* * *
Шкадую, што не маю поўнай веры. Нават смерць не пераконвае, а яшчэ больш раздражняе фантазiю i спараджае сумневы.
* * *
Як сяброўства зазвычай пачынаецца са сваркi, так i вера бярэ выток з блюзнерства.
* * *
Знявага чужых багоў не дадае веры ў свайго Бога.
* * *
У манахаў, мусiбыць, добры абутак, бо шлях да Бога доўгi i пакручасты. Не варта мяне папракаць за iранiчныя ноткi. Манахi — гэта людзi, што iдуць да Бога не праз вучэнне, а праз матэрыю. Манах — цялеснае ўвасабленне веры.
* * *
Верыш, спадзяешся на Страшны суд — i ўсё дзеля таго, каб на iмгненне ўваскрэснуць.
* * *
Грэшнiкi збiраюцца ў царкве. Не верыш? Учынi кепскае, прызнайся, i табе абавязкова параяць наведаць царкву...
* * *
Вера ў Бога неразумных шукае апiрышча ў заганным жаданнi быць лепшымi за iншых, хоць дастаткова быць iншымi.
* * *
Ты баiшся адзiноты прыблiзна так, як i смерцi. Твая вера ў жыццё пасля смерцi нагадвае спадзяваннi лiтаратара, якi думае, што ягоныя творы калi-небудзь дый прачытаюцца.
* * *
Калi паверыш у няспыннасць змен, давядзецца прыняць i памылковасць любога вынiку, бо ён не зможа быць канчатковым.
* * *
Недаацэньваць сектар рэлiгii нельга. Змагар з адной канфесiяй абавязкова патрапiць у лагер iншай. Так хрысцiяне змагаюцца з iудзеямi, iудзеi — з мусульманамi, мусульмане — з хрысцiянамi... Атэiзм — таксама адна з формаў рэлiгiйнай думкi, пабудаванай на доказах ад процiлеглага.
* * *
Хто скажа, што першаснае: рэлiгiя цi атэiзм?
* * *
Прызнаць iснаванне разумнейшага за сябе цалкам нармальна. А вось падпарадкоўвацца разумнейшаму, не ведаючы яго, — глупства несусветнае. Большасць вернiкаў якраз i падпарадкоўваецца, толькi не разумнейшаму, а — хiтрэйшаму, i не Богу, а — папу.
* * *
Каб развеяць маркоту, учыняюць шмат грахоў, а галоўны з iх — занатоўванне рэвалюцыйных ды атэiстычных думак.
* * *
Блюзнерства — салодкiм голасам святара нашэптваць пра пекла.
* * *
Каму не трэба саступаць, дык гэта царкоўнiкам i жанчынам. А ты ўвесь час саступаеш, асаблiва апошнiм. Сцеражыся, бо ўсё больш i больш трапляюцца на шляху царкоўнiкi i жанчыны ў адной асобе.