Тое, што складае галоўную якасць адных, не дазваляецца другiм нават як слабасць... Канстатуе маралiст Вавенарг. Нязгодны. Рафаэль, якi не ўмеў чытаць i памёр на жанчыне, не менш выдатны за любога Вавенарга цi Расiна.
* * *
У гомасексуалiзме i лесбiянстве здзiўляе не тое, што чалавек кахае iстоту свайго полу, а тое, што яны ходзяць парамi, жывуць парамi i, апрача ўсяго, рэгiструюць шлюбы. Давядзецца пагадзiцца з Люкам дэ Клап’е дэ Вавенаргам, якi заўважыў... Чалавек, як iстота недасканалая, не можа iснаваць у адзiноце. А так было б добра iснаваць адасоблена. Найлепей думаецца, пiшацца, працуецца на адзiноце.
* * *
Большасць каханак варта браць нахабна, пакуль яны яшчэ не разабралiся ў сваiм стаўленнi да цябе.
* * *
Закахаўся? Спрабуй спакусiць жанчыну грашыма або рэчамi, бо асноўная перашкода вашай блiзкасцi — твае моцныя пачуццi.
* * *