* * *
Нават падробка пад мудрасць — ужо фiласофiя... Казаў Дыяген Сiнопскi. Сапраўды, каб навучыцца нешта рабiць, спачатку неабходна ўмець тое нешта падрабляць.
* * *
На транспартных прыпынках не толькi сам спыняешся, але i час замаруджваецца, i ты спрабуеш яго падштурхоўваць позiркам на гадзiннiк.
* * *
У замкнёнай невялiкай прасторы час паўзе. Ты iмклiва ляцiш у самалёце, а час пасоўваецца марудна, нiбыта ў турэмнай камеры.
* * *
Вельмi павольна хвiлiны цякуць у чэргах. Наогул, чарга — сымболь маруднасцi.
* * *
Для пацыента ў бальнiцы час цяжкi, доўгi i маркотны.
* * *
На паседжаннях, сходах, канферэнцыях час iдзе няспешна. У якасцi доказу на сталах i крэслах застаюцца скрэмзаныя шматкi паперы. Бяздумнае крэсленне на аркушах iмiтуе дзейнасць i запаўняе час.
* * *
Назiранне за стрэлкамi i цыферблатам iстотна замаруджвае час. Побач з хранометрамi iмгненнi ператвараюцца ў хвiлiны. Калi ты чакаў каханую пад гадзiннiкам, дык ведаеш месца, дзе час плыве марудна.
* * *
У ложку з каханай жанчынаю час пралятае iмклiва, як нiдзе.
* * *
На барцоўскiм кiлiме, на рынгу, на футбольным полi, на баскетбольнай пляцоўцы час рухаецца хутка, але найхутчэй ён бяжыць на полi бiтвы, у рукапашнай бойцы.
* * *
За картачным сталом гадзiны ператвараюцца ў хвiлiны. Азарт з’ядае час, як воўк — ягня.
* * *
Каля магнiтафона, тэлевiзара, кампутара час паскараецца. Тэлефон гэтаксама здатны ўсмоктваць хвiлiны.
* * *
У жытнёвым полi, на санцагрэi можа ўзнiкнуць жаданне спынiць час — не прыпынiць, не замарудзiць i не паскорыць, а забiць. Вiнцэнт Ван Гог i застрэлiўся, ахоплены пякельнай прагаю забiць час пасярод жытнёвага поля. У беларускiм фальклоры ёсць вобраз пачвары, якая ўзнiкае ў самы санцапёк апоўднi — Кадук. Ён здатны глытаць людзей, жыццё i час.
* * *
А дванаццатай ночы, на адзiноце, у пустым памяшканнi само сабою з’яўляецца памкненне прыпынiць час. Асаблiва моцна жаданне выяўляецца ўзiмку, калi ночы бясконца доўгiя. Можа, таму так урачыста, ярка, вогненна святкуецца Новы год.
* * *
На золку пасля пакутлiвага бяссоння ледзь стрымлiваешся, каб не паквiтацца з часам раз i назаўсёды.
* * *
Мы не здатныя ўбачыць будучыню, бо жывём тварам да мiнуўшчыны.